Вы тут

Яблычны сыр — унікальная страва


Бачылі, як багата кветак сёлета было ў садах? Так што, дасць бог, гэты год будзе яблычны. Прынамсі, у мяне напалеонаўскія планы на нашы вусьлянскія антонаўкі. Дарэчы, менавіта гэтыя сонечныя яблыкі з кіслінкай Уладзімір Караткевіч лічыў найлепшымі ў свеце.


Тры старыя аўтэнтычныя яблынькі мы купілі разам з участкам. Тады яшчэ нават не падазравалі, які скарб адхапілі ў дадатак. Пасля ўжо суседзі распавялі, што нашы антонаўкі адны такія на ўсю вёску, пасаджаныя неўзабаве пасля вайны, таму ім не меней як 75 гадоў. Адно дрэўца, праўда, так і не ўдалося ўратаваць. А два, спадзяюся, яшчэ доўга будуць ствараць цень у сонечны дзень ды радаваць нас восенню пахучымі залатымі яблычкамі. Тым больш летась муж прывёў іх у парадак, абрэзаў сухія галіны, амаладзіў. А сёлета, каб захаваць аўтэнтычны сорт, вырашыў паспрабаваць метад капіравання дрэў «паветранай адводкай». У якасці мяшэчка для зямлі ўзяў лупіну ад апельсіна і падвесіў на яблыню. Праз месяц-другі, кажа, па ідэі павінны вырасці карэньчыкі. А ўвосень можна адрэзаць галінку ніжэй за цытрус і высадзіць гатовы саджанец на ўчастку. Калі верыць інтэрнэту, пры дапамозе гэтага метаду зыходнае дрэва капіруецца на 100 працэнтаў.

Наогул, у майго мужа пасля пераезду ў вёску з'явілася прыгожая мара. Адрадзіць, не даць памерці старым сартам яблынь. Пачаў з таго, што нарыхтаваў чаранкі з малінаўкі і карабкоўкі, якія яго дзядуля шмат гадоў таму садзіў на лецішчы пад Віцебскам. Саджанцы, якія атрымаліся ў выніку прышчэпкі, зараз падрастаюць у нас на ўчастку. Больш за тое, Уладзь настолькі захапіўся сваёй ідэяй, што напрышчапляў дзічак на ўскрайку лесу ды каля ракі. Кажа, што праз колькі гадоў галоднаму мінаку будзе чым падсілкавацца.

Наш трохгадовы сын вельмі любіць яблыкі, гатовы есці іх штодзень. Праўда, крамныя нас з мужам не надта радуюць. Ні табе смаку, ні водару — так, адна назва. Сымон, відаць, таксама адчувае падвох, таму штодзень, робячы разам з татам абход, гладзіць маладзенькія дрэўцы і з нецярпеннем чакае, калі можна будзе есці сапраўдныя сакавітыя малінаўку, папяроўку, карабкоўку. Асабіста ж я не забягаю настолькі далёка наперад: пакуль сплю і бачу, як па восені буду варыць яблычны сыр з антонаўкі.

Памятаю, той год, калі мы толькі набылі ўчастак, таксама быў надзвычай яблычны. Антонаўка падала так актыўна, што неўзабаве пад нагамі ўтварыўся сапраўдны яблычны дыван. Яблыкаў было настолькі шмат, што нам траім з'есці столькі было нерэальна. Таму шчодра частавалі суседзяў. Суседка запякала антонаўку ў печы з карыцай і мёдам і ў знак удзячнасці частку гэтага смакоцця прыносіла нам. Бо мы тады яшчэ не мелі сваёй духоўкі.

Так бы і згніла большасць тых яблыкаў, калі б у адзін цудоўны дзень да нас у госці не прыехала мая ўніверсітэцкая сяброўка. Таня, калі ўбачыла дыван з антонаўкі, шчыра здзівілася: «Я ж езджу за сто кіламетраў, каб набраць хоць адно вядзерца гэтых яблыкаў. А ў цябе тут пад нагамі такі скарб прападае». І падзялілася рэцэптам неверагодна смачнага яблычнага сыру. Маўляў, гэта любімы ласунак майго сына, твайму Сымону таксама спадабаецца.

Сыр з антонаўкі — па сутнасці, вельмі добра ўваранае, а затым спрэсаванае і высушанае яблычнае павідла. Але па смаку і тэкстуры гэта ўнікальная і ні на што не падобная страва. Гатаваць яго хоць і не надта хутка, але зусім не складана. Яблыкі трэба памыць і выдаліць сарцавіну ды семечкі. Лупіну можна зразаць, але я пакідала, бо ў ёй шмат пекціну, які спрыяе шчыльнай тэкстуры сыру. Дробна нарэзаную антонаўку складаем у вялікі рондаль, перыядычна перасыпаючы цукрам. Шмат сыпаць не трэба, ён неабходны выключна для таго, каб яблыкі далі сок. Рондаль я накрывала накрыўкай і пакідала на ноч. Зранку ставіла на пліту і варыла антонаўку на маленькім агні да поўнай мяккасці. Затым пры дапамозе блэндара рабіла аднароднае пюрэ. Дадавала цукар (прынята браць 20—25 % адносна вагі парэзаных яблыкаў. Але я клала значна менш, грам 300 на пяцілітровы рондаль) і ўварвала яблычную масу да вельмі густога джэму. Рабіла гэта па гадзіне-дзве на працягу некалькі дзён. Лепш уварваць на мінімальным агні, перыядычна памешваючы, бо, калі рабіць на вялікім, сумесь пачне распырсквацца і прыгараць. Пасля таго, як джэм гатовы (ён лёгка адстае ад дна посуду і збіраецца ў адзін камяк. Дарэчы, праверыць гатоўнасць можна і загарнуўшы маленькі кавалачак уваранай сумесі ў вільготную марлю. Калі лёгка адстае, значыць, вы на фінішнай прамой), дадаём чайную лыжку молатай карыцы. Можна ўсыпаць нарэзаныя сухафрукты, цукаты. Я ж дадавала грэцкія арэхі і фундук. Не даючы поўнасцю астыць, перакладаем сумесь на папярэдне змочаную і добра адціснутую марлю. Фарміруем кружок таўшчынёй з палец і кладзём яго пад прэс. Я брала дзве дошчачкі, змяшчала паміж імі марлю з сырам і наверх клала камень. Праз суткі-двое можна выкладаць кругляк на пергамент для выпечкі (я прыкрывала і зверху, каб на ласунак не асядаў пыл) і сушыць, перыядычна пераварочваючы. У выніку сыр павінен стаць шчыльным, каб, калі націснуць на яго пальцам, той не правальваўся. Звычайна гатовы ласунак закручваюць у пергамент і трымаюць у халадзільніку да каляднага стала. Захоўваецца яблычны сыр вельмі доўга, кажуць, да трох гадоў. Але я не правярала: мае чатыры галоўкі сыру не дажылі да Каляд. Пакаштаваўшы такую смакату, стрымацца ўжо немагчыма.

А яшчэ суседка, частуючы нас печанымі яблыкамі, згадвала, як у дзяцінстве яе бабуля мачыла антонаўку ў драўлянай бочцы. Маўляў, такая смаката, што словамі не перадаць. Вось думаю, можа, і мне сёлета хоць у трохлітровым слоіку замачыць свае яблычкі, бо ні бочкай, ні, што самае галоўнае, склепам, дзе захоўваць тое смакоцце, мы пакуль не абзавяліся.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Здароўе

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Як папярэдзіць харчовыя атручэнні.

Культура

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

 Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю.

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.