Вы тут

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу


Нашы яшчэ не такія далёкія продкі не ведалі сям'і без афіцыйнага шлюбу. А вось новая статыстыка Белстата сведчыць: жанчыны ўступаюць у першы шлюб у 26,3 года, мужчыны — 28,6. Сумеснае жыццё да шлюбу для нас стала звычайнай справай. Закаханыя не задумваюцца над практычнымі пытаннямі будучыні. А такія адносіны могуць цягнуцца гадамі! За гэты час нараджаюцца дзеці, набываецца дарагая маёмасць. Уступаць у законны саюз ці не — асабісты выбар кожнага. Аднак у незарэгістраванага шлюбу ёсць свае «ўразлівыя» бакі. Разам з экспертамі заканадаўчай і псіхалагічнай сфер паспрабуем ацаніць усе «за» і «супраць» грамадзянскага шлюбу.


«Сумленна адказваць самому сабе: наколькі мяне гэта задавальняе»

Падрабязней пра стасункі і пра тое, хто ўсё ж такі больш страчвае ад грамадзянскага шлюбу, расказвае сямейны псіхолаг з 10-гадовым вопытам Таша Пятрова.

— Што для сямейнага псіхолага значыць «грамадзянскі шлюб»? Ці можа гэта сказаць штосьці пра пару, яшчэ да пачатку тэрапіі?

— На сустрэчы з парай мы гэтае пытанне праясняем адным з першых. Часам тут і можа хавацца корань праблем. Самае аптымальнае: калі абодвух гэтая сітуацыя задавальняе і абодва партнёры супраць або не бачаць неабходнасці ў рэгістрацыі. Калі так, то мы гэтую тэму больш не закранаем. А вось калі кагосьці з пары гэта не задавальняе, то тады гэта нагода для працы. З пункту гледжання псіхалогіі, няма адназначнага падыходу. Тут апора на тое, як добра партнёрам.

— Наколькі часта да вас звяртаюцца пары ў грамадзянскім шлюбе?

— Такіх няшмат. Магу зрабіць выснову, што іх невялікая колькасць абумоўлена лёгкасцю заканчэння такіх адносін. У цэлым, праблемы ў афіцыйных і фактычных парах адны і тыя ж. Увогуле, для нас, спецыялістаў, статус пары не мае значэння.

— Якія псіхалагічныя наступствы ёсць у адкладванні шлюбу?

— Наступстваў не будзе, калі сумленна адказваць сабе на пытанне: ці задавальняе мяне такое становішча рэчаў? І калі перастае задавальняць — размаўляць з партнёрам. А вось калі партнёры церпяць, маўчаць пра свае жаданні, то могуць прыйсці расчараванне, сумненне ў сабе, страх новых адносін і іншае.

— Ці праўдзівае выказванне: «калі мужчына не зрабіў прапанову за першы год сумеснага жыцця — не зробіць ніколі»?

— І так, і не. Аднаго года ў сярэднім дастаткова, каб зрабіць канчатковы выбар. Яшчэ не сышла закаханасць, ёсць эйфарыя і пачуцці. За гэты час можа сфарміравацца цёплая, устойлівая прыхільнасць, якая дазваляе пары выходзіць на новы ўзровень. Але не ўсё так адназначна: я ведаю пары, якія жаніліся і пасля 3 гадоў сумеснага жыцця, і пасля 10.

— Прыхільнікі грамадзянскіх шлюбаў кажуць, што штамп у пашпарце — гэта толькі фармальнасць. Што на гэты конт гаворыць псіхалогія?

— Шлюб — гэта афіцыйная працэдура рэгістрацыі сям'і перад тварам дзяржавы і грамадства. Калі псіхалагічна і нават крыху эзатэрычна — гэта зліццё двух родаў у адзін. Калі жанчына бярэ прозвішча мужа, яна нават мяняе і свой лёс. Ці абаронены ў шлюбе партнёры? Гледзячы ад чаго. Ад здрад, ад расстання — не, а матэрыяльны бок — зразумела, так.

— Існуе меркаванне, што грамадзянскі шлюб выгадны толькі мужчыну. Маўляў, ён жыве халасцяцкім жыццём, а жанчына паўнапраўна бярэ на сябе ролю жонкі, і ў такім саюзе растрачвае сябе. Якое ваша меркаванне?

