Вы тут

Гіперінфляцыя, галлё і «туалетнае мора». Што чакае палякаў?


Улады Польшчы прагназуюць далейшы рост інфляцыі. Аб гэтым днямі заявіў Польскаму радыё прэс-сакратар урада Пётр Мюлер, паведаміла ТАСС. «Мы не хаваем, што чакаем росту інфляцыі, паколькі сітуацыя на паліўным і энергетычным рынках паказвае на тое, што гэта будзе прыкметна», — сказаў чыноўнік. Чакаецца, што заўтра галоўнае статыстычнае ўпраўленне (ГСУ) Польшчы апублікуе сваю штомесячную справаздачу аб эканамічным становішчы краіны. Шэраг незалежных экспертаў лічыць, што ГСУ паведаміць у ім аб рэкорднай інфляцыі ў 15 працэнтаў у чэрвені. Як вядома, у маі гэты паказчык склаў 13,9 працэнта. Паводле экспертных прагнозаў, інфляцыйны пік у краіне будзе дасягнуты ў жніўні —верасні з паказчыкам у 15,5–16 працэнтаў. Улічваючы дзеянні афіцыйнай Варшавы, далей аналітыкі нават не заглядваюць. Што ж чакае палякаў?


Фота: pixabay.com

Будзе горш

Хлеб у Польшчы падаражэў за апошнія 12 месяцаў больш чым на чвэрць (на 25,6 працэнта), што звязана з павелічэннем кошту інгрэдыентаў, з якіх яго вырабляюць, а таксама ростам цэн на энергарэсурсы, паведаміла выданне Rzeczpospolіta. Эксперты мяркуюць, што да канца года цана на хлеб можа дасягнуць 30 злотых (каля 6,37 еўра). Прэзідэнт хлебапякарнай асацыяцыі Польшчы адзначыў, што кошт павялічваецца з пачатку года, таму што даражэюць збожжа і мука. Цана мукі павялічылася на 34 працэнты ў параўнанні з мінулым годам. Таксама даражэе ўсё, што трэба для вырабу хлеба: энергія, паліва, заробак.

Хлебапякарныя кампаніі ў паніцы, бо ўжо атрымалі папярэджанні ад пастаўшчыкоў энергіі аб магчымых перабоях у падачы электраэнергіі. Акрамя таго, што выкарыстоўваецца дарагая і маладаступная сыравіна, высокія цэны на паліва і энергію, яны могуць сутыкнуцца з рызыкай парушэння тэхналагічнага працэсу, што прывядзе да скарачэння вытворчасці і далейшага павелічэння кошту, паскардзіліся ўладальнікі пякарань.

Тым часам усё больш польскіх спажыўцоў з-за інфляцыі пачалі ўстрымлівацца ад буйных выдаткаў, такіх як набыццё мэблі, электронікі і бытавой тэхнікі, паведаміла Rzeczpospolіta. Адзначаецца, што змрочныя ў апошнія некалькі месяцаў настроі польскіх спажыўцоў у чэрвені яшчэ больш пагоршыліся. Паводле даных апытання галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, 61 працэнт польскіх хатніх гаспадарак мяркуюць, што іх фінансавае становішча пагоршыцца ў найбліжэйшыя 12 месяцаў, і толькі 6 працэнтаў спадзяюцца на магчымае паляпшэнне. Акрамя таго, усё больш хатніх гаспадарак чакаюць росту беспрацоўя.

Прагназаванае пагаршэнне фінансавага стану спажыўцоў стала вынікам зніжэння пакупніцкай здольнасці, у сувязі з чым чакаецца спад спажывання напрыканцы года. Яшчэ горш палякі ацэньваюць перспектывы эканомікі краіны ў цэлым. Амаль 77 працэнтаў рэспандэнтаў не выключаюць пагаршэння эканамічнай сітуацыі на працягу года.

Кадравы голад

Змрочныя настроі людзей падтрымліваюць прагнозы эканамістаў. У найбліжэйшыя месяцы Польшча будзе перажываць далейшы рост цэн, эканоміка краіны будзе запавольвацца — да такой высновы прыйшлі эксперты Польскага эканамічнага інстытута (PІE). Аб гэтым паведаміў інфармацыйны партал польскага радыё RMF 24. Паводле даных PІE, сёлета ВУП Польшчы павялічыцца на 4,8 працэнта, у асноўным за кошт вытворчай дзейнасці і дадатковага попыту, што ствараецца бежанцамі. Аднак эканоміка будзе паступова запавольвацца. У 2023 го-дзе рост будзе вагацца ў межах 2,4–3,6 працэнта. Такая сітуацыя звязана з ростам цэн на сыравіну, дэфіцытам тавараў, аслабленнем экспарту і спадам прыватных інвестыцый.

Сярэдні ўзровень інфляцыі ў гэтым годзе складзе ў Польшчы 13,1 працэнта, пры гэтым пікавыя значэнні ў памеры ад 15,8 працэнта чакаюцца ў жніўні. Паводле прагнозаў аналітыкаў, відавочнага зніжэння інфляцыі не адбудзецца да 2024 года. На думку экспертаў, гэта будзе самай вялікай эканамічнай праблемай у найбліжэйшыя два гады. Асноўнай крыніцай інфляцыі застаецца рост цэн на прадукты харчавання і энерганосьбіты.

Яшчэ адной праблемай для польскай эканомікі можа стаць недахоп рабочай сілы. Эксперты адзначаюць, што бежанцы з Украіны могуць толькі часткова кампенсаваць дэфіцыт на рынку працы, бо з Украіны прыязджаюць у асноўным жанчыны і дзеці да 18 гадоў. Некаторыя з іх знойдуць работу ў сферы гандлю і паслуг. Пры гэтым па-ранейшаму будзе адчувацца недахоп рабочых рук у большасці галін прамысловасці, будаўніцтва і транспарту.

Ужо цяпер польскія фермеры сутыкнуліся з недахопам рабочай сілы, з-за чаго на палях гніе ўраджай ягад і сітуацыя пагаршаецца штодня. Пра гэта распавёў кіраўнік Асацыяцыі польскіх садаводаў Міраслаў Малішэўскі ў радыёэфіры Radіoplus. Ён адзначыў, што ў сельскай мясцовасці не хапае мужчын, якія маглі б выконваць цяжкую работу, напрыклад, кіраваць трактарам, грузавіком або раскідваць угнаенні, а таксама жанчын, якія займаліся б зборам ураджаю ягад, агародніны і садавіны.

Як заўважыў Міраслаў Малішэўскі, спажыўцы скардзяцца на занадта высокі кошт агародніны і садавіны. На жаль, як адзначыў ён, вытворцы вымушаны павышаць цэны на сваю прадукцыю, таму што іх расходы на паліва, угнаенні і хімічныя сродкі аховы раслін узраслі ў некалькі разоў, і пры гэтым яны ўсё роўна не могуць кампенсаваць свае вытворчыя затраты.

Таксама стала вядома, што польскія настаўнікі пачалі масава звальняцца з-за нізкіх заробкаў, што прывяло да кадравага голаду ў сферы адукацыі ў краіне, паведаміла Rzeczpospolіta. Паводле звестак выдання, зараз у школах не хапае каля 13 тыс. настаўнікаў. Пры гэтым звальняюцца нават настаўнікі з вялікім досведам працы.

Дырэктары школ (многія з якіх таксама звальняюцца) скардзяцца, што маладыя спецыялісты не хочуць працаваць у сферы адукацыі. А тыя, хто ўсё ж прыходзіць уладкоўвацца, расчароўваюцца, даведаўшыся пра зарплату. Адзначаецца, што настаўнікі, якія пачынаюць працаваць па прафесіі, зараз зарабляюць на ўзроўні некваліфікаваных работнікаў. Акрамя таго, нядаўна паведаміў аб сваім сыходзе з работы ў дзяржаўнай школе Дарыуш Мартыновіч, які летась атрымаў званне «Настаўнік года».

