Вы тут

Се Сяаюн аб найбуйнейшым праекце сучаснасці «Адзін пояс, адзін шлях».


Як прасоўваецца найбуйнейшы праект сучаснасці «Адзін пояс, адзін шлях» распавёў «Звяздзе» Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн.


Восенню 2013-га Старшыня КНР Сі Цзіньпін накіраваўся ў Казахстан і ў Інданезію, дзе паслядоўна вылучыў важныя ініцыятывы па сумесным будаўніцтве «Эканамічнага пояса Шаўковага шляху» і «Марскога Шаўковага шляху ХХІ стагоддзя». Яны накіраваны на тое, каб прадоўжыць дух Шаўковага шляху, сумесна пабудаваць адкрытую платформу ўзаемадзеяння і надаць новы імпульс супрацоўніцтву і развіццю розных краін.

Платформа супрацоўніцтва

— На працягу апошніх васьмі гадоў ініцыятыва па сумесным будаўніцтве «Адзін пояс, адзін шлях» прытрымліваецца гістарычнай тэндэнцыі эканамічнай глабалізацыі і патрабаванняў часу да рэфармавання сістэмы глабальнага кіравання, адпавядае спадзяванням народаў усіх дзяржаў аб лепшым жыцці, — заўважыў Се Сяаюн. — Усё больш краін з энтузіязмам адгукаюцца і прымаюць актыўны ўдзел у ініцыятыве, якая сёння ўжо стала папулярным міжнародным грамадскім прадуктам і платформай міжнароднага супрацоўніцтва.

Яна выступае за развіццё, імкнецца да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і дае надзею. Старшыня КНР Сі Цзіньпін адзначыў, што ініцыятыва па сумесным будаўніцтве «Аднаго пояса, аднаго шляху» зыходзіць з Кітая, а яе магчымасці і дасягненні належаць усяму свету. Усе краіны — раўнапраўныя ўдзельнікі, укладчыкі і бенефіцыяры, што з'яўляецца галоўнай прычынай і сакрэтам поспеху ініцыятывы. Асноўныя яе складальнікі — узаемадапаўняльнае развіццё супрацоўніцтва ў галіне палітычнай каардынацыі, узаемазвязанасці інфраструктурных аб'ектаў, пераадолення перашкод у гандлі, забеспячэння свабоднага перамяшчэння капіталу і збліжэння народаў, заахвочванне ўсіх бакоў да ўсебаковага павышэння ўзроўню ўзаемадзеяння для дасягнення ўзаемнай выгады і ўзаемнага выйгрышу ў выкарыстанні ўзаемадапаўняльных пераваг.

Істотнымі характарыстыкамі ініцыятывы з'яўляюцца сумеснае абмеркаванне, сумеснае будаўніцтва, сумеснае выкарыстанне, ядром ініцыятывы — узаемная выгада і ўзаемны выйгрыш, заснаваныя на роўнасці і даверы. Кіруючыся гэтымі прынцыпамі, разглядаючы «цвёрдую сувязь» інфраструктуры важным напрамкам, «мяккую сувязь» правілаў і стандартаў — важнай падтрымкай, «сардэчную сувязь» паміж народамі краін-удзельніц — важнай асновай, мы бесперапынна прасоўваем высакаякаснае развіццё сумеснага будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху».

Гандаль на 1,8 трыльёна долараў

— Гэта «пояс развіцця», які нясе карысць усяму свету, і «шлях да шчасця», які прыносіць карысць народам усіх краін. За восем гадоў маршрут «Аднаго пояса, аднаго шляху» працягнуўся па Паўднёва-Усходняй, Паўднёвай, Сярэдняй, Заходняй Азіі, Паўночнай Афрыцы, Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і іншых рэгіёнах, — падкрэсліў кітайскі дыпламат. — Агульная плошча маршруту — больш чым траціна планеты. Колькасць жыхароў у краінах-удзельніцах ініцыятывы складае 60 працэнтаў сусветнага насельніцтва, а валавы нацыянальны прадукт — 32 працэнты сусветнага паказчыка. Кітай падпісаў больш за 200 дакументаў аб супрацоўніцтве ў сумесным будаўніцтве «Аднаго пояса, аднаго шляху» са 149 краінамі і 32 міжнароднымі арганізацыямі, а таксама заключыў сем пагадненняў аб свабодным гандлі з 13 краінамі ўздоўж маршруту.

З 2013 да 2021 года гадавы аб'ём гандлю паміж Кітаем і краінамі ўздоўж маршруту павялічыўся з 1,04 трлн долараў ЗША да 1,8 трлн долараў ЗША. Агульны аб'ём прамых інвестыцый складае 161,3 млрд долараў ЗША, аб'ём укладанняў у замежныя паркі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва — 43 млрд долараў ЗША, у выніку чаго было створана 346 тысяч працоўных месцаў у рэгіёнах. Краіны ўздоўж маршруту «Аднаго пояса, аднаго шляху» інвеставалі і стварылі 32 тысячы прадпрыемстваў у Кітаі, пры гэтым фактычны сукупны аб'ём інвестыцый склаў 71,2 млрд долараў ЗША. Увогуле арганізавана больш за 50 маршрутаў кантэйнерных цягнікоў Кітай — Еўропа — Кітай у больш як 180 гарадоў у 23 краінах Еўропы. Гэтыя бліскучыя поспехі надалі магутны імпульс адкрытаму супрацоўніцтву ў свеце і аднаўленню глабальнай эканомікі.

