Вы тут

У чавускай зямлі і сёння ляжаць тысячы загінулых без вестак чырвонаармейцаў


На мінулым тыдні ў Чавускім раёне перапахавалі астанкі 12 салдат Вялікай Айчыннай вайны. Яны былі знойдзены падчас пошукавай экспедыцыі «Проня 2022» на тэрыторыі Антонаўскага сельсавета каля вёсак Вужжар і Дужаўка пошукавікамі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» і 52 асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны. На жаль, даведацца іх імёны немагчыма. Колькі іх, невядомых, яшчэ ляжыць у чавускай зямлі? Пошукавікі кажуць — сотні тысяч.


Безыменныя героі

На жалобны мітынг у вёску Дужаўка ехалі разам з пошукавікамі клуба «Віккру» Віталем Дракіным і яго жонкай Таццянай. Тут жа ў салоне аўто была і іх памочнік аўчарка Кася, у мінулым армейскі сабака. Віталь у пошукавым руху 14 гадоў, нядаўна далучылася і Таццяна. Яе бабуля ўраджэнка Чавускага раёна. І хаця нарадзілася за некалькі гадоў да вайны, добра запомніла яе жах. Расказвала сваім дзецям і ўнукам пра жыццё ў зямлянцы, пра голад.

Па дарозе Віталь паказваў месцы, дзе вяліся пошукі байцоў. Прасцей сказаць, што ў Чавускім раёне няма нават кавалачка зямлі, не кранутага вайной. Вунь там знайшлі аднаго байца, крыху далей — семярых, яшчэ адзін ляжаў проста каля дарогі. Мясцовыя жыхары падказалі.

Пошукавікам становіцца цяжэй працаваць, бо людзі, якія яшчэ нешта маглі падказаць, сыходзяць з жыцця. Застаецца надзея на разведку і работу ў архівах.

Наогул, падчас пошукавай экспедыцыі «Проня 2022» у Чавускім раёне ўстаноўлена толькі адно імя — Іван Міхневіч. Гэта сапраўдны цуд, бо яго прозвішча атрымалася прачытаць па чырвонаармейскай кніжцы. У 1943-м замест медальёнаў чырвонаармейцам выдавалі кніжкі. А папера, якая амаль восем дзесяцігоддзяў праляжала ў зямлі, на жаль, не вельмі надзейная крыніца. Але тут пашчасціла. Баец, лічы, тутэйшы, ураджэнец вёскі Касцюшкава Крычаўскага раёна. У пачатку кастрычніка 1943-га савецкія войскі вызвалілі ўсходнія раёны вобласці, і палявыя ваенкаматы прызвалі жыхароў, якія за тры гады акупацыі дасягнулі прызыўнога ўзросту. Міхневіч трапіў на фронт у кастрычніку, а ўжо 28 снежня загінуў у суседнім Чавускім раёне. Пошукавікі знайшлі яго астанкі каля вёскі Прылепаўка.

— Наш зямляк праваяваў усяго два месяцы, — кажа кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба Мікалай Барысенка. — Ніхто не ведае, была ў яго падрыхтоўка або не. На вучобу не хапала часу. У бой ішлі не толькі неабстраляныя, а нават у тым адзенні, у якім прыйшлі з дому.

Міхневіча перапахаваюць пазней, на мемарыяльным комплексе Бынава. Ёсць спадзяванні, што атрымаецца знайсці родных салдата, каб і яны прынялі ўдзел у жалобным мітынгу.

На перапахаванне невядомых байцоў акрамя прадстаўнікоў улады і грамадскіх арганізацый прыйшло шмат простых людзей: жыхары вёскі з дзецьмі, з Магілёва і Чэрыкава прыехала вялікая група байкераў, прысутнічалі прадстаўнікі бізнесу. І шмат хто прынёс кветкі, якія потым цалкам пакрылі свежы зямельны пагорак.

— Адразу відаць, што людзі прыйшлі сюды не па прымусе, а па поклічы сэрца, — адзначыў старшыня Чавускага райвыканкама Эдуард Герасіменка. — Памяць не памірае. 25 чэрвеня — наогул асаблівая дата ў гісторыі Чавускага раёна. У гэты дзень у 1944 годзе савецкія войскі вызвалілі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тры гады акупанты гаспадарылі на чавускай зямлі, не шкадуючы старых, жанчын, дзяцей, рабавалі іх і забівалі. Шлях выгнання ворагаў быў доўгі, цяжкі і кровапралітны. Вызваленне раёна прыйшло з другім беларускім фронтам. Рэгулярныя войскі разам з партызанамі пасля ўпартых баёў вызвалілі Чавусы. Болей чым 18 тысяч воінаў палі ў баях на тэрыторыі раёна і былі тут пахаваныя. І мы, на жаль, не ведаем прозвішчы большасці з іх.

