Вы тут

Ідэальная нянька, або дзе знайсці сваю Мэры Попінс


«Сябры, парэкамендуйце, калі ласка, няньку. Толькі абавязкова правераную!» — апошнім часам бачу ў інтэрнэце даволі шмат падобных пастоў мам у дэкрэце і не толькі. Многія сучасныя жанчыны задумваюцца аб тым, каб наняць сабе памочніцу. У кожнай на гэта свая прычына. Хтосьці жадае працягнуць будаваць сваю кар'еру. Нехта не спраўляецца са штодзённай руцінай ці проста хоча прысвяціць больш часу сабе любімай. Разбіраемся, як не патануць у мностве прапаноў і зрабіць правільны выбар?


На адной хвалі з мамай

Пры выбары нянькі трэба кіравацца найперш патрэбамі вашай сям'і. Камусьці падыдзе лагодная Арына Радзівонаўна, якая будзе запоем чытаць казкі і песціць духмянымі піражкамі. А нехта аддасць перавагу маладой няньцы, якая робіць акцэнт на модным сёння раннім развіцці і з якой дзецям будзе весела падчас прагулак. Спецыялісты, якія працуюць у сферы падбору персаналу для сем'яў, у адзін голас кажуць, што ідэальнай нянькі, якая падышла б усім, не бывае. Усё вельмі індывідуальна. І раяць бацькам, перш чым прыступаць да пошуку сваёй ідэальнай нянькі, вызначыцца, для чаго яна ім патрэбна і якія абавязкі будзе выконваць. А таксама скласці спіс таго, чаго катэгарычна не змогуць прыняць у чалавеку, які будзе працаваць у іх доме.

Аптымальны ўзрост для нянькі — 45—60 гадоў. Браць на працу маладзейшага чалавека рызыкоўна, бо да 45 людзі, як правіла, будуюць кар'еру, займаюцца ўласнымі сем'ямі. Прыблізна палова кліентаў, распавялі ў адным са сталічных агенцтваў па падборы персаналу, выбіраць няньку ва ўзросце 55+. Бо пажылыя людзі нікуды не спяшаюцца — яны не кінуць у самы непадыходны момант. Больш за тое, пенсіянер можа пагадзіцца працаваць за ніжэйшы заробак — гэта таксама несумненны плюс. Але ў такіх нянек ёсць і свае мінусы. Часам пажылыя людзі спрабуюць навязаць свае парадкі ў доме, дзе працуюць, што недапушчальна. Яшчэ адзін важны момант — у іх не заўсёды дастаткова ведаў, а часам і жадання, каб вывучыць новыя методыкі выхавання. Спрабуюць выхоўваць чужое дзіця так, як 30 гадоў таму выхоўвалі свайго сына ці дачку. Але сучасныя дзеці ўжо не тыя, што былі раней... Дарэчы, чым меншае дзіця, тым больш нянька па сваім узаемадзеянні з ім павінна быць падобнай да мамы.

— Самае галоўнае — каб нянька спадабалася дзіцяці. Каб яны ладзілі адно з адным, — лічыць Галіна Леанідаўна, нянька з 20-цігадовым стажам. — Звычайна адразу відаць, будзе чалавек добра да дзіцяці ставіцца ці яму проста патрэбны грошы. Дзяцей не падманеш, яны адразу ж адчуваюць няшчырасць. А яшчэ нянька павінна быць прасунутай і шмат чытаць. У мяне быў выпадак, калі я па ўласных абставінах вымушана была сысці з сям'і, і тыя бацькі папрасілі мяне пратэсціраваць няньку, якую агенцтва даслала мне на змену. Якраз трэба было прыгатаваць дзіцяці сумесь. Дзяўчына ўбачыла, што я ўсё дакладна вымяраю, і кажа: «А навошта вы вымяраеце, давайце «на вока». Як на вока? Дзіця павінна з'ядаць 180—200 грам. Гэта яго норма. Нельга перакормліваць ці недакормліваць...

Сёння я прыйшла на працу. Гляджу, у Глеба чырвонае вочка. Сказала пра гэта яго маме: маўляў, паглядзіце, можа ў яго кан'юнктывіт. Яна дала мне лекі і кажа: «Вось гэтым прамыйце». Сама нянька ні ў якім разе нічога не павінна даваць дзіцяці без ведама бацькоў. Можна штосьці параіць, але рашэнне мама павінна прымаць сама. Нянька мусіць выконваць у дакладнасці ўсе распараджэнні і ўказанні, нават калі яны здаюцца ёй няправільнымі. Яшчэ адна важная якасць — уменне падстройвацца. Калі чалавек не лічыць патрэбным вывучыць рытуалы і правілы сям'і, не жадае быць на адной хвалі з бацькамі, то ўсе астатнія кампетэнцыі можна перакрэсліць.

