Вы тут

Лета майго дзяцінства. Куды можна адправіць дзіцё на адпачынак?


З пачаткам лета, а можа, і раней, бацькі задумваюцца аб тым, як арганізаваць адпачынак свайму дзіцяці. Пакуль адны збіраюць малых у аздараўленчы летнік або школьны лагер, іншыя дамаўляюцца з бабулямі і дзядулямі, каб яны прыглядзелі за сваімі нашчадкамі. Тыя, каму разлічваць асабліва няма на каго, спраўляюцца ўласнымі сіламі.


Фота: pixabay.com

Летніх канікул чакаюць усе дзеці без выключэння. Вядома, у свой час не магла іх дачакацца і я. І не таму, што, як некаторыя мае аднагодкі, разам з бацькамі выбіралася да мора. Такой магчымасці мы не мелі. Сваё першае мора я ўбачыла толькі студэнткай. І тое дзякуючы «Звяздзе», дзе ўжо знаходзілася ў штаце, — газета выправіла мяне ў камандзіроўку ў Анапу. Ніколі, прызнацца, не была і ў летніках — начаваць па-за сценамі дома для мяне па тым часе было найгоршым выпрабаваннем. Тым больш летам у вёску з'язджаліся сябры, знаёмыя, якіх не магла прычакаць увесь навучальны год.

Праўда, у лагеры — школьным, працоўным — даводзілася быць неаднойчы. Кожнае лета школьнікі, найбольш старшакласнікі, аказвалі пасільную дапамогу калгасу: то бульбу і буракі палолі, то вычышчалі з пліткі траву, то на палетках збіралі камяні, кідаючы іх у прычэп трактара, які ішоў наперадзе... Гэта сёння, за рэдкім выключэннем, дзеці ў лагеры адпачываюць. Нам жа адпачынак быў патрэбны пасля яго. Праўда, ненадоўга — няполатыя грады чакалі яшчэ і на ўласным агародзе.

Гэта цяпер думаеш, што першы месяц канікулаў мы праводзілі зусім не адпачываючы. Тады пра гэта ніхто не разважаў: трэба — значыць трэба. Тым больш ад працоўнага лагера можна было адмовіцца. Аднак не хадзілі туды адзінкі. Большасць пагаджалася, бо разам праводзіць час было яшчэ і весела. Да таго ж калгас плаціў нам грошы — няшмат, вядома, але набыць некалькі абновак на лета або да новага навучальнага года мы маглі сабе дазволіць. І нават не трэба было прасіць у бацькоў!

Вядома, хапала часу і для дзіцячых забаў. Гойсалі з сябрамі на веласіпедах, амаль кожны дзень (калі дазваляла надвор'е) купаліся то ў возеры, то ў рэчцы — выбар у вёсцы быў вялікі. Па вечарах хадзілі ў сельскі клуб на дыскатэку. Калі танцаў не было, за тры-чатыры кіламетры шпацыравалі ў суседнія вёскі. Хоць дома з'яўляліся позна (вядома, было тое ў старшых класах), раніцай да абеду не спалі. Да поўдня, пакуль яшчэ не так горача, паспявалі з мамай па літры-другім ягад назбіраць. Потым гэтую смакату елі: перацертыя суніцы ці чарніцы са свежай булкай і малаком былі лепшыя за любыя цукеркі. Толькі пасля таго, як мы нацешымся ягадамі, мама варыла з іх варэнне. Потым лічыла слоічкі, акцэнтаваўшы пры гэтым увагу на багатым асартыменце: было і па дзесяць, і па пятнаццаць відаў варэння з розных ягад.

Асацыіруюцца школьныя канікулы і з вёскай, куды я выпраўлялася са свайго Мажэйкава, якое ў параўнанні са Шпількамі, дзе жылі мае бабуля і дзядуля па бацькавай лініі, здавалася горадам. У Шпільках была сапраўдная вясковая абстаноўка, у якой любілі бавіць час мае гарадскія сястрычкі і брат. Праўда, без справы не сядзелі і там: пасвілі разам з дзедам карову, хадзілі ў ягады ды грыбы, збіралі ўраджай у вялікім дзедавым садзе... І цяпер памятаю, як любілі бавіць час у гумне і качацца на свежаскошанай траве, на сене, якое адурманьвала сваім водарам. Не маглі дачакацца вечара, каб падсмажыць кавалачак сала ды хлеба на вогнішчы. З зачараванасцю назіралі за тым, як дзед Іван здымаў з сотаў мёд, а бабуля Тэня пякла найсмачнейшыя ў свеце бліны.

Калі ў іх я была часта, незалежна ад пары года (нейкія тры кіламетры, якія раздзяляюць нашы вёскі, напрасткі праходзіла за паўгадзіны), то ў матчыных бацькоў, якія жылі ў Баранавічах, у асноўным гасцілі летам. Паездкі гэтыя былі падобныя да нейкага ўрачыстага рытуалу: пачынаючы ад збору рэчаў, заканчваючы сустрэчай на вакзале. А яшчэ была працяглая дарога да цягніка, які вёз нас у самы цудоўны горад на зямлі, як мне тады здавалася. Не паспявалі за намі зачыніцца дзверы, як мне трэба было даставаць перакус, які мама заўсёды брала з сабой. Вядома, галоднымі ў дарогу ніколі не збіраліся, але як гэта так, каб ехаць у цягніку ды нічога не з'есці! У саміх Баранавічах гарадскія бабуля і дзядуля забаўлялі адзіную ўнучку як маглі: вадзілі на каруселі,па абноўкі на базар, у кінатэатр, дзіцячае кафе. Я адчувала сябе ў іншым свеце, а ў «свой» райцэнтр ездзілі з бацькамі толькі па справах.

...Даўно ўжо няма ні маміных бацькоў, ні дзеда Івана. Засталася толькі бабуля Тэня, якая сама апошнім часам на вёску, у сваю родную хатку, прыязджае з дачкой толькі летам. Раней жа штолета яна брала на сябе клопат аб шасці ўнуках, цяпер клапаціцца ўжо трэба пра яе. Забываць пачала многае, а вось тое, што было раней — падчас лета майго дзяцінства, — памятае дагэтуль.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?