Вы тут

Качанава: Беларусь і Расія не проста дружалюбныя краіны, мы родныя па духу людзі


Беларусь і Расія не проста дружалюбныя краіны, мы родныя па духу людзі, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, перадае БелТА.


Сёння праходзіць сустрэча старшынь Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі Наталлі Качанавай і Валянціны Матвіенкі з кіраўнікамі органаў дзяржаўнай улады рэгіёнаў Беларусі і суб’ектаў РФ.

«Шчыра рада вітаць вас на беларускай зямлі, у выдатным горадзе Гродна. Найперш хачу падзякаваць вам за тое, што вы адгукнуліся на наша запрашэнне і прымаеце ўдзел у IX Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Адносіны паміж Беларуссю і Расіяй заўсёды былі і застаюцца дружалюбнымі. Мы не проста дружалюбныя краіны, мы родныя па духу людзі. Мы тыя, хто працуе цесна ўжо шмат гадоў. І, вядома, наша супрацоўніцтва сёння развіваецца абсалютна па ўсіх напрамках і яно выйшла на абсалютна новы ўзровень», — сказала Наталля Качанава.

У многім дзякуючы той рабоце, якую праводзяць прэзідэнты нашых краін, нашы ўрады, нашы ведамствы, кіраўнікі рэгіёнаў і парламентарыі, адзначыла спікер. «Дадатковым стымулам у нашым супрацоўніцтве стала падпісанне на Вышэйшым дзяржаўным савеце Саюзнай дзяржавы 28 праграм», — дапоўніла яна.

«Дзявяты раз мы збіраемся на такую сустрэчу. Гэты форум вельмі запатрабаваны, таму што ён прыносіць рэальную карысць для нашых рэгіёнаў, у цэлым для нашых краін. Упэўнена, ён будзе далей пашырацца і развівацца», — у сваю чаргу адзначыла Валянціна Матвіенка.

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ўносіць вялікі ўклад у развіццё нашага супрацоўніцтва

«Тая сітуацыя, якая складваецца сёння вакол Беларусі і Расіі, садзейнічае таму, каб нашы краіны і рэгіёны яшчэ больш цесна супрацоўнічалі. Несумненна, важкі ўклад у развіццё нашага супрацоўніцтва ўносіць Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Жыццё пацвердзіла, што правядзенне такога мерапрыемства абгрунтавана. Гэта было правільна прынятым рашэннем шмат гадоў таму і сёння мы бачым рэальныя вынікі, якія ёсць у супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні паміж нашымі краінамі. Гэта больш як 400 падпісаных пагадненняў, тысячы кантрактаў, па якіх сёння працуюць нашы рэгіёны, нашы суб’екты гаспадарання», — сказала Наталля Качанава.

Спікер падкрэсліла: «Я шчыра рада таму, што сяброўскія адносіны звязваюць нашы гарады-пабрацімы. Пабрацімскія сувязі сёння ўстаноўлены паміж нашымі гарадамі, раёнамі. Гэта вельмі важна, і гэтыя пагадненні, кантракты прырастаюць з году ў год», — адзначыла яна.

«Мерапрыемствы форуму прысвечаны заўсёды абмеркаванню найбольш актуальных і запатрабаваных тэм. І сённяшняя тэма — рэгіянальнае супрацоўніцтва ў паглыбленні інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы — як ніколі актуальная. За гэтыя дні ў нас ужо праведзена дастаткова шмат мерапрыемстваў, падпісаны кантракты, пагадненні, праведзены двухбаковыя сустрэчы. Мы правялі выдатную выставу, дзе ўбачылі тыя дасягненні, якія ёсць сёння ў нас, і паказалі тую інтэграцыю, якая ёсць паміж нашымі краінамі. Гэта вельмі важна для нас. Таму што супрацоўніцтва ў эканоміцы, мабыць, гэтае асноватворнае на сённяшнім этапе», — дапоўніла Наталля Качанава. — Важна, што ў рамках форуму традыцыйна праходзіць гэтае мерапрыемства, якое за адным сталом аб’ядноўвае кіраўнікоў рэгіёнаў Беларусі і Расіі, заканадаўчай улады, калі мы разам можам падзяліцца досведам, які ёсць у нашым супрацоўніцтве, агучыць тыя праблемы, якія маюцца ў тых узаемадзеяннях, якія складаюцца паміж нашым і краінамі».

Матвіенка: Міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі вельмі эфектыўна па ўсіх напрамках

«Рэгіёны ўносяць вельмі істотны ўклад у пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі і, безумоўна, уносяць вялікі ўклад у рэалізацыю тых дарожных карт, якія падпісаны нашымі прэзідэнтамі па інтэграцыйнаму будаўніцтву, па будаўніцтву Саюзнай дзяржавы. Я лічу, што рэгіянальны зрэз, міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне вельмі эфектыўна па самых розных напрамках у адпаведнасці з падпісанымі праграмамі», — сказала Валянціна Матвіенка.

Далей адбудзецца пленарнае пасяджэнне «Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў паглыбленні інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы» з удзелам кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, органаў дзяржаўнай улады, прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі і Расіі.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?