Перапахаванне стала чарговым на сціплым сельскім мемарыяле. Кіраўнік пошукавай групы «Рэха вайны» Сяргей Тагаяў паказаў пліту, дзе ляжаць невядомыя воіны. Гэта вынікі пошукавай экспедыцыі 2013 года. З трыццаці байцоў тады атрымалася даведацца імя аднаго — П. Баравікова.

Больш за сто помнікаў

Чавускі раён быў акупаваны ворагам 16 ліпеня 1941 года. Немцы пераўтварылі гэты рубеж у непрыступную крэпасць. Абарончыя збудаванні былі настолькі моцнымі, што ў 1943 годзе фронт прыпыніўся тут на 9 месяцаў.

— У наступальных аперацыях, асабліва цяжкіх з кастрычніка 1943 да красавіка 1944 гадоў, Заходні фронт страціў забітымі і параненымі ў Чавускім і суседніх раёнах болей чым 330 тысяч чалавек, — кажа Мікалай Барысенка. — У журнале баявых дзеянняў 371-й стралковай дывізіі захаваўся запіс, дзе ўдзельнікі Сталінградскай бітвы сведчылі, што нават там не было такіх цяжкіх баёў, як тут восенню 1943 года. У дакладзе аднаго з камандзіраў батальёна 371-й стралковай дывізіі 10-й арміі напісана: «...далей наперад ісці немагчыма — пад агнём нямецкіх кулямётаў гіне ўсё жывое!»

Пачынаючы з 1994 года актывісты клуба «Віккру» пастаянна праводзіць пошукавыя экспедыцыі ў Чавускім раёне і рэгулярна знаходзіць на палях баёў непахаваныя астанкі байцоў і камандзіраў.

На тэрыторыі раёна пра жахі вайны нагадваюць болей чым 100 помнікаў і абеліскаў. Чатыры з іх устаноўлена па ініцыятыве клуба «Віккру» і фінансаванні Чавускага райвыканкама.

— Тут ваяваў штрафны батальён, які двойчы гінуў цалкам і зноў папаўняўся, — расказвае Сяргей Тагаяў. — Штрафнікі прарывалі абарону разам са стралковай дывізіяй. Тутэйшая зямля ўся палітая крывёю.

На мяжы Чавускага і Магілёўскага раёнаў, непадалёк ад вёсак Драчкава і Халмы, ёсць яшчэ адзін знак: тут у 1944 годзе загінуў генерал-маёр Іван Лазарэнка. Падпарадкаваныя яму часці ў чэрвені 1944 года прарвалі ўмацаваную абарону саперніка, фарсіравалі Проню і Басю і з баямі прасунуліся на 25 кіламетраў. За гэты подзвіг ён пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

— У нас да якога памятнага знака не падыдзі, ёсць пра што расказаць, — канстатуе дырэктар Чавускага гісторыка-краязнаўчага музея Іна Казакова. — Баі за Чавускі раён адыгралі не апошнюю ролю ў магілёўскай наступальнай аперацыі і ў цэлым аперацыі «Баграціён». З ходу фарсіраваць Проню не атрымалася. Спробы прарваць абарону заканчваліся вялікай колькасцю ахвяр савецкіх байцоў. Тая ж вёска Прылепаўка за суткі некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. За адну атаку тут гінула да 1500 байцоў.Таксама было і на Кузьмініцкім плацдарме, які ўтрымліваўся да 1944 года. Гэтыя два плацдармы рыхтаваліся для наступлення з восені 1943-га. Калі стала зразумела, што фронт прарваць не атрымаецца, сталі рыхтаваць наступальную аперацыю. У сувязі з гэтым у красавіку і быў сфарміраваны 2-і Беларускі фронт, які вызваляў Чавусы. У нас часта цікавяцца, чаму ў Чавусах няма гістарычных будынкаў. Горад быў практычна разбураны. І сёння расказваць пра гісторыю раёна, нават даваенную, не закранаючы Вялікую Айчынную вайну, немагчыма. За гады акупацыі ў Чавускім раёне палова з 174 населеных пунктаў была спалена цалкам або часткова, загінула на франтах, была спалена, закатавана, расстраляна амаль палова насельніцтва. Да вайны тут пражывала каля 60 тысяч чалавек.

Нэлі ЗІГУЛЯ

г. Чавусы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».