Вы тут

Без панікі! Што рабіць калі заблукалі ў лесе?


Нягледзячы на спякоту, якая ўсталявалася апошнімі днямі, і звязаныя з гэтым абмежаванні на наведванне лясоў, аматары ціхага палявання пайшлі ў першыя грыбы і ягады. І добра, калі людзі з поўнымі кошыкамі і вёдрамі, а самае галоўнае, з добрым настроем вяртаюцца дахаты. Часам жа грыбнікі і ягаднікі захапляюцца настолькі, што не могуць самастойна знайсці дарогу дамоў...


Без панікі!

З пачаткам ягадна-грыбнога сезона ў ратавальнікаў работы становіцца на парадак больш. Амаль штодня па нумарах 101 або 112 паступаюць паведамленні аб тым, што нехта заблудзіўся ў лесе. У асноўным, гэта пажылыя людзі. Не разлічваючы свае сілы, ідуць на далёкія адлегласці, у выніку страчваюць арыенціры. Некаторым становіцца дрэнна, а з сабой няма ні лекаў, ні вады, часта — нават тэлефона. І добра, калі гэты чалавек не адзінокі і родныя хутка заб'юць трывогу. А бывае, што і шукаць няма каму.

Першае, што вы павінны зрабіць, калі збіраецеся ў лес, — паведаміць аб гэтым камусьці з родных. Калі такіх няма, абавязкова паведаміце аб сваіх планах хоць бы суседзям. І абсалютна не важна, колькі вам гадоў. Заблукаць у лесе можа кожны. Прычым нават там, дзе ўсе сцяжынкі вядомыя. А колькі было выпадкаў, калі людзі губляліся нават у тых мясцінах, дзе ўсё жыццё хадзілі. Таму вельмі карысная парада для тых, хто любіць лясныя падарожжы: варта запамінаць, з якога боку зайшлі ў лес і дзе ў гэты момант знаходзіцца сонца. Гэта абавязкова спатрэбіцца, калі будзеце вяртацца назад.

— Калі вы ўсё ж заблукалі, панікаваць бессэнсоўна: варта супакоіцца, спыніцца і падумаць, — рэкамендуе афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Па-першае, прыслухайцеся: шум машын, стук сякеры, стрэлы, брэх сабакі, галасы, — усе гэтыя гукі могуць прывесці да людзей. Не спрабуйце залазіць на дрэва і нешта разглядваць: гэта небяспечна, ды і забрацца, каб нешта ўбачыць, трэба вельмі высока. Трымайцеся рэк або крыніц, ідзіце ўздоўж іх, уніз па цячэнні — у такім выпадку больш шанцаў адшукаць сцяжынку, якая вядзе да населенага пункта. Абавязкова пакідайце за сабой пазнакі: засечкі на ствалах дрэў, паламаныя галінкі, штосьці з адзення. Адчуўшы пах дыму, ідзіце супраць ветру — так вы адшукаеце крыніцу дыму, а верагодна, і людзей, якія яго стварылі.

Паспяховыя пошукі

У канцы мая ў лесе ў Дзяржынскім раёне згубіўся мужчына. Аб тым, што чалавек не можа самастойна выбрацца з ляснога масіву, ратавальнікі даведаліся познім вечарам. Пошукі пачаліся праз лічаныя хвіліны. Да іх падключыліся леснікі.

Пошукавую аперацыю аблегчыў мабільны тэлефон, які быў у таго, хто згубіўся, пры сабе. Ратавальнікі выйшлі з ім на сувязь. Як расказаў начальнік пажарнага аварыйна-ратавальнага паста Яўген Скараходаў, даведаўшыся прыблізны маршрут, дзе мужчына заходзіў у лес і ў якім напрамку рухаўся, пошукавая група праехала па ім на аўтацыстэрне. «Калі стэлефанаваліся з мужчанам, ён сказаў, што бачыць знак, — узнаўляе тыя падзеі ратавальнік. — Як пацвердзілі леснікі, паблізу такія ўсталяваныя ў трох месцах. Вызначыўшы кропку, мы спыніліся, уключылі сігнальны гучнагаварыцель і паднялі асвятляльную мачту. Мужчына выйшаў на сігналы. У медыцынскай дапамозе ён не меў патрэбы».

