Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Роўны шлюб... І ніякага мезальянсу!»


Жылі-былі ў адной вёсцы (на дварэ — пачатак 1980-х) мужык і жонка — Пеця і Галя. Ён механізатар, яна — даярка. Два старэйшыя сыны — ужо сямейныя: мясцовых дзяўчат за жонкі пабралі, а Танечка — малодшая дачка, прыгажуня ды разумніца — у сталіцу з'ехала, у інстытут паступіла, чатыры курсы адвучылася, а на апошнім раптам аб'явіла: замуж выходжу... Жаніх — сын дыпламата і сам — будучы дыпламат. Праз два тыдні ў ЗАГС...


Калі эйфарыя ад такой навіны (во дае! Глянь, каго акруціла!) трохі прайшла, бацькам нявесты стала не па сабе.

— Я гэтаму вяселлю неяк не рад, — прызнаўся Пятро, — анічога добрага ад яго не чакаю. Бо ў іх жа гэты... Ну як яго? Мега... Меза-льянс атрымаецца — няроўны шлюб.

— Ат, Пеця, кінь, — адмахнулася Галя. — Вечна ты мудрагеліш... Роўны, няроўны... Мы з табой што ўжо паправім?.. Давай лепш думаць, як сябе паказаць. Аднаго парсюка на вяселле, мусіць, замала будзе? Можа, бычка зарэзаць?..

— Які кабанчык? Які бычок? — зашчабятала ў тэлефон Таня, калі маці стала дзяліцца планамі. — Вяселля мы з Дзімам увогуле спраўляць не хочам: пасля ЗАГСа ў рэстаране пасядзім. Столік ужо замовілі — на восем чалавек: мы, нашы бацькі, двое сведак і ўсё... Нават гутаркі не заводзь! Навошта вам лішнія клопаты, лішнія траты? Хопіць, што сыноў у войска праводзілі ды з «помпай» пажанілі... А мы лепш на мора з'ездзім... Да таго ж ты разумееш узровень? Што Дзімава радня і што наша? Той жа дзядзька Грыша са сваімі салёнымі прыпеўкамі, цётка Анюта ў крымпленавай сукенцы і тапачках... Ды і вы з татам... У яго хоць касцюм больш прыстойны ёсць — той, што цётка Света дастала. Яму б толькі туфлі купіць... А вось ты, мама, не ведаю, што надзенеш? Мая будучая свякроў такая модніца... Трэба ж каб і ты не горш выглядала.

— Не бядуй, дачушка. Свет не без добрых людзей, — запэўніла Галя. — Я пастараюся.

...Назаўтра ў чырвоным кутку жывёлагадоўчай фермы пачалася, відаць, самая шумная нарада. «Дзяўчаты» абдумвалі, у што прыбярэцца Галіна (трэба ж, каб дорага і прыгожа)... Усе прапаноўвалі хто што мог!

...Але ж дзень вяселля ўсё роўна не задаўся: «масквіч», на якім сусед падахвоціўся падвезці Таніных бацькоў у сталіцу, на паўдарозе заглух.

Колькі нерваў спалілі, пакуль завялі — гэта не расказаць! Ледзьве ў ЗАГС паспелі!

Таня, бедная, уся знервавалася, а ўбачыла і як не самлела. Бацька, рамантуючы машыну ды паслабляючы «ашыйнік» (то-бок гальштук), спэцкаў сарочку і не ведаў, дзе дзець свае рукі, а мама і зусім... Густыя каштанавыя валасы, якія звычайна скручвала ў прыгожую гулю, яна схавала пад жахлівы парык; вялікія карыя вочы некуды зніклі пад націскам блакітных ценяў; сіняя доўгая сукенка ў чырвоныя і жоўтыя цюльпаны хавала яе ногі ў калготах і басаножках, але ж так агаляла грудзі... Было што затуляць! А заадно прыцягваць увагу аж да пяці залатых пярсцёнкаў з рознымі камянямі і даўжэзных пацерак...

Кантраст са сваццяй — у белых лодачках і элегантным блакітным касцюме — быў проста ашаламляльны!

