Вы тут

Вольга Шабельнік: Непахаваных салдатаў яшчэ ляжыць шмат


Вольга Шабельнік — архітэктар, маці дачкі-студэнткі, уладальніца двух катоў, якая амаль кожныя выхадныя і ўсе адпачынкі на працягу апошніх пяці гадоў прысвячае пошуку астанкаў непахаваных салдат Вялікай Айчыннай вайны. Валанцёр пошукавага руху Беларусі, які не атрымлівае за сваю пошукавую справу ніякага ўзнагароджання і самастойна нясе ўсе, звязаныя з гэтай справай, выдаткі. Мне стала цікава, што яна бачыць і перажывае падчас гэтых пошукаў. Вольга пагадзілася на шчырую гутарку.


Удзельнікі Вахты памяці: перакладчык з Санкт-Пецярбурга Галіна Савіцкая, архітэктар з Мінска Вольга Шабельнік і бортправаднік ААТ «Белавія» Юлія Ліцецкая (злева направа). Мясны Бор, 2019 год.

«Тое, што ўбачыла, нагадвала фільм у жанры «містыка»

— Вольга, раскажы пра сваю апошнюю паездку. Як гэта называецца?

— Ваенна-археалагічная экспедыцыя Міжнароднай «Вахты памяці — 2022» у Новасакольніцкім раёне Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Паднялі 175 байцоў, імя аднаго даведаліся дзякуючы медалю «За адвагу» — украінец Васіль Іосіфавіч Тэсля.

— Экспедыцыя адрознівалася ад іншых?

— На гэтай мне дазволілі ўдзельнічаць у штабах камандзіраў.

— Якая па ліку для цябе была гэта экспедыцыя?

— Менавіта экспедыцыя — чацвёртая з 2017 года. Мы прапусцілі 2020 год з-за пандэміі. Экспедыцыі звычайна арганізоўваюцца пошукавым рухам краін, на тэрыторыі якіх адбываліся баі Вялікай Айчыннай вайны. Як правіла, яны доўжацца некалькі тыдняў. Заяўляецца пералік удзельнікаў: атрады з розных рэгіёнаў Расіі, а таксама з іншых краін падаюць заяўкі, і валанцёрам, як я, не забаронена браць удзел.

Медаль, дзякуючы якой адноўлена імя паднятага сёлета ў Новасакольніцкім раёне Пскоўскай вобласці Расіі байца — ураджэнца Украіны Васіля Тэслі.

— Як сутыкнулася з гэтым рухам?

— Займалася генеалогіяй сваёй сям'і і шукала звесткі пра матчынага дзядзьку Канопліча Антона Уладзіміравіча з вёскі Дзярбінка Ельскага раёна. Ва ўзросце 22 гадоў у ліпені 1941 года ён быў прызваны ў армію і лічыўся прапаўшым без вестак. На ўстанаўленне яго лёсу мне спатрэбілася некалькі гадоў. Праз сацыяльныя сеткі пазнаёмілася з вядомым пошукавіком Аляксеем Кісліцыным, які працуе з нямецкімі архівамі. Ён знайшоў ідэнтыфікатар, па якім зрабіла запыт у нямецкі архіў, там мне паведамілі лагерны нумар стрыечнага дзеда, абставіны, пры якіх ён трапіў у палон (5 ліпеня ў Луцку), назвы рабочых каманд, у складзе якіх лічыўся, і выслалі яго фатаграфію, зробленую для карткі ваеннапалоннага, яна аказалася адзінай у сям'і. Гэты адказ я чакала 9 месяцаў і атрымала яго, калі вярнулася з першай сваёй ваенна-археалагічнай экспедыцыі ў Карэлію.

Цяпер мы ведаем, што Антон Канопліч пахаваны на брацкіх могілках Шталага — XВ у нямецкім горадзе Замбасцель. Нам даслалі фота мемарыяла, дзе ўвекавечана яго імя, архіўныя фота лагера і кантакты даглядчыка могілак. Баракі там стаяць дагэтуль.

Поспех у гэтым пошуку і набытыя кантакты падштурхнулі дапамагаць шукаць іншых людзей.

Картка ваеннапалоннага Антона Канопліча — стрыечнага дзеда Вольгі Шабельнік, якая праліла святло на яго лёс праз 76 гадоў.