Толькі за апошнія некалькі дзён супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях разам з іншымі кампетэнтнымі службамі не раз выязджалі на пошукі людзей у лясным масіве. З дапамогай валанцёраў, у прыватнасці, знайшлі пенсіянерку, якая згубілася ў лясным масіве каля вёскі Прылутчына Пружанскага раёна. А познім вечарам у пятніцу ў МНС звярнулася жанчына, якая паведаміла, што яна разам са сваім сужыцелем знаходзяцца ў лясным масіве паміж вёскамі Вылазы і Селішча, што ў Пінскім раёне, і не могуць знайсці шляху дахаты. Вярнуцца дамоў ім дапамаглі ратавальнікі, якія высветлілі, што напярэдадні пацярпелыя прыехалі ў госці да знаёмых, шлях да хаты якіх ад станцыі ў вёсцы Селішча праходзіў праз лес. І калі дарогу туды яны паспяхова знайшлі, то на зваротным шляху збіліся з маршруту і заблукалі. Для іх пошуку былі задзейнічаны пяць адзінак тэхнікі і дзесяць супрацоўнікаў МНС. Жыццю і здароўю пацярпелых нішто не пагражала.

Што апранаць?

Аднак не ўсе падобныя гісторыі заканчваюцца хэпі-эндам. Нават у апошнія некалькі дзён рэгістраваліся выпадкі, калі пошукавыя работы заканчваліся безвынікова. Як правіла, гэта адбываецца па той прычыне, што чалавеку, які пайшоў у лес, стала дрэнна: ён страціў прытомнасць або з улікам свайго фізічнага стану не можна ісці ці
рэагаваць на сігналы ратавальнікаў. Ускладняе работу спецыялістам і адсутнасць у ахвяры мабільнага тэлефона. Дрэнна, калі ён і ёсць, але разраджаны...

Ратавальнікі папярэджваюць: калі вы няўпэўнена арыентуецеся на мясцовасці, лепш у лес увогуле не хадзіць. Калі ж вырашылі інакш, то запрасіце з сабой таго, хто ведае лясны масіў добра. Асаблівай асцярожнасці трэба прытрымлівацца пажылым людзям, у якіх ужо мала сіл для працяглых лясных падарожжаў. Лепш, вядома, ад іх увогуле адмовіцца: здароўе можа падвесці ў любы момант, а патрэбнай таблеткі або хуткай дапамогі побач не будзе. Дзецям увогуле ў лесе можна знаходзіцца толькі ў прысутнасці дарослых.

Ніякіх гульняў у лясным масіве быць не павінна!

— Нельга забывацца і пра тое, што да паходу ў лес трэба рыхтавацца, — удакладняе Анастасія Швайбовіч. — Варта апрануць непрамакальнае адзенне з абавязковым яркім элементам — кепкай, хусткай — тым, што зробіць вас заўважанымі, калі раптам згубіцеся. Нават калі вы цалкам разлічваеце на свае сілы, не перашкодзіць узяць з сабой вады, штосьці з ежы, медыкаменты, якія пастаянна прымаеце, компас і зараджаны мабільны тэлефон. Абавязкова папярэдзьце родных, што ідзяце ў лес, а таксама раскажыце ім, у якім месцы збіраецеся заходзіць, па якім маршруце плануеце ісці і калі мяркуеце вярнуцца.

Заблукаць у лесе — справа некалькіх хвілін. Каб знайсці дарогу назад, спатрэбіцца нашмат больш часу. І ўвогуле, ці варта рызыкаваць, калі вы не ўпэўнены, што самастойна вернецеся дамоў?! А калі і ўпэўнены, лепш некалькі разоў усё прадугледзець, чым трапіць у надзвычайную сітуацыю.

Што рабіць, калі вы заблукалі?

  • Не панікаваць!
  • Прыслухайцеся: гукі могуць дапамагчы вам высветліць, што знаходзіцца побач, ідзіце на іх. Шум трактара звычайна чуваць за 3–4 кіламетры, брэх сабакі — за 2–3 кіламетры, цягнік — за 10 кіламетраў.
  • Шукайце лініі электраперадачы, прасекі і сцяжынкі — прытрымлівайцеся іх, і абавязкова выйдзеце да населеных пунктаў.
  • Калі на шляху сустрэўся ручай ці рака, ідзіце ўніз па цячэнні — яны заўсёды прывядуць да людзей.
  • Патэлефануйце ў МНС (па нумары 101 або 112) і паведамце, з якога населенага пункта і якога раёна вы ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце па баках. А калі вы апынуліся ў лесе без тэлефона, супакойцеся і настройцеся на добры зыход.
  • Калі пачынае цямнець, сарыентуйцеся на мясцовасці і падумайце, дзе арганізаваць начлег. Для начлегу можна выкарыстаць яму ад вывернутага з коранем дрэва. Зрабіце з галін сховішча накшталт шалаша і посцілку з падручных матэрыялаў. Ліст газеты, засунуты пад адзенне, у два разы зменшыць цеплааддачу. Такі ж эфект дае і лістота, набітая пад адзенне. Паспрабуйце знайсці ваду. Арганізуючы начлег, паклапаціцеся, каб тыя, хто будзе вас шукаць, не прайшлі міма: дзеля прыцягнення ўвагі павесьце на кусты кепку, хустку або ліст паперы, абламайце галінкі.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.