Вы тут

Лукашэнка — Лаўрову: Цяпер у нас адносіны асаблівага характару


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым. Кіраўнік знешпалітычнага ведамства Расіі перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітанне ад яго расійскага калегі. «Ён падтрымлівае працяг нашага інтэнсіўнага саюзніцкага дыялогу», — падкрэсліў Сяргей Лаўроў. 


«Я калісьці сказаў (думаю, вы падтрымаеце гэтую ідэю). Мы не настолькі дурныя, каб кагосьці інкарпараваць, як на захадзе гавораць, ці ўключаць у склад не тое Беларусь Расію, не тое Расію ў Беларусь. Мы дастаткова разумныя, каб дзве незалежныя дзяржавы маглі выбудаваць такую канструкцыю нашых адносін, што пазайздросцяць у свеце і іншыя», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён падкрэсліў, што сёлета адзначаецца 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі. «І 28 гадоў я прэзідэнт і ўвесь час чую: „заўтра паглынанне, заўтра інкарпарацыя, Лукашэнка павёз нешта здаваць“. 30 гадоў прайшло, ні інкарпаравалі, не паглынулі, нічога не павезлі. А калі ўжо шчыра, то мы ад Расіі атрымліваем усё тое, што трэба суверэннай незалежнай дзяржаве», — дадаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што паміж краінамі былі розныя часы, былі спрэчкі. Але паводле яго слоў, гэтаму трэба радавацца. Ён прывёў да прыкладу апошнія міжнародныя саміты, дзе ніхто ні з кім не спрачаецца. Па яго словах, прыйшоў «начальнік ЦК ці то абкама з Вашынгтона», нават не сказаў, а паглядзеў — і ўсе пабеглі. «А мы спрачаемся, бо мы блізкія людзі. І сапраўды, ісціна заўсёды нараджалася ў спрэчцы. І будзе нараджацца. Цяпер у нас адносіны асаблівага характару — час такі. Калі не слухаюць вас, дыпламатаў, даводзіцца слухаць іншых людзей. Мы за тое, каб дыпламатыя працавала. Але што рабіць, калі ідзе гібрыдная вайна. Пачалі са сродкаў масавай інфармацыі, потым заглушылі дыпламатаў, нібы адкінулі ўбок. Ні адна міжнародная пляцоўка вынік не дае, у тым ліку і галоўная наша. Што нам рабіць? Нам даводзіцца абараняцца, супраціўляцца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сяргей Лаўроў заўважыў, што і грошы адабралі, нагадаўшы пра блакіроўку расійскіх актываў. Кіраўнік дзяржавы з ім пагадзіўся, дадаўшы, што і ў эканоміцы душыць пачынаюць. Ён прывёў прыклад Літвы, якая ўсё спіхвае на Еўрасаюз, маўляў гэта ён прымае ўсе рашэнні: «Але там прымаюцца рашэнні кансэнсусам. Калі вы бачылі, што гэтае рашэнне шкодзіць Літве, можа нашкодзіць, не галасуйце і рашэнне прынятае не будзе ці прымуць з нейкімі выключэннямі. Але вы ж бачыце, што яны наперадзе паравоза бягуць і заўсёды крычаць: „душы, зацкоўвай“ і гэтак далей у шкоду сваёй дзяржаве. Для мяне гэта нядзіўна, таму што я назіраю ўвесь час і бачу, хто там выступае за такія рэчы». 

Аляксандр Лукашэнка узгадаў спробы Літвы закрыць транзіт грузаў праз Калінінградскую вобласць, што можна расцэньваць як эканамічную вайну. «І ўсё крычаць пра нейкі Сувалкаўскі калідор. Мы з вамі пра гэта не гаворым, а яны крычаць. Яны што намякаюць?», — задаў ён рытарычнае пытанне. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі і Расіі дастаткова сіл і сродкаў, каб даставіць грузы ў Калінінград без усялякіх войнаў і напружання. Ён сказаў, што яны абмяркоўвалі гэта пытанне з Уладзімірам Пуціным, нічога не ўтойваючы. 

Порах павінны трымаць сухім 

Таксама кіраўнік дзяржавы ўспомніў трэніроўкі заходняй авіяцыі па прымяненні ядзернай зброі. 

«Ніякай інсцэніроўкі там не было, пра ядзерную зброю і іншае, мы яшчэ паўкроку зрабілі. Яны ж лятаюць, трэніруюцца. Навошта трэніруюцца, навошта ядзерныя балванкі возяць, навошта? Для таго, каб заўтра ў самалёт пакласці ядзерную бомбу і скінуць туды, куды трэба. Мы яшчэ люстрана не адказвалі. Склады боепрыпасаў ядзерных у Расіі, у нас іх няма. І як Пуцін правільна сказаў, у шасці кропках, у шасці краінах знаходзяцца іх ядзерныя боегалоўкі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Працягваючы тэму, Сяргей Лаўроў падкрэсліў, што гэтыя самалёты доўгія гады лётаюць і дапускаюць пілотаў няядзерных краін да кіравання самалётамі, якія прызначаны для ядзернай зброі. Гэта парушае дамову аб яе нераспаўсюджанні.