—Тут і паміж радкамі чуваць, што шлюб больш патрэбны жанчыне. Аднак, наколькі я памятаю, сучасныя даследаванні гэта абвяргаюць. Усё залежыць ад таго, хто як уключаецца ў сужыццё і як да яго ставіцца. Жанчына растрачвае сябе, калі парушаецца баланс браць-даваць. Магу сабе ўявіць, як яна з надзеяй на прапанову паказвае сябе з найлепшага боку, а прапановы ўсё няма. Але тут трэба разумець, што і ў шлюбе такое магчыма. Сачыць за балансам — адказнасць кожнага партнёра.

— Які псіхалагічны ўплыў аказваюць на дзяцей грамадзянскія стасункі паміж бацькамі?

— Пакуль дзеці малыя, думаю, ніякага. У будучыні яны хутчэй зоймуць чыюсьці пазіцыю. Магчыма, калі маці будзе казаць дзіцяці, вось, маўляў, твой тата са мной так і не ажаніўся, то негатыўна. А калі бацькі не будуць уцягваць дзіця ў свае адносіны, увогуле, гэты факт можа ніяк не паўплываць.

— На вашу думку, якія плюсы ў грамадзянскага шлюбу?

— Я падтрымліваю сумеснае жыццё да шлюбу. Гэта магчымасць прыгледзецца адно да аднаго ў побыце, у розных станах, пераадолець першыя бытавыя і іншыя крызісы. Пасля года або двух вы зможаце вырашыць, ідзяце вы ў шлюб ці не. Спатканні і звычайнае жыццё значна адрозніваюцца.

— Ці можа ўвогуле грамадзянскі шлюб быць шчаслівы?

— Думаю, ён можа быць шчаслівы нейкі час у любой пары. А далей усё вельмі індывідуальна і залежыць ад партнёраў, ад іх уяўленнях аб шлюбе і адносінах. Бывае такое, што час ідзе, а партнёры так і не вызначаюцца. Як быццам выбар зроблены не поўнасцю, не да канца. Заўсёды можна звярнуцца да сямейнага псіхолага, які дапаможа вырашыць праблему.

— Што можна параіць парам, якія плануюць у хуткім часе сумеснае жыццё?

— У першую чаргу вучыцца размаўляць. Не маніпуляцыямі, не хваробамі, а словамі. Не баяцца злавацца, расчароўвацца ў партнёры. Самае галоўнае ў шчаслівых адносінах — быць уважлівымі да сябе. Не параўноўваць сябе з парамі сяброў і не будаваць іх «як правільна». Давяраць сабе і адчуваць, як вам хочацца, дзяліцца гэтым і слухаць, «як хочацца» партнёру. Гэта і будзе «правільна» для вашай пары.

«Грамадзянскага шлюбу па законе не існуе»

З прававым статусам неафіцыйнага шлюбу нам дапамагла разабрацца Надзея Федасенка — адвакат юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна г. Мінска з практычным вопытам у сферы больш чым 20 гадоў.

— Што такое грамадзянскі шлюб згодна з беларускім законам?

— У беларускім заканадаўстве паняцця «грамадзянскі шлюб» не існуе. Адносіны, якія ў грамадстве называюцца «грамадзянскім шлюбам», з юрыдычнага пункту гледжання ўяўляюць сабой фактычныя шлюбныя адносіны або сужыццё.

— Як дзяліць набытую ў фактычным шлюбе маёмасць?

— Маёмасць, якая набывалася ў фактычных шлюбных адносінах, будзе з'яўляцца ўласнасцю той асобы, якая заплаціла за яе набыццё. Як правіла, дагаворы куплі-продажу афармляюцца на аднаго суб'екта. А ў выпадку ўдзелу ў аплаце абодвух асоб таму баку, які не ўказаны ў гэтым дагаворы як пакупнік, пры ўзнікненні спрэчкі трэба будзе даказваць, што ён таксама ўкладаў свае сродкі. Калі бок-пакупнік у дагаворы будзе адмаўляць удзел іншай асобы ў куплі, то гэтай асобе прыйдзецца даказаць гэта шляхам прадстаўлення фінансавых дакументаў. У дадзеным выпадку будуць прымяняцца нормы Грамадзянскага кодэкса РБ аб долевай уласнасці, а не нормы шлюбна-сямейнага права. Па нормах шлюбна-сямейнага права, маёмасць, нажытая мужам і жонкай у перыяд афіцыйнага шлюбу, незалежна ад таго, кім з сужэнцаў яна набыта або кім унесены грашовыя сродкі, з'яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю і дзеліцца напалову. Часткі мужа і жонкі (пры адсутнасці шлюбнага дагавора) прызнаюцца роўнымі.