З груднічкамі нянька павінна шмат размаўляць, тады і яны хутчэй загавораць. А з бацькамі — больш слухаць, чым гаварыць. Добрая нянька ніколі не праяўляе ініцыятыву ў зносінах з членамі сям'і. Паводзіць сябе, як рэферы на баксёрскім рынгу: той усё бачыць і прыкмячае, але імкнецца трымацца ўбаку, не замінаючы гледачам атрымліваць асалоду ад паядынку. Яшчэ важна, каб нянька была добрай, сумленнай, спагадлівай, вопытнай, чулай, прыстойнай, клапатлівай і нават з некалькі гіпертрафіраваным пачуццём адказнасці. Ну, і канешне, трэба любіць дзяцей. Без гэтага ў нашай прафесіі ніяк».

І яшчэ: калі кандыдат у нянькі сцвярджае, што будзе развіваць дзіця, наводзіць парадак у хаце, гатаваць і выгульваць сабаку, гэта, вядома, гучыць прывабна. Але, як правіла, усё з пералічанага будзе рабіцца дрэнна. Таму парада бацькам: калі вы запрашаеце няньку, то яна павінна выконваць адну функцыю — займацца дзіцем і ўсім, што з ім звязана. Не лішнім будзе зірнуць на водгукі былых наймальнікаў. У ідэале — нават пагутарыць з сем'ямі, у якіх нянька ўжо працавала не адзін год.

«Такое золата можна перадаваць толькі з рук у рукі»

Добрыя нянькі перадаюцца з рук у рукі, як каштоўнасць, пераканана Святлана Зэрэ, бізнес-ледзі, мама траіх дзетак. І адкрыта дзеліцца сваім «досведам у кубе». «Са старэйшай дачкой Марыам я знайшла дзвюх нянек, якія маглі працаваць па паўдня. Іна пераехала з маленькага горада і шукала падпрацоўку да асноўнай працы, якая ніяк не была звязана з выхаваннем дзяцей. Першая наша сустрэча была на дзіцячай пляцоўцы, і мы хутка знайшлі агульную мову. Мяне ўсё задаволіла, але некальк дзён я працавала дома, назіраючы, як Іна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Менавіта гэта нянька была ў выніку з намі да пераможнага канца, а потым я знайшла ёй новую добрую сям'ю, таму што такое золата можна перадаваць толькі з рук у рукі.

Другую няньку, якая працавала пазменна з Інай, Святлана знайшла праз рэкамендацыю на «Фэйсбуку». «Нянька добра ладзіла з маёй дачкой, але ў яе быў недахоп — яна пастаянна крала прадукты, крэмы, шампуні, прычым як быццам незаўважна, часткамі — адлівала, адразала. Пудра новая знікла цалкам, прычым збіралася падарыць ёй жа. Але нават ведаючы гэта, я не развіталася з ёй своечасова, бо як нянька яна мне падабалася. Мне было не шкада, што яна ў мяне нешта крадзе, я аддавала гэта ў думках яе дзецям. Але калі ў мяне знікла тысяча долараў, якую я пакінула дома канкрэтна на падарожжа, мы рассталіся. Міліцыі я не выклікала, адносінаў не высвятляла. Проста папярэдзіла сваю прыяцельку, дзе мая нянька дапамагала як домработніца».

Як бачыце, нават рэкамендацыі з «Фэйсбука» не могуць гарантаваць прыстойнасці нянькі. ...На форумах многія мамы пішуць, што ім не падабаецца, што нянька падчас кармлення аблізвае лыжку дзіцяці, есць без дазволу прадукты з халадзільніка. Каб пазбегнуць розных непрыемных сітуацый, у кадравых агенцтвах раяць усталёўваць відэакамеры. Бо калі нянька, напрыклад, возьме з шуфлядкі вашы грошы, будзе вельмі складана даказаць, што яны там былі.

— Я і пад камерамі працавала, — распавядае нянька Галіна Леанідаўна. — Асабіста мяне яны не напружваюць. Калі чалавек сумленны, прыстойны — дык няхай хоць 50 камер паставяць, усё адно да дзіцяці добра ставішся, не крычыш на яго, шкадуеш і корміш — усё, як трэба. Наадварот, калі камера стаіць, ты больш упэўнены ў сабе, што не могуць табе ніякія прэтэнзіі прад'явіць, незаслужана абвінаваціць.

«Трэцюю няньку я знайшла, калі была на 9-м месяцы, цяжарная Кацяй, — працягвае сваю гісторыю Святлана Зэрэ. — Мы заплацілі 350 долараў агенцтву і з першай спробы знайшлі сваю Ніну. На першым інтэрв'ю зразумелі, што гэта наш чалавек, калі Марыам прашаптала мне на вуха: «Мама, яна мне падабаецца, давай яе возьмем». Ніна вельмі хвалявалася, таму што гэта першая яе работа нянькай. Таму ў першы ж тэставы рабочы дзень у яе нават піражкі прыгарэлі. Але на ўзроўні пачуццяў я разумела, што гэта ўсё дробязі жыцця. Так і выйшла: мы з нашай нянькай ужо амаль чатыры гады, гэта наш член сям'і. Няма нікога, хто б не любіў нашу Ніначку, як называе яе мая Каця.

