Вы тут

Зварот у рэдакцыю. Калі да дома ў вёсцы не пад'ехаць — чый гэта клопат?


Атрымаць доўгачаканы ўчастак зямлі пасля шматгадовага стаяння ў чарзе — гэта, пагадзіцеся, вялікае шчасце для кожнай сям'і. Здаецца, пабудаваў дом, жыві і радуйся. Але ў рэальнасці, на жаль, не заўсёды ўсё так вясёлкава. У прыватнасці, маладым сем'ям, якія звярнуліся ў рэдакцыю, у 2013 годзе райвыканкам выдзеліў участкі як маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў на ўскрайку вёскі Арэшнікі Смалявіцкага раёна. Нарэзалі іх у полі, побач з лесам. На словах абяцалі, што ў найбліжэйшы час на новай вуліцы Маладзёжнай пабудуюць пад'язную дарогу. Але прайшло 9 гадоў, а яна так і не з'явілася...


Так выглядае «маладзёжная дарога» вясной. Фота зроблена мясцовымі жыхарамі.

«Калі не дай бог што, да нас нават пажарная ці «хуткая» не даедзе»

Дакладней, дарога ёсць. Але ўтварылася яна стыхійна. Яе за столькі гадоў наездзілі сваімі машынамі самі жыхары.

— Тое, што вы бачыце зараз, ні ў якае параўнанне не ідзе з тым, што было раней, — кажа Вадзім Лыскавец, які зладзіў улазіны адным з першых. — Першы час проста па полі ездзілі, аб'язджаючы дрэвы і кусты. Уласнымі сіламі ўжо не раз за гэтыя гады падсыпалі сваю палявую дарогу. Дабірацца ж да дома неяк трэба.

— Вось і зусім нядаўна скінуліся і вунь там унізе, дзе пасля дажджоў заўсёды вялізная лужына ўтваралася, выгрузілі больш за 150 тон другаснага бетону, — распавядае Міхаіл Фокін, стараста вёскі, які таксама будуе дом на Маладзёжнай. — Летам яшчэ так-сяк. Але вясной і восенню (паказвае фотаздымкі) мы становімся адрэзанымі ад свету, бо ў дождж альбо адлігу дарогу размывае так, што па ёй зусім не праехаць. Машыны заносіць, што небяспечна для здароўя кіроўцаў і пешаходаў.

— Пасля таго як мы з мужам захраслі ў той бузе і да трох гадзін ночы адкопвалі машыну, — кажа Настасся, — пачалі пакідаць аўто на суседняй вуліцы Вадзіцы. Бралі з сабой боты, пераабуваліся і ішлі дадому. Там такая гразь утвараецца, што становішся гумовым ботам і — ён там застаецца. Таму дзецям завязвалі пакеты на ногі. Акрамя формы, кніг і пісьмовых прылад, яны яшчэ і боты з сабой насілі ў школу. Смеццявоз таксама захрасаў у нас, некалькі разоў стараста нашай вёскі дапамагаў яму выехаць. Цяпер па вясне камунальнікі ад павароту пешкі ходзяць забіраць нашы мяхі са смеццем. А аднойчы наогул не забралі, дык я тэлефанавала па нумары 115, пыталася, чаму. На што мне сказалі: маўляў, да вас жа не дабрацца, у вас дарогі няма. Калі не дай бог што, да нас вясной нават пажарная ці «хуткая» не даедзе...

Вадзім кажа, што, калі атрымліваў участак, бачыў генплан забудовы вуліцы — там была схематычна пазначана не толькі пад'язная дарога, але і тэхнічная аб'язная за дамамі, разваротнае кольца з месцам для смеццевых кантэйнераў. Але дагэтуль нічога не зроблена.

— Несправядлівасць нейкая атрымліваецца. Калі ехаць у бок Гарадзішча праз Ганчароўку, там ёсць поле, дзе таксама нарэзаны ўчасткі, — распавядае яго жонка, якая цяпер знаходзіцца ў дэкрэце. — Дык там дамоў яшчэ няма і падмуркаў нават, але стаяць слупы, зроблена дарога. Чаму ў нас нельга было так зрабіць? Дамы мы ўсе пабудавалі за два гады. Але яшчэ столькі ж чакалі электрычнасць. Дарэчы, правялі нам яе не без дапамогі журналістаў. Таму і цяпер, пасля таго, як напісалі ва ўсе магчымыя інстанцыі, вырашылі звярнуцца ў «Звязду». Бо ўжо проста не ведаем, што рабіць, каб нас пачулі.

