Вы тут

Наталля Нарэйка: У тым што мы працуем разам, ёсць пэўны бонус


Кожны новы дзень у сям'і Нарэйкаў пачынаецца са слоў: «Добрай раніцы, каханы» і «Добрай раніцы, каханая!». Рэпетыцыі, запісы новых песень, канцэрты, гастролі, творчыя праекты — абавязковыя элементы іх штодзённых будняў. Сужэнцы Наталля і Яўген — заснавальнікі фольк-гурта «Славянскія рытмы», які з'явіўся на свет якраз у год іх вяселля. Нягледзячы на тое, што яны ўвесь час разам — і дома, і на рабоце, — маладой пары заўсёды цікава быць побач адно з адным. Вось ужо восем гадоў яны насуперак шматлікім стэрэатыпам шчаслівыя і ў творчасці, і ў сямейным жыцці. З-за шчыльнага графіка артыстаў нам удалося пагаварыць толькі з Наталляй — цудоўнай жонкай, чулай жанчынай і таленавітай салісткай гурта. Яна расказала пра шлях да музыкі, стварэнне сумеснага з мужам творчага калектыву, каханне і іх з Яўгенам сямейныя традыцыі.


— Усё пачынаецца з сям'і. Наталля, раскажыце пра сябе, бацькоў, традыцыі, што панавалі дома. Ваша схільнасць да народнай музыкі, напэўна, перадалася ад родных?

— Выбар у бок музыкі дапамог мне зрабіць тата Сяргей Барысавіч. Мне было шэсць гадоў, калі бацькі запісалі мяне ў музычную школу па класе баян. Шчыра сказаць, асаблівага энтузіязму да ігры на гэтым інструменце ў мяне не назіралася. Памятаю, бацька нават даваў мне грошы, каб я развучвала музычныя творы на баяне (смяецца). Справа ў тым, што ён валодае ад прыроды прыгожым, пастаўленым тэмбрам голасу, і, як кажуць, гэты голас па спадчыне перадаўся мне.

Родам я з вёскі Дабромысль, што ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. У маім дзяцінстве ў нашай сям'і вечарамі любілі спяваць. Разам з бацькам і матуляй Людмілай Мікалаеўнай мы выконвалі народныя песні пад мой акампанемент на баяне. Але больш за ўсё мне падабаліся, вядома, спевы. Так я зразумела, што маё прызванне — спяваць песні, і менавіта народныя.

У школьныя гады я прымала ўдзел у розных абласных мерапрыемствах, зарабляла свае першыя грошы. Неаднаразова чула: як такая маленькая, худзенькая дзяўчынка можа спяваць такім моцным нізкім голасам — альтом? І сапраўды, гэта крыху нехарактэрна для такога знешняга апісання (смяецца).

Я вырашыла далей сябе развіваць у музычнай дзейнасці. Збіралася і рыхтавалася паступаць у Брэсцкі музычны каледж імя Р. Шырмы. І ў той жа час праходзілі экзамены ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. І зноў жа, бацька прапанаваў паспрабаваць паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў — маўляў, гэта будзе... рэпетыцыя паступлення ў каледж. Я была ўпэўнена, што не паступлю, бо адносілася да гэтага сапраўды як да рэпетыцыі. Аднак паступіла, прычым на бюджэт (усміхаецца). Наколькі памятаю, ахвотных было шмат, а набіралі ў той год усяго чатыры чалавекі.

— А як узнік ваш з мужам сумесны праект «Славянскія рытмы»?

— У год нашага вяселля, у 2013-м, трэба было зрабіць музычнае віншаванне нашым знаёмым. Мы з мужам Жэнем хуценька арганізавалі гэтую справу. Ён па адукацыі харэограф. Так і ўзнік наш калектыў «Славянскія рытмы». Першапачаткова гэта быў наш з ім дуэт. А з 2017 года ў складзе «Славянскіх рытмаў» — пяць чалавек, сярод якіх інструменталісты — баяніст і цымбалістка, два харэографы і вакалістка. Працуем як цалкам ужывую, так, калі гэта масавыя, больш маштабныя мерапрыемствы, і пад «падложку». Яна ўяўляе сабой запісаную ўдарную ўстаноўку і бас, паверх якой ужывую іграюць музыканты. Падложка дапамагае дасягнуць большага каларыту ў гучанні. Працуем на розных пляцоўках, да пандэміі нават выязджалі за мяжу. Кожны наш артыст, удзельнік калектыву, з'яўляецца лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, сярод нас ёсць лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Ваш гурт мае прыстаўку фольк. Ці значыць гэта, што ў рэпертуары калектыву пераважаюць народныя спевы?

