Вы тут

Рэгіёны едуць з новымі напрацоўкамі на ІХ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі


На ІХ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які распачынаецца 30 чэрвеня ў Гродне, прыедуць вялікія дэлегацыі з усіх абласцей нашай краіны. Карэспандэнты «МС» пацікавіліся непасрэдна ў мясцовай улады, з якімі напрацоўкамі і спадзяваннямі рэгіёны Беларусі едуць на форум.


Каля паўсотні прадпрыемстваў Мінскай вобласці падпішуць камерцыйныя кантракты з расійскімі контрагентамі

Асноўным стратэгічным знешнегандлёвым партнёрам Мінскай вобласці Беларусі была і застаецца Расійская Федэрацыя, на долю якой прыпадае каля паловы ўсяго аб'ёму экспарту прадукцыі, што вырабляецца ў рэгіёне.

— Машынабудаванне, вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі, лёгкая прамысловасць — гэта тыя галіны, у якіх мы дасягнулі поспеху ў супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй, — адзначае начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязяў Мінскага аблвыканкама Таццяна Туравец.

Падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі каля паўсотні прадпрыемстваў Мінскай вобласці падпішуць камерцыйныя кантракты з расійскімі контрагентамі на суму больш за
450 млн долараў ЗША.

— Значная частка кантрактаў — 142 млн долараў ЗША — прыпадае на кар'ерную тэхніку вытворчасці ААТ «БелАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БелАЗ-ХОЛДЫНГ», — распавяла Таццяна Ігараўна. — Не адстаюць прадпрыемствы холдынга «Мінаблмясамалпрам». Узгоднены і гатовыя да падпісання кантракты на агульную суму ў памеры 125 млн долараў ЗША на пастаўку ў Расійскую Федэрацыю прадукцыі прадпрыемстваў холдынга. Гэта — ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», ААТ «Здравушка-мілк», ААТ «Слуцкі мясакамбінат», ААТ «Барысаўскі мясакамбінат № 1», СВК «Агракамбінат «Сноў», ААТ «Салігорская птушкафабрыка», ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў», ААТ «Гама смаку», УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў», ААТ «Мінскаблхлебапрадукт».

У мэтах умацавання міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з суб'ектамі Расійскай Федэрацыі напярэдадні форуму ў чэрвені 2022 года заключаны пагадненні аб усталяванні пабрацімскіх адносін паміж горадам Жодзінам Мінскай вобласці і горадам Жалезнагорскам Курскай вобласці, а таксама паміж Чэрвеньскім раёнам Мінскай вобласці і Ацяшаўскім раёнам Рэспублікі Мардовія.

Акрамя таго, непасрэдна ў дні правядзення форуму гатовыя да падпісання пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Мінскім абласным Саветам дэпутатаў і Дзяржаўным Саветам Рэспублікі Татарстан, а таксама паміж Мінскім абласным Саветам дэпутатаў і Мурманскай абласной думай.

Дзіяна РОНІНА


У Гродзенскай вобласці мяркуецца перавысіць аб'ём здзелак на ІХ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў параўнанні з папярэднім

На мінулым, VІІІ Форуме рэгіёнаў падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Рэспублікай Башкартастан і Томскай вобласцю. Аб'ём здзелак склаў 800 млн долараў. У Гродзенскім аблвыканкаме ўпэўнены, што чарговы форум значна перавысіць гэту лічбу.

Нягледзячы на тое, што Гродзеншчына — самы заходні рэгіён Саюзнай дзяржавы і не мае агульнай мяжы з Расіяй, вобласць актыўна супрацоўнічае з расійскімі рэгіёнамі ў розных напрамках — эканамічным, дзелавым, культурным. На сёння тут падпісаны дагаворы з 27 рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. І, безумоўна, чарговы. Як зазначылі ў камітэце эканомікі Гродзенскага аблвыканкама, амаль 60 % гандлёвага абароту звязана менавіта з Расіяй. Гэта партнёр № 1 у рэгіёне. На расійскі рынак рэалізоўваецца палова ўсяе прадукцыі вобласці. Пры гэтым экспарт у агульным аб'ёме знешняга гандлю пастаянна расце.

Зараз сума кантрактаў з прамысловымі прадпрыемствамі РФ складае больш за 12 млрд расійскіх рублёў. Трэба адзначыць, што значная колькасць кантрактаў заключалася менавіта падчас правядзення Форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Гродзеншчына і надалей плануе развіваць гэты напрамак і пашыраць геаграфію паставак. Разам з тым важным кірункам з'яўляецца навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне. Гэта сумесныя праекты і распрацоўкі, якія прызваны павысіць канкурэнтаздольнасць кампаній на знешніх рынках. Дарэчы, навуковая секцыя будзе працаваць і на ІХ Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Мяркуецца аб'яднаць намаганні ў лічбавай эканоміцы для абмену сумеснымі напрацоўкамі, якія закліканы павысіць канкурэнтаздольнасць кампаній на знешніх рынках.