Паводле слоў жыхароў вуліцы Маладзёжная, з мінулага года пасля таго, як напісалі калектыўны зварот, да іх па графіку пачаў заязджаць грэйдар.

— Але нам гэтага недастаткова. У канцы мая прайшлі дажджы, — і ў нас зноў дарогі няма, дык я званіла, прасіла, каб нам выдзелілі тэхніку, — кажа Настасся. — На што мне адказалі, што дарогі грэйдуюцца толькі два разы на год, вясной і восенню. Вясной мы ў вас ужо былі...

— Ды і глабальна праблему грэйдар не вырашыць, — кажа стараста вёскі. — Летась людзям выдзелілі ўчасткі на нашай вуліцы. Вось зараз пачнуць яны будавацца, паедзе цяжкая тэхніка — і ўзмацніць праблему. Па-добраму, трэба зрабіць нармальную дарогу, з правільным ухілам, каб вада сцякала на ўзбочыну, а не ў цэнтр дарогі, як цяпер.

— І яшчэ непрыемна, што мясцовыя ўлады нас падманваюць, пішуць за подпісам намесніка старшыні райвыканкама, што падсыпалі вуліцу Маладзёжную, — дадае Наталля. — Калі чытаеш такое, дык як быццам аплявуху атрымліваеш. Можа быць, работнікі і далі кіраўніцтву справаздачу, што падсыпалі, мы не ведаем, але насамрэч ніякай падсыпкі не было. Так, грэйдар прайшоў па вясне, а дарогу мы падсыпалі сваімі сіламі. Справядліва ўзнікае пытанне: куды пайшлі грошы, выдзеленыя на дадзеныя работы?..

— Мы ж плацім падатак за дарогі, гэта немаленькая сума, а дарогі наогул няма, — разводзяць рукамі маладыя людзі. — Плюс вуліца Вадзіца, па якой мы дабіраемся дадому, не ў самым лепшым стане, месцамі яма на яме. Таму толькі і паспяваем рамантаваць машыны.

Участак дарогі, які жыхары вуліцы Маладзёжнай  падсыпалі нядаўна сваімі сіламі.

«Мы нікога ў бядзе не кідаем»

У сваім звароце жыхары вуліцы Маладзёжнай пішуць, што не разумеюць, што адбываецца. «У апошнім адказе Смалявіцкага райвыканкама ад 16 лютага гэтага года нам паведамілі, што пытанне добраўпарадкавання вуліцы Маладзёжнай уключана ў пералік фінансавання на праектаванне, будаўніцтва аб'ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры для раёнаў індывідуальнай жылой забудовы на 2022 год. Аднак, калі мы звярнуліся на прамую тэлефонную лінію райвыканкама, нам сказалі, што сёлета ніякіх работ праводзіцца не будзе. У графіку чарговасці планавых работ на 2022 год, які размешчаны на сайце райвыканкама, таксама дадзены від работ адсутнічае».

Калі я заехала ў Забалоцкі сельсавет, яго старшыня Таццяна Карнеенка паказала мне дакумент, згодна з якім будаўніцтва дарогі па вуліцы Маладзёжнай уключана ў інвестыцыйную праграму на 2022 год. Маўляў, гэтае пытанне было разгледжана на пасяджэнні раённага Савета дэпутатаў, усе прагаласавалі «за». На дадзены момант планы яшчэ не выкананы. Але ж яшчэ толькі пачатак лета...

Намеснік дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Смалявіцкага райвыканкама Мікалай Аляхновіч пацвердзіў, што вуліца Маладзёжная і два маленькія ўчасткі дарогі прылеглай да яе вуліцы Вадзіца стаяць у планах на праектаванне і будаўніцтва аб'ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў раёне. «Будзем праектаваць, з часам будаваць. Дакладных тэрмінаў назваць немагчыма, бо аб'ект толькі пачынае распрацоўвацца. У прыватнасці, на гэты год запланаваныя інжынерныя пошукі, распрацоўка перадпраектнай дакументацыі, адвод зямлі. Магчыма, будзе выбраны па дзяржзакупцы падрадчык на праектаванне. У любым выпадку, ніякага асфальту там не плануецца. Мінімальная інжынерная інфраструктура, якую павінен забяспечыць дзяржаўны забудоўшчык жылых дамоў, — гэта дарогі ў ПГСе (пясчана-гравійная сумесь).