Прэзідэнт з ім пагадзіўся. І падкрэсліў, што неабходна быць гатовымі, каб не было як у 1941 годзе, калі верылі, што вайны не будзе. «Мы верым, але порах павінны трымаць сухім па ўсіх напрамках. І не трэба енчыць, крычаць: Пуцін захапіў Беларусь, што хоча тое і робіць. У нас узгодненая, разумная палітыка дзвюх суверэнных дзяржаў, за якую найперш адказваюць Макей і Лаўроў», — канстатаваў ён. Але, заўважыў Сяргей Лаўроў, пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючых.

На што Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што міністры замежных спраў раяць галоўнакамандуючым. «Але гэта не здымае з нас адказнасці. Мы абсалютна цвяроза разумеем, што вакол нас адбываецца. І лепей ім паказаць, што можа быць, чым гэта здарыцца. Нам гэтая вайна не патрэбная», — запэўніў ён.

Без Беларусі і Расіі выбудаваць бяспеку ў Еўропе намагчыма

Сяргей Лаўроў адназчыў, што на Захадзе таксама гэта разумеюць. Паводле яго слоў, там усё больш і больш з’яўляецца разважных людзей, якія думаюць, што будзе далей, калі скочыцца гэтая сітуацыя. «Трэба ж думаць аб агульнаеўрапейскім супрацоўніцтве. Але я не ведаю, аб якім супрацоўніцтве ідзе гаворка, ў цяперашніх умовах гэта цяжка сабе ўявіць. Але тое, што бяспеку ў Еўропе без нас з вамі выбудоўваць немагчыма — гэта факт. І вось гэта ўжо пачынае шмат хто разумець», — растлумачыў ён. 

Прэзідэнт прызнаўся, што яго здзіўляе ў гэтай сітуацыі: «Цалкам нармальныя патрабаванні: не нацыяналізму, які перарастае (гэта я як гісторык кажу) у фашызм. Нам гэта не патрэбна, і Еўропе гэта не патрэбна. Яны ва Украіне гэта культывуюць. Яны падтрымліваюць гэта. Добра. А калі заўтра гэта выплеснецца ў Еўропе? Ім жа гэта не трэба. Ва Украіне добра, у Беларусі, у Расіі няхай будзе. Але Еўропе гэта не трэба, асабліва Германіі, там урокі гісторыі памятаюць. І мы павінны разумець, што гэта будзе прарастаць каранямі ва ўсёй Еўропе.

Сяргей Лаўроў расказаў, што партыя «Альтэрнатыва для Германіі» стварыла няўрадавую арганізацыю па барацьбе з русафобіяй. Паводле яго, гэта значыць, гэта ўжо пачынае праўляцца ў публічнай сферы. На што Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што іншага шляху не будзе. «Прапаноўвалі бяспеку і напярэдадні аперацыі, і давайце падпішам дамовы і перамовы за сталом. Карацей без усякіх аперацый і стральбы. Не захацелі, але гэта іх выбар». — сказаў ён. 

Міністр замежных спраў Расіі адзначыў, што на саміце НАТА, у дакументах, дзе Расія названа галоўнай пагрозай, а Кітай — галоўным выклікам зноў пацверджана так званая палітыка адчыненых дзвярэй і пацверджана рашэнне 2008 года, прынятае ў Бухарэсце, наконт узмацнення перспектыў членства ў НАТА Украіны і Грузіі.

«Вельмі ўзмоцніцца, ну, Гасподзь ім у дарогу», — іранічна заўважыў на гэта Аляксандр Лукашэнка. 


Каментарый у тэму

Сяргей Лаўроў: «Мы за рашэнні, якія забяспечваюць раўнапраўе і баланс інтарэсаў»

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў пасля сустрэчы расказаў журналістам, аб чым яны размаўлялі Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле яго слоў, галоўная тэма сустрэчы — задачы далейшага паглыблення інтэграцыйнага працэсу ў рамках Саюзнай дзяржавы на аснове прынцыповых дамоўленасцей, якія прымаюць прэзідэнты абедзвюх краін. Перш за ўсё, у кантэксце рэалізацыі 28 саюзных праграм, якія былі зацверджаны год таму. Паводле ацэнкі расійскага боку, сёння гэтыя праграмы на 40 працэнтаў увасоблены ў практычныя рашэнні і пачынаюць працаваць на эканоміку і сацыяльную сферу. «У гэтым жа кантэксце мы дамовіліся яшчэ па некалькіх напрамках выраўноўваць нашае заканадаўства, выраўноўваць правы нашых грамадзян. Гэта таксама будзе карысна для паўсядзённага жыцця расіян і беларусаў», — сказаў Сяргей Лаўроў. 