— У рэпертуары нашага калектыву — беларускія, рускія, украінскія народныя песні ў сучаснай апрацоўцы. Мы з мужам паважаем традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Але, разумееце, свет змяняецца, таму нам даводзіцца ісці ў нагу з часам. І, тым не менш, мэта нашага калектыву — захаваць народную песенную спадчыну. Моладзь неахвотна ўспрымае народныя спевы і танцы, а хочацца прывіць ім да гэтага любоў. Таму, каб было цікава, мы ствараем мікс з сучаснага і народнага, імкнёмся да ўнікальнасці і непаўторнасці. Распрацоўваем дызайн сцэнічных касцюмаў, абавязкова з нацыянальнымі элементамі, усё павінна быць ярка, захапляльна, сучасна, бо гэта — сцэна. Мы прапаноўваем пэўную задуму, ідэю, а шыюць правераныя майстры, з якімі працуем ужо не адзін год.

— Як вы сумяшчаеце работу і сям'ю? Не надакучвае ўвесь час быць разам?

— Пачну з гісторыі нашага знаёмства. Мужа я называю Жэнька — гэта гучыць для мяне душэўна і цёпла (усміхаецца). Мы пазнаёміліся з ім ва ўніверсітэце, жылі на адным паверсе ў інтэрнаце. І не ведалі адно аднаго, пакуль не прыйшлося паехаць калектывам на гастролі ў Германію. З той пары сталі бліжэй. Як ні дзіўна, я адносілася да Жэнькі як да сябра. Мяне бацькі выхоўвалі ў даволі строгіх умовах. На першым месцы была вучоба, кар'ера, а ўжо астатняе — потым. Але Жэнька малайчына, не здаваўся (смяецца). І дзякуй яму за гэта: калі б не яго настойлівасць, упартасць, нічога не атрымалася б. Цяпер, шчыра сказаць, я не бачу сябе без яго. Раней мы з ім працавалі ў дзяржаўным ансамблі народнай музыкі «Свята», цяпер працуем разам у заслужаным калектыве Рэспублікі Беларусь Дзяржаўным акадэмічным ансамблі танца Беларусі. Камандзіроўкі, гастролі, рэпетыцыі — таму, вядома, мы ўвесь час разам. Упэўнена можам сказаць: не, нам не надакучыла. Гэта вельмі важна, адносіны толькі мацнеюць. Мне нават, наадварот, не хапае Жэнькі. Шчыра сказаць, я не разумею, калі гавораць: адпачніце адно ад аднаго. Як? Можна ж адпачываць і разам (смяецца). Што мы і робім вось ужо на працягу васьмі гадоў!

— Як святкавалі вяселле?

— Вяселле праходзіла ў горадзе Смаргоні, дзе прайшло дзяцінства мужа. Жэня родам з Літвы. Яны з бацькамі пераехалі ў Смаргонь, калі яму было каля сямі гадоў.

Сям'я ў нас творчая, таму натуральна, што сярод гасцей на вяселлі былі творчыя людзі, і кожны, вядома, стараўся зрабіць пэўны музычны падарунак. Было настолькі весела, што нашы запрошаныя музыканты крыху перажывалі, што застануцца без ганарару, бо яны практычна не працавалі (смяецца). Увесь час на нашым свяце спявалі госці, таму сваякі з Літвы і Іспаніі, якія прысутнічалі на вяселлі, да гэтага часу ўспамінаюць наш дзень як самы запамінальны і вясёлы.

— Наталля, раскажыце, чым здзіўляе муж, які падарунак даражэйшы за ўсе?

— Жэнька ў плане падарункаў настолькі крэатыўны, што не перастае мяне здзіўляць! Таму падарункі ў нашым жыцці не толькі па святах, але і ў звычайныя дні. Самы першы незабыўны падарунак быў у студэнцкія гады. Памятаю валянцінку на ўсе дзверы. Як пасля аказалася, Жэнька не спаў усю ноч, рыхтаваўся да гэтага свята, пялёсткамі ружаў клеіў надпіс: «Я цябе кахаю». Дзверы інтэрнацкага пакоя былі ўпрыгожаны паштоўкамі з пажаданнямі. Цікава тое, што ўсе прыходзілі паглядзець на маю валянцінку. І гэта вельмі прыемна. Матэрыяльныя падарункі таксама ў нашым жыцці маюцца, але вось такія, крэатыўныя, асабліва памятныя, бо душэўныя. Я ў сваю чаргу стараюся таксама не адставаць ад Жэнькі, хоць ён больш у гэтым плане крэатыўны. У мяне на старонцы ў «Інстаграм» natalіanareіko відаць, што я магу таксама творча падысці да віншавання і зрабіць яму прыемнае.

