Вы тут

Доктар Люсі і Катай. Яны адзіныя выжылі і расказалі ўсю праўду пра дзейнасць Мінскага падполля


Людміле Кашычкінай і Канстанціну Грыгор'еву было наканавана выжыць, каб расказаць усю праўду аб Мінскім падполлі. Да канца 1950-х тэма Мінскага падполля была пад забаронай. Героямі падпольшчыкаў таксама ніхто не лічыў. Яшчэ, наадварот, іх дзеянні ў гады акупацыі ставіліся пад сумненне...


У падпольнай друкарні.

Задумка нямецкіх спецслужбаў па дыскрэдытацыі Мінскага падпольнага гаркама ўдалася — кіраўніцтва Цэнтральнага штаба партызанскага руху аб'явіла яго цэнтрам, створаным гестапа. Пасля вызвалення Мінска органамі дзяржаўнай бяспекі было арыштавана звыш 200 удзельнікаў Мінскага падполля, якіх падазравалі ў супрацоўніцтве з акупантамі. Многія з іх атрымалі рэальныя тэрміны зняволення.

Доўгія гады мінскія падпольшчыкі змагаліся за аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Шматлікія пасяджэнні, падчас якіх свае паказанні давалі жывыя ўдзельнікі антыфашысцкай барацьбы, сведкі гераічных учынкаў падпольшчыкаў, прынеслі свой плён — толькі ў верасні 1959 года дзейнасць Мінскага падпольнага гаркама была рэабілітавана. Многія падпольшчыкі атрымалі ўзнагароды. Уладзіміру Амельянюку, Івану Кабушкіну, Ісаю Казінцу, Мікалаю Кедышку і Яўгену Клумаву пасмяротна прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Пры жыцці «Залатую Зорку» атрымалі ўдзельніцы аперацыі па ліквідацыі генеральнага камісара Беларусі Кубе: Алена Мазанік, Марыя Осіпава і Надзея Траян. Імёны некаторых падпольшчыкаў носяць мінскія вуліцы. І самым галоўным прызнаннем укладу Мінскага антыфашысцкага падполля ў Вялікую Перамогу стала прысваенне беларускай сталіцы ганаровага звання «Горад-Герой» — адпаведны ўказ быў падпісаны 26 чэрвеня 1974 года, праз 30 гадоў пасля вызвалення Беларусі...

Першыя падпольшчыкі

Аднак не ўсе мінскія падпольшчыкі атрымалі прызнанне. Подзвігі многіх з іх да гэтага часу засталіся недаацэненымі і незаслужана забытымі. Сярод іх — Канстанцін Грыгор'еў і Людміла Кашычкіна, якія стаялі каля вытокаў Мінскага падполля. Патрыётаў звязвала не толькі агульная справа: Канстанцін і Людміла з'яўляліся мужам і жонкай. Нягледзячы на шматлікія выпрабаванні і пакуты, якія выпалі на іх лёс, ім не толькі пашчасціла выжыць, але і захаваць свае пачуцці.

Канстанцін Грыгор'еў уваходзіў у адну з першых падпольных арганізацый, створаных у Мінску, — групу нафтавікоў. Разам з Ісаем Казінцом, Георгіем Сямёнавым і Сцяпанам Зайцавым быў адным з першых членаў Мінскага падпольнага гаркама. З Казінцом Грыгор'еў быў знаёмы яшчэ да вайны. Яны працавалі ў «Белгалоўнафтазбыце». Грыгор'еў — кіраўніком, Казінец — інжынерам.

— Ісай Паўлавіч, які выхоўваўся ў дзіцячым доме, дзе яго называлі Валерыем, па першым часе жыў у нашай сям'і, — расказвае Наталля Канстанцінаўна, дачка падпольшчыка Грыгор'ева. — Пасля бацька выдаў яму прызначэнне на пасаду галоўнага інжынера Беластоцкай канторы нафтазбыту.

