Вы тут

На крылах незалежнасці


Пільна ўглядаючыся у сусветны небасхіл, ён марыў знайсці сваю зорку. Шчаслівую зорку, пад якой бы будаваў сам сваё жыццё. Але заміналі сквапныя чужынцы. Якое ўглядацца ў неба? Ці мог той руплівы чалавек нават вочы падняць, разагнуць спіну ад працы? Не, варта дбаць аб хлебе надзённым, аб дабрабыце дзяцей — тое зразумела. Тое — святое. Але галеча і нястача сталаваліся ў яго хаце. Карацей, не да песень было. Зімой хаўтуры спраўляла завіруха, нават летам пад промнямі пякучага сонейка на палетках чулася песня жальбы.


Жальба была ўбіта ў яго цела і душу панскай пугай. Нездарма адзін з першых зборнікаў Песняра, які задаў яму і сабе пытанне «А хто там ідзе?», — «Песні жальбы». Яго ніколі не запрашалі ў светлыя пакоі, што стаялі на падмурку яго крывавай працы. Толькі цівуны і маглі запрасіць на панскі двор. І не для красы. Узоры малявалі на спіне — лупцавалі. Нават зямля пад нагамі ў хаце без падлогі была не яго...

Ён быў вымушаны апошнія капейкі аддаваць на вучобу сваіх дзяцей грамаце. І толькі мог сабе дазволіць раскашэліцца на «дарэктара». Чужынцам не патрэбны адукаваны народ... Але з непралазнай Пушчы, з непраходнай палескай дрыгвы, з крутых берагоў Дняпра, з няўрымслівых хваляў Нёмана, з прыземістых хат з саламянымі дахамі, нібыта вялікая птушка, расправіў крылы народ, які не ведаў нават сваё імя. Альбо забыўся. У польскіх школах яму не расказвалі ні пра Гусоўскага, ні пра Скарыну, ні пра Еўфрасінню Полацкую. Патрэбен быў народ халопаў. І зараз праз «Тэлеграм» усім неверагодным прапаноўваюць — плантацыі. Хацелі перамен як у Еўропе. Атрымалі. Не хацелі ўцяміць філасофію фільма «Ідзі і глядзі». Ідзі і працуй. Вось яны — апазіцыянеры — танныя працаўнікі. Вось як цікава атрымліваецца пад лозунгам «разбурыць муры». Польшча будуе сцяну непаразумення, знішчаюць прыроднае хараство, а вулічныя спевакі накінулі на сябе путы. Спявайце. Песні жальбы. Усё як і раней: ведайце, халопы, сваё месца.

Прабачце, апошлю параўнальны рад. Назавіце мне беларуса, які пры Польшчы альбо «вызваліцелях Еўропы» — нацыстах мог стаць міністрам замежных спраў ці нобелеўскім лаўрэатам. Толькі лёс здрадніка Кушаля — вось пік кар'еры, на які дазволена было б узняцца выхадцам з нашых зямель.

А яшчэ шмат талентаў было скрадзена чужынцамі. Бо тады і назвы такой не было. І паняцця «незалежнасць» не існавала. Не існавала на паперы. Але ў душах нашага народа, нібы тая кветка-папараць, расцвітала прага той самай НЕЗАЛЕЖНАСЦІ. Набірала сілу і вырвалася на шырокі прастор. Народ заплаціў цягам стагоддзяў вялізную цану за гэта, а самую вялікую і страшную — кожнага трэцяга — зусім нядаўна...

Народ, якому наканавана было з цагляных сутарэнняў дэфензівы і гестапа ўзняцца да заснавальніка ААН. Цяжка было нам шлях прайсці да Беларусі. Але мы дайшлі. Рукамі беларуса Грамыкі падпісвалі лёсавызначальныя для ўсяго свету дэкларацыі. А вачыма беларуса Клімука ўбачылі з вышыні нашу зямлю. Зямлю, аб якой заўжды марыў дбайны і руплівы гаспадар. Той жа коласаўскі Міхал.

Колькі разоў нашу зямлю ператваралі ў цераспалосіцу... Падабаецца камусьці ці не, але факт застаецца фактам. Менавіта пры Лукашэнку мы змаглі заняць «свой пачэсны пасаг між народамі». Заявілі аб сабе на ўвесь свет.

Беларуская мова, нібы нашы далягляды, сціплая і прыгожая. Блізкасць да прыроднага хараства перадаецца ў яе словах. Як прыгожа гучыць — «знічка». Зорка, якая знікае... Вось там самая яркая зорка Венера, што ўзышла над нашай зямлёй, і ёсць НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ. Але не ператварайце яе ў знічку.

Аб ёй марылі паэты-летуценнікі Максімы, спрабавалі знайсці гістарычныя і юрыдычныя высновы Францыскі, адстойвалі ў руках са зброяй дружыны пад Грунвальдам і народныя палкі пад Суражам, партызанскія атрады ў «рэйкавай вайне». Незалежнасць будавалі дойліды Каложы і Камянецкай вежы, увасаблялі ў Крыжы Еўфрасінні Полацкай і Брэсцкім Евангеллі. Яе гарантуюць хлопцы з АСАМа, знаходзячыся ў сакрэтах, і камбайнеры ў гарачую пару жніва, вучоныя, схіліўшыся над сваім вынаходніцтвам, і хірургі над аперацыйным сталом. Гэта мы ўсё маем. Усе мы старанна выводзім «НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ». І добра, што ёсць чалавек, які правільна паставіў націск у гэтым святым слове. Усім бы нам так навучыцца...

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.