Вы тут

Выпускнікі педкаледжа атрымалі дыпломы на сцэне Купалаўскага


На славутай сцэне Купалаўскага 30 чэрвеня атрымалі дыпломы аб сярэдняй спецыяльнай педагагічнай адукацыі выпускнікі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. А пачалося ўрачыстае мерапрыемства з цырымоніі ўскладання кветак да танка-помніка вызваліцелям беларускай сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, што побач з Домам афіцэраў. Дарэчы, падобная акцыя перад атрыманнем дыпломаў праводзілася сярод выпускнікоў каледжа ўпершыню.


Гэты выпуск — ужо пяты па ліку. У бягучым годзе сталічная педагагічная супольнасць папоўніцца 122 новымі педагогамі: 71 выхавальнік дашкольнай адукацыі і 51 настаўнік пачатковых класаў. Па словах дырэктара каледжа Кацярыны Пятруцкай, сённяшнія выпускнікі — гэта творчыя, крэатыўныя, мэтанакіраваныя маладыя людзі. На працягу трох гадоў навучання яны праявілі сябе з найлепшага боку. Актыўна ўдзельнічалі ў грамадскай і навуковай дзейнасці, у прыватнасці ў мерапрыемствах па патрыятычным выхаванні моладзі. Займаліся валанцёрскай дзейнасцю.

Сёлетнія выпускнікі адзначыліся ў рэалізацыі разнастайных праектаў, удастоеных грантаў Мінскага гарвыканкама. Напрыклад, праект пад назвай «Тэатральная педагогіка» — правядзенне ўрокаў на сцэне сталічных тэатраў, сустрэчы з цікавымі творчымі людзьмі, прагляд тэатральных пастановак з пастаўленай метадычнай задачай. Другі праект носіць назву «Валанцёрскае асяроддзе». Менавіта сённяшнія выпускнікі пачалі рэалізацыю дадзенага праекта і ўжо на першым курсе пачалі праходзіць адпаведную практыку ў якасці валанцёраў. Кожную сераду пасля заняткаў яны наведвалі ўстановы адукацыі, групы прадоўжанага дня, дзе аказвалі дапамогу педагогам у арганізацыі вольнага часу дзяцей.

Дарэчы, сёлета ў каледжы адбыўся першы выпуск навучэнцаў спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» па спецыялізацыі «Лагапедыя», настаўнікі пачатковых класаў маюць спецыялізацыю «Карэкцыйная работа». 

— Са 122 навучэнцаў курса 11 маюць дыпломы з адзнакай, — падкрэсліла Кацярына Аляксандраўна. — Усім выпускнікам дадзены рэкамендацыі для паступлення ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка альбо ў іншую вышэйшую навучальную ўстанову. Дарэчы, амаль усе выпускнікі нашага каледжа спрабуюць сілы ў паступленні ў ВНУ. Некаторыя — меньшая частка — выбіраюць дзённую форму навучання, але большасць імкнецца вучыцца на завочным аддзяленні ВНУ і сумяшчаць вучобу з працоўнай дзейнасцю.
Дадам, што амаль палова сёлетніх выпускнікоў маюць сертыфікаты дасягненняў, у якіх адзначаюцца ўсе дасягненні навучэнцаў. У першую чаргу — у вучобе, у інавацыйна-тэхнічнай, навуковай і творчай дзейнасці, што, на мой погляд, даволі немалаважна для будучага педагога.
Вельмі прыемна адзначыць, што сярод нашых выпускнікоў ёсць такія, як Крысціна Гладкова, Ганна Матушка і іншыя, якія з’яўляюцца ўладальнікамі дыпломаў І—ІІІ ступеняў міжнародных навуковых канферэнцый не толькі Рэспублікі Беларусь, але і Расійскай Федэрацыі, і Рэспублікі Казахстан. Публікацыі нашых студэнтаў змешчаны ў зборніках навуковых канферэнцый.

На працягу трох гадоў нашы дзяўчынкі ўдзельнічалі ў педагагічных чытаннях: «Сярэдняя спецыяльная адукацыя: традыцыі і навацыі», па выніках якіх друкуюцца зборнікі Нацыянальнай бібліятэкі, і «Спадчына беларускай педагогікі: ад Еўфрасінні Полацкай — да сучаснасці».
З гэтымі выпускнікамі звязана правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі «Педагогіка ў асобах», дзе вывучаецца творчасць вядомых педагогаў: Ушынскага, Сухамлінскага, іншых, іх уклад у сучасную педагогіку.

Адным словам, сёлетнія выпускнікі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа падчас вучобы праявілі сябе вельмі добра, усе нашы настаўнікі імі ганарацца, і ад усяго педагагічнага калекыву каледжа я хачу ім пажадаць поспехаў на вялікім прафесійным шляху.

Павіншаваць выпускнікоў каледжа ў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прыйшлі старшыня Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава, старшыня сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве з установамі адукацыі, протаіерэй Фёдар Поўны, дырэктар Купалаўскага тэтра Аляксандр Шастакоў.

Крысціна Гладкова, уладальніца дыплома з адзнакай:

— Мне вельмі пашанцавала, што на ўсім жыццёвым шляху, пачынаючы з дзіцячага сада, мне сустракаліся цудоўныя педагогі, настаўнікі, сапраўды выдатныя людзі. Менавіта яны прывілі мне любоў да педагогікі, і пад уплывам іх дзейнасці я зрабіла для сябе вынік, што таксама павінна стаць педагогам. І сёння я атрымала дыплом, які сведчыць, што я ўвайшла ў гэта вельмі паважанае ў грамадстве асяроддзе. Лічу, што педагогіка — не проста прафесія, а сапраўднае мастацтва. І да гэтай працы неабходна падыходзіць творча. У сваёй будучай працоўнай дзейнасці я пастараюся выкарыстоўваць усе веды, увесь вопыт, што я атрымала ў педагагічным каледжы.

Вучэбны працэс у каледжы быў вельмі насычаны. Але дзякуючы таму, што практычнай дзейнасці тут удзяляецца вялікая ўвага, магу адказна сказаць, што я поўнасцю гатова да самастойнай працы ва ўстановах адукацыі Фрунзенскага раёна сталіцы, куды мяне накіравалі пасля заканчэння каледжа. А яшчэ я планую паступіць ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка і атрымаць вышэйшую педагагічную адукацыю. Буду сумяшчаць вучобу і працоўную дзейнасць.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?