Паводле слоў намесніка старшыні Смалявіцкага райвыканкама Мікалая Парамонава, які падпісваў большасць адказаў на звароты вяскоўцаў, у гэтым годзе дарогі на Маладзёжнай не будзе. Калі яна з'явіцца, залежыць ад наяўнасці фінансавых сродкаў. «Якія і колькі іх будзе ў наступным годзе, я вам зараз не магу сказаць, бо бюджэт наступнага года пакуль не фарміраваўся. Людзі сёння вельмі актыўна хочуць дарогу. Але мы не можам яе зараз зрабіць, бо на ўсё неабходны грошы. Праезд, для таго каб яны маглі трапіць да сваіх зямельных участкаў, мы пакуль ім будзем забяспечваць. Накіроўваем туды грэйдар, каб ён прафіляваў дарогу. Мы нікога ў бядзе не кідаем».

— А як часта грэйдар можа прыязджаць на адну і тую ж вуліцу?

— Наогул, згодна з рэгламентам утрымання і абслугоўвання вуліц населеных пунктаў, грэйдзіраванне павінна праводзіцца не менш чым два разы на год. Але калі дарогу размые і праехаць не атрымаецца, мы зразумела, дадаткова адправім тэхніку і забяспечым праезд.

«Можа б, і зрабілі праект за свае грошы, але дзе якія гарантыі»

Старшыня Забалоцкага сельсавета распавяла, што калі людзі хочуць, каб ім пабудавалі дарогу хутчэй, то яны могуць зрабіць яе праект за свае грошы. «У красавіку мінулага года я разам з прадстаўнікамі КУП «Смалявіцкая ЖКГ» і ДП «УКБ Смалявіцкага раёна» сустракалася з жыхарамі вуліцы Маладзёжная. Ім прапанавалі паўдзельнічаць у долевым фінансаванні работ па будаўніцтве дарогі. Аднак гэту прапанову вяскоўцы не падтрымалі».

«Яны ж не гарантуюць, што, калі мы зробім праект, у нас у наступным годзе з'явіцца дарога, — каментуе Вадзім Лыскавец. — Сказалі: калі будзе фінансаванне, тады мы, МАГЧЫМА, вас уключым у план. Калі б нам далі нейкія канкрэтныя пісьмовыя гарантыі, мы, можа, і рабілі б штосьці. А выкласці такія вялікія сумы на праект дарогі, якая невядома калі будзе зроблена, наўрад ці хто на гэта пойдзе».

— Калі пачыналі пісаць, ва ўсіх была надзея, — кажа Наталля. — Мы ж звяртаемся да органаў выканаўчай улады. Ну хто, як не яны, дапамогуць? Мы ж тут і так іх не турбавалі, за свае грошы правялі сабе водаправод і газ...

Падчас размовы з намеснікам старшыні Смалявіцкага райвыканкама я спыталася пра гарантыі датычна долевага будаўніцтва дарог. «Практыка дзяржаўна-прыватнага партнёрства ёсць у раёне, — адказаў Мікалай Парамонаў. — Некаторыя вяскоўцы фарміруюць кааператывы і, для таго, каб дарога з'явілася хутчэй, робяць яе праект за свае грошы». — «Жыхары вуліцы Маладзёжнай перажываюць, што яны ўкладуць грошы ў праект, а ім усё адно доўга прыйдзецца чакаць...» — «Калі грамадзяне ўдзельнічаюць у суфінансаванні, то, зразумела, мы будзем шукаць магчымасць, каб хутчэй гэта зрабіць. Мы нясём адказнасць за свае прапановы».

Паводле слоў начальніка аддзела ўтрымання дарожнай сеткі і бяспекі дарожнага руху КУП «Мінскаблдарбуд» Валянціна Воўчанкі, «дарогі ў так званых раёнах індывідуальнай забудовы не знаходзяцца на балансе «Мінскаблдарбуда», але відавочна, што калі ўчастак афіцыйна куплены на аўкцыёне ці выдзелены райвыканкамам людзям, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, то мясцовыя ўлады павінны забяспечыць да яго нейкія пад'язныя шляхі. Гэта само сабой разумеецца. А як па-іншаму? Чалавек жа не проста так зайшоў у лес і пабудаваў там сабе дом».