— Хто запрасіў на першую вахту?

— Сама напрасілася. Прачытала кнігу Аляксандра Савельева «Пахавальная каманда», знайшла яго ў сацыяльных сетках і спытала, ці можна з ім на вахту. Ён пагадзіўся. Калі ўжо села ў цягнік, мне адразу захацелася выйсці, адчула, што пагарачылася ў сваіх патрыятычных памкненнях, падумала, што ўвязваюся ў незразумелую аферу, еду невядома куды, стала страшна, успомніла, што ў мяне на ўтрыманні дачка і два каты. Вырашыла: выйду ў Жодзіне, а Савельеву скажу, што спазнілася на цягнік або забыла пашпарт. Але з-за таго, што напярэдадні з-за нерваў не спала двое сутак, лягла і адразу заснула і прачнулася ўжо на граніцы...

Тое, што ўбачыла ў Карэліі, нагадвала фільм у жанры «містыка»: усе пазіцыі, бліндажы, траншэі, калючы дрот на балоце захаваліся, толькі людзі зніклі. Мы працавалі на гары Ганкашваара — пасярод балота невялікая выспа, узгоркі пад Лагойскам вышэйшыя. Калі ідзеш па балоце, усё пад табой калышацца. Калі рыдлёўкай праткнуць мох, вада выпырсквае фантанам, а мох можна скруціць дываном і адразу пад ім убачыць салдата.

Ёсць салдаты, якія захаваліся добра, амаль цалкам, нібы загінулі ўчора, і ёсць такія, ад якіх засталіся толькі пазногці ад вялікіх пальцаў у чаравіках. Ад усяго астатняга толькі відаць адбітак на зямлі, дзе ляжала цела, падобны на цень, і месца гэта быццам алеістае.

Спачатку шакіравала ўсё: што ляжу пасярод лесу, што ў дзве гадзіны ночы бачу вясёлку, што сонца не заходзіць, што бэз цвіце ў жніўні, што пад мохам можна намацаць лёд, што вару на кастры... Была перапоўненая ўражаннямі.

І адчуванне прысутнасці некага, акрамя ўдзельнікаў вахты. Здавалася, што хтосьці за табой назірае. Гэта не пужала. І на іншых вахтах такога не было.

Памятаю, як ляжу ў палатцы і думаю пра тое, што вакол мора непахаваных салдат, што бяру ў рукі іх косткі, разглядаю і перакладаю. Само гэта было неверагодным.

 У адным з раскопаў у Мясным Бару, Наўгародская вобласць Расіі, 2019 год.

«Было такое, што плячом бярозы валілі»

— Ты была адзінай жанчынай?

— Жанчын, як правіла, шмат і ўсе розныя. Журналістка з Рыбінска, сакратар вясковай школы з-пад Ноўгарада, студэнтка, пенсіянерка, чые два дзяды загінулі ў тых мясцінах. Пазней пасябравала з Юляй, сцюардэсай.

Да гэтага мне здавалася: калі ўбачу чалавечыя косткі, то альбо страчу прытомнасць, альбо буду плакаць і не змагу да іх дакрануцца... Але там панавала такая атмасфера, што нічога з гэтага не здарылася, і я ў той жа дзень змагла спакойна працаваць з чалавечымі астанкамі. Пошукавікі звяртаюцца да іх вельмі цёпла: «Ну, пакажы, мужык, што там у цябе ў кішэньках? О, дык у цябе партыйны білет! І грошыкі яшчэ ў кашальку! Дык ты запаслівы!» Смех і жарты дапамагаюць навічкам хутка адаптавацца да спецыфікі работы. Дарэчы, да чалавечых астанкаў мы, пошукавікі, адносімся як да жывых людзей. Ніколі не кінем костку, нават маленькую, на пакет, дзе раскладаем астанкі. Калі не дацягваемся — падымаемся, падыходзім і кладзём. Заўсёды ёсць адчуванне, што гэта — жывы чалавек. Калі ўдаецца ўбачыць яго фатаграфію, знайсці потым сваякоў, тады ўвогуле з'яўляецца адчуванне прыналежнасці да яго лёсу.

— Сніліся?

— Ні разу. Хоць я чалавек эмацыянальны і ўражальны. Аднойчы прыснілася, што сяджу ў танку, сяброўка падае патроны, а я ёй кажу: «Юля, не бачу, куды страляць!». Яна адказвае: «Зараджай! Камандзір бачыць, куды страляць!».