— Ці ёсць паміж грамадзянскімі мужам і жонкай правы на спадчыну ў адносінах адно да аднаго?

— Калі шлюб не быў зарэгістраваны ў ЗАГСе, то, паводле закона, сужыцель ніякіх правоў не мае і на долю спадчыны прэтэндаваць не можа.

— Ці можна фактычным мужу і жонцы ўзяць сумесны крэдыт на жыллё?

— Увогуле, банкі не выдаюць крэдыт некалькім асобам па адным дагаворы. Кожны можа ўзяць крэдыт самастойна. Тэарэтычна можна ўявіць, што кватэра купляецца двума людзьмі, і кожны атрымлівае крэдыт для набыцця сваёй долі. Але дагавораў долевага будаўніцтва, дзе выступаюць дольшчыкамі некалькі асоб, я не сустракала. На практыцы людзі, якія знаходзяцца ў фактычных шлюбных адносінах, рэдка ўносяць аплаты па чужым дагаворы долевага будаўніцтва. Гэтая нерухомасць не будзе зарэгістраваная на іх імя, і рызыка страціць унесеную суму вельмі вялікая.

— Як заканадаўства абараняе дзіця ў фактычным шлюбе?

— У афіцыйным шлюбе бацькам дзіцяці аўтаматычна лічыцца муж маці гэтага дзіцяці, але з фактычнымі мужам і жонкай усё не так проста. Калі мужчына не прызнае бацькоўства, жанчыне прыйдзецца звяртацца ў суд з іскам аб яго ўстанаўленні. У выпадку спынення фактычных шлюбных адносін права на матэрыяльную падтрымку жанчына мець не будзе. Дзеці, у адносінах да якіх устаноўлена бацькоўства, маюць такія ж правы на спадчыну, як і дзеці ад афіцыйнага саюза. Гэта датычыцца і аліментных абавязкаў.

— Што такое шлюбны дагавор і для чаго ён патрэбны?

— Згодна з арт. 13 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, заключыць шлюбны дагавор могуць асобы, якія ўзялі шлюб, а таксама муж і жонка. У апошнія гады назіраецца павелічэнне колькасці шлюбных пар, якія складаюць шлюбныя дагаворы. Часта іх складаюць перад скасаваннем шлюбу, каб урэгуляваць падзел маёмасці ў тым варыянце, які задавальняе абодва бакі. Таксама ў шлюбным дагаворы ўстанаўліваюць аліментныя абавязацельствы ў адносінах да дзяцей.

— Якія ўсе ж плюсы такога сужыцця з юрыдычнага пункту гледжання?

— Плюсы фактычных адносін я бачу ў сітуацыях, калі гэта задавальняе абодва бакі, калі ў іх маецца свая маёмасць, значныя прыбыткі і яны не жадаюць сутыкацца з пытаннямі маёмасных падзелаў пры расстанні. Таксама, калі мужчына і жанчына ўступаюць у фактычныя шлюбныя адносіны ў сталым узросце з дзецьмі ад іншых шлюбаў, адсутнасць рэгістрацыі дазволіць пакінуць маёмасць толькі сваім дзецям. Прававыя перавагі юрыдычнага шлюбу заключаюцца ў правах на матэрыяльную падтрымку ад мужа, магчымасць зарэгістраваць нараджэнне дзяцей без прысутнасці бацькі і ў правах атрымання спадчыны.

Сумеснае жыццё — гэта заўсёды вельмі адказны крок для любой пары. Незалежна ад таго, ставіцца пры гэтым штамп у пашпарце ці не. Спадзяёмся, што пасля адказаў экспертаў вы зробіце правільныя высновы і зможаце адказаць на пытанне: ці гатовы рызыкаваць дзеля такой свабоды?

Марыя ТАРНАЛІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.