Мікалай Парамонаў, адказваючы на маё пытанне, чаму пад'язную дарогу не пабудавалі перад тым, як выдзяляць людзям участкі, сказаў: «Я не магу адказаць, як ім іх тады (у 2013 годзе) выдзялялі. Зараз мы фарміруем зямельныя ўчасткі, каб мінімальная інжынерная інфраструктура была адразу».

— Што вы маеце на ўвазе пад мінімальнай інфраструктурай? — удакладняю.

— Дарога (гравійная ці грунтавая), электразабеспячэнне.

Па дарозе ў сельсавет жыхары вуліцы Маладзёжнай паказалі мне асфальтаваную дарогу, якая летась з'явілася на месцы гравійкі. «Людзі таксама па вясне не маглі да электрычкі дабрацца, бо ў сезон яе моцна размывала, шмат гадоў пісалі звароты, і, як бачыце, знайшлося фінансаванне. Яны ж дабіліся, каб ім зрабілі дарогу, можа быць, і ў нас што-небудзь атрымаецца...» Я таксама чула ад вясковых жыхароў нямала гісторый, звязаных з дарогамі. У большасці сітуацый пасля зваротаў не адразу, але пытанні паступова вырашаліся. Ды што далёка хадзіць! Калі мы пераехалі жыць у вёску, два кіламетры гравійнай дарогі былі аскомінай на шляху да дома. Мясцовыя жыхары таксама шмат гадоў пісалі звароты, звярталіся да мясцовай улады з просьбай пакласці асфальт. Але чыноўнікі марудзілі, а воз ніяк не кранаўся з месца. Казалі, што ў раёне шмат дарог, якія патрабуюць тэрміновага рамонту. Што асфальт з нуля — гэта вельмі дарагое задавальненне. Урэшце ў райвыканкаме прапанавалі вяскоўцам зрабіць свой унёсак у агульную справу і падзяліць выдаткі з дзяржавай. Пралічылі кошт праекта будаўніцтва дарогі, у выніку мы павінны былі здаць па 200 рублёў з хаты. Пры гэтым што толькі ні казалі мясцовыя ўлады: у прыватнасці, збірайце грошы, на працягу трох гадоў пакладзём асфальт. Які быў сюрпрыз, калі старшыня аблвыканкама, даведаўшыся аб праблеме, даручыў КУП «Мінаблдарбуд» заасфальтаваць участак дарогі за кошт бюджэтных сродкаў. Грошы ж, якія мы збіралі на дарогу, нам вярнулі. І менш чым за паўгода ў нас з'явіўся асфальт.

Застаецца пажадаць жыхарам вуліцы Маладзёжнай, каб у іх таксама як мага хутчэй з'явілася доўгачаканая дарога. А таксама, што немалаважна, узаемаразуменне з мясцовымі ўладамі. Бо пакуль, чула на ўласныя вушы, плённая камунікацыя не атрымліваецца. А крыўды і непаразуменні растуць. Дарэчы, падчас камандзіровак заўважыла такую тэндэнцыю, што некаторыя (дзякуй богу, не ўсе) прадстаўнікі мясцовай улады абмяжоўваюцца афіцыйнымі адказамі на звароты і ў лепшым выпадку адзінкавымі выездамі на месца. А гэтага, як паказвае жыццё, не заўсёды дастаткова. З людзьмі важна размаўляць, выслухоўваць іх, цярпліва тлумачыць, калі нешта не зразумела, калі трэба — і па некалькі разоў. І напрыканцы яшчэ адзін маленькі штрых: падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу два прадстаўнікі мясцовай улады задалі мне адно і тое ж пытанне: маўляў, вы ж былі на вуліцы Маладзёжнай, і няўжо вы лічыце, што там цяпер няма магчымасці пад'ехаць да дамоў? Калі ж я згадала вясновыя фотаздымкі размытай дарогі — адна рэакцыя, шчыра прызнацца, здзівіла: маўляў, трэба ацэньваць сітуацыю, якая ёсць на дадзены момант.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?