Вы тут

У Магілёве вітаюць удзельнікаў «Цягніка Памяці»


Патрыятычная акцыя «Моладзь памятае!» у рамках расійска-беларускага праекта «Цягнік Памяці» працягваецца. Магілёў ўрачыста сустракаў удзельнікаў акцыі духавым аркестрам і «вальсам юнацтва.» 200 школьнікаў з Беларусі і Расіі ўжо аб’ехалі палову Беларусі і Расію і іх вялікае падарожжа набліжаецца да канца. Фінальны прыпынак 3 ліпеня ў сталіцы Беларусі Мінску. 


Як адзначаюць арганізатары, мэта гэтага двухтыднёвага падарожжа, ініцыяванага кіраўнікамі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі, яшчэ раз нагадаць пра ваеннае мінулае, садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню і аб’яднанню моладзі Беларусі і Расіі. 
Галоўны пасыл — беражыце сваю гісторыю, будзе адзіныя — чырвонай ніткай праходзіць праз увесь гэты сімвалічны маршрут.

Падарожжа вельмі насычанае, кожная гадзіна распісана па хвілінах. Яшчэ пазаўчора яны былі ў Маскве, сёння раніцай у Оршы, пасля абеду — у Магілёве. У горадзе на Дняпры яны наведалі мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», дзе прынялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу і ўбачылі падрыхтаваную для іх музычна-асветніцкую кампазіцыю.

— Мы з вамі пераадолелі яшчэ адзін этап нашага падарожжа і знаходзімся сёння на свяшчэннай зямлі нашай Беларусі — Буйніцкім полі пад Магілёвам, — адзначыў у сваёй прамове старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, член камісіі Парламенцкага Сходу па працы, сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя, старшыня аргкамітэта «Цягніка Памяці» ад Рэспублікі Беларусь Віктар Лісