Вы тут

Аэрадром памяці. Жыхар Оршы зрабіў копію самалёта свайго бацькі-франтавіка. Фотарэпартаж


Жыхар Оршы, былы кіроўца аўтобуса Уладзімір Сухадольскі, у памяць пра свайго бацьку лётчыка-франтавіка зрабіў копію самалёта У-2, якую выставіў каля свайго дома. Кожны, хто крочыць па завулку Крывому ў аршанскім Задняпроўі, бачыць легендарную крылатую машыну. З таго часу, як падворак умельца ператварыўся ў своеасаблівы аэрадром, сюды, як у музей, прыходзяць школьнікі, групы з дзіцячых садкоў — так хочацца ім убачыць і памацаць самалётны макет, пасядзець у кабіне пілота, адчуць сябе ў ролі лётчыка альбо стралка-радыста. Уладзімір не забараняе, наадварот, усяляк заахвочвае, маўляў, прыходзьце, глядзіце, гуляйце. Майстар перакананы, што прывіваць пачуццё патрыятызму трэба з дзяцінства, каб малыя аршанцы ведалі, якія цікавыя і майстравыя людзі жывуць побач і якія адмысловыя вырабы яны робяць ўласнымі рукамі.


— Мой бацька Мікалай Андрэевіч — равеснік рэвалюцыі, перад вайной скончыў Віцебскі педагагічны інстытут, працаваў у школе настаўнікам чарчэння і малявання. На вайне быў ад самага пачатку і да сорак чацвёртага. Скончыў авіяшколу ў Куйбышаве, лятаў як разведчык на варожыя пазіцыі, удзельнічаў у баях пад Ельняй, на Кёнігсбергскім накірунку, — згадаў мой суразмоўнік. — А пасля вайны зноў быў на педагагічнай працы. Магчыма, ён ухваліў бы гэты мой праект, калі б быў жывы.

— Толькі па пенсіі мяне пацянула заняцца творчасцю, — кажа гаспадар самалёта. — Захацелася зрабіць нешта важнае і адметнае ў гонар свайго адважнага бацькі. Свой першы самалёт — невялікую копію зрабіў напачатку двухтысячных, а потым ахвяраваў яе гораду, калі адкрывалі алею лётчыкаў. Прыйшлося яму зноў рабіць — другую копію.

Амаль цэлы год Сухадольскі варажыў над новым праектам — збіраў старыя халадзільнікі на свалках для абшыўкі крылаў, па-чарцяжах, па-сантыметрах вымерваў прапорцыі, даўжыню і канфіругацыю фюзеляжа, хваста, шасі, рухавіка і кабіны, зварваў метал, фарбаваў у зялёны колер, маляваў пяцікутныя чырвоныя зорачкі. Муляж атрымаўся вельмі падобны на арыгінал, толькі ў два разы меншы. 

Не толькі сваімі муляжамі самалётаў знакаміты Уладзімір Сухадольскі. На падворку, у поўнай гармоніі з архітэктурай дома, дрэвамі і кветкамі размешчаны іншыя яго працы, зробленыя з металу і адмыслова пафарбаваныя — заяц-саксафаніст, чорна-скуры гітарыст, жалезны дравасек... Бурліць неспакойная і ненатольная творчая душа 72-гадовага аршанца.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Экі­пі­роў­ка» вы­дат­ні­ка. Як сэ­ка­но­міць гро­шы і нер­вы?

Апошні летні месяц (асабліва другая палова жніўня) для бацькоў школьнікаў заўсёды праходзіць пад дэвізам «Збіраемся ў школу!».

Грамадства

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны

Падчас жніва ўсе, хто задзейнічан ва ўборачнай кампаніі, часова становяцца хлебаробамі.