Другі напрамак сустрэчы Сяргея Лаўрова і Аляксандра Лукашэнкі — знешняя палітыка і пытанні бяспекі. Яны падрабязна абмяркоўваліся на сустрэчы прэзідэнтаў у Санкт-Пецярбургу. І было падкрэслена, што Расія і Беларусь будуць цвёрда настойваць на тым, каб іх законныя інтарэсы з пункту погляду бяспекі паважалі, асабліва ў час, калі НАТА працягвае агрэсіўна дзейнічаць. «Мы заўсёды за дыялог, мы заўсёды за тыя рашэнні, якія забяспечваюць раўнапраўе, забяспечваюць баланс інтарэсаў. Але мы ведаем, як да такога роду дамоўленасцей ставяцца нашы калегі з паўночнаатлантычнага альянсу». — падкрэсліў Сяргей Лаўроў. 

Ён нагадаў пра прынятыя ў канцы 90-х і ў 2010 годзе рашэнняў, аб тым, што ўсе члены АБСЕ паважаюць прынцып непадзельнасьці бяспекі, што ніхто не будзе ўмацоўваць сваю бяспеку за кошт бяспекі іншых. «З моманту прыняцця такіх абавязацельстваў на вышэйшым узроўні мы настойвалі на тым, каб гэтыя абавязацельствы ўвасабляліся ў канкрэтныя справы. Замест гэтага НАТА пяць разоў пашыралася, пры гэтым заяўлялася, што альянс абарончы. Але абарончы ён ад каго? Калі быў Варшаўскі дагавор, было зразумела: ёсць НАТА, ёсць Варшаўскі дагавор. Варшаўскага дагавора няма, а НАТА працягвала рухацца на Усход, тым самым, калі верыць іх сцвярджэнням, пазначаючы іх лінію абароны. Але зразумела, што такога роду сцвярджэнні і такога роду логіка абсурдныя. І зараз пасля чарговага саміту НАТА ў Мадрыдзе прадстаўнікі ЗША заяўляюць, што альянс быў, ёсць і будзе абарончым», — сказаў міністр замежных спраў Расіі. 

Сяргей Лаўроў заўважыў, што усе гады, калі расійскі бок спрабаваў пераканаць альянс выконваць абавязацельствы па неўмацаванні сваёй бяспекі, за кошт бяспекі іншых, не пашырацца на ўсход, яны напампоўвалі Украіну зброяй, усяляк патуралі неанацысцкім напрамкам, якія ўмацоўваліся ва Украіне, падтрымалі дзяржаўны пераварот і падтрымалі поўны сабатаж мінскіх дамоўленасцяў. 

«Для Захаду не было ніякай нечаканасці ў тым, што мы вырашылі цвёрда адстойваць нашы інтарэсы, калі ўсе прапановы аб перамовах на раўнапраўнай аснове, на аснове пошуку балансу інтарэсаў, а не праціскання сваіх інтарэсаў у шкоду інтарэсам Расіі і Беларусі, усе гэтыя магчымасці былі вычарпаны. Цяпер мы бачым па істэрычнай рэакцыі, наколькі глыбока гэтая праблема ўжо была запушчана і наколькі шмат надзей Захад ускладаў на ператварэнне Украіны ў пастаянны раздражняльнік, у інструмент стрымлівання Расіі, на прасоўванне русафобіі, знішчэнне і адмену ўсяго рускага, і наколькі Захад нервова рэагуе, паколькі гэтыя планы не спраўдзяцца. Мы не дазволім спраўдзіцца планам, якія прама супярэчаць міжнароднаму праву, усім каштоўнасцям, як Захад любіць казаць, у тым ліку абарону правоў нацыянальных меншасцяў, якія былі шматкроць і груба патаптаныя на Украіне пры прамым папушчальніцтве нашых заходніх калег», — заявіў Сяргей Лаўроў. 

Па яго словах, у Беларусі і Расіі адзіная пазіцыя па гэтым пытанні. Абедзве краіны катэгарычна не згодныя з лініяй, якую праводзіць Захад — дыктат, ультыматум, навязванне сваіх патрабаванняў, выкарыстанне незаконных, парушаючых статут ААН санкцый і многіх іншых дзеянняў. 

Трэцім напрамкам сустрэчы Прэзідэнта Беларусі і міністра замежных спраў Расіі стала развіццё двухбаковых кантактаў і на ўзроўні ўрада, і па парламенцкай лініі. «Мы будзем пашыраць нашу консульскую прысутнасць у Рэспубліцы Беларусь. Генеральнае консульства адкрыем у Гродне. Нашы беларускія сябры будуць пераўтвараць аддзяленні сваіх пасольстваў у некаторых расійскіх гарадах у генеральныя консульствы», — расказаў Сяргей Лаўроў. 

Ён акцэнтаваў увагу, што Беларусь і Расія прытрымліваецца адзінай узгодненай знешняй палітыкі. У тым ліку, краіны гатовыя да дыялогу з заходнімі калегамі. «Мы ад гэтага не адыходзім, проста будзем ведаць цану тым абавязацельствам, якія Захад бярэ на сябе. І будзем улічваць гэты сумны вопыт суцэльных падманаў, які ў сферы еўрапейскай бяспекі мы бачылі за апошнія 30 гадоў. Але да дыялогу гатовы, паслухаем, што захад можа прапанаваць», — сказаў Сяргей Лаўроў. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Здароўе

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Як папярэдзіць харчовыя атручэнні.

Культура

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

 Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю.

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.