...Факт, што назаўтра на ферме, разглядаючы фоткі з вяселля, Галіны сяброўкі толькі ахалі:

— Ну Галька! Ну прыгажуня! Эдзіта П'еха — не менш! Свацці ў параўнанні з табой — проста моль!

— Ды кіньце вы, — як заўжды адмахвалася Галіна. — Свацці ў мяне як свацці, і сват як сват... Далікатныя людзі. А шлюб у Танечкі роўны: абое маладыя, прыгожыя, адукаваныя. Так што ніякага там мезальянсу. Пажаніліся — хай жывуць!

І сапраўды...

Алена НЕСЦЯРОНАК

г. Докшыцы.


Не тыя госці,  альбо Муж ды жонка — найлепшая суполка

Даўно гэта было, але ж вось — успомніла!

Некалі, на другім гадочку сямейнага жыцця, мы з мужам падгадавалі кабанчыка. Старанна кармілі — пара і закалоць.

Не ведаю, як дзе, а ў нашай вёсцы рабілі гэта ветэрынарныя санітары, і ўмеючы: спрытна, лёгка... «Заўтра павінны прыйсці, — муж мне кажа. — Я вады нанашу і ў раён на нараду, а ты тут пагрэй... Ну і ўсё астатняе».

Двойчы мне казаць не трэба было. Распаліла пліту, усё падрыхтавала. Кабанчык — чую — пішчыць, ажно хлеў разносіць (ведама, галодны), а санітараў — няма і няма. Гадзіна прайшла, дзве — я, здаецца, чакаць перастала, аж бачу — з'яўляюцца.

Прыйшлося зноў падагрэць ваду і пабегаць, бо ім то гарачую трэба, а то халодную, то слоік, то місу, то рондаль...

Але ж вось справа зроблена. Грудзінку ды пячонку мужчыны самі ў хату прынеслі: «Трымай, гаспадынька! Гатуй».

Гэта мне лёгка: насмажыла свежыны, разагрэла бульбы, квашанай капусты ды агуркоў у талерках наставіла, па цэнтры — «сіфон» з самагонкай... Яе там больш чым літр было.

Гляджу на ўсё і... баюся, бо добра ведаю, што аднаго з санітараў, калі падап'е, ужо не спыніць: на такія любошчы цягне... І што ж мне рабіць?..

Пайшла да суседа — папрасіла, каб пасядзеў у нас за сталом, пабыў за галоўнага.

Той, што называецца, ад слова: прыйшоў, чарачкі напоўніў, гарэлку расхваліў: маўляў, жытняя, мяккая, галава не баліць...

З такой рэкламай ды за гэткім сталом трое мужчын, відаць, і «цвёрдую» выпілі б, а ўжо свякроўчына мяккая дык тая ўмомант пайшла! Што здзівіла — уся, хоць літры пад два ў «сіфоне» было... Мужчыны не слабыя: усталі, падзякавалі, свае бонды пабралі (так у нас гасцінец звалі — у выглядзе свежыны) і гайда па дамах. А я далей давай — мяса парадкаваць, посуд мыць, кішкі чысціць... Натупалася, намарылася — галаву да падушкі і спаць. Не пачула, які мой з райцэнтра прыехаў, як у хату зайшоў, чым вячэраў.

Раніцай давай прабачацца, расказваць, як мне цяжка было, як «гасцей» баялася... «І мне ж не лягчэй», — прызнаецца муж...

Як аказалася, яны з калегам захацелі яго швагру праведаць. Пад'ехалі да дома — жонка вароты адчыніла, у хату ўпусціла. Яны, як людзі, пляшку на стол... А гаспадыня цоп за яе — і ў шафу. І на замок. Гаспадара, сказала, дома няма. І хай толькі прыйдзе — падваліць — па першае чысло! Бо ён жа і такі, і растакі, і разгэтакі... І сястра яго анічым не лепшая, а ўжо маці дык тая зусім... Лаецца баба, як з ланцуга сарваўшыся!

Мужчыны хацелі плюнуць ды з хаты сысці, ды не тут тое было: па двары вялізны сабака гойсае. І гэтак жа брэша, на ўсіх кідаецца.

Прыйшлося мужчынам назад вярнуцца, як на іголках сядзець — чакаць гаспадара...

