Вы тут

У Камаях час спыняецца


У нашай Беларусі шмат розных цікавых мястэчак, якія вабяць да сябе сваёй гісторыяй і архітэктурнымі каштоўнасцямі. Гэтым летам, вандруючы раптам па Паазер’і, абавязкова зазірніце ў прыгожае мястэчка Камаі з дзіўнай гісторыяй і цікавымі гістарычнымі помнікамі. Не пашкадуеце! Тут праходзіць мноства турыстычных і экскурсійных маршрутаў. Актыўна наведваюць вёску Камаі і індывідуальныя вандроўнікі ды турысты, бо касцёл, які размешчаны тут, з’яўляецца адной з цэнтральных славутасцяў усяго рэгіёна.


Гэта невялікая вёсачка на Пастаўшчыне на беразе возера Камаі, дзе пачынаецца рака Камайка (правы прыток ракі Бірветы). Захаваліся звесткі пра тое, што Камайка была суднаходнай ракой. Па ёй сплаўлялі лес і быў пракладзены транспартны шлях. Раку ў гэтых мясцінах выкарыстоўвалі не толькі як транспартную артэрыю, але яшчэ і як ахоўны роў, які дазваляў абараняцца ад няпрошаных гасцей. Сёння Камайка ўжо амаль уся перасохла. Па былым рэчышчы бяжыць невялікі ручай. Але мясцовыя жыхары ставяцца да сваёй рэчкі і сваёй гісторыі вельмі паважліва. 

Існуе думка, што назва вёскі паходзіць ад фінскага слова kamai, што значыць «хлам», «буралом». Магчыма, пасля стыхійнага бедства берагі возера і ракі былі завалены бураломам, што стала прычынай з’яўлення такой назвы паселішча. У гэтай версіі ёсць і матэрыяльнае пацвярджэнне: у даваенны час (да Другой сусветнай вайны) на дне ракі Камайкі знаходзілі 12-метровыя карані дуба-тапляка.

Людзі на Камайшчыне з’явіліся даўно. Аб гэтым сведчыць старажытнае гарадзішча VII ст.—I-IV ст. н. э., якое знаходзіцца на левым беразе Камайкі.

У Камаях было шмат гаспадароў: князі Пронскія, шляхцічы Рудаміны-Дусяцкія, Сілістроўскія. Апошнія валодалі імі аж да ХХ стагоддзя.

А яшчэ ў вёсцы і сёння памятаюць імя вядомага ў Еўропе арганіста Браніслава Руткоўскага (1898–1964). Менавіта тут, у Камаях, у сям’і Юзафа і Марыі Руткоўскіх нарадзіўся хлопчык, які пазней стаў вядомым музыкантам. Ён іграў у Будапешце, Парыжы, Франкфурце, Бруселі. Быў рэктарам Вышэйшай музычнай школы ў Кракаве, стаў заснавальнікам фестывалю арганнай музыкі, які потым стаў міжнародным.

Ёсць у Камаях незвычайнай прыгажосці касцёл святога Яна Хрысціцеля. Гэтая архітэктурная і духоўная каштоўнасць уваходзіць у вельмі цікавы турыстычны маршрут, які распасціраецца ад горада Глыбокае да гарадскога мястэчка Лынтупы Віцебскай вобласці. Знаходзіцца сакральны будынак ў цэнтры вёскі на скрыжаванні дарог. Тут у сярэднявеччы сыходзіліся адразу пяць напрамкаў.

Будаўніцтва храма распачалося ў 1603 годзе, дзякуючы намаганням Рудамінаў-Дусяцкіх, і скончылася праз тры гады. Імя архітэктара невядома. Кажуць, што будаўніцтвам займаўся мясцовы майстар. Інтэр’ер храма абарончага дойлідства багата аздоблены. Касцёл славіцца старадаўнім арганам і абразам Чанстахоўскай Маці Божай, а таксама работай мастака Альфрэда Ромэра «Ісус Хрыстос і сірата» (1897). Дарэчы, тут у 2010 праходзілі вялікія ўрачыстасці, прымеркаваныя да 400-годдзя знаходжання ў святыні вядомага абраза Багародзіцы. Храм выстаяў падчас войнаў XVIII–XIX стст.: Паўночнай і 1812 года. І сёння ўражвае сваімі магутнымі круглымі вежамі. Пра былыя ліхалецці нагадваюць ў сценах святыні толькі ядры ад шведскіх гармат.

Недалёка ад храма можна ўбачыць вялікі каменны крыж, які лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю XV–XVI стст. У яго свая загадка: на адным з бакоў — трохвугольнае паглыбленне і чатыры рады ледзь прыкметных знакаў. Да цяперашняга часу так ніхто і не можа дакладна растлумачыць, што яны абазначаюць. Мясцовыя жыхары кажуць, што гэта крыж верхняга купала касцёла, які праваліўся пад зямлю, ратуючы людзей ад ворага. 

Звычайна, калі трапляеш у невялічкія мястэчкі і вёсачкі, ёсць адчуванне, што час спыняецца. Сапраўды, тэмп жыцця тут зусім іншы, але, можа, па гэтай прычыне такімі мясцінамі цікавяцца людзі, якія вандруюць па роднай краіне.

Надзея ЗУЕВА

Фота ўзята з інтэрнэт-крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.