Іменная лыжка, знойдзеная пры астанках байца ў балотах Карэліі. 2017 год.

На першай вахце быў выпадак: мы ўжо ляглі спаць у палатцы, стомленыя, раздражнёныя, на вуліцы дождж, і падчас правальвання ў сон пачула над левым вухам мужчынскі голас: «Хачу дадому!». Раніцай хлопец, з якім мы працавалі ў пары, кажа: «Пакажы пальцам, куды пойдзем», паказала, і мы знайшлі салдата, пры ім была лыжка, падпісаная прозвішчам «Ісачэнка». У той дзень мы яшчэ траіх паднялі, адзін з партбілетам, але засталася толькі вокладка, старонкі не чыталіся. Але такое было аднойчы.

— Табе дапамагалі ў першую тваю вахту?

— Вядома. Сама не магла рыдлёўку ўваткнуць. Зараз і падразаю, і знімаю, і зачышчаю — рыдлёўка ў мяне як працяг рукі. А ў першую вахту нам падрыхтавалі раскоп, і мы з дзяўчатамі нажамі ачышчалі косткі і падымалі. Было такое, што плячом бярозы валілі. Калі бачым, што шкілет пад каранямі, падразаем карані, плячом ціснем на дрэва. Першы мой самастойна, па ўсіх археалагічных правілах падняты «баец» — конь у вупражы. Гэта ўжо была другая мая вахта. У Карэліі сама байцоў не знаходзіла, але дапамагала падымаць знойдзеных. Наступным годам паехала ў Мясны Бор (вёска у Наўгародскай вобласці Расіі), дзе ўвесну 1942 года трапіла ў акружэнне і загінула 2-я ўдарная армія Волхаўскага фронту.

Мы хадзілі па лесе цэлы дзень. Знайшлі настрэл...

Перадача астанкаў Івана Байдака, які ў 1941 годзе загінуў пад Себежам Пскоўскай вобласці Расіі, яго роднай сястры Ганне Васільеўне з вёскі Строчыцы. 22 чэрвеня 2021 года.

— Што такое настрэл?

— Месца, усыпанае пустымі стрэлянымі гільзамі. На іх рэагуе металашукальнік, і гэта нагода шукаць байца. Мы ўсё акуратна выбралі, але гэта аказаўся конь.

— Наколькі ўдзел у раскопах небяспечны з пункту погляду санітарыі?

— У месцы, адкуль мы паднялі байца, за ноч збіраецца вада, мы бяром яе і выкарыстоўваем для ежы, піцця і мыцця. Ніхто не захварэў. Дзікія жывёлы больш небяспечныя. У Карэліі параўнальна недалёка ад месца, дзе мы працавалі, мядзведзь з'еў чалавека, і ад гэтага было не па сабе. Сама ніякіх жывёл не бачыла, але адбіткі ног лася вакол нашай палаткі раніцай знаходзіла.

Для мяне адкрыццём стала паходная лазня, якую прывезлі татары. Гэта палатка два на два з буржуйкай, дазваляе абмыцца цёплай вадой — раскоша!

У Беларусі працуем па запрашэнні мясцовых атрадаў пад абавязковым наглядам пошукавага батальёна Міністэрства абароны, Следчага камітэта, групы размініравання. Так што цалкам бяспечна. Летась ездзілі пад Полацк, Слонім, Жлобін, Жыткавічы.

Пахаванне абаронцаў Айчыны па выніках Вахты памяці ў горадзе Новасакольнікі Пскоўскай вобласці Расіі, 8 мая 2022 года.

— Чаму ў такія экспедыцыі бяруць валанцёраў?

— Думаю, па-першае, таму што яны — людзі не выпадковыя. Гэта асэнсаваны выбар і дакладнае разуменне пошукавай работы. Прыходзяць такія, як я — хто шукаў сваіх і вырашыў заняцца пошукам. І моладзь са спецыялізаваных арганізацый, студэнцкіх пошукавых атрадаў. Дарэчы, у Расіі ёсць добрая практыка набіраць у імянныя класы (у гонар земляка — героя) найлепшых вучняў. У такіх класах прэстыжна вучыцца. Непаўналетнім забаронена ўдзельнічаць у экспедыцыях, але яны дапамагаюць працаваць з архівамі, у музеях і праз гэту работу далучаюцца да пошукавага руху.

