Вы тут

Хто каго? «Хлопцы едуць не гуляць, Едуць «пашаньку пахаць...»


Што было — было: кажуць, чыстая праўда. Аднаму ваеннаму начальніку паступіў загад узяць Пяць Халмоў. Той, як і належыць, «спусціў» распараджэнне камандзіру ніжэй і вечарам, атрымаўшы інфармацыю, ужо далажыў «вярхам», што першы з халмоў узяты! Назаўтра адрапартаваў, што ўзяты і другі!.. Пасля чаго яму пазваніў яго начальнік і спытаў: «А што ў вас там за намеры — колькі ўсіх вы хочаце ўзяць?..»

Той насцярожыўся, паглядзеў на карту і толькі тут убачыў, што Пяць Халмоў — гэта назва... адной вышыні.

Вось такая, можна сказаць тапанімічная, непрыемнасць была.

У нашых людзей яны таксама здараюцца. Папытайце ў некага, дзе яго радзіма, і ў адказ можаце пачуць: Шо... альбо Яя...

І тадыне варта падумаць, што чалавек недачуў, што ён глухаваты. Не трэба яго і перапытваць, бо Шо і Яя — гэта назвы вёсак. Першая знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне, другая — у Браслаўскім.

Да таго ж хто-ніхто з нашых суайчыннікаў нарадзіўся ў Раі... На Балі... У Новых Чамаданах. Хто-ніхто, як свае пяць пальцаў, ведае Новае Жыццё, бо ў ім жыве.


Безліч цікавых назваў (яшчэ і таму, што яны не мяняюцца) і ў нашых суседзяў: Чувакі, Недамеркі, Мачылкі, Лохава і Бухалава, Бадуны, Канец (іх аж восем) і нават райцэнтр з кароткаю назвай Дно.

Але ж нам туды, дзякуй богу, не трэба: у нас — зусім іншы маршрут. Падказаў яго (здымак уверсе) звяздовец Анатоль Кляшчук. А ўжо чытачы ў якасці подпісу чаго толькі не прыдумалі! Ну вось як вам радкі спадара Віктара Сабалеўскага з Узды:

Поль фарсіў,

што ён з Парыжа,

Янка — з Мінска,

Чэсь — з Нясвіжа,

Коля — з Краснай Слабады

(З той жа вёскі, што і дзяды!)...

Стас таксама задаецца,

Калі часам прызнаецца

Кітаянцы ці іспанцы

Што радзіўся ў Пагулянцы.


Адкуль жа «ёсць пайшла» вось гэткая назва? Ды ўсё відавочна (як лічыць спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска):

Тут спрадвеку люд меў шанцы

Адарваць падэшвы ў танцы:

Выдаваў —

парой да ранку —

Польку, танга, сербіянку,

Вальс, гапак ці кракавяк...

Ну і празвалі месца так.

Згадзіцеся: досыць цікава празвалі!


Да паходжання гэтага тапоніма звяртаецца і спадар Мікалай Старых з Гомеля:

Людзі шчыра працавалі:

Потам глебу палівалі,

Бо калі на ёй гультай —

Ураджаяў не чакай...

Ды затое ўжо на святы,

Кожны ў гулях зухаваты!

Вёска пела, танцавала...

Стуль і назву атрымала.

...Дзеля таго, каб і ёй гэтай назвай прывабліваць да сябе ўсіх аматараў адпачынку — і культурнага, і, скажам так, не вельмі.


«У цяперашніх календарах, — як піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — свят хоць адбаўляй, іх проста не злічыць! Дзень абдымкаў, дзень пацалункаў, дзень кавы і дзень гарбаты... Паэзіі, тэатра, помнікаў, сяброў, гарадоў-пабрацімаў, птушак, водных рэсурсаў... А вось дня прымакі я не адшукаў, хоць мне і хацелася, бо яно ж магчыма, што

у нядзелю Віця з Янкам

Курс бяруць на Пагулянку:

У тым сяле спакон вякоў

Ладзяць свята прымакоў.

Ні касы ім, ні даёнкі,

Ні папрокаў цешчы-жонкі...

Назусім бы там застацца!

Ды загадана вяртацца.

Ім, прымакам, мужчынам...

І жанчынам — таксама.

Адна вось песню пачула, што «замуж выйсці — трэба знаць: позна легчы — рана ўстаць...», і выходзіць — нават не думала: усім жаніхам ад варот паварот... А тым, як вядома, калі кажуць «не», — хочацца ўдвайне. Адзін угаварыў-такі: згадзілася стаць яго жонкай, але ж з умовай, што будзе шчыраваць-працаваць слугаваць, дзяцей гадаваць, але ж калі-нікалі, можа, раз на год, будзе знікаць — сыходзіць з дому, і муж тады не павінен пытацца, куды і чаму...


Ён слова даваў.

