Вы тут

Час зрабіць бустэрную прышчэпку?


Ці варта чакаць уздыму захваральнасці на COVІD-19 і загадзя прышчапляцца? Спецыялісты сцвярджаюць, што так: чарговая хваля чакае нас у канцы жніўня — пачатку верасня. Якой вакцынай рабіць прышчэпку і ў якія тэрміны, у якіх выпадках выпрацоўваецца самы моцны імунітэт і колькі нам яшчэ прыйдзецца асцерагацца каранавіруса, расказалі медыкі.


Фота: pixabay.com

Сітуацыя спрыяльная, але расслабляцца нельга

Як адзначыў загадчык аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў, з мая бягучага года ў краіне адзначаецца дастаткова спрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя па COVІD-19. Пры гэтым існуючыя вакцыны на аснове індэкснага віруса працягваюць з высокай інтэнсіўнасцю забяспечваць абарону ад цяжкага ходу COVІD-19. Праўда, у дачыненні да варыянта «амікрон» іх эфектыўнасць крыху знізілася. Аднак яны усё роўна абараняюць ад цяжкага ходу хваробы і лятальнага канца.

Для стварэння і падтрымання мінімальнай імуннай праслойкі ў краіне плануецца ахапіць пярвічнай вакцынацыяй не менш за 70 % насельніцтва краіны, паўторна прышчапіць для гэтых мэт трэба не менш за 90 % ад прышчэпленых асноўным курсам.

Так званую бустэрную вакцынацыю, якая ўключае ўвядзенне адной дозы вакцыны, мэтазгодна праводзіць праз шэсць і больш месяцаў, тым, хто завяршыў асноўны курс вакцынацыі ці раней праходзіў бустэрную вакцынацыю. Яна паказана толькі дарослым ад 18 гадоў і старэй і выконваецца вакцынамі «Спадарожнік Лайт», «Спадарожнік V» і «Сінафарм» (Кітай). Трэба адзначыць, што бустэрная вакцынацыя «Сінафармам» праводзіцца толькі асобным катэгорыям грамадзян. У прыватнасці, цяжарным жанчынам і жанчынам падчас груднога кармлення, а таксама асобам, у анамнезе якіх маюцца супрацьпаказанні да прымянення вакцын «Спадарожнік V» і «Спадарожнік Лайт».

Тым, хто перанёс каранавірусную інфекцыю, бустэрная вакцына можа быць уведзена праз 2—8 тыдняў пасля выздараўлення. Гэты перыяд залежыць ад цяжару перанесенага захворвання. Людзям, якія прышчэплены ад каранавіруса вакцынамі «Спадарожнік V», «Ковід-Вак» і Сінафарм ці іншай вакцынай, бустэрная вакцынацыя праводзіцца «Спадарожнікам Лайт». Людзям, прышчэпленым па аднаразовай схеме «Спадарожнікам Лайт» бустэрная вакцынацыя праводзіцца з выкарыстаннем другога кампанента вакцыны «Спадарожнік V».

Першую дозу вакцыны ў Беларусі атрымалі больш за 6 мільёнаў 400 тысяч чалавек (69 %), з іх 6,2 мільёна завяршылі поўны курс вакцынацыі. Першай дозай прышчэплена 145 тысяч падлеткаў ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў (25 % узроставай групы), 137 тысяч прайшлі поўны курс. 797 тысяч беларусаў атрымалі бустэрную дозу, а гэта 12,6 % ад тых, хто прайшоў пярвічную вакцынацыю.

— Сучасныя вакцыны не ўтрымліваюць жывы вірус, адпаведна захварэць, заразіць навакольных і здаць станоўчы ПЛР-тэст пасля прышчэпкі немагчыма, — нагадвае Кірыл Ігнатаў.

COVІD-19 пяройдзе ў разрад сезонных інфекцый, але не сёлета

— У другой палове 2022 года каранвірусная інфекцыя хутчэй за ўсё прывядзе да сур'ёзнай нагрузкі на сістэму аховы здароўя. Спецыялісты кажуць, што з часам COVІD-19 пяройдзе ў разрад сезонных інфекцый, але не сёлета, — выказала меркаванне загадчык лабараторыі вакцынакіраваных інфекцый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Алена Самайловіч.

