Вы тут

Падчас пасяджэння сесіі Савета Рэспублікі разгледжаны 16 пытанняў


У прыватнасці, сенатары зацвердзілі справаздачу аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі за 2021 год.


 

Як адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец, у цэлым фонд сацыяльнай абароны насельніцтва забяспечвае выкананне ўскладзеных на яго задач. «Выкананне бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў мінулым годзе можна прызнаць задавальняючым, ён выкананы з прафіцытам», — удакладніла сенатар.

За мінулы год бюджэт фонду выкананы па даходах у суме Br19 640,9 млн і па расходах у суме Br19 279,9 млн з перавышэннем даходаў над расходамі ў суме Br361 млн. Асноўнай крыніцай даходаў бюджэту фонду з’яўляліся ўзносы на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне. У 2021 годзе яны склалі 91,4 %. Доля паступленняў з рэспубліканскага бюджэту — 7,1 %. Найбольшую ўдзельную вагу ў расходах бюджэту фонду склалі расходы на выплату пенсій (76 %) і дапамог (22,6%).

Законапраект «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2021 год» прадставіў міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў. Ён паведаміў, што каля 5,7 млрд рублёў у 2021 годзе быў накіраваны на фінансаванне сацыяльнай сферы: аховы здароўя, фізічнай культуры і спорту, культуры, сродкаў масавай інфармацыі, адукацыі. Па яго словах, у структуры расходаў на ахову здароўя найбольшую ўдзельную вагу займалі расходы на набыццё лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння, а таксама на аплату працы супрацоўнікам аховы здароўя.

Як дадаў міністр фінансаў, з рэспубліканскага бюджэту ў 2021 годзе былі забяспечаны будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю трох дзіцячых дашкольных устаноў, чатырох аб’ектаў адукацыі, двух аб’ектаў культуры, двух аб’ектаў аховы здароўя, трох фізкультурна-аздараўленчых комплексаў, а таксама пяці аб’ектаў інфраструктуры Беларускай АЭС.

Разгледзелі парламентарыі і законапраект «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь». Яго палажэнні адпавядаюць прынцыпам законнасці, абгрунтаванасці і справядлівасці судовых пастанаўленняў па крымінальных справах, накіраваны на забеспячэнне празрыстасці судовых працэдур, фарміраванне аднастайнай судовай практыкі, павышэнне аператыўнасці і эканамічнасці судовай дзейнасці. Дакумент падрыхтаваны Вярхоўным судом сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі па даручэнні кіраўніка дзяржавы і прадугледжвае павышэнне якасці крымінальнага правасуддзя на ўсіх яго стадыях.

— Законапраект накіраваны на ўдасканаленне працэсуальнага парадку перагляду прыгавораў і іншых судовых рашэнняў па крымінальных справах, а таксама на ўстанаўленне механізму прыцягнення да крымінальнай адказнасці асоб, у адносінах да якіх дакладна вядома аб іх месцазнаходжанні на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў мэтах ухілення ад з’яўлення ў орган крымінальнага пераследу і пазбягання адказнасці, — канстатаваў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец. — Абнаўленне падыходаў да перагляду судовых пастанаўленняў па крымінальных справах дазволіць істотна аптымізаваць дзеючую мадэль крымінальнага правасуддзя, павысіць узровень абароненасці правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян.

Законапраектам «Аб змяненні законаў па пытаннях культуры», таксама разгледжаным падчас пасяджэння, прадугледжваецца ўстанаўленне забарон на арганізацыю і правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў арганізатарамі без атрымання гастрольнага пасведчання. Таксама дакументам вызначаецца пераважнае права дзяржаўных устаноў культуры на набыццё культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці. Прадугледжаны шэраг іншых навацый.

Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Алега Дзячэнкі, законапраект накіраваны на павышэнне эфектыўнасці прававога рэгулявання адносін ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, арганізацыі і правядзення культурных мерапрыемстваў, бібліятэчнай і музейнай справы, а таксама іншых пытанняў, абумоўленых практыкай прымянення Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. 

Законапраектам «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», у прыватнасці, замацоўваюцца формы кантролю, якія ажыццяўляюцца Транспартнай інспекцыяй Міністэрства транспарту і камунікацый, за выкананнем заканадаўства вытворцамі транспартных работ і паслуг пры арганізацыі і выкананні аўтамабільных перавозак. Як паведаміў  старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл Русы, ён забяспечыць удасканаленне арганізацыі і выканання аўтамабільных перавозак пасажыраў і грузаў з улікам правапрымяняльнай практыкі і мяркуе спрашчэнне парадку іх правядзення. Па словах старшыні камісіі, новаўвядзенні накіраваныя на захаванне балансу паміж стымуляваннем прадпрымальніцкай ініцыятывы суб’ектаў аўтамабільных перавозак і забеспячэннем эфектыўнага кантролю за іх дзейнасцю, будзе садзейнічаць развіццю рынка аўтамабільных перавозак пасажыраў і грузаў.

Зацверджаны сенатарамі і законапраект «Аб сацыяльнай падтрымцы насельніцтва». Як расказаў Алег Дзячэнка, дакумент накіраваны на павышэнне аператыўнасці прыняцця рашэнняў па падтрымцы ўзроўню даходаў насельніцтва ва ўмовах увядзення эканамічных і іншых санкцый у адносінах да Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, ураду прадастаўляюцца дадатковыя паўнамоцтвы ў частцы ўстанаўлення асобным катэгорыям грамадзян аднаразовых выплат для падтрымкі іх узроўню даходаў ў прывязцы да канкрэтных эканамічных умоў, якія складваюцца.

Акрамя таго, сенатары разгледзелі законапраекты «Аб змяненні Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь», «Аб магістральным трубаправодным транспарце», «Аб змяненні законаў па пытаннях фізічнай культуры і спорту», «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве», «Аб Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз Рэжспублікі Беларусь», «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання» і іншыя.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.