Мільёны могуць замерзнуць

Мэр Познані Яцэк Ясковяк прызнаўся ў радыёэфіры: цэны на газ у пятым па колькасці насельніцтва польскім горадзе выраслі на 200 працэнтаў, і мегаполісу не хапае каля пяці мільёнаў тон вугалю. У прамым эфіры польскай радыёстанцыі RMF FM кіраўнік горада літаральна пасыпаў галаву попелам, прагназуючы да будучай зімы калапс у горадзе. «У асенне-зімовы перыяд могуць узнікнуць праблемы з цеплазабеспячэннем. Нам пагражаюць адключэнні, — лічыць мэр Познані. — Наступны год будзе вельмі цяжкі не толькі ў плане росту цэн на энерганосьбіты, але і на прадукты харчавання». Паводле яго слоў, каб хоць неяк скараціць затраты, муніцыпалітэт будзе вымушаны адмаўляцца ад шэрагу артыкулаў расходаў.

Экс-міністр эканомікі Польшчы і былы прэзідэнт энергетычнай кампаніі PGNіG Пётр Вазняк раскрытыкаваў новую цану на вугаль, якая рэзка ўзрасла. На думку палітыка, «гэта забойства палякаў» і «катастрофа». У інтэрв’ю радыёстанцыі RMF FM Вазняк заявіў, што ў Польшчы дастаткова радовішчаў вугалю для задавальнення ўласных энергетычных запатрабаванняў, аднак замест распрацоўкі радовішчаў урад падымае кошт вугалю. Ён удакладніў, што падобная цана вышэйшая за 10 працэнтаў ад даходу сярэднестатыстычнага паляка, што гаворыць аб гаротным становішчы грамадзян. «У цывілізаваных краінах ЕС, такіх як Вялікабрытанія і Францыя, калі 10 працэнтаў грошай вашай сям’і выдаткоўваецца на ацяпленне, то такая сям’я кваліфікуецца як энергетычна бедная і падлягае падтрымцы», — адзначыў экс-міністр, дадаўшы, што ў польскай прававой сістэме няма нават такога тэрміна — «энергетычная падтрымка».

Між тым урад заклікае людзей не панікаваць і купляць вугаль пра запас. Кіраўнік Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя Ганна Масква запэўніла, што польскія грамадзяне не замерзнуць зімой. Кіраўнік руху Сілезска-дамброўскай салідарнасці Дамінік Калож не згодны з урадам і сцвярджае, што вугалю гэтай зімой не будзе. Сваю пазіцыю ён аргументуе тым, што значна павялічыць здабычу гэтай сыравіны на польскіх шахтах да пачатку ацяпляльнага сезона немагчыма, а вугаль, які будзе экспартаваны, непрыдатны для ацяплення прыватных дамоў.

Нядаўна намеснік міністра дзяржаўных актываў Пётр Пызік прызнаў, што для павелічэння здабычы вугалю ў Польшчы патрабуецца не менш за 2-3 гады. Для гэтага неабходны значныя інвестыцыі і рост занятасці, а з гэтым ва ўрада цяжкасці. Як заўважыла Mysl Polska, для забеспячэння палякаў вуглём неабходна проста адмяніць эмбарга на яго імпарт з Расіі. Але, вядома, ніхто ў палітычным істэблішменце не скажа пра гэта адкрыта. У выніку мільёны палякаў могуць узімку замерзнуць.

У пячорнае мінулае

Тым часам людзі штурмуюць лясы, каб нарыхтаваць галля на зіму, паведаміла выданне Wprost. Леснікі фіксуюць беспрэцэдэнтны і бескантрольны рост наведванняў зялёных масіваў па ўсёй Польшчы — ад Гданьска да Кракава і ад Беластока да Познані. З-за высокіх цэн на энерганосьбіты ў польскіх лясгасах ужо фарміруюцца чэргі па сухое галлё, а ахвотных набыць яго цяпер у разы больш, чым за ўвесь мінулы год, паведаміў партал навін Next.gazeta.pl.

Намеснік міністра клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы Эдвард Сіярка даў дабро на збор галля, аднак пасля наплыву вясковых жыхароў супраць такой ініцыятывы выступілі лясніцтвы. Па словах чыноўнікаў неабходна атрымаць згоду леснікоў, а збор дроў у лесе без згоды ляснічага пагражае штрафам да 250 злотых (каля 190 рублёў). Некаторыя лясніцтвы ўжо ўводзяць ліміты, напрыклад, да 30 кубаметраў драўніны.