Супольнасць з адзіным лёсам

— Ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» — гэта светлы шлях, які дазваляе Кітаю дзяліцца са светам магчымасцямі і імкнуцца да агульнага развіцця. У наш час нябачаныя за стагоддзе змены і пандэмія стагоддзя пераплятаюцца і накладваюцца адно на адно. Свет уступіў у перыяд узрушэнняў і змен, прыкметна павялічваецца няўстойлівасць і нявызначанасць, — лічыць Се Сяаюн. — Народы ўсіх краін дакладна ўсведамляюць, што лёсы дзяржаў цесна ўзаемазвязаны і чалавецтва — гэта супольнасць з адзіным лёсам, якая павінна разам пераадольваць няшчасці. Ці то барацьба з пандэміяй або аднаўленне эканомікі, мы павінны рушыць па шляху яднання і супрацоўніцтва, прытрымлівацца прынцыпу шматбаковасці.

Садзейнічанне ўзаемазлучанасці і прыхільнасць адкрытасці і інклюзіўнасці — адзіны спосаб справіцца з глабальнымі крызісамі і дамагчыся доўгатэрміновага развіцця, у чым сумеснае будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху» можа адыграць важную ролю, — падкрэсліў Се Сяаюн. — Ініцыятыва не ўстанаўлівае ўваходных бар'ераў, не падзяляе краіны па ідэалогіі або палітычным уладкаванні, не навязвае ніякіх палітычных умоў, не вызначае дыскрымінавальныя і выключныя стандарты, правілы і сістэмы, падзяляльныя бар'еры ў гандлі, інвестыцыях і тэхналогіях, не навязвае сваё меркаванне іншым з так званай пазіцыі сілы і тым больш не ўяўляе пагрозы ні для адной краіны. Згодна з даследчай справаздачай Сусветнага банка, сумеснае будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху» выведзе 7,6 мільёна чалавек з крайняй беднасці і 32 млн — з умеранай беднасці ў краінах уздоўж маршруту, а таксама павялічыць тавараабарот дзяржаў-удзельніц на 2,8—9,7 працэнта, глабальны гандаль на 1,7—6,2, а глабальныя даходы — на 0,7—2,9 працэнта. Факты сведчаць, што «Адзін пояс, адзін шлях» як практычная платформа для пабудовы Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва праводзіць практычныя пошукі і назапашвае практычны вопыт для вырашэння праблем збою, дысбалансу і бязладзіцы сучаснага глабальнага кіравання, што стала важным спосабам удасканалення мадэлі глабальнага развіцця і сістэмы глабальнага кіравання, а таксама аказання садзейнічання здароваму развіццю эканамічнай глабалізацыі.

Жыццёвая сіла

— Супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю ў сумесным будаўніцтве адрозніваецца высокай устойлівасцю і жыццёвай сілай. Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» як жамчужына «Аднаго пояса, аднаго шляху» і знакавы праект кітайска-беларускага дзелавога супрацоўніцтва, дзякуючы ўласнай перадавой бізнес-канцэпцыі, цудоўнаму дзелавому асяроддзю і сфармаванаму дапаможнаму аснашчэнню, становіцца найлепшым выбарам для прадпрыемстваў з усяго свету для інвестыцый у Беларусь, — адзначыў Се Сяаюн. — У апошнія гады дзякуючы агульнаму клопату і садзейнічанню кіраўнікоў дзвюх дзяржаў індустрыяльны парк актыўна рэагаваў на праблемы, выкліканыя пандэміяй COVІD-19 і комплекснымі знешнімі фактарамі, працягвае стабільна развівацца і дасягнуў многіх выдатных вынікаў. Работа па прыцягненні інвестыцый у парку ідзе планамерна, колькасць прадпрыемстваў-рэзідэнтаў павялічваецца насуперак выклікам. Паводле апошніх даных, агульная колькасць прадпрыемстваў — рэзідэнтаў парка дасягнула 90, а аб'ём заяўленых інвестыцый набліжаецца да 1,25 мільярда долараў ЗША. Летась агульны аб'ём інвестыцый у асноўны капітал прадпрыемстваў — рэзідэнтаў парка склаў каля 150 мільёнаў беларускіх рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з папярэднім годам больш як на 40 працэнтаў. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі перасягнула 370 млн беларускіх рублёў, павялічыўшыся амаль удвая ў гадавым вылічэнні. Экспарт прадукцыі перавысіў 87 млн долараў ЗША, павялічыўшыся ў гадавым вылічэнні на 15 працэнтаў, а колькасць краін прызначэння для экспарту прадукцыі павялічылася да 25. Колькасць супрацоўнікаў на прадпрыемствах парка перавысіла 2000, іх сярэдняя зарплата амаль удвая перавысіла сярэдні ўзровень заработнай платы ў Беларусі. Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі парк несумненна ў поўнай меры прадэманструе сваю вядучую і ўзорную ролю ў кітайска-беларускім гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і будзе яшчэ больш садзейнічаць высакаякаснаму развіццю сумеснага будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху».

Імпульс аднаўленню

— Кітай будзе і надалей аб'ядноўвацца з усімі бакамі, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве «Аднаго пояса, аднаго шляху», уключаючы Беларусь, прытрымлівацца шляху яднання, супрацоўніцтва, узаемазвязанасці і агульнага развіцця, развіваць больш цеснае партнёрства ў рамках ініцыятывы, — лічыць кітайскі дыпламат. — Мэта — ператварыць яго ў шлях супрацоўніцтва для згуртаванага рэагавання на выклікі, шлях здароўя для абароны здароўя і бяспекі народаў, шлях аднаўлення для садзейнічання сацыяльна-эканамічнаму развіццю і шлях росту для раскрыцця патэнцыялу развіцця, а таксама даваць яшчэ больш магчымасцяў для супрацоўніцтва паміж краінамі, надаваць мацнейшы імпульс аднаўленню і росту сусветнай эканомікі і сумесна ствараць светлую будучыню Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва.

Падрыхтаваў Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».