Вы тут

Лукашэнка: Вы добра ведаеце, чаго хочаце дабіцца. Але рабіце гэта на роднай зямлі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у Рэспубліканскім балі выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі. Сёлета ва ўрачыстым мерапрыемствы прынялі ўдзел 230 дыпламаваных спецыялістаў з розных рэгіёнаў краніы. Для маладога пакалення арганізатары зрабілі свята з акцэнтам на беларускай гісторыі і культуры. Госці вечара ўспомнілі знакамітых беларусаў, аддалі даніну павагі галоўным славутасцям краіны, узгадалі самыя важныя старонкі айчыннай гісторыі. Дапамаглі ў гэтым вядомыя творчыя калектывы. 


«Сёння я магу назваць вас калегі. У вас на руках дыпломы аб вышэйшай адукацыі, і літаральна заўтра пачнецца новы этап жыцця — вы прыйдзеце на сваё першае працоўнае месца ў статусе хай пачаткоўца, але дыпламаванага спецыяліста. Віншую вас! Гэта вялікі дзень. Вы годна прайшлі гэты важны для любога чалавека шлях — усвядомілі сваё прызначэнне, рэалізавалі мары аб прафесійнай будучыні. І сёння знаходзіцеся тут — яркія, прыгожыя, адухоўленыя, як і павінна быць у такім юным узросце», — звярнуўся да герояў дня Аляксандр Лукашэнка. 

У асобе прысутных Прэзідэнт прывітаў усіх выпускнікоў ВНУ. Ён прызнаўся, што ганарыцца імі. Кіраўнік дзяржавы выказаў падзяку бацькам, педагогам, якія ўклалі нямала душэўных сіл, каб сёняшнія выпускнікі сталі тымі, кім сталі.

«Наперадзе ў вас жыццё. Не ведаю, добра гэта ці дрэнна, але яго пачатак прыйшоўся на эпоху глабальных тэктанічных змен. На нашых вачах нараджаецца новы свет, разбураецца стары», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у гэтым бурным працэсе Беларусь пакуль яшчэ застаецца астраўком спакою, але яго хістае на хвалях сусветнага шторму.

«Куды ўсіх нас гэты шторм вынесе — ад нас і залежыць. Думаю, вам, маладым, амбіцыйным, упэўненым у сабе, патрэбен такі выклік. Таму што ўсё спалучанае з рызыкамі — гэта яшчэ і магчымасці. Для вас яны перш за ўсё звязаны з асабістым і прафесійным станаўленнем», — падкрэсліў беларускі лідар. 

«Вам будзе цяжка, але вы выстаіце»

По словах Аляксандра Лукашэнкі, для краіны ў цэлым, куды б ні гайданула свет, стаіць задача ўбудавацца ў яго новую мадэль. Узмацніць свае дзяржаўныя пазіцыі на міжнароднай арэне. Ён звярнуў увагу, што моладзь у гэтым працэсе адыгрывае найважнейшую ролю.

Падзяку Прэзідэнта атрымлівае загадчыца кафедры міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму Гомельскага дзяржуніверсітэта Таццяна Пачынок

«Будучыня абавязкова за вамі. Ад вашых кампетэнцый, працавітасці будзе залежаць устойлівасць нашай эканомікі. Любоў да роднай зямлі, беражлівыя адносіны да традыцый і гістарычнай памяці стануць залогам не проста захавання нацыі, але і ўзмацнення ролі і голасу Беларусі на міжнароднай арэне. Што б ні адбывалася ў найбліжэйшай будучыні, памятайце, побач з вамі людзі, якія ўжо навучыліся на ўласным вопыце праходзіць складаныя жыццёвыя перыяды», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Ён прывёў у прыклад бацькоў сённяшніх выпускнікоў, якім у 90-я не было каму дапамагчы. Поводле яго слоў, і старэйшае, і маладое савецкія пакаленні доўгія гады жылі ў стабільнасці, не ведалі, што такое палітычныя, эканамічныя крызісы. Тады пераломны перыяд заспеў усіх знянацку. Але сёння ўсё інакш.

«Абсалютна перакананы, што сплаў вашай маладосці і бацькоўскага вопыту стане той сілай, якая дазволіць нам у гэты бурны час спакойна і размерана выйсці на новы этап развіцця», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прызнаўся, што ўсё больш думае аб тым, што Гасподзь кожнаму пакаленню падкідвае новыя выпрабаванні. У пачатку мінулага стагоддзя — рэвалюцыі. «Маё пакаленне прайшло гэтыя выпрабаванні ў сярэдзіне 90-х, калі развалілася наша імперыя Савецкі Саюз і мы ў раптоўна сталі незалежнымі дзяржавамі. Гэта былі найскладаныя часы, вам па тэлевізары паказвалі, як людзі стаялі ў вялізных чэргах, каб купіць кавалак хлеба. Мы, старэйшае пакаленне, перажылі гэты час і думалі, што вы, нашы дзеці, будзеце жыць у зусім іншым свеце. А не, час падкінуў і вам выпрабаванне. Мы тады пераадолелі гэтыя выпрабаванні, паспрабавалі на зуб гэтыя часы і сказалі «не, так жыць нельга». А вам, наадварот, трэба захаваць мірную і спакойную Беларусь і сказаць: «мы будзем жыць так і яшчэ лепш», — заўважыў ён. 