І сапраўды неяк перакантаваўся: ні аб чым не распытваў, калі жонка сышла першы раз, калі другі — ужо злаваў, месца сабе не знаходзіў, а на трэці — проста не вытрымаў: крадком ды назіркам следам пайшоў...

І апынуўся ў лесе на прыгожай паляне. І ўбачыў, як галубка яго спынілася каля дуба, як абняла яго і горка заплакала, а потым... абярнулася змяёй і стала шыпець.

Такім чынам з'явіўся тост — для мужчын: «Дык вып'ем жа за тое, каб нашы жонкі шыпелі толькі раз на год і, крый бог, не дома!».

...Не ўсім на вось гэта пашчасціць. А жыццё ж — паводле сужэнцаў Астроўскіх з Мінска — як жанчына (ці мужчына?): калі трохі выпіць — не такое ўжо і страшнае. Ну вось, напрыклад:

У Івана ўсё як след!

Ёсць круты веласіпед.

Твар пад кепкаю

шчаслівы,

Бо вязе бутэльку з півам.

Шкода: у Пеці ўсё іначай —

Нават роварчык дзіцячы...

Што ж агульнага ў іх —

Любяць выпіць удваіх.


Што добра, — на думку спадара Аляксандра Матошкі з Расоншчыны — умеючы (а то многія жыццё пражывуць, ды так і не навучацца)... Ну сапраўды (кіньце вокам на багажнік ровара):

Мужыкі — не выпівохі:

Так, бывае, чмыхнуць трохі...

А як смага душыць часам,

Праганяюць півам-квасам.

Каб чаго мацнейшага — дык гэта ні-ні, а то, расказвалі, адзін з раварыстаў літр віскі ўзяў, паклаў бутэльку ў кош на рулі і падумаў: «Гэта я нядобра зрабіў: крый бог пясок ці камень пад кола — павалюся, — дакладна разаб'ю. Прападзе...

Каб такога не сталася, дзядзька выпіў яго і нібы ў ваду паглядзеў: пакуль ехаў, разоў з дзесяць упаў!.. Шчасце, што на мяккае і машын не было, а то...

З назіранняў бывалых: язда на ровары ў гарадах вельмі карысная для здароўя, але небяспечная для жыцця. Пасля віскі ці віна — і пагатоў.


Аднак... Хто папярэджаны (а хоць бы спадаром Мікалаем Камароўскім з Оршы), той узброены — хоць крыху:

Кажуць, сёння ў Пагулянцы

Будуць спевы, танцы-шманцы...

І пітво ракою там,

Закусь — свята жыватам...

Калі ж прыйдзе час вяртацца,

Трэба, хлопцы, пастарацца —

Не пакінуць недзе ровар.

Не прыйсці дамоў на бровах.


А да ўсяго, як піша спадар Валерый Гаўрыш, — не з пустымі кішэнямі, бо

У мястэчку Пагулянка

Казіно адкрыў Іванка:

Той, хто куш сарваць мяркуе...

З самай раніцы шыбуе.

Ды азарт — хвароба злая,

Слабы з ёй — не выжывае:

І тады ўжо — вось дзівосы:

Ў гулі — франтам,

з гуляў — босы.


Бывае... Як той казаў: паламалася машына — і ні капейкі на піва? Вось яны мужчынскія крытычныя дні. У маленстве такіх не было: там грошы скончыліся — нарваў яшчэ і гуляй сабе далей. У дарослым жыцці бывае таксама, як лічыць спадырыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны:

Зноў кіруюць Пеця з Янкам

У мястэчка Пагулянка!

Бо вясёлыя ж там дзеўкі,

Любяць танцы і прыпеўкі,

А пасля бутэлькі піва,

Яшчэ й мілыя на дзіва!


А таму (паводле спадарыні Таццяны Новік з Клецка),

у нядзельку, зняўшы грошы,

Хлопцы Ясь і Міканор,

Бокам абышлі мехдвор:

Іх маршрут — на Пагулянку.

У абодвух там каханкі.


А значыць, рана ці позна, але ж даездзяцца — і тыя жанатыя мужыкі, пра якіх піша спадырыня Таццяна, і тыя пра якіх (відаць, няпраўду?!) — спадар Іван Янкаў з Мінска:

У дальняй вёсцы Пагулянка

Самагонку цісне Ганка.

Першы слоік — паўлітровы —

Дэгустуе ўчастковы.

(Калі ўстаў не з той нагі,

Забірае і другі)...

Па астатні хлопцы едуць —

Найчасцей — веласіпедам.


Зручная рэч, згадзіцеся! Прычым — ва ўсіх адносінах, бо на ёй, паводле спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў, вельмі шмат што прывязеш! А калі даслоўна, то... «Асобны дзякуй газеце «Звязда» і асабіста Надзеі Дрындрожык за артыкул пра дзікаросы. Памятаю, як сама першы раз варыла суп з крапівы, з якім недаверам пазіраў на гэта мой тата, як прынюхваўся, нясмела каштаваў, а потым, упадабаўшы, ужо і загадваў: «Звары — і лепей гусцейшага». Крапіву мы з лесу прыносілі, шмат сушылі і зімой давалі курам, каб лепей несліся. Са сніткі я таксама шмат што гатую — і вару яе, і тушу»...