Тым часам у польскіх сацсетках разважныя палякі высмейваюць ініцыятыву ўлад, шкадуючы, што ў выніку канфлікту з Расіяй краіна скочваецца ў пячорнае мінулае. Напрыклад, інтэрнэт-карыстальнік Анка Хілінская піша з горкай іроніяй: «Сардэчна запрашаем у свет казак Крашэўскага!..». EADaіly удакладніла, што польскі пісьменнік ХІХ стагоддзя Юзаф Крашэўскі вядомы сваімі апавяданнямі аб дахрысціянскай Польшчы, калі на сённяшніх польскіх землях жыло паганскае племя палян.

Катастрофа на Балтыцы

Яшчэ адзін з вынікаў бязглуздых антырасійскіх санкцый — экалагічная катастрофа ў Балтыйскім моры. Пра гэта заявіў прадстаўнік польскай кампаніі па ачыстцы каналізацыйных сцёкаў Міхал Дудэк. Польскія экалагічныя арганізацыі б’юць трывогу: з-за таго, што Варшава ўключыла ў санкцыйны спіс кампанію Sulzer, якая спецыялізуецца на ачыстцы каналізацыйных сцёкаў, аказаўся заблакіраваны рамонт абсталявання ў польскіх гарадах, якія прымыкаюць да Балтыйскага мора. Выхад са строю каналізацыі пагражае забруджваннем Балтыкі і, як вынік, міжнароднай экалагічнай катастрофай.

Па словах прадстаўніка кампаніі Міхала Дудэка, у фірмы заблакіраваныя паліўныя карты, аўтамабілі забрала лізінгавая кампанія, а тэлефоны адключылі з-за нявыплаты. «Мы не можам аказваць паслугі або выдзяляць запасныя часткі, незалежна ад таго, знаходзіцца прылада на гарантыі ці не. Набліжаецца экалагічная катастрофа. Гэта рэальная пагроза для здароўя і жыцця людзей», — заявіў Дудэк.

Што робяць у такой сітуацыі ўлады? Правільна, яны плануюць сур’ёзна ўзмацніць магчымасці сваіх Узброеных сіл. Для гэтых мэт у краіне хочуць стварыць шматмільярдны фонд, заявіў намеснік кіраўніка ўрада Польшчы, кіраўнік абароннага ведамства Марыюш Блашчак, паведаміла РІА «Навіны». Налета расходы на абарону ўзрастуць да 3 працэнтаў ВУП. Акрамя гэтага, ствараецца спецыяльны фонд, сродкі якога пойдуць на ўмацаванне арміі. Ён будзе пазабюджэтным і папаўняцца за кошт запазычанняў і выпуску аблігацый. Сёлета памер фонду складзе $4,5 млрд. А налета гэтую суму плануецца павялічыць амаль у 2,5 раза — да $11 млрд. Таксама, як заявіў лідар кіруючай у краіне партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі, польскае войска можа быць павялічана з цяперашніх 150 тысяч да 400 тыс. чалавек. А людзі няхай галлё збіраюць, ды на хлебе эканомяць. Вось і ўся сутнасць польскіх улад.

«Вельмі напружвае палітыка на канфрантацыю»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што палітыка кіраўніцтва Польшчы і Літвы на канфрантацыю вельмі напружвае. Адпаведную заяву ён зрабіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, паведаміла БелТА.

«Нас вельмі напружвае сітуацыя і тая палітыка, якую праводзяць нашы суседзі. Вы, увогуле, ведаеце. Гэта кіраўніцтва Польшчы і кіраўніцтва Літвы. Палітыка на канфрантацыю. І вам хапае ад іх», — заўважыў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што ва Украіне апошнім часам наймітаў найбольш з Польшчы. «Я не разумею, навошта гэта ім трэба — канфрантацыя. Ясна, што за спінай стаяць, падштурхоўваюць, але палітыка агідная. Паводзіны агрэсіўныя», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Экі­пі­роў­ка» вы­дат­ні­ка. Як сэ­ка­но­міць гро­шы і нер­вы?

Апошні летні месяц (асабліва другая палова жніўня) для бацькоў школьнікаў заўсёды праходзіць пад дэвізам «Збіраемся ў школу!».

Грамадства

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны

Падчас жніва ўсе, хто задзейнічан ва ўборачнай кампаніі, часова становяцца хлебаробамі.