Вы тут

Дыялог і зорка памяці


Перад тым як паставіць свае подпісы пад дакументам, маладыя прадстаўнікі заканадаўчых Саветаў пры парламенце абедзвюх краін абмяняліся думкамі і выказалі жаданне больш поўна развіваць партнёрскія сувязі, асабліва зараз, ва ўмовах глабальных выклікаў. 


Фота grodnonews

Агульную пазіцыю выказаў старшыня Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Беларусі Ягор Макарэвіч. Ён зазначыў, што санкцыйны ціск у многім закранае і маладых людзей, бо скіраваны на тое, каб выклікаць недавер да кіраўніцтва сваёй краіны, урада. Таму важна, каб моладзь, у тым ліку маладыя парламентарыі, прадстаўнікі грамадскасці разумелі, наколькі важна аб’яднаць намаганні ў розных сферах. У большай ступені гэта датычыцца адукацыйных праграм, турыстычнага напрамку, інтэграцыі інфармацыйнай сферы.

— Логіка ў тым, каб маладыя лідары, якія тут прысутнічаюць, выкарысталі пляцоўку маладзёжнага парламента і былі арыентаваны на равіццё сяброўскага партнёрства. Падобны фундамент, які мы зараз закладваем, дапаможа у перспектыве захаваць усё тое, што напрацавана сёння, — зазначыў маладзёжны лідар.

А вось генерыраваць прапановы маладыя заканадаўцы могуць праз свае заканадаўчыя органы ў Беларусі і Расіі. Самае галоўнае, што ініцыятывы не застаюцца толькі на паперы. Цікавыя праекты знаходзяць падтрымку на самым высокім узроўні — як з боку кіраўніцтва краіны, так і дэпутацкага корпуса. Аналагічная падтрымка ёсць і ў маладых парламентарыяў з Расійскай Федэрацыі. 

— Мы працуем з дэпутатамі і маем магчымасць уносіць свае прапановы па тых ці іншых законапраектах, якія разглядаюцца. І калі нядаўна Расійская Федэрацыя прымала закон аб маладзёжнай палітыцы, мы дзяліліся сваімі напрацоўкамі па гэтай тэме. У нас узровень прававога ўрэгулявання маладзёжнай палітыкі даволі глыбокі, існуе адпаведны закон, які эфектыўна працуе. Гэта бачна на прыкладзе працаўладкавання і льготаў для маладых спецыялістаў. І мы гэтымі практыкамі дзелімся, — расказаў Ягор Макарэвіч.

Прыкладам узаемадзеяння паміж рэгіёнамі абодвух краін стаў праект па развіцці камфортнай гарадской інфраструктуры, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінска і Пермі. Праект быў прадстаўлены кіраўніцтву гарадоў і адзначаны ўзнагародамі.
Удзельнікі пасяджэння зазначылі, што заўсёды ахвотна дзеляцца паспяховымі практыкамі са сваімі калегамі, вучацца адно ў аднаго, пераймаюць вопыт. 

— Мы зацікавіліся праектамі, якія звязаны з лідарствам, глядзім, як будуецца работа нашых расійскіх калег з маладымі лідэрамі. У сувязі з гэтым два гады таму наш Маладзёжны парламент выступіў з нацыянальным праектам «Каманда будучага». Яго сутнасць у тым, каб знаходзіць маладых беларусаў у розных рэгіёнах краіны і дапамагаць ім удасканальваць іх лідарскія якасці. І ў далейшым суправаджаць з пункту гледжання кар’ернага і асабістага роста, — падзяліўся Ягор Макарэвіч. Ён упэўнены, што з трыбун форума прагучала нямала ідэй ад моладзі. Варта прыгадаць прапанову БРСМ аб адмене роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй. Ініцыятыва была агучана на папярэднім Форуме ў Маскве. 

Прадстаўнік расійскага боку згодны з тым, што Беларусь уносіць цікавыя і карысныя ідэі. 

— Мы ведаем, што ў Беларусі ёсць нямала цікавых напрацовак у адукацыі, культуры, спорце, — падкрэсліў старшыня Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Аляксандр Сапронаў. — Хочам абмяняцца вопытам і прымяніць гэтыя напрацоўкі ў нас. Напрыклад, мне вельмі падабаецца, што беларускія студэнты, якія толькі прыходзяць ў вну на першы курс, ужо ведаюць, дзе будуць працаваць. Гэта вельмі добры прыклад, калі чалавек уяўляе сабе сваю будучую прафесію. У Расіі гэта пакуль не так дакладна, але мы таксама збіраемся ў сябе такі падыход укараніць. 

Прыкладам міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў вобласці навукі можна назваць работу Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве. Гэта міждзяржаўная ўстанова знаходзіцца ў сістэме ўзаемадзеяння дзвюх дзяржаў. У сучасны момант — гэта буйны навуковы цэнтр, большасць факультэтаў этнічнага кірунку. Члены Палаты маладых заканадаўцаў, якія прадстаўляюць у Савеце Фэдэрацыі ўсе рэгіёны Расіі, са свайго боку могуць аказваць дапамогу па прыцягненні ў вну абітурыентаў, а таксама стаць звяном у ланцужку міжрэгіянальных сувязяў, у тым ліку і працаўладкавання.

Прадстаўнікі абодвух маладзёжных парламентаў акрэслілі агульную пазіцыю — варта пашыраць супрацоўніцтва і працягваць курс на інтэграцыю. Выказвалася прапанова аб неабходнасці агульных мераў падтрымкі для працоўнай моладзі абедзвюх краін, напрыклад, укараненне агульнай тарыфнай сеткі і сацыяльныя гарантыі.

Новыя кропкі росту вызначыў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў. Ён унёс прапанову па ўкараненні турыстычнага кэшбэка для грамадзян Расіі. Адзначалася, што на нядаўнім Беларуска-расійскім маладзёжным форуме, які прайшоў у Брэсце і сабраў прадстаўнікоў з усіх абласцей Беларусі і 20 рэгіёнаў Расіі, быў адноўлены праект па аблічбоўцы памятных месцаў. Гэта дасць магчымасць атрымаць інфармацыю і прыцягнуць расійскіх гасцей на гістарычныя аб’екты Беларусі, лічыць прадстаўнік беларускай моладзі. 

Трэба сказаць, што пасля пасяджання маладыя парламентарыі прынялі ўдзел у адкрыцці новай версіі праекта «Лічбавая зорка». Урачыстасць прайшла ў гарадскім парку імя Жылібера, ля Вечнага агню і помніка загінулым воінам. Для таго каб даведацца аб канкрэтных помніках Вялікай Айчыннай вайны, дастаткова адсканаваць QR-код, размешчаны на спецыяльным пюпітры.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.