Па-другое, важна перадаваць эстафету. Бо тым, хто пачынаў займацца пошукам непахаваных байцоў (гэта было ў канцы 80-х гадоў), ужо за 70—80 гадоў, і патрэбны новыя людзі. А непахаваных салдатаў яшчэ ляжыць шмат. Канца не відаць. Была на канферэнцыі, дзе прыводзілі статыстыку: за адзін год паднялі дзясяткі тысяч салдат усе атрады ў сукупнасці на ўсёй тэрыторыі, дзе вяліся баявыя дзеянні: Польшча, Аўстрыя, Літва, Латвія, тэрыторыя СНД. І такая колькасць перапахавання штогод.

«Гэта адны з самых моцных эмоцый у жыцці»

— Чаму хаваць байцоў пачалі толькі праз 40—50 гадоў пасля заканчэння вайны?

— Для тых, хто перажыў вайну, смерць стала звычайнасцю. Задача была аднавіць краіну. Старажылы вёскі Мясны Бор на расійскай Наўгародчыне расказвалі, што пасля вяртання з эвакуацыі яны нават у лес не хадзілі, бо летам адтуль ішоў трупны пах. Потым сталі выцягваць адтуль тэхніку, бо патрэбны быў метал. Трэба памятаць і пра тое, што мужчын засталося мала, не было каму займацца перапахаваннем салдат, ды і мужчынскую работу тады рабілі жанчыны і падлеткі.

— Чаму цябе зацягнула?

— Даўгі сумлення. Шчыра кажу. Лічу, што па-чалавечы правільна, каб іх пахавалі з воінскім ушанаваннем, нават калі імя засталося невядомым. Каб аддалі салют, каб за іх памаліўся святар. Каб байцы набылі вечны спачын. Каб не былі забытыя.

— Што адчуваеш, калі пахаванне адбываецца праз 80 гадоў пасля гібелі?

— Плачу ўголас. Але гэта слёзы не ад тугі, не ад жалю, а ад урачыстасці моманту і ад адчування, што справядлівасць перамагла. Напэўна, гэта слёзы радасці. Калі пахаванне завершана, мне падаецца, што само паветра стала іншым. Лягчэй дыхаецца. Гэта адны з самых моцных эмоцый у жыцці.

Хвалююся, калі паведамляю сваякам. Гэта трэба рабіць вельмі далікатна. Яны спачатку не могуць зразумець, а потым не могуць паверыць... Гісторыі ёсць розныя. Бывае, што адмаўляюцца ад сваіх, не маюць цікаўнасці. Такога не павінна быць. Бывае, што дачка ўсё жыццё шукала звесткі пра бацьку, а калі мы яго знаходзім, губляецца, не ведае, што рабіць. Бывае, што дзве жанчыны з Казахстана з хворымі нагамі, за 60 абедзвюм, ідуць сем кіламетраў па балоце, каб пакласці далоні на месца, дзе 80 гадоў праляжаў іх дзед. Іншыя пошукавікі расказвалі, як пару гадоў таму паднялі байца, у гімнасцёрцы яго былі дзіцячыя цацкі: машынка і лялька. Дзеці далі на памяць. Знайшлі родных: сын не дачакаўся, але жывыя дачка і 98-гадовая жонка. Жонка з маманту расстання захоўвала кісет з тытунём, які ў спешцы забыла пакласці ў рэчы мужа. І калі яна паклала на вечку труны той кісет...

На перапахаваннях мы, жанчыны, адыходзім плакаць у бок, мужчыны таксама ідуць далей ад чалавечых вачэй.

Часта складваем у труны па 10 чалавек. Падзяліць іх немагчыма: усе косткі перамяшаліся, і мы толькі кладзём рэбры з рэбрамі, чарапы з чарапамі... І калі зробіш гэта, закрыеш вечка труны, то адчуванне, што яны дайшлі. Набылі спакой. Дзіўнае пачуццё. Думаеш: колькі іх там яшчэ, у палях, балотах, лясах і агародах, пад дарогамі... Але вось гэтыя ўжо супакоіліся. І ў самога нейкае супакаенне. Быццам падзякаваў ім. Яны замест цябе ляглі, а ты зараз іх сабраў акуратна і пахаваў.

