Вы тут

Страсць, якая не слабее з гадамі. Навошта патрэбна сяброўства?


Неяк неўзаметку ў сістэме каштоўнасцяў сучаснікаў сяброўства сышло з лідыруючых пазіцый. Людзі аптамізуюцца, менш шануюць чалавечыя сувязі. Ці шчаслівейшымі яны ад гэтага становяцца? Не думаю. Здаецца, мы праз гэта толькі губляем.


Фота: pixabay.com

Без сяброў мяне — ледзь-ледзь, а з сябрамі — многа

Нават каханне — такое неабходнае кожнаму пачуццё — усё ж такі мае на ўвазе некаторыя «гульні», маніпуляванне. Сяброўства ж у ідэале патрабуе наўзамен толькі сяброўства: яно пазбаўлена ўсякай утылітарнасці, прагматызму. Яно мае на ўвазе глыбокі давер, адкрытасць, роўнасць, поўнае прыманне іншага чалавека з усімі яго асаблівасцямі, плюсамі і мінусамі. Памятаеце, як спяваецца ў дзіцячай песні: «Без сяброў мяне — ледзь-ледзь, а з сябрамі — многа»? Чалавек можа па-сапраўднаму зразумець сябе, свае добрыя якасці і недахопы толькі праз адносіны з іншымі людзьмі. Сябры — гэта люстэрка, гледзячыся ў якое, мы аб’ектыўна ацэньваем сябе. Яны пацвярджаюць нашу значнасць, побач з імі мы адчуваем сябе больш упэўнена і абаронна ў жыцці. Сябры — лепшыя псіхатэрапеўты. Распавёўшы ім аб сваіх сумневах, болі, смутку, мы лягчэй і хутчэй спраўляемся з праблемамі. Падзяліўшыся сваёй радасцю і шчасцем, больш поўна і ярчэй перажываем іх. Абменьваючыся меркаваннямі, аб’ёмна бачым любую сітуацыю, больш аб’ектыўна ацэньваем падзеі і людзей. Мы развіваемся і расцём. Чым цікавейшыя, разумнейшыя, больш таленавітыя нашы сябры, тым лепшымі і цікавейшымі становімся і мы. Сябры бачаць адно ў адным здольнасці і адкрываюць адно аднаму новыя магчымасці. Такія адносіны шліфуюць, падцягваюць, удасканальваюць чалавека.

Менавіта сябры дапамагаюць захоўваць непаўторнасць нашай індывідуальнасці. Сябру можна адкрыць тыя свае бакі, якасці, перажыванні, погляды, якія не вельмі прымаюцца і ўхваляюцца грамадствам, калектывам, і пры гэтым не баяцца быць абсмяяным і раскрытыкаваным. Магчымасць быць сабой — адна з галоўных умоў умацавання псіхічнага здароўя. 

Ці дзеліцца сяброўства па гендэрнай прыкмеце?

У існаванні мужчынскага сяброўства звычайна не сумняваюцца. А вось што да жаночага... «Добрая сяброўка — гэта непрыгожая сяброўка», «Твая сяброўка небяспечнейшая, чым сяброўка мужа», «Жанчыны сябруюць да першага мужчыны», «Сяброўства дзвюх жанчын — заўсёды змова супраць трэцяй» і г. д. Згадзіцеся, зусім непрывабнае ўяўленне. Увогуле, меркаванне аб тым, што жаночае сяброўства — гэта міф, вельмі распаўсюджана. Кожная жанчына, напэўна, можа ўспомніць рэальныя гісторыі таго, як адна сяброўка звяла ў другой жаніха ці мужа. Прыкладаў таго, як жаночае сяброўства трашчыць па швах, не вытрымаўшы выпрабаванняў, можна прывесці досыць. Але няўжо падобных гісторый не бывае ў адносінах мужчын?

— Асабіста я не падзяляла б сяброўства па прыкмеце полу, — кажа псіхолаг Святлана Цецярук. — Любыя адносіны залежаць перш за ўсё ад уласных якасцей кожнага, ад нашых прыярытэтаў, чаканняў, а яшчэ ад жыццёвых абставін, якія часам садзейнічаюць умацаванню чалавечых сувязяў або, наадварот, ствараюць перашкоды, падрываюць іх. Толькі час вызначае, ці можна адносіны паміж людзьмі назваць сапраўдным сяброўствам. Бывае, жаночае сяброўства аказваецца мацнейшым за мужчынскае. Часам адносіны паміж мужчынам і жанчынай больш адданыя, трывалыя, мацней, чым з чалавекам свайго полу. Справа іншая, што сяброўства мужчын з жанчынамі нярэдка перарастае ў каханне, у сямейныя адносіны.

Ёсць жанчыны, якія сябруюць толькі з жанчынамі: з мужчынамі яны не могуць падзяліцца сваімі сакрэтамі, з іх боку не сустракаюць такой ступені разумення. Іншыя выбіраюць у якасці сяброў мужчын: у іх характары звычайна шмат мужчынскіх рыс і якасцяў — ім не падабаецца пляткарыць, інтрыгаваць, яны прамалінейныя і настойлівыя, цікавяцца палітыкай, спортам і г. д. А ёсць мужчыны і жанчыны, якія аднолькава паспяхова сябруюць з прадстаўнікамі свайго і процілеглага полу, знаходзячы ў адносінах з кожным тое, што іх узбагачае.