Я ўявіла гэтую сцэну, уявіла мужа, які фізічна не пераносіў скандалаў, а тым больш мацюкоў з вуснаў жанчын, і не змагла стрымацца ад смеху. «А няма чаго, — мужу сказала, — па гасцях хадзіць, калі «госці» дома».

Гаспадар згадзіўся.

...Не магу сказаць, што больш не хадзіў: за паўвека сумеснага жыцця чаго ні бывала! Але ж галоўнае (што муж ды жонка — найлепшая суполка) мы зразумелі на самым пачатку, у той дзень, калі закалолі кабанчыка.

Л. МІХАЛЕВІЧ

г. Магілёў.


Хацеў як лепей, альбо «Хто вас, баб, разбярэ...»

Людзі кажуць: якія ў чалавека дзеці, такая і старасць.

Значыць, у суседкі маёй, у Веры Дзянісаўны, яна шчаслівая. Ну яшчэ б: сын доктарам працуе, у суседнім доме жыве, дачка — айцішніца — таксама паблізу. Трое ўнукаў расце, у бабулі «пасецца». Але ж гэта раней. бо з пачаткам пандэміі бабуля ў вёску пераехала (дзеці дом купілі) — звезлі яе падалей ад вірусаў.

Вера спачатку вельмі сумавала, нікога там не ведала... Але ж на ковід, дзякуй богу, не хварэла: паціху прыжывалася і прыжылася. З гэтай зімы ўжо часцей прымае: то адна сям'я крыху пажыве, то другая. Нават мы з катом туды з'ездзілі. Першы раз, можна сказаць, без прыгод: хіба што Васька са сваімі патрэбамі пару градак разгроб... Дык мы іх адразу адсеялі. А вось у другі...

Вера ў цяпліцы (а сёлетнім маем дык яшчэ і пад плёнкай) рознай расады насадзіла: таматаў, перцаў, агуркоў. Што-нішто ўжо зацвіло і завязалася, а тры агурочкі (Вера па тэлефоне хвалілася) нават можна было б сарваць, калі б не суседкі. Яны адгаварылі. Сказалі, што ўраджаю не будзе: трэба, каб першы агурок менавіта мужчына зняў. «Дык дзе ж яго ўзяць? — засмуцілася Вера. — Мужа няма, сын у водпуск паехаў... Хіба суседа прасіць?»

Пагаварылі яны так, пасмяяліся ды і разышліся. Мы з катом назаўтра прыехалі ды жывём сабе — ну як у раі кветкі цвітуць, птушкі пяюць, агуркі падрастаюць...

Але ж неяк прачынаюся — вокны парасчыняны, і з двара галасы. Вера, чую, шуміць:

— Васька, здыхата! Ты чаго гэта ў парнік забраўся? Яшчэ і там хочаш бед нарабіць?!»

Я з ложка падхапілася і... нічога не разумею: кот мой, Васька, соладка спіць. А на каго ж тады Вера сварыцца, хто ў цяпліцу нашу залез?

Адказ на гэта пытанне я спачатку ўбачыла (з адчыненых дзвярэй выходзіў высокі худы мужчына), а потым яшчэ і пачула:

— Ды хто ж вас, баб, разбярэ?! — стаў сварыцца ён. — То «Лявонавіч, дарагі», а то раптам «здыхата»... То першы агурок трэба сарваць, то я вам шкоды нараблю... Наце, ешце вашы агуркі! А маёй нагі тут не будзе...

Мужчына рушыў з двара.

— Хто гэта быў? — папыталася я ў Веры.

— Ды сусед... Пакрыўдзіўся, відаць? Будзі ката — пойдзем прабачацца, а заадно — і пазнаёмімся.

...Аказалася, што Вера, як гэта ні дзіўна для вёскі, не ведала, што суседа (праз тры хаты) завуць Васілём (усе вакол, нават жонка, Лявонавіч ды Лявонавіч)... А той не ведаў, што ў Веры чарговая госця. Ды яшчэ з катом...

Васька ў мяне беспародны, але ж вельмі прыгожы! На моську яго паглядзіш і любую шкоду даруеш! Адзінае...

Імя б яму лепш кацінае.

С. ДАНІЛОВІЧ

г. Гомель.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?