— Відаць, як яны паміралі?

— Баец ляжыць з вінтоўкай, побач разарваны індывідуальны медыцынскі пакет, значыць, быў паранены. Па костках відаць старыя раны, якія ўжо зажылі на момант смерці — засталіся рубчыкі. Калі асколак захрас у тазавай косці — загінуў ад гэтага. Кулі ў рэбрах... Каска з захраслай куляй і адбіткам валасоў унутры, бо запякліся з крывёю. Па пэўных прыкметах, якія маюць чалавечыя астанкі, можна вызначыць узрост байцоў. Глядзіш і думаеш: тут зусім дзеці, а гэты — ужо вопытны, можа, і грамадзянскую прайшоў. Дзіўна, але да кожнага адчуваю нейкае мацярынскае пачуццё. Нібы тая бабуля, што клапатліва папраўляе каўнерык на гімнасцёрцы ўнука.

У баявых зводках ёсць інфармацыя пра атаку, колькасць асабовага складу, яе ход. Але ўсё роўна не магу ўявіць сабе тое пекла, якое там адбылося.

На гары Ганкашваара ў Карэліі. 2017 год.

— Калі заканчваецца экспедыцыя, што ты адчуваеш?

— Сяджу ў офісе і не разумею, што тут раблю. Хочацца хутчэй зноў у экспедыцыю. Для мяне гэта найлепшы адпачынак. У экспедыцыі мы ўсе роўныя, сапраўдныя, і задавальнення адчуваю больш. Таму апошнія гады выдаткоўваю на гэта амаль усе свае выхадныя, адгулы і працоўныя водпускі.

У горадзе чую размовы ў транспарце, гляджу на модную моладзь і думаю пра выпрабаванні, што выпалі на долю тых, хто ваяваў. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Мікулін — адзін з тых, хто выжыў пад Псковам, у сваіх «Успамінах пра вайну» пісаў, як яны галодныя спалі ў мокрых шынялях і валёнках, бо вогнішча раскласці было небяспечна, як прачыналіся па пояс у вадзе... У іх маглі, напрыклад, разбалецца зубы, якія не было каму лячыць, яны нічога не ведалі пра сваіх родных, а яны ж яшчэ выконвалі баявыя задачы і ў іх быў баявы дух.

Часам думаю пра тое, што многія інтарэсы сучаснага чалавека не маюць ніякай каштоўнасці.

— А што мае каштоўнасць?

— Дзеці. Новае пакаленне. Працяг роду. Яшчэ — простая ежа. Мне цяпер бессэнсоўнай здаецца вось гэтая гонка навокал. Ёсць дах над галавой, работа — і добра.

Вольга Шабельнік на Парадзе Перамогі ў Мінску, 2019 год.

— Захапілася вывучэннем гісторыі вайны?

— Гэта стала вытворчай неабходнасцю. Чытаю баявыя данясенні, аператыўныя зводкі, даведваюся пра ваенныя аперацыі, іх асаблівасці, страты. Але гісторыю заўсёды любіла і пра Вялікую Айчынную вайну дастаткова шмат ведала. Гэта было прывіта з дзяцінства. Наша пакаленне чула жывы голас ветэранаў. На жаль, моладзь не адчувае таго, што адчуваем мы.

— Што думаеш пра неапраўданыя страты ў той вайне?

— Не згодная з такім вызначэннем. Перамога шматнацыянальнаму савецкаму народу, на жаль, дасталася цаной неверагоднай, жудаснай колькасці ахвяр, але, я ўпэўнена, ніводная ахвяра не была дарэмнай і бессэнсоўнай. Часта так кажуць дылетанты. Сама вывучаю архіўныя дакументы, баявыя распараджэнні і магу рабіць пэўныя высновы. ...Хлопчыкі з тонкай шыяй, у касках, што матляюцца, учора яны танцавалі на выпускным балі, а сёння аказаліся на полі, дзе ад выбухаў не зразумела, дзе неба, а дзе зямля, яны аддалі свой доўг радзіме цалкам. Як і іншыя людзі, розных узростаў, заняткаў, полу, поглядаў, нацыянальнасцяў — усе аб'ядналіся, каб адстаяць сваю радзіму.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота з асабістага архіва Вольгі ШАБЕЛЬНІК 

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.