Вы тут

Іван Навуменка «Вайна каля Цітавай копанкі» і зборнік «Салодкія яблыкі»


Іван Навуменка. Вайна каля Цітавай копанкі. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021. 

Проза Івана Навуменкі вызначаецца жыццёвай мудрасцю, увагай да дэталей. Народны пісьменнік Беларусі малюе характары, якія надоўга застаюцца ў памяці. У творах, якія ўвайшлі ў зборнік, Іван Навуменка распавядае пра дзяцінства сваіх аднагодкаў, апаленае вайной, пра іх заўчаснае сталенне.


Пятрусь Цімашэнка выдатна вучыўся і збіраўся стаць гісторыкам. Калі ў мястэчка прыйшлі фашысты, юнак сышоў у партызанскі атрад. За гэта ворагі расстралялі яго сям’ю («Мой сябар Пятрусь»).

Для героя «Сямнаццатай вясны» першае каханне пераплялося з першым у яго жыцці гераічным учынкам — хлопец і яго сябры пусцілі пад адхон цягнік з гітлераўцамі. У творы «Мяшок белага наліву» аўтар паказвае, колькі пакут і нястачы выпала на долю жанчын і дзяцей — тых, хто чакаў сваіх родных з вайны.

Апавяданне пра прыгоды школьных сябрукоў «Як мы лавілі шпіёна» заканчваецца нечакана трагічна: высвятляецца, што пазней адзін з хлопцаў і настаўніца, пра якіх вядзецца расповед, загінулі на фронце. «Настаўнік чарчэння», «Хлопцы самай вялікай вайны» працягваюць тэму барацьбы і ахвяр, прынесеных нашым народам дзеля Перамогі.

У аповесцях «Вайна каля Цітавай копанкі» і «Пераломны ўзрост» героі вымушаны сутыкнуцца з несправядлівасцю і здрадай, але сапраўднае сяброўства ў рэшце рэшт перамагае. 

Апавяданне «Жуль Верн» — пра вялікую прагу да ведаў, да чытання, якая прымушала хлапчука ісці на любыя хітрыкі, каб толькі завалодаць жаданай кнігай. Пакаленне школьнікаў трыццатых гадоў адметнае не толькі выпрабаваннямі, якія выпалі на іх долю, але і стаўленнем да кнігі як да вялікай каштоўнасці.

Салодкія яблыкі. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2020.

У зборнік увайшлі творы васьмі класікаў нашай літаратуры: Вячаслава Адамчыка, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Караткевіча, Івана Навуменкі, Івана Пташнікава і Міхася Стральцова.

Апавяданні шырока вядомыя, гэта дабротная, стылістычна дасканалая псіхалагічная проза. Скразная тэма зборніка — трагічныя выпрабаванні, якімі поўніцца беларуская гісторыя. Апавяданне Вячаслава Адамчыка, якое дало назву кнізе, расказвае не пра слодыч пладоў, а пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны: паліцаі забралі ў вяскоўца каня, а самога гаспадара застрэлілі, калі той спрабаваў збегчы да партызан. Бяскрыўдны вясковы дзівак Марцін Дзікуць з апавядання «Дзікі голуб» гіне ад рукі Клемуса Войны, які ўзбагаціўся на рабаванні маёмасці расстраляных фашыстамі яўрэяў.

Герой «Сірочага хлеба» Янкі Брыля, хлопчык Данік з Заходняй Беларусі, падчас яе ўваходжання ў склад Польшчы зазнаў у школе прыніжэнні і здзекі за сваё жаданне заставацца беларусам, за любоў да роднай мовы.

Драматычны эпізод вайны разгортваецца перад намі ў «Страце» Васіля Быкава, і як бы ў працяг — пасляваеннае жыццё старой Тэклі з «Незагойнай раны», якая не можа змірыцца з гібеллю сына на фронце. У аповесці «Лісце каштанаў» Уладзіміра Караткевіча мы бачым Кіеў, толькі што вызвалены ад гітлераўцаў, вачыма падлетка, — яго таварышы па гульнях нават у снах не могуць забыцца на сваё «апаленае, забітае вайной, знявечанае юнацтва», а напрыканцы гінуць ад пакінутых немцамі мін: вайна, якая скончылася, працягвае калечыць і забіваць. Гіне ад рук захопнікаў таленавіты Апалінарый Феактыставіч, а яго вучань Косця, што стаў ваенным лётчыкам, помсціць за яго ворагам («Настаўнік чарчэння» Івана Навуменкі).

Варта прачытаць усе тэксты зборніка, каб яшчэ раз усвядоміць, якую цану заплацілі беларусы за мір, за права быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.