Вы тут

З пачатку купальнага сезона на вадаёмах загінулі 86 чалавек


Ратавальнікі б'юць трывогу: толькі за апошнія дні яны некалькі разоў выязджалі да вадаёмаў, у якіх патанулі непаўналетнія. 28 чэрвеня вада ўвогуле забрала жыцці траіх дзяцей...


Адна з трагедый адбылася ў Пухавіцкім раёне. На рацэ Пціч, каля вёскі Васількі, хлопчык купаўся з вадалазнай трубкай. Неўзабаве ён знік з полю зроку бацькоў, якія знаходзіліся на беразе. Вадалазы, якія аператыўна прыбылі на месца здарэння, знайшлі цела дзіцяці на адлегласці шасці метраў ад берага. Як потым высветлілася, непаўналетні знаходзіўся ў ратавальнай камізэльцы, якую пасля зняў. Хлопчыку было ўсяго шэсць гадоў...

Прыкладна ў гэты час у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паступіла інфармацыя аб тым, што на рацэ Прыпяць каля вёскі Хвоенск Жыткавіцкага раёна патанула дзяўчынка. Яна адпачывала каля вадаёму разам з мамай, брацікам і сястрычкай. Як пасля расказала мама школьніцы, яна пайшла ў палатку класці сына спаць. Калі выйшла, на беразе ўбачыла толькі адну са сваіх дачок. Увечары цела другой знайшлі вадалазы. Дзяўчынцы было восем гадоў...

У той жа дзень на рацэ Нёман, непадалёк ад аграгарадка Дубна, купаліся тры падлеткі. Адзін з іх нырнуў у ваду і на паверхні ўжо не з'явіўся. Цела дзіцяці ратавальнікі пакуль не адшукалі. Пошукі працягваюцца. Хлопчыку было 13 гадоў...

— Бацькі, памятайце: дзеці ні ў якім разе не павінны знаходзіцца каля вады без вашага нагляду — гэта галоўнае правіла, якога вы абавязаны няўхільна прытрымлівацца, — акцэнтуе ўвагу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — Зрабіце ўсё, каб зберагчы сваё дзіця ад непрыемнасцяў, паспрабуйце арганізаваць яму адпачынак максімальна бяспечна і будзьце заўсёды побач!

Сярод ахвяр вады — і дарослыя. Апошнія трагічныя выпадкі сведчаць аб тым, што не ўсе разумеюць небяспеку, якую нясе вада. Асабліва рызыкуюць тыя, хто купаецца ў стане алкагольнага ап'янення. Як правіла, менавіта такія з кожным днём папаўняюць сумную статыстыку.

Яшчэ адзін вельмі важны момант — для купання неабходна выбіраць толькі спецыяльна адведзеныя для гэтага месцы. Варта яшчэ і ацэньваць свае сілы: не плысці на далёкую адлегласць, не ныраць у ваду з вышыні, асабліва гэта небяспечна ў незнаёмых месцах. Дзеці павінны быць заўсёды ў полі зроку дарослых. Малыя — на адлегласці выцягнутай рукі!

Як папярэджвае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч, не варта забываць пра бяспеку і тады, калі вы адпраўляецеся на прагулку на лодцы, катары, катамаране або гідрацыкле. "Падобнае падарожжа павінна адбывацца ў ратавальнай камізэльцы, — удакладняе афіцыйны прадстаўнік. — Акрамя таго, нельга перавышаць устаноўленую колькасць людзей на борце, кіраваць плавальнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення, сядзець на бартах, пераходзіць з месца на месца і перасаджвацца на іншыя катары, лодкі. Таксама забараняецца выходзіць на ваду на плаўсродках, непрыстасаваных для гэтых мэт".

Нярэдка трагедыяй заканчваецца і знаходжанне на вадзе ў надзіманых прадметах. Асабліва гэта небяспечна для тых, хто не ўмее плаваць. Надзіманыя камеры, матрацы вельмі лёгкія, таму нават слабага ветру і цячэння дастаткова, каб аднесці іх на вялікія адлегласці.

Адпраўляючыся на вадаём, памятайце аб правілах бяспекі:

  • купацца можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, на абсталяваных пляжах;
  • не купайцеся ў стане алкагольнага ап'янення;
  • не заплывайце за буйкі і іншыя агароджы, устаноўленыя ў месцах для купання;
  • не дапускайце свавольства на вадзе і не палохайце іншых;
  • не падавайце лжывых сігналаў бедства;
  • не купайцеся ў вячэрні і начны час;
  • не пакідайце дзяцей без нагляду.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.