Мы выбіраем, нас выбіраюць

У жыцці сустракаюцца ўнікальныя гісторыі сяброўства — паміж людзьмі розных сацыяльных пластоў, узросту, узроўняў адукацыі, фінансавых прыбыткаў. Але часцей за ўсё сябра знаходзяць са свайго «паба», блізкага па сацыяльным, фінансавым статусе, адукацыйным, інтэлектуальным узроўнях.

Для сяброўства выключна важна падабенства светапоглядаў, маральных якасцяў, духоўных каштоўнасцяў. У гэтым сэнсе прымаўка: «Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты» абсалютна дакладная. Гуманіст і прыхільнік грубай сілы ніколі не праявяць цікавасці адзін да аднаго. А вось што датычыцца псіхадынамічных, тэмпераментных асаблівасцяў, то тут сябры могуць быць зусім непадобнымі, тым самым дапаўняючы і кампенсуючы адзін аднаго. Як часта запальчывыя, энергічныя халерыкі выдатна ладзяць з ураўнаважанымі, памяркоўнымі, нават марудлівымі флегматыкамі, а жыццярадасныя сангвінікі — з меланхолікамі.

У многіх людзей самыя лепшыя сябры — з юнацтва. Гэта не выпадкова. Менавіта ў юнацтве мы пачынаем усведамляць сябе, сваю індывідуальнасць, актыўна шукаем сваіх аднадумцаў, фармуем кола стасункаў. Пазней, стаўшы дарослымі, шмат у каго на гэта ўжо не хапае часу і душэўных сіл. Хоць па-сапраўднаму свабодныя асобы адкрыты да сяброўства і ў сталыя гады.

Знайсці сваяка па духу можна ў любым узросце.

— Бывае, што юнацкае сяброўства з часам распадаецца ў сілу жыццёвых абставін, растанняў на доўгія гады. Часам адносіны разбураюцца з-за таго, што адзін чалавек імкліва развіваецца як асоба, паспяхова будуе кар’еру, ідзе ў гару, а іншы спыняецца ў сваёй эвалюцыі: ім становіцца папросту нецікава адно з адным, ім няма пра што размаўляць, акрамя як пра сваё мінулае, — адзначае Святлана Цецярук.

Ніхто не будзе, думаю, спрачацца з тым, што сябар спазнаецца ў бядзе. Але ён спазнаецца і ў радасці. Наогул без падзеленых эмоцый няма сяброўства.

Калі чалавек не можа падзяліць з табой тваё шчасце, трыумф перамогі, горыч паразы, бяду, то наўрад ці варта падтрымліваць з ім адносіны. Канкурэнцыя, зайздрасць, эгаізм і эгацэнтрызм — пачуцці, якія супрацьпаказаны сяброўскім адносінам.

— Зразумела, нават у самага шчырага і моцнага сяброўства бываюць перыяды ўзлёту і спаду, здараюцца непаразуменне і крыўды адно да аднаго, — звяртае ўвагу Святлана Цецярук. — Але калі людзі шануюць адносіны, яны звычайна знаходзяць у сабе сілы падняцца над сваімі крыўдамі, даруюць адно аднаму нейкія няслушныя крокі і неабдуманыя ўчынкі.

Сяброўства партрабуе вялікай працы і пэўнага таленту. Калі хочаш яго захаваць, трэба праяўляць велікадушнасць, быць гатовым да адказнасці за свае словы і ўчынкі, да таго, што часам давядзецца ахвяраваць сваімі інтарэсамі і часам.

Сяброўства — рэальнае і віртуальнае

У розныя часы і ў розных культурах адносіны паміж людзьмі маюць свае асаблівасці, будуюцца паводле сваіх правілаў. У сучасным свеце ў многіх з нас у сацыяльных сетках сотні, а то і тысячы «фрэндаў». Зразумела, гэта вядзе да некаторай падмены паняццяў. Павярхоўныя кантакты не здольныя «канкурыраваць» з глыбокімі чалавечымі сувязямі. Адзін сапраўдны рэальны сябар, упэўнена, значна каштоўнейшы і важнейшы за дзясяткі віртуальных.

Ведала мужчын, сяброўства якіх вымяралася дзесяцігоддзямі, была праверана агнём, вадой і меднымі трубамі, і яны адзначалі: нават калі яны нічога не гавораць адзін аднаму, а проста маўчаць разам — іх гэта вылечвае, узбагачае, дае сілы. Наўрад ці такая глыбіня ўзаемаразумення і ўзаемапранікнення можа быць дасягнута ў віртуальным свеце. 

— Сёння дастаткова меркантыльны час. Для многіх матэрыяльныя каштоўнасці значна важнейшыя за духоўныя, — падкрэслівае Святлана Цецярук. — Гэта непазбежна адбіваецца на адносінах. Сапраўднае бескарыслівае сяброўства сустракаеш рэдка. Значна часцей — яго імітацыю, калі адносіны дыктуюцца разлікам і пошукам асабістай выгады. 

Вядома, сяброўства — не хлеб надзённы. Можна, верагодна, пражыць і без яго. І ўсё ж... І ўсё ж без яго жыццё значна менш цікавае. Кожны, у каго быў хоць бы адзін сябар, думаю, пагодзіцца са мной — гэта вялікі дар, вялізная каштоўнасць. І правільна сказаў нехта з вялікіх: «Сяброўства — адзіная страсць, якая не слабее з гадамі».

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.