Праўда, на новае месца працы будучы Герой Савецкага Саюза так і не прыбыў — пачалася Вялікая Айчынная вайна...

Бежанцы, сярод якіх была і сям'я Грыгор'евых, пакідалі Мінск. Пад Смалявічамі дарогу перарэзаў нямецкі дэсант. Прыйшлося вяртацца.

— Калі прыйшлі, на месцы нашага дома ляжала груда бітай цэглы, — працягвае хоць і маленькая, але сведка тых падзей (Наталля Грыгор'ева нарадзілася ў 1938 годзе). — На ацалелым куце сцяны было напісана: «Дзе вы? Я знаходжуся на вуліцы Берсана, 12. Валерый».

... Ужо 8 ліпеня 1941 года ў садзе каля аднаго з дамоў па Чэрвеньскім тракце адбылася сустрэча нафтавікоў, на якую прыйшлі Ісай Казінец, Канстанцін Грыгор'еў, Георгій Сямёнаў і Вячаслаў Нікіфараў, які, дарэчы, пазней быў адным з рэдактараў падпольнай газеты «Звязда». Падпольшчыкі абмеркавалі, як яны будуць дзейнічаць і з кім устанаўліваць сувязь. Неўзабаве іх стала больш — да групы нафтавікоў далучылася група чыгуначнікаў.

Як расказвае Наталля Грыгор'ева, у лістападзе 1941 годзе ў адным з дамоў па вуліцы Лугавой на сумеснай нарадзе быў выбраны кіруючы цэнтр. «Паколькі падпольшчыкі спадзяваліся, што гаркам партыі дзесьці існуе, то свой орган вырашылі назваць дадатковым партыйным камітэтам, — удакладняе яна. — Членамі камітэта былі абраны Ісай Казінец (мянушка Слаўка), Георгій Сямёнаў (Жук), Сцяпан Зайцаў (Заяц), Канстанцін Грыгор'еў (Катай). Сакратаром гаркама — Слаўка Пераможа. Сувязной у Казінца была Лёля Равінская, а ў Грыгор'ева — мая маці, якой далі мянушку Вавёрка.

Як аказалася, кіруючага цэнтра ў Мінску не было. Самі таго не ведаючы, патрыёты ўзялі ў свае рукі кіраўніцтва шырокай сеткай падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый. Падпольны гаркам стварыў тыпаграфію, дзе быў наладжаны выпуск перыядычнага лістка «Вестник Родины», кіраваў аперацыямі па вызваленні ваеннапалонных з лагераў. Падпольшчыкі збіралі зброю, боепрыпасы, адзенне і медыкаменты, якія адпраўлялі партызанам. Адзін за адным узнікалі новыя атрады народных мсціўцаў — акупанты адчулі, што ў горадзе ёсць сіла, якая перашкаджае ім ажыццяўляць свае злачынныя планы.

Акурат па ініцыятыве Мінскага падпольнага гаркама рыхтавалася масавае паўстанне. Патрыёты планавалі ўзброенае нападзенне на чатыры лагеры ваеннапалонных. Іх задачай было вызваліць вязняў. Каля трох тысяч вызваленых байцоў (а менавіта столькі людзей, па падліках падпольшчыкаў, утрымлівалася ў лагерах) маглі яшчэ да чырвонаармейцаў вызваліць Мінск. Аднак планы праваліліся...

Ужо пасля вайны тыя, хто выжыў, скажуць: у шэрагах патрыётаў знайшліся здраднікі. Недастаткова добра выконваліся і правілы канспірацыі. Да акупантаў трапілі дакументы, іншыя каштоўныя звесткі. Многіх падпольшчыкаў арыштавалі. У пачатку мая 1942 года кіраўніка Мінскага падпольнага гаркама Ісая Казінца публічна пакаралі ў Цэнтральным скверы. Безумоўна, гэта быў удар для падпольшчыкаў. Аднак яны не апусцілі рукі — помсцячы за сваіх таварышаў, падпольшчыкі яшчэ мацней білі па ворагу.