Напрыклад, у сферы адукацыі палануецца падпісанне 10 пагадненняў паміж ВНУ абедзвюх краін. У сувязі з гэтым у ГрДУ імя Я. Купалы будзе арганізавана вялікая выстаўка, прысвечаная традыцыям і інавацыям адукацыі Расіі і Беларусі, у якой возьме ўдзел звыш 20 вышэйшых навучальных устаноў. Плануецца, што падчас форуму беларускія ВНУ наладзяць больш цесныя кантакты з навучальнымі ўстановамі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Тамбова, Уладзівастока і іншых гарадоў.

Маргарыта УШКЕВІЧ


Градус эканамічнага партнёрства расце

Кантракты больш як на 950 мільёнаў долараў удалося заключыць прадпрыемствам Гомельшчыны яшчэ на стадыі падрыхтоўкі да ІX Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Дэлегацыя Гомельскай вобласці, якую на знакавай эканамічнай падзеі Саюзнай дзяржавы прадставяць кіраўнікі аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, дзелавых колаў, перакананы, што ІX Форум рэгіёнаў дасць дадатковы імпульс ва ўмацаванні дзелавога партнёрства не толькі паміж абласцямі, але і раёнамі, гарадамі дзвюх дзяржаў. Тым больш што ёсць значныя напрацоўкі ў гэтым кірунку. Так, на сёння паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Гомельшчыны і Расійскай Федэрацыі ўжо заключана 79 двухбаковых дакументаў аб супрацоўніцтве.

Падчас падпісання Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў і Дзяржаўным сходам (Іл Тумэн) Рэспублікі Саха (Якуція) Расійскай Федэрацыі.

У ходзе падрыхтоўкі да ІX Форуму рэгіёнаў у снежні мінулага года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў і Дзяржаўным Сходам Рэспублікі Саха (Якуція). На пачатку бягучага года чарговым крокам да далейшага ўмацавання міжрэгіянальных сувязяў стала падпісанне Пратакола аб намерах супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Тува Расійскай Федэрацыі і Гомельскім аблвыканкамам. У маі бягучага года падпісана Пагадненне аб партнёрскіх (пабрацімскіх) адносінах паміж Чачэрскім раёнам Гомельшчыны і Тэрбунскім раёнам Ліпецкай вобласці. Падчас удзелу ў ІX Форуме рэгіёнаў мяркуецца падпісаць План мерапрыемстваў на 2022–2023 гады па рэалізацыі вышэйадзначанага пагаднення. У бягучым месяцы Гомельскі раён Гомельскай вобласці падпісаў Пагадненне аб устанаўленні супрацоўніцтва з муніцыпальным утварэннем «Горад Курск» Курскага рэгіёна.

— Увогуле, што датычыцца наладжвання міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, то на сёння Гомельскім аблвыканкамам заключаны 23 двухбаковыя дакументы з расійскімі рэгіёнамі. Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў заключана 10 двухбаковых дакументаў аб супрацоўніцтве з Амурскай, Бранскай, Кіраўскай, Курскай, Мурманскай, Ніжагародскай, Аранбурскай, Самарскай, Свярдлоўскай абласцямі і Рэспублікай Саха, — звярнула ўвагу начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязяў Камітэта эканомікі Гомельскага аблвыканкама Ірына Давыдзенка.

Увогуле, сёння Гомельшчына прыкладвае значныя сілы, каб пашырыць і паглыбіць гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае і кааперацыйнае супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі.

СЭЗ «Гомель-Ратон» і саюз «Гандлёва-прамысловая палата Бранскай вобласці» падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве падчас першага рэгіянальнага бізнес-форуму «Гомель — Бранск».

— У знешнегандлёвым абароце Гомельскай вобласці доля расійскіх рэгіёнаў займае каля 60 % і па выніках мінулага года склала каля 6,6 мільярда долараў, — дадала Ірына Давыдзенка. — Пазітыўная дынаміка назіраецца таксама і па выніках супрацоўніцтва ў бягучым годзе: тавараабарот за студзень — красавік склаў звыш 1,5 мільярда долараў, пры тэмпе росту — 121,8 %.

На Гомельшчыне сфарміраваны пералік тавараў больш чым з 200 найменняў, якія прадпрыемствы беларускага рэгіёна гатовыя дадаткова пастаўляць партнёрам з Расійскай Федэрацыі. У сваю чаргу застаецца актуальным патрэба ў замяшчэнні 150 таварных найменняў прадукцыяй расійскага рынку, што можа паслужыць дадатковым імпульсам для стварэння кааперацыйных міжрэгіянальных вытворчасцяў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА


Будзем сябраваць універсітэтамі

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі для Магілёўскай вобласці гэта магчымасць інтэграцыі, у тым ліку ў адукацыі.