Адсюль, трэба разумець:

Узыходзіць крапіва,

— Не баліць больш галава,

Каб дзе грошай раздабыць,

Смачны суп сям'і зварыць...

А калі пад плотам снітка,

Тады свята, а не жытка!

...Шмат раслін за Пагулянкай:

Іх не вывезеш вязанкай.

Нават удваіх. І на раварах.


З тога ж канверта, ад спадарыні Валянціны, і сумныя радочкі:

Вёска ёсць — няма гулянак.

Моладзь з'ехала за свет,

Так што хлопцам Чэсю з Янкам

Марна гнаць веласіпед.

Хоць яно і не шкодзіць, бо гэта карысней, чым глядзець тэлевізар...


Заўвага ад спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка:

Указальнік — «Пагулянка»...

Але ж хлопцы не на п'янку:

Асядлаўшы « лісапеды»,

У грыбы за вёску едуць.

Альбо рыбіну злавіць

І па-людску адпачыць.

(Не намі заўважана: калі ўвесь час працаваць, то і сапраўды можна стаць самым багатым чалавекам, праўда, на... могілках).


...Куды яшчэ гэтыя раварысты могуць кіраваць — у рабочым адзенні, у ботах? Ну вядома ж... (І не толькі спадарыні Валянціне Гудачковай):

Хлопцы едуць не гуляць,

Едуць «пашаньку пахаць»,

Бо без танцаў — так і сяк,

А без хлеба — аніяк!

Цяжка ён даецца вяскоўцам (заўвага бывалых: сапраўдныя мужчыны калі і фарбуюць пазногці, то толькі малатком), бо яны

Кожны будны,

яшчэ зранку,

Бралі курс на Пагулянку.

Шчыравалі там уволю:

То аралі гоні-поле,

Хлебам ніву засявалі,

Потым штось рамантвалі...

А гуляць?

Няма ахвоты.

Пасля гэтакай работы.

Што праўда, тое праўда: грэх не згадзіцца са спадаром Віктарам Сабалеўскім, грэх, што называецца, не зняць капялюш перад усімі, хто ў гэткую спёку шчыруе ў полі, працуе ў гародзе...


Што, дарэчы, выгадна. І, як мяркуе спадар Валерый Гаўрыш, — не толькі ўраджаямі:

Зноў у нашай Пагулянцы

Група дачніц ладзіць танцы.

Шашні з хлопцамі заводзіць —

Аж да ранку карагодзіць...

Але жонак — бачыць неба —

Там — крый бог —

шукаць не трэба.

Лепей — кажа мой народзе —

За станком...

Альбо ў гародзе.

Ім жа, вось гэтым рупліўцам і руплівіцам, варта нагадаць: калі ласка, без фанатызму, бо чалавеку, які не знаходзіць часу для адпачынку, хутчэй за ўсё прыйдзецца шукаць яго на лячэнне хвароб.

Аднак гэта, дай бог, не пра вас, не пра нас, а вось наступнае...

На папярэднім конкурсным здымку (гл. нумар «Звязды» за 30 сакавіка) была «салодкая парачка» — жанчына і казёл. Ці баран?

Не так гэта важна. Важна, што найлепшыя радкі пра іх, паводле вялікага чытацкага журы, склалі спадарыні Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Тамара Аляхновіч са Слуцка, Таццяна Новік з Клецка, Любоў Чыгрынава з Мінска, спадары Віктар Сабалеўскі з Узды, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Мікалай Старых з Гомеля...

Яго дасціпнае «Козліка бабця вельмі любіла...» набрала найбольшую колькасць чытацкіх галасоў... З чым не магло не пагадзіцца і журы маленькае — рэдакцыйнае.

Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на чацвёрты квартал бягучага года накіроўваецца ў Гомель.

Хочаце, каб родная газета на роднай мове пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас, — тады варыянтаў два: альбо афармляць падпіску, альбо чарговы раз уважліва паглядзець на здымак (ніжні), прыдумаць подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных, кароткіх (не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Шанс на выйгрыш мае кожны. Поспехаў!

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ад іх жа, калі што якое, шчырыя прабачэнні жыхарам Пагулянкі і ўсім, чые радкі не прайшлі гэтым разам строгага конкурснага адбору. Затое наступным...

Пішыце і ўсміхайцеся! Нават смейцеся! Навукова даказана, што сам гэты працэс вельмі карысны для здароўя, на якім, паводле класікаў, трымаецца ні многа ні мала — дзевяць дзясятых шчасця.

Высновы за вамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».