Вы тут

Чарэшні ад 6.99 р, клубніцы — ад 6.50 р. Карэспандэнт «Звязды» наведала мінскую Камароўку і паспрабавала ягады


Лета пакрысе набірае моц, аб чым яскрава сведчыць актыўны продаж ягад. «Зорны» час у клубніц і чарэшні. Што прапануе сваім пакупнікам папулярная «Камароўка»? Як выглядае прадукцыя, які кошт маюць ягады і як праходзіць гандаль — чытайце ў аглядзе карэспандэнта «Звязды».


Ужо на выхадзе з метро можна сустрэць людзей, якія ідуць ад «Камароўкі» з пакункамі, поўнымі ягад. Праз празрыстае пакаванне віднеюцца яркія клубніцы і чарэшні. Значыць, год ураджайны. Праходжу праз галоўныя вароты рынку, перад вачыма — прылаўкі, цалкам акружаныя людзьмі. Здалёк бачныя горы свежых ягад, якія прыцягваюць увагу кожнага неабыякавага. Падышоўшы да першага прылаўка, чую, як пакупнікі перагаворваюцца наконт клубніцы, сумняваюцца, ці трэба браць. Прадавец заўважае гэта і з усмешкай на твары запэўнівае: «Клубніцы добрыя. Нашы, не з Азіі!».

Гляджу на суседні «працоўны» стол. На прылаўку ляжаць чарэшні залацістага колеру з пазнакай на шыльдачцы «мядовыя, хрумсткія». Цана — 7.50 р. Прадавец, убачыўшы, што я затрымала ўвагу на чарэшні, тут жа прапануе паспрабаваць. «Яны, як мёд», — паведамляе мне жанчына і дае магчымасць выбраць ягады. Каштую. Смак прыемны, у меру салодкі, з невялікай кіслінкай. У гэты момант да прылаўка падыходзяць дзве жанчыны і пачынаюць абмяркоўваюць прывабныя залацістыя ягады. Аднак, гледзячы на надпіс, кажа сяброўцы: «Галоўнае, што напісана „хрумсткая“». Значыць, запаветнае слова аказала на пакупнікоў патрэбны прадаўцу ўплыў.

Не спяшаючыся іду далей. Хутка перамяшчацца не атрымліваецца: пакупнікоў дастаткова шмат. Ды і хочацца ўважліва разгледзець кожныя ягады, даведацца іх кошт. Сёлета цэны на чарэшні вагаюцца ад 11.99 р. да 15.99 р. за кілаграм. Асоба цярплівым пакупнікам пашанцуе — калі прайсці да далёкіх прылаўкаў з меншай колькасцю людзей вакол іх, з’яўляецца магчымасць набыць буйныя чарэшні за прыемную цану — 6.99 р.

Нягледзячы на тое, што ягады на прылаўках часта здаюцца дастаткова прывабнымі, усё ж можна ўбачыць прадукцыю з не зусім таварным выглядам. Так і здарылася, калі я спынілася каля аднаго са сталоў. Некаторыя з ягад клубніцы былі занадта мяккімі, пацямнелымі, пусцілі сок. Малаверагодна, што такі прадукт знойдзе свайго пакупніка, улічваючы, з якой уважлівасцю людзі аглядаюць набытыя ягады. І заўсёды, заўважыўшы ў пакеце пацямнелыя клубніцы ці чарэшні, просяць прадаўца замяніць іх на іншыя свяжэйшыя.

Цэны на клубніцы, у адрозненне ад чарэшні, апынуліся больш прывабнымі. Мінімальная — 6.50 р. за кілаграм, максімальная — 11.99 р. Але варта адзначыць, што такія цэны не пужаюць людзей: апроч звычайных пакетаў, пакупнікі пакідаюць «Камароўку» з вялікімі кантэйнерамі сакавітага ўраджаю. 

