Вы тут

«Чытаючы» экслібрысы Міколы Рыжага


Таямніца кніжнага знака для кожнага з яго стваральнікаў адкрываецца па-свойму. Яна і для ўладальнікаў і калекцыянераў ужо здзейсненых твораў у кожным са знаёмстваў свая, арыгінальная. Такія законы мініяцюры. Сама някідкая памерам форма экслібрыса абавязвае мастака ўніклівасці, прадуманасці ў дэталях, суладдзя формы і ідэі.


Мікола Рыжы, які вядомы і стварэннем цэлага шэрагу паштовых марак Рэспублікі Беларусь, відавочна, быў улюбёны ў кніжны знак. Як некаторыя мастакі ствараюць свой партрэт Айчыны праз графічныя працы, прысвечаныя гістарычным збудаванням, замкам, цэрквам, касцёлам, старадаўнім сядзібам, так наш экслібрысіст, уводзячы ў творы гістарычных персанажаў, вымалёўваў свае ўяўленні пра Беларусь. Угледзьцеся ў працу 1990 года — экслібрыс М. І. Мінкевіча. Класічны партрэт першадрукара Францыска Скарыны, які раздзяляе яго друкарскі знак, яго сонейка, становіцца сімвалам прыватнага кнігазбору. І не толькі менавіта збору М. Мінкевіча... Мастак пакідае след прыярытэтных зацікаўленняў беларускіх кніжнікаў увогуле. Скарына падаецца сімвалам, светачам, без якога кніжнік не кніжнік, бібліятэка не бібліятэка... Сонца Скарыны — і ў экслібрысе, які Мікола Рыжы выканаў для свайго паплечніка па мастацкаму цэху кніжнага графіка і жывапісца Міколы Купавы. Цэлая скарынаўская кампазіцыя разгортваецца на кніжным знаку для мастака Віктара Мікіты. «Францыск Скарына доктар з Полацка 1490 1990» — чытаем мы на экслібрысе. Першадрукар трымае ліст паперы, а ніжэй — трое дзетак, у руках аднаго з іх — кніга, другі трымае руку на кнізе. За плячыма ў Скарыны і дзетак — старадаўні Полацк. Уверсе — сонечны знак першадрукара. Асветнік Скарына — і на кніжным знаку, зробленым Міколам Рыжым для народнага мастака Беларусі Васіля Пятровіча Шаранговіча. Такія кніжныя знакі гаваркія, красамоўныя... Яны сведчаць пра жаданне аўтара наладзіць графічны дыялог і з уладальнікамі кніжных знакаў, і з усімі, хто будзе ўглядацца ў гэтыя выявы праз многія дзесяцігоддзі. Экслібрысы Міколы Рыжага ўзнаўляюць у памяці класічныя, добра вядомыя аматарам беларускай кніжнай графікі, а не толькі экслібрысістам, кніжныя знакі Міколы Шчакаціхіна, Міколы Каспяровіча і болей блізкія да нас па часе — кніжныя знакі Адама Мальдзіса, Сяргея Панізніка, якія выканаў Вячка Целеш. «Беларускасць», класічная беларуская стылістыка, беларуская ментальнасць нацыянальнай кніжнай графікі — усё гэта ўласціва і працам М. Рыжага. 

Ствараючы экслібрысы з улікам, пэўна, пажаданняў заказчыкаў, Мікола Рыжы сюжэт распрацоўвае такім чынам, каб у выявах заўжды ці амаль заўжды прысутнічалі элементы друкарскай, кніжнай справы: старадўнія варштаты ці нават літары, якія рассыпае на полі сейбіт, ці нешта іншае. Часам ідэі падмацоўваюцца міфалагічнымі істотамі. Хапае ў знаках і гумару, праяў сатыры (яркі прыклад — экслібрысы П. П. Шыбекі, П. Несцярэнкі). Мастак умее пажартаваць, робіць гэта тонка, з «інтэлігентнай» усмешкай. 

У некаторыя працы, найперш — у тыя, што зроблены для калег-мастакоў, Мікола Рыжы уводзіць партрэты ўладальнікаў, даволі падрабязна (але з лаканічнымі канструкцыямі дэталяў) расказвае пра асноўныя накірункі іх творчых зацікаўленняў. Найболей удала, як мне падаецца, гэта атрымалася ў экслібрысах Уладзіміра Савіча і Валерыя Славука. Хто ведае аформленыя імі кніжныя выданні, то адразу нават назвы кніг узгадае, якія падштурхнулі да развіцця і фантазію Міколы Рыжага. 

Стылістычна падобныя, даволі складанымі падаюцца экслібрысы, якія Рыжы выканаў для кнігазбораў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага. Стварэнне кніжных знакаў адносіцца да сярэдзіны 1980-х гадоў. Мастак «перачытаў», пераклаў на сваю графічную мову творы і М. Савіцкага, і В. Быкава. І яшчэ дапоўніў кніжныя знакі партрэтамі іх уладальнікаў. І хаця яны выглядаюць як самастойныя працы, усё ж такі адчуваецца еднасць гэтых партрэтаў з астатнімі малюнкамі. 

... У свой час, у 2012 годзе, выдавецтва «Навуковы свет» спраектавала серыю невялікіх памерам альбомаў «Беларускі ex libris». Выйшлі кнігі з выявамі кніжных знакаў работы Генадзя Вяля, Міколы Селяшчука, Юрыя Якавенкі, Арлена Кашкурэвіча, Ганны Ціханавай. Тыраж у кожным з выпадкаў складаў 99 асобнікаў. 33 з іх нумераваныя і ўключалі арыгінальны экслібрыс. Была запланаваная і кніга Міколы Рыжага. Нават не толькі запланаваная, але і звярстаная была... Але прайшло дзесяць гадоў — кніга-альбом, прысвечаная майстру экслібрыса, так і засталася ў планах. Можа быць, яшчэ прыйдзе і яе час?! І тады, несумненна, кнігазбіральнікі, бібліяфілы, калекцыянеры кніжных знакаў атрымаюць асалоду ад сустрэчы з прыгожымі і шматслоўнымі экслібрысамі Міколы Рыжага. 

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.