Што агульнага паміж Нінай і Інай? Узрост 50+, цудоўнае выхаванне і тое, што яны з маленькіх гарадоў. Ніна 30 гадоў працавала медсястрой у бальніцы Бярозы. Што датычыцца даверу, то ў маёй нянькі ёсць ключы ад нашага дома, яна сама лічыць сваю зарплату з першага ж месяца работы. Сама ж яе бярэ ў месцы, дзе ў мяне захоўваюцца грошы на такія выдаткі. Сама аплачвае наяўнымі дастаўку прадуктаў. Я ніколі не правяраю чэкі і ці было штосьці там куплена для яе асабіста. І нават калі раптам хтосьці ў мяне дзесьці штосьці калісьці ўзяў, то гэта не мая карма. Я не збяднею ад гэтага. Але я проста ўпэўнена, што мая нянька Ніна, як і Іна, выключна прыстойныя людзі, і ніхто ні разу з іх не даў нагоды сумнявацца. Я пастаянна ўгаворваю Ніну есці маю ежу, але яна прынцыпова носіць ссабойкі. Ніколі не возьме нават клубнічкі з талеркі, калі я не настаю на гэтым. Я дару няньцы шчодрыя падарункі, акрамя зарплаты, аплачваю ўрачоў і аналізы, таму што ўдзячна за тое, як яна робіць сваю работу. Калі вы страшна баіцеся даверыць сваіх дзяцей чужой цётцы, то ў вас два выйсці: альбо не давяраць і цягнуць усё на сабе, альбо зрабіць цётку не чужой ці адразу ўзяць «сваю». Інакш гэта трывожнасць будзе вельмі моцна замінаць і вам, і няньцы».

Мне вельмі падабаецца думка сямейнага псіхолага Міхаіла Лабкоўскага пра тое, што дзеці цэняць не колькасць праведзенага з імі часу, а якасць. Паўдня з нянькай і дзве гадзіны са шчаслівай мамай, якая паспела засумаваць, куды лепш, чым суткі са стомленай і раздражнёнай жанчынай. Таму, нават калі ў вас няма магчымасці наняць прафесійную нянькю, вельмі карысна час ад часу хоць на пару гадзін дэлегаваць свае абавязкі мужу, бабулі ці сяброўцы, якой давяраеце.

Як не павінна быць

У інтэрнэце на адпаведных форумах сустрэла шмат станоўчых гісторый пра няньку. Але было некалькі, якія, шчыра прызнацца, шакавалі. У прыватнасці, адна нянечка значна больш думала не пра дзетак, а пра тое, як яна выглядае, таму працавала не ў хатнім адзенні, як яно павінна быць, а ў сукенцы і ў туфлях на высокіх абцасах. Менавіта з-за іх жанчына, спускаючыся па лесвіцы на першы паверх, спатыкнулася і выпусціла з рук немаўля. У выніку ў хлопчыка дыягнаставалі страсенне мозгу, на твар наклалі ажно чатыры швы.

Іншая мама распавяла, што неяк вярнулася дадому крыху раней. У двары заўважыла, што сын катаецца на ровары, а нянька глядзіць у іншы бок і размаўляе па тэлефоне. Жанчына зрабіла некалькі кругоў на машыне, каб паглядзець, што ж будзе далей. Але сітуацыя не мянялася: нянька, не звяртаючы ўвагі на хлопчыка, працягвала сваю тэлефонную размову.

Яшчэ адна так званая нянька мала таго, што пастаянна сядзела ў тэлефоне, дык і напаіла малечу пратэрмінаваным кефірам, пасля чаго той трапіў у бальніцу.

Акрамя таго, для мяне стала адкрыццём, што, аказваецца, ёсць нянечкі, якіх... раздражняюць дзеці. У прыватнасці, нянька тэнісісткі Анастасіі Мыскінай зрывалася на крык на малую, якая хацела то аднаго, то другога. А шматлікія дзіцячыя пытанні наогул прыводзілі яе ў шаленства. Зразумела, што ва ўсіх гэтых выпадках нянькам тут жа ўказалі на дзверы.

Дзе шукаць няню?

Па-першае — запытайце ў блізкіх і далёкіх знаёмых. Магчыма, у кагосьці з іх ёсць на прыкмеце правераная нянька. Але тут важна памятаць, што ў вас могуць разыходзіцца погляды на выхаванне дзяцей. Да таго ж гэтая цудоўная жанчына можа проста не ўжыцца з вамі. Яе тэмперамент, характар, нейкія звычкі могуць быць проста не прымальныя для вас. Нянька можа быць суперпрафесійнай, з багатым досведам, але калі ў вас няма з ёй кантакту, нічога не атрымаецца. Па-другое — дайце аб'яву аб пошуку нянькі ў інтэрнэце ці праз газету. Тут будзьце гатовыя да таго, што давядзецца патраціць шмат часу на сустрэчы, зносіны, самастойную праверку дакументаў. Па-трэцяе, каб звузіць спіс кандыдатур, можна звярнуцца ў спецыялізаваныя агенцтвы. Як правіла, яны маюць напрацаваную базу персаналу. Застанецца толькі падрабязна распавесці, якую няньку жадаеце бачыць у сваім доме. І вам прапануюць некалькі варыянтаў.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

У пякельным драмлёўскім агні абарваліся жыцці 183-х чалавек.