Сакратаром падпольнага гаркама другога склікання стаў Іван Кавалёў. Імя гэтага чалавека было рэабілітавана адным з апошніх: доўгі час Кавалёва лічылі здраднікам. Гаркам праіснаваў недоўга — разам з Кавалёвым былі арыштаваны іншыя падпольшчыкі. Трэці склад падпольнага гаркама пад кіраўніцтвам Савелія Ляшчэні ажыццяўляў сваю дзейнасць з партызанскага атрада.

«Не плач, я хутка буду дома»

Канстанцін Грыгор'еў — адзіны са складу падпольнага гаркама першага склікання, каму пашчасціла выжыць. «Палітыка была такая: хто застаўся ў жывых, той здраднік, — заўважае дачка падпольшчыка. — Для іх адкрываліся гулагі Сібіры. У адзін з іх трапіў і мой бацька. Разам з крымінальнікамі там утрымліваліся непажаданыя Сталіну камандзіры Чырвонай Арміі. Бацьку абвінавачвалі ў здрадніцтве сваёй жонкі, маёй мамы».

Яна, Людміла Кашычкіна, — таксама адна з нямногіх, хто выжыў. І гэта нягледзячы на тое, што неаднойчы падпольшчыца вісела на валаску ад смерці. З першых дзён вайны Людміла, якая, дарэчы, паходзіла з дваранскай сям'і, актыўна ўключылася ў барацьбу з ворагам. Адукацыя і сувязі маладой дзяўчыны, якая да акупацыі працавала ў Мінскім аблздраўаддзеле і была знаёмая з многімі медыцынскім супрацоўнікамі і фармацэўтамі, вельмі спатрэбіліся падчас падпольнай дзейнасці.

— Мама пазнаёміла медыкаў з Ісаем Казінцом і маім бацькам, — удакладніла дачка падпольшчыкаў. — Яны ўцягвалі адданых людзей у падпольную работу, асабліва тых, хто мог аказваць дапамогу падполлю ў абсталяванні медыцынскім інструментарыем і медыкаментамі, папаўняць партызанскія шпіталі. Мама распаўсюджвала лістоўкі, пераносіла камплекты лекаў і медыцынскага інструментарыю ў драўляныя баракі для перадачы іх у партызанскія атрады.

Адзін з мемарыялаў, прысвечаны Мінскаму падполлю.

Трапіла на вочы ворага і яна — у 1943 годзе Людмілу Кашычкіну арыштавалі. У СД яе моцна збівалі, расцягвалі на бярвёнах, садзілі на электрычны стул. У выніку прыгавор быў жорсткі — смяротнае пакаранне праз павешанне. Яна ўжо змірылася з прысудам, якога чакала ў камеры смяротнікаў. Аднак тое, што адбылося далей, інакш як цудам не назавеш. Кашычкіну выратаваў прафесар Клумаў. Вядомы доктар, падпольшчык, ён выкупіў дзяўчыну ў нямецкага следчага, які памяняў яе нумар на нумар памерлай партызанкі, якую павінны былі накіраваць у адзін з еўрапейскіх канцлагераў. Туды замест памерлай паехала Людміла.

— Цётцы Дашы, якая прытуліла мяне як сірату, перадалі інфармацыю аб перамяшчэнні калоны вязняў, і мы з ёй у чатыры гадзіны раніцы стаялі ў цэнтры развалін, — успамінае дачка Кашычкінай і Грыгор'ева. — Раптам я ўбачыла ў калоне маму. Я вырвала сваю руку з рукі цёткі Дашы і са словамі «мама, мамачка» кінулася да калоны. Калона спынілася, сабакі замерлі. Вязні падхапілі мяне і перадалі маме. Яна абдымала мяне, цалавала. Не плакала. Плакала я, прасіла яе вярнуцца. Яна сказала мне: «Дачушка, Наташанька, не плач, я хутка буду дома». Ахова стаяла моўчкі, перасталі брахаць нават і сабакі. Вязні па ланцужку перадалі мяне да цёткі Дашы. Яна падхапіла мяне і схавалася ў натоўпе.