— Дарэчы, у вашым акаўнце вельмі шмат фота з падарожжаў...

— Для мяне і для мужа вандраваць вельмі важна, мы любім наведваць розныя краіны. Адпачынак для нас — гэта не проста паляжаць на пляжы, паплаваць у моры, хоць, вядома, не без гэтага. Аднак выбіраем больш актыўны від адпачынку — экскурсіі, вельмі цікава паглядзець, як жывуць іншыя людзі ў розных краінах, пазнаёміцца з іх культурай, побытам. Бывалі ў Іспаніі, Лаосе, Кітаі, Літве, Польшчы, Латвіі, Чэхіі, Францыі, Малдове, Азербайджане, Італіі, Германіі, ААЭ, плануем і далей дадаваць краіны ў «скарбонку».

У тым, што мы працуем артыстамі, ёсць пэўны бонус: геаграфія вандровак пашыраецца. Летась у сувязі з пандэміяй адпачынак быў турыстычны — ездзілі адпачываць на Браслаўскія азёры: палатка, вячэра каля вогнішча, размовы да позняй ночы, сустрэча світанку...

— Хто ў вас галоўны кухар у сям'і, якімі стравамі здзіўляеце адно аднаго?

— Мой муж любіць паесці, а я люблю, калі мой муж сыты (смяецца). На кухні эксперыментую. Гатую што-небудзь новенькае. Так, некалі былі на гастролях у Італіі, з тых часоў палюбілася нам лазання. Стараемся гатаваць разам, вельмі часта Жэнька мяне песціць, не пускае лішні раз на кухню, гатуе сам. Падыходзіць, зноў жа, да гэтага крэатыўна, нават надзявае касцюм шэф-кухара.

— У кожнай сям'і ёсць свае каштоўнасці і традыцыі. Якія яны ў вашай?

— Для нас вельмі важныя сямейныя каштоўнасці. У Жэнькі цудоўныя бацькі, дзякуй ім, дзякуй маім бацькам за тое, што яны вырасцілі нас такімі, якія мы цяпер ёсць. Мы іх шануем, па магчымасці стараемся іх наведваць. Усе нашы святы праходзяць у коле сям'і. Любім рабіць сюрпрызы. Дорым падарункі, пішам лісты Дзядулі Марозу, снедаем, вячэраем разам. Што датычыцца нашых традыцый — гэта, як і ў нашых бацькоўскіх сем'ях, вячэра пры свечках. Вельмі такое любім: утульна і душэўна атрымліваецца.

— Што, на ваш погляд, самае галоўнае для шчаслівага сямейнага жыцця?

— Захапляюся Жэнькам як таленавітым артыстам, гэта безумоўна, а таксама ён цудоўны сын і найлепшы муж. Для мяне ён самы лепшы, і ў будучыні, я ўпэўнена, будзе добрым бацькам. А самае галоўнае ў сямейным жыцці, на наш погляд, як банальна гэта ні гучала б, — узаемапавага, клопат, вядома ж, давер. Хоць, можа быць, гэта і сапраўды банальна, але для нас вельмі важна.

— На развітанне дайце, калі ласка, некалькі парад пачынаючым парам...

— Важна ўмець не толькі слухаць, але і чуць адно аднаго. Жыццё — такая штука, што без цяжкасцяў, на жаль, не бывае, але вельмі важна ўмець пераадольваць гэтыя складанасці, яны ёсць у кожнага. І пераадольваць разам. Калі ўжо ствараеце сям'ю, то разам, як гаворыцца, і назаўсёды. Калі не атрымліваецца нешта ў жыцці, нічога страшнага, галоўнае, што вы ёсць адно ў аднаго.

Бліц-апытанка

  • Самы запамінальны адпачынак

— У Дубаі. Было вельмі спякотна, і мы з Жэнем да гэтага часу ўспамінаем, як там у спякоту пераадолелі шмат кіламетраў.

  • Сям’я — гэта…

Самае дарагое, што можа быць у чалавека.

  • Любімая песня

— Усё залежыць ад настрою, бліжэй за ўсе — народная.

  • Любімае сямейнае свята

— Новы год.

  • Мара

— Ёсць кватэра, але гэта не тое, хочацца мець уласны дом, каб было ўтульна, цёпла і душэўна, каб праводзіць вечары каля каміна.

  • Кніга

— «Як перастаць непакоіцца і пачаць жыць», Дэйл Карнэгі.

  • Колер

— Бірузовы.

  • Каханне — гэта…

...тое, што дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Гутарыла Надзея ЗУЕВА

Фота з уласнага архіва сям'і Нарэйкаў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Авен. Панядзелак прынясе вам рамантычны настрой, хаця трэба працаваць

Калейдаскоп

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Надышоў жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час.