Вы тут

Цяжкасці з працаўладкаваннем і непрыемныя суседзі


На сустрэчу з абласным кіраўніцтвам прыехалі таксама жыхары Крычаўскага і Хоцімскага раёнаў. Пытанні, як той казаў, ад жыцця. Нехта не можа памірыцца з суседам, нехта шукае работу, нехта лічыць, што цэны на паслугі завышаныя. 


Станоўчае рашэнне было прынятае па калектыўным звароце жыхароў вёскі Студзянец Касцюковіцкага раёна. Тры жанчыны не пагадзіліся з тым, што жыхарам вёскі за пракладку магістральнага водаправоду трэба будзе плаціць па 1860 рублёў з домаўладання. Рашэнне губернатара было для іх не чаканым, але вельмі пажаданым. Ён выказаўся адназначна: жыхары плацяць толькі за ўвод у дом, усе астатнія работы па пракладцы водаправоду і будаўніцтве калонак — за кошт бюджэту. Будаўніцтва водаправоду, дарэчы, была выклікана тым, што якасць вады на шахтавых калодзежах у гэтай вёсцы не адпавядае якасці. З 2017 года для жыхароў ажыццяўляецца падвоз пітной вады. Заяўніцы засталіся вельмі задаволеныя рашэннем губернатара. 

На месцы вырашылася пытанне і для жыхара Крычава, які прыехаў на прыём з мэтай атрымаць садзейнічанне ў працаўладкаванні. Ён — інжынер, але за сваю прынцыповасць доўга нідзе не затрымліваецца. Тым больш у працоўнай кніжцы ёсць запіс, што звольнены па артыкуле. На прыёме яму нагадалі, што ўжо неаднаразова прапаноўвалі вакансіі, але яго нешта не задавальняла. Прапанавалі некалькі і гэтым разам. Мужчына пагадзіўся працаўладкавацца загадчыкам машыннага двара.

Жыхарка вёскі Ліпаўка Касцюковіцкага раёна паскардзілася на дрэнную вясковую дарогу. Паведаміла, што да яе дома толкам не можа пад’ехаць ні хуткая медыцынская дапамога, ні сацработнікі.

Анатоль Ісачанка паабяцаў разабрацца і даў адпаведныя даручэнні.

Для яшчэ адной заяўніцы з Ліпаўкі праблема № 1 — суседзі, якія трымаюць сем кароў, цёлку і свойскую птушку. Яна заяўляе, што гной з іх хлява цячэ прама ў яе агарод і нават пад дом. Са студзеня яна змагаецца за тое, каб суседзі пабудавалі гноясховішча. На прыём яна прыйшла са здымкамі наступстваў гэтага, як яна сцвярджае, бязладдзя. 

На месца неаднаразова выязджаў старшыня сельсавета, экалагічныя і санітарныя службы. Яны запэўніваюць, што катастрафічных парушэнняў няма. А фота, якія яна дэманструе ў якасці аргументу, маўляў, зроблены падчас вясенняга паводку, калі ўсё цякло.

Анатоль Ісачанка параіў мясцовай уладзе дапамагчы вырашыць пытанне з гноясховішчам, каб закрыць пытанне. «За тое, што людзі трымаюць жывёлу, дзякуй, але гной не павінен выходзіць за межы іх домаўладання,» — падкрэсліў губернатар.

А вось для заяўніцы з Хоцімска пытанне вырашылася не на яе карысць. Яна паставіла мэту ўзаконіць жылое памяшканне, дзе яна жыве з 1992 года з мужам, дачкой і ўнучкай. Хоча прыватызаваць гэты дом, але ён нідзе не зарэгістраваны. Падчас прыёму высветлілася, што ў яе ёсць яшчэ адзін дом, які яна пабудавала за дзяржаўную субсідыю. Па законе, яна павінна была выселіцца з папярэдняга дома, але не зрабіла гэтага. Зараз яна імкнецца яго ўзаконіць. Нягледзячы на тое, што ёй у гэтым адмовіў нават суд. Ёсць таксама распіска, што яна ад яго адмовілася, калі пачала будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай. Губернатар адмовіў заяўніцы ў праве на гэты дом і даў даручэнне, каб Хоцімскі райвыканкам аднавіў яго ва ўстаноўленым законам парадку, паставіў на баланс і перадаў сям’і, якая мае патрэбу ў жыллі.

— Усе пытанні, якія былі разгледжаны, носяць бытавы характар, — падвёў вынікі губернатар. — Сур’ёзных праблем не было. Калі людзі звяртаюцца, мясцовым уладам трэба больш уважліва падыходзіць да рашэння іх пытанняў. Узяць, напрыклад, заяўніцу з Хоцімска, якая атрымала дзяржаўныя грошы, пабудавала дом, а папярэдняе жыллё не вызваліла. Туды магла б засяліцца іншая сям’я, або яго здалі б у арэнду. Мясцовая ўлада павінна была прыняць рашэнне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Касцюковічы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.