Яна адзначыла, што спецыялісты, у тым ліку і беларускія, вывучаюць поствакцынальны імунітэт. За кошт таго, што многія прышчэплены, абарона ад інфекцыі высокая. Але ў адрозненне ад такіх інфекцый, як адзёр ці краснуха, імунітэт у дачыненні да COVІD-19 не пажыццёвы. Наадворот, ён дастаткова непрацяглы.

— Мы маем непрацяглы досвед назіранняў — усяго 1—1,5 года. Але вядома, што з часам імунітэт падае. Найбольш высокую канцэнтрацыю антыцелаў маюць тыя, хто быў прышчэплены ці перахварэў і меў нейкую колькасць антыцелаў і атрымаў бустэрную вакцыну. На фоне існуючых антыцелаў вакцына найбольш эфектыўная. Таму бустэрная вакцына неабходная на працягу паўгода, каб вы не аказаліся без абароны, — кажа Алена Самайловіч.

Прышчапляцца ад воспы малпаў не трэба

Апошнім часам у многіх краінах свету фіксуюцца выпадкі такой інфекцыі, як воспа малпаў. Спецыялісты расказалі, што вакцына ад гэтай хваробы ў краіне маецца, але пакуль прышчапляцца ад яе немэтазгодна.

— Па-першае, верагоднасць завозу гэтай інфекцыі хоць і нельга адмаўляць, бо гэта зафіксавана ў большасці нашых краін-суседак, аднак яна мінімальная. Пара падазроных выпадкаў была і ў нас, але яны не пацвердзіліся, — кажа загадчык кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Юрый ГОРБІЧ. — Па-другое, патэнцыяльныя рызыкі ад хваробы ніжэйшыя, чым пабочнае дзеянне вакцыны. Зарэгістравана 3200 выпадкаў гэтай інфекцыі ў 50 краінах свету, з іх усяго адзін лятальны ў пацыента з цяжкай імунасупрэсіяй. У Афрыцы смяротнасць складае каля 3,5 %, прычым сярод насельніцтва, якому не аказваецца ніякая медыцынская дапамога. Такім чынам, пакуль будзем кантраляваць сітуацыю, бо няма мэтазгоднасці ў вакцынацыі.

— Усё насельніцта нашай краіны, народжанае да 1980 года, прышчэплена ад натуральнай воспы. І эфектыўнасць гэтай вакцыны складае 85 % у дачыненні да воспы малпаў. Таму старэйшае насельніцва абаронена, — дадае Алена Самайловіч.

Адзёр адступіў

Літаральна некалькі гадоў таму ў Еўропе фіксавалася ўспышка адру. Былі выпадкі завозу і ў Беларусь. Сёння сітуацыя з гэтай інфекцыяй змянілася.

— У 2022 годзе ў нашай краіне не было ніводнага выпадку адру, летась іх выяўлена ўсяго тры, у 2020 годзе — ніводнага. Пры гэтым у 2018—2019 гадах у Еўропе была ўспышка адру і інфекцыя неаднаразова завозілася ў Беларусь. У 2018-м было 30 завазных выпадкаў, у 2019-м — 58. Цяпер сітуацыя ў Еўропе таксама спакойная. Магчыма, гэта звязана з высокай захваральнасцю на каранавірус, калі іншыя рэспіраторныя інфекцыі адступілі, — тулмачыць Алена Самайловіч.

Аднак адзёр таксама не сыходзіць, і адмаўляцца ад абавязковых прышчэпак не варта.

— Наша краіна элімініравала адзёр і краснуху, гэта значыць, што цыркуляцыі гэтых вірусаў на мясцовым узроўні няма. Але ад яго завозу мы не застрахаваныя. Таму вакцынацыя — адзіны спосаб абараніць сябе і сваіх дзяцей. Прышчэпкі, якія, згодна з Нацыянальным календаром, робяцца ў 1 і 7 гадоў, ігнараваць не варта, — раіць спецыяліст.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.