Вяртанне на радзіму

Людміла Кашычкіна трапіла ў канцлагер Кроазет на беразе Ла-Манша. 18 сакавіка 1944 года французскае падполле арганізавала пабег, і яна далучылася да байцоў Супраціўлення.

— У Францыі маму называлі доктар Люсі, — расказвае Наталля Грыгор'ева. — Яна здабывала матэрыялы стратэгічнага прызначэння, выносіла з поля бою параненых, выходжвала хворых і параненых. Яе кар'ернаму росту можна было толькі пазайздросціць: лейтэнант, капітан, маёр.

Аднойчы Людміла Кашычкіна атрымала важнае заданне — зняць сакрэтны самалёт-беспілотнік. Зрабіць гэта трэба было з дапамогай мініяцюрнага фотаапарата. За паспяховае выкананне пастаўленай задачы генерал Шарль дэ Голь асабіста ўзнагародзіў беларуску французскі ордэнам Баявога крыжа.

Пасля вайны ў Францыі Людмілу Кашычкіну чакала паспяховая кар'ера, але больш за ўсё на свеце гэтая мужная жанчына хацела вярнуцца на радзіму — у Беларусі яе чакалі самыя родныя людзі, сярод якіх маленькая дачушка, якая ўвесь час расставання малілася, каб Бог выратаваў яе мамачку. Вось як сама Людміла Міхайлаўна апісвала сваё вяртанне дамоў: «Мы выскокваем з вагонаў, цалуем нашу зямлю, абдымаем. Памятаю, я была ў белым халаце, упала на зямлю, цалую яе і за пазуху жменямі кладу. Няўжо, думаю, я яшчэ калі-небудзь расстануся з ёй, такой роднай?»

Аднак на радзіме яе чакалі новыя выпрабаванні. Людміле Кашычкінай прапаноўвалі адмовіцца ад мужа, які на той момант ужо сядзеў у сталінскім лагеры. Аднак на ўсіх допытах яна аднагалосна сцвярджала, што ён шчыры і прыстойны чалавек. Падпольшчыца ездзіла да Канстанціна ў Сібір, а пасля яго вызвалення ўся іх сям'я качавала па Савецкім Саюзе — вяртацца ў Мінск Грыгор'еву забаранялася. Толькі ў 1959 годзе яго імя, як і імёны многіх мінскіх падпольшчыкаў, было рэабілітавана, і яны вярнуліся ў Мінск.

— Мама стойка пераносіла ўсе хваробы старасці, заўсёды ўсміхалася, і калі яе пыталі аб здароўі, адказвала, што ўсё добра, — успамінае дачка падпольшчыкаў. — Нават тады, калі зрываўся сардэчны рытм, яна спрабавала схаваць гэты факт і не падаваць выгляду, каб не псаваць жыццё навакольным. У Францыі, перад сустрэчай з Шарлем дэ Голем, яна перанесла аперацыю на пазваночніку, не зажывала кулявая рана на назе, але мама спрабавала роўнай хадой выйсці са строю, не кульгаць, не паказваць выгляду, што яна «калека».

Кожны з гэтай унікальнай сям'і зрабіў свой унёсак у агульную Перамогу, штодзень падчас акупацыі рызыкуючы сваім жыццём. І калі пра Людмілу Кашычкіну сёння вядома крыху больш — у прыватнасці, асобны раздзел падпольшчыцы прысвечаны ў экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, то памяць Канстанціна Грыгор'ева захоўваецца толькі ў сям'і. А так быць не павінна.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.