Выпускніца БДУІР Юлія Краўчанка атрымлівае Падзяку Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што старэйшае пакаленне ўпэўнена ў маладым, давярае моладзі. І, вядома, разлічвае на ўзаемнасць. «Мы свой шлях прайшлі. Дрэнна ці добра — меркаваць вам, зрабіце лепш. Гэты цяжкі час выбраў вас. Вам будзе цяжка, але я ўпэўнены, што вы выстаіце», — дадаў ён. 

Кіраўнік дзяржавы пажадаў выпускнікам ВНУ быць шчаслівымі. Па яго словах, чалавек шчаслівы, калі ён заняты любімай справай, бачыць вынік і карысць сваёй працы, калі побач аднадумцы, калі хочацца ісці на працу і бегчы ў канцы працоўнага дня дадому, калі родныя і блізкія таксама здаровыя і шчаслівыя. 

«Няхай усё гэта будзе ў вашым жыцці. Перакананы, што вы добра ведаеце, чаго хочаце дабіцца, да якіх вышынь дабрацца. Але рабіце гэта на роднай зямлі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар параіў моладзі вучыцца на чужых памылках. «Спытайце ў тых, хто там, як ім. І потым рабіце свае крокі. Паспрабуйце тут, калі ўжо зусім не атрымаецца, махніце туды. Будзе з чым параўнаць. Але рабіце ўсё своечасова. Рабіце сёння, заўтра, тое, што павінны сёння, заўтра, інакш паслязаўтра вас захлісне такая бура, з якой будзе цяжка справіцца», — сказаў ён. 

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што маладыя людзі добра ведаюць, як і куды ісці. Ён пажадаў ім, каб хапіла і ведаў, і сіл, і мужнасці пераадолець тыя выклікі, якія ставіць час. «Яшчэ раз віншую з заканчэннем складанага перыяду вашага жыцця. Віншую вас з закачэннем ВНУ і атрыманнем вышэйшай адукацыі. Сёння ваш дзень — дзень святкавання першага сур’ёзнага поспеху. Вы яго заслужылі. А я шчаслівы падзяліць яго разам з вамі», — рэзюмаваў Прэзідэнт. 

«Універсітэт і гэты баль буду ўспамінаць з цеплынёй»

Модныя сукенкі, строгія касцюмы, прыгожыя прычоскі і макіяж, і самае галоўнае — дыплом аб вышэйшай адукацыі. Рэспубліканскі баль выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі сабраў лепшых маладых спецыялістаў. Яны шчыра падзяліліся не толькі сваімі ўражаннямі ад цудоўнага вечара, але і планамі на будучыню. 

Дар’я Дубоўская, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў расказала, што плануе працягваць вучобу ў магістратуры і аспірантуры, каб у будучым рэалізоўваць цікавыя праекты, звязаныя з музейнай і выставачнай тэмай.

«Я працую з прамысловым турызмам. Я распрацоўвала канцэпцыю для музея Мінскага гадзіннікавага завода „Прамень“. І мая далейшая дзейнасць будзе звязана з прамысловым турызмам. Прамысловасць у нашай краіне развіваецца, і яна можа прывабліваць турыстаў, гэта будзе развіваць эканоміку і саміх прадпрыемстваў. Гэта іміджавая рэч, якая зможа даць штуршок рэгіянальным прадпрыемствам», — расказала Дар’я. 

Дзяўчына, падкрэсліла, што ёй хацелася б актыўна развіваць турызм у нашай краіне, прыцягваць замежных турыстаў і развіваць унутраны турызм. А прыемным успамінам аб універсітэце застанецца ўдзел у розных творчых мерапрыемствах і навуковых канферэнцыях.

«Універсітэт я буду ўспамінаць толькі з цеплынёй. І я вельмі рада, што мне ўдалося пабываць на такім мерапрыемстве і адчуваць сябе тут камфортна», — падзялілася Дар’я. 

Выпускнік факультэта журналістыкі БДУ Мікіта Палякевіч ужо даўна працуе на тэлеканале АНТ. Таму ён пажадаў усім выпускнікам ВНУ так жа паспяхова знайсці месца працы, як гэта ўдалося яму. І, канешне, захаваць цёплыя ўспаміны аб студэнцкіх гадах. 

«Сёння ўжо нельга падзяляць вучобу і актыўную дзейнасць ва ўніверсітэце. Гэта паняцці непарыўныя, бо ва ўніверсітэце праходзіць этап станаўлення як асобы. І самае галоўнае ва ўніверсітэце — гэта людзі, з якімі ты вучышся і з якімі ты ўсё гэта праходзіш», — падкрэсліў ён. 

Даяна Забалоцкая, якая скончыла Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт прызналася, што марыла трапіць на рэспубліканскі баль. «Ад сённяшняга вечара я ў захапленні, усе такія прыгожыя, свецяцца, вочкі гараць, такія ўсе шчаслівыя. Я вельмі хацела сюды патрапіць. І вось я тут. Вялікі дзякуй за такую магчымасць», — сказала яна. Дзяўчына атрымала спецыяльнасць менеджара-эканаміста. Сваю прафесійную кар’еру дзяўчына пачне ў Жодзіна.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.