Вы тут

Петрышэнка: Усё больш дзяцей з сельскіх школ навучаецца ў дзіцячым тэхнапарку


Усё больш дзяцей з сельскіх школ навучаецца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка ў час наведвання аб’ектаў парка, перадае БелТА.


Паводле яго слоў, за першыя шэсць месяцаў 2022 года ўжо каля 240 вучняў прайшлі навучанне ў тэхнапарку, у тым ліку 36 з сельскіх школ. Конкурс склаў 4 чалавекі на месца. «Прыемна, што ёсць тэндэнцыя павелічэння цікавасці дзяцей з сельскай мясцовасці: яны маюць доступ, адпаведную падрыхтоўку і талент, каб прайсці курс навучання ў дзіцячым тэхнапарку», — сказаў віцэ-прэм’ер.

Адукацыйны працэс у тэхнапарку ажыццяўляецца па пяці напрамках: біятэхналогіі, зялёная хімія, інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі, робататэхніка, інжынерная экалогія.

Сёлета ў правілах прыёму з’явілася навацыя: навучэнцы, якія паспяхова прайшлі курс навучання ў дзіцячым тэхнапарку, па накіраванні наглядальнага савета могуць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, ліцэі і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы без здачы ўступных іспытаў. «На наглядальным савеце было вызначана каля васьмі крытэрыяў, якім неабходна адпавядаць для паступлення ў ВНУ пасля курсаў тэхнапарка», — сказаў віцэ-прэм’ер. Акрамя таго, неабходна будзе хадайніцтва школы, дзе вучань паспяхова прайшоў навучанне. Пасля гэтага наглядальны савет будзе прымаць рашэнне аб выдачы адпаведнага накіравання.

«Мы імкнёмся да таго, каб да новага навучальнага года правесці адбор і ўжо займацца на гэтай базе», — рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.

Будаўніцтва аб’ектаў тэхнапарка ідзе па плане, падкрэсліў віцэ-прэм’ер. «Сёння на наглядальным савеце мы заслухалі інфармацыю аб ходзе будаўніча-мантажных работ і аснашчэнні навучальных лабараторый неабходным тэхнічным абсталяваннем», — сказаў ён.

Такія выязныя сустрэчы стымулююць будаўнікоў больш аператыўна выконваць будаўніча-мантажныя работы, адзначыў віцэ-прэм’ер. «Мы бачым, што вучэбна-лабараторны корпус гатовы на 70 працэнтаў. Цяпер ідзе актыўная фаза кантрактацыі па аснашчэнні лабараторый», — дадаў Ігар Петрышэнка.

Віцэ-прэм’еру ўпершыню паказалі выставачны павільён Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. «Мы далі дадатковыя даручэнні, каб шматфункцыянальна абсталяваць гэта памяшканне, злучанае з вучэбна-лабараторным корпусам. Дзецям, якія навучаюцца ў тэхнапарку, не трэба будзе выходзіць на вуліцу», — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Акрамя кантролю працэсу будаўніча-мантажных работ Ігар Петрышэнка агледзеў і корпус для пражывання навучэнцаў. Паводле яго слоў, заўвагі, выказаныя будаўнікам у ходзе папярэдняга наведвання, аператыўна ліквідаваны, ступень гатоўнасці аб’екта — 75 працэнтаў.

Віцэ-прэм’ер азнаёміўся з дзвюма сучаснымі спартыўнымі заламі (для асноўных гульняў і трэнажорная), актавай залай і комплексам для харчавання.

Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк дзейнічае з 1 студзеня 2021 года. У інфраструктуры прадугледжаны школа, вучэбна-лабараторны корпус і інтэрнат на 300 месцаў.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.