Пераходжу на наступны рад. Акрамя абмеркаванняў пакупнікоў чую і гучныя выкрыкі прадаўцоў, якія жадаюць прыцягнуць людзей да сваіх сталоў. «Салодкія, смачныя чарэшні!», «У нас шыкоўныя ягады!», «Чарэшні бярэм, прыгажуні. Усе сюды!» — такія фразы гучаць адусюль. Нават не ведаеш, на каго звярнуць увагу першым чынам. А калі патэнцыйны пакупнік ужо прыцягнуты, шмат чаго пачынае залежыць ад здольнасці прадаўца зрабіць рэкламу свайму тавару. Падобную сітуацыю назірала ў прылаўка з персікамі. Там прадавец — на пытанне з чаргі «Ці смачныя персікі?» — стала маляўніча і вельмі пераканаўча адказваць: «Мёд! Сакавітыя! Аб’ядзенне!». Вынік не прымусіў сябе чакаць — адна з жанчын, калі прыйшоў яе момант здзяйсняць куплю, папрасіла: «Мне тыя, якія вы сказалі, як мёд». Сваю задачу на выдатна выконваюць і шыльдачкі, размешчаныя на ягадах: «вельмі салодкая», «казка», «супер», «агонь», «мёд» — цяжка выстаяць перад такімі прывабнымі словамі.

Здзівіла арыгінальнасць аднаго з прадаўцоў: на яго прылаўку побач з вагамі красаваўся невялікі гаршочак са штучным кустом клубніцы. Яркія, буйныя, хоць і не сапраўдныя ягады прымусілі мімаволі ўсміхнуцца.

Заўважаю, што моцны ўплыў на пакупнікоў аказваюць такія ж, як яны, людзі. Каля аднаго з прылаўкаў стаяла жанчына і цярпліва чакала, калі прадавец узважыць яе клубніцы. У гэты момант да стала падышла іншая пакупніца і пацікавілася, ці смачныя ягады. Прадаўца апярэдзіла першая жанчына, сказаўшы: «Смачныя, смачныя. Я сама каштавала». Цікавасць у другой не прымусіла сябе чакаць.

Практычна ўсе за прылаўкам, жадаючы прадаць як мага больш ягад, прапануюць паспрабаваць сваю прадукцыю. Пачула, як прадавачка частуе пакупнікоў, кажучы: «Мне ніколі не шкада». Падыходжу да аднаго са сталоў паглядзець на клубніцы. Кошт — 10 р. У гэты момант прадавец частуе ягадай маладога чалавека. З’ядаючы клубніцы і трохі падумаўшы, хлопец кажа сваёй дзяўчыне: «З кіслінкай». Пара ідзе далей.

Звяртаю увагу, як праходзіць працэс продажу ягад. Большая частка прадаўцоў, складаючы прадукт у пакет і ўзважваючы яго, удакладняе: «Выходзіць на 6.50 р. Пойдзе?». Але ўдалося назіраць і за нядобрасумленнымі работнікамі. Так, пакупніца, не зводзячы вачэй з лічбы на вагах, сказала «хопіць», але хлопец за прылаўкам праігнараваў яе словы і паклаў у пакет яшчэ жменю клубніц.

Які ж рынак без торгу і спрэчак? Праходзячы на адным з радоў, пачула, як мужчына прасіў прадаўца паменшыць кошт на клубніцы да 7 р. У яе цана на надпісе — 8.50 р. На просьбу пакупніка мужчына за прылаўкам адказаў рэзка: «Гэта брэсцкія ягады, апошнія. Іх больш не будзе. За сем я вам не аддам. Ідзіце, шукайце далей». Заўважыўшы мяне, прадавец тут жа змяніў выраз твару і ветліва прапанаваў паспрабаваць іншы сорт, больш смачны.

За ўвесь час на «Камароўцы» заўважыла толькі аднаго прадаўца, які дазволіў сабе прысесці і паабедаць. Астатнія ж увесь час у справах: запрашаюць людзей паспрабаваць ягады, працуюць з пакупнікамі, выкладваюць тавар на сталы, якія хутка пусцеюць. Адпачываць няма калі.

Прагуляўшыся па ўсіх радах, вырашыла купіць сабе клубніцы. Вярнулася да прылаўка, на буйныя клубніцы якога адразу звярнула ўвагу. Прадавец ветліва пацікавіўся, з якой «кучкі» я хачу ягады. Адказала: «Дзе прыгажэй». Пасмяяўся. Абраў самыя свежыя клубніцы. Падышла і да стала з чарэшнямі. Пакуль прадавец складала ягады ў мяшэчак, спытала ў яе, як праходзіць продаж. Аказалася, праца ідзе поўным ходам, тавар раскупляюць хутка. Працягнуўшы мне пакупку, жанчына з усмешкай на твары сказала: «Атрымлівайце асалоду ад ягадак у вашым жыцці!». Сыходзіла з «Камароўкі» з вялікімі торбамі і добрым настроем.

Лізавета МАЛЬЧУК, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».