— Нашы сувязі ад форуму да форуму мацнеюць, — падкрэсліў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. — Сёлета экспарт магілёўскіх арганізацый вырас амаль на чвэрць, а па некаторых рэгіёнах — больш чым у паўтара раза. Напрыклад, у Ленінградскую вобласць — у 1,6 раза, Прыморскі край — амаль у 1,8. Магілёўскія прадпрыемствы працягваюць разам з партнёрамі з Расіі павялічваць узаемныя пастаўкі камплектуючых. З высокай актыўнасцю вядзецца абмеркаванне вытворчасці імпартазамяшчальных тавараў.

За час падрыхтоўкі да форуму ўжо заключаны экспартныя кантракты па пастаўцы магілёўскіх вырабаў у Расійскую Федэрацыю на суму каля 450 мільёнаў расійскіх рублёў. Толькі за апошнія два месяцы ініцыіраваны і падпісаны шэраг дакументаў па супрацоўніцтве з Хабараўскім краем, Ленінградскай і Арэнбургскай абласцямі, — удакладняе Руслан Страхар. — Шэраг пагадненняў плануем заключыць і ў рамках асноўнага мерапрыемства.

Актыўная работа праводзіцца па інтэграцыі сістэм вышэйшай адукацыі Расіі і Беларусі.

— Яшчэ на V Форуме, які праходзіў у Магілёве, быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж намі і Маскоўскім універсітэтам харчовых вытворчасцяў, — расказвае рэктар Магілёўскага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Максім Кіркор. — Наладжаны акадэмічны абмен студэнтамі, у ліпені чарговая наша група адправіцца ў Маскву на два тыдні ў летнюю школу. Студэнты аплачваюць толькі праезд — харчаванне і пражыванне за кошт боку, які прымае. Акрамя гэтага, праводзім разам навуковыя канферэнцыі, стажыроўкі. На гэтым Форуме збіраемся падпісаць дадатковае пагадненне наконт сумесных адукацыйных праграм. У нас ёсць аднолькавыя спецыяльнасці эканамічнага і тэхналагічнага профіляў, і плануем, што нашы студэнты будуць на семестр выязджаць вучыцца ў Маскву, а маскоўскія — да нас. На гэтым форуме мы таксама збіраемся падпісаць дагавор аб супрацоўніцтве з Маскоўскім эканамічным універсітэтам імя Г. Пляханава. З прадстаўніком гэтай ВНУ мы пазнаёміліся таксама на адным з форумаў. Летась у рамках сумеснай канферэнцыі па праблемах харчавання да нас прыязджалі іх прафесары і студэнты.

Дарэчы, мадэратарам ад беларускага боку секцыі № 5 "Інтэграцыя сістэмы вышэйшай адукацыі Расіі і Беларусі: рэгіянальны аспект" выступае намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, сенатар ад Магілёўскага і Чавускага раёнаў, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алег Дзячэнка.

— На гэтым форуме плануецца разгледзець шэраг пытанняў, звязаных з супрацоўніцтвам у сферы вышэйшай медыцынскай, сацыяльна-гуманітарнай і аграрнай адукацыі, лічбавай трансфармацыі адукацыі, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання моладзі Беларусі і Расіі, — адзначае ён. — У рамках работы секцыі будзе арганізавана выстаўка, дзе беларускія ўніверсітэты пакажуць найноўшыя адукацыйныя лічбавыя смарт-тэхналогіі для сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў вышэйшай адукацыі. Яшчэ адна лакацыя будзе прысвечана гістарычнай памяці і традыцыям у выхаванні патрыёта і грамадзяніна.

У рамках мерапрыемстваў форуму толькі падчас работы секцыі № 5 плануецца падпісаць 17 пагадненняў, з іх шэсць — у анлайн-рэжыме.

— Яскравым сведчаннем плённага супрацоўніцтва служыць больш за 1600 прамых міжуніверсітэцкіх дагавораў, якія былі падпісаны раней, — падкрэслівае Алег Дзячэнка.

— Двухбаковае супрацоўніцтва паміж установамі вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі паспяхова развіваецца. Беларуская сістэма вышэйшай адукацыі мае шмат пераваг перад аналагічнымі сістэмамі іншых краін, спалучае традыцыйныя і інавацыйныя падыходы да рэалізацыі адукацыйных праграм. Яе адрознівае практыкаарыентаванае навучанне, якасная падрыхтоўка кадраў для розных галін нацыянальнай эканомікі. Доказам гэтаму служыць запатрабаванасць на айчынных і міжнародных рынках працы кваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў, якія свабодна валодаюць сваёй прафесіяй, іх здольнасць да мабільнасці і аператыўнай адаптацыі да хутка зменлівых умоў вытворчага працэсу.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Супрацоўніцтва паміж Брэсцкай і Пензенскай абласцямі пашыраецца ў галіне культуры і турызму.

Як вядома, мінулагодні VІІІ Форум рэгіёнаў праходзіў у рэжыме відэаканферэнцсувязі. Паводле інфармацыі ўпраўлення знешнеэканамічных сувязяў і інвестыцыйнай дзейнасці аблвыканкама, пры падрыхтоўцы да яго прадпрыемствы Брэсцкай вобласці заключылі з расійскімі контрагентамі камерцыйных кантрактаў на суму больш за 120 мільёнаў долараў.

Брэстчыну з рэгіёнамі Расіі звязвае шматгадовае плённае супрацоўніцтва. Сярод асноўных пазіцый экспарту рэгіёна ў РФ — мясная і малочная прадукцыя, мяса буйной рагатай жывёлы, гатовая і кансерваваная рыба, газавыя пліты, дзіцячыя цацкі, мэбля. З Расіі нам пастаўляюць шыны і пакрышкі, каменны вугаль, ячмень, алей сланечнікавы і іншыя тавары.

На здымку пратакол падпісваюць Сяргей Панасюк і Сяргей Бычкоў.

У рэгіёне зарэгістравана больш за 330 прадпрыемстваў з расійскім капіталам. У шэрагу найбольш вядомых — СП «Брэстгазаапарат», ЗТАА «Вастэга», ЗТАА «АНРЭКС», ТАА «БелІНЭКА», СТАА «СТіМ», ЗТАА «РусБелГаз», СП «Фрост і Ко».

На абласным узроўні заключаны і рэалізоўваюцца 26 пагадненняў аб супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі, у тым ліку Пензенскай, Астраханскай, Белгародскай, Бранскай, Іркуцкай, Калінінградскай, Калужскай, Кастрамской, Ліпецкай, Новасібірскай, Пскоўскай, Саратаўскай, Смаленскай, Цюменскай абласцямі, Стаўрапольскім краем, Карачаева-Чаркесіяй, Бураціяй, Удмурціяй, Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругай. Акрамя таго, падпісана і дзейнічае больш за 400 дагавораў аб супрацоўніцтве паміж гарадамі і раёнамі Брэсцкай вобласці і Расіі.

Пра супрацоўніцтва з Пензенскай вобласцю варта сказаць асобна. Паміж Брэсцкім аблвыканкамам і ўрадам Пензенскай вобласці пагадненне аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і гуманітарнай сферах дзейнічае ўжо пяць гадоў. Яно было пашырана і атрымала ўдакладненні на леташнім форуме рэгіёнаў. Вынікі не прымусілі сябе чакаць.

На форум дзелавых кантактаў, які праходзіў у Брэсце 18–19 мая сёлета, прыехала прадстаўнічая дэлегацыя на чале са старшынёй урада Пензенскай вобласці Мікалаем Сіманавым. Тады з губернатарам Брэстчыны Юрыем Шулейкам дамовіліся пра супрацоўніцтва ў сферы эканомікі, адукацыі, турызму. Той раз госці пабывалі на некаторых прадпрыемствах Брэстчыны, правялі перагаворы. Намеры і падрабязныя абмеркаванні выліліся ў дакумент пад назвай Пагадненне аб супрацоўніцтве ў розных сферах паміж Брэсцкай і Пензенскай абласцямі, якое было падпісана 22 чэрвеня. На мінулым тыдні ў Брэсце зноў была дэлегацыя Пензенскай вобласці.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч і старшыня заканадаўчага сходу Пензенскай вобласці Валерый Лідзін падпісалі Пратакол аб развіцці міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Напярэдадні ўказанай падзеі Баранавічы і расійскі Кузнецк, дарэчы, сталі гарадамі-пабрацімамі. Юрый Наркевіч пра падпісанні сказаў, што адносіны паміж рэгіёнамі выходзяць на новы, больш высокі ўзровень. Асаблівая ўвага ўдзяляецца рэалізацыі сумесных праектаў у сферах прамысловасці, будаўніцтва, камунальнай гаспадаркі, транспартнай сістэмы, інфармацыйных тэхналогій.

У той жа дзень, 22 чэрвеня, міністр культуры і турызму Пензенскай вобласці Сяргей Бычкоў, а таксама начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк падпісалі Пратакол аб намерах па развіцці культурных сувязяў паміж Брэсцкай і Пензенскай абласцямі. Супрацоўніцтва ў сферы турызму подпісамі замацавалі Сяргей Бычкоў і начальнік упраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Юрый Хоміч.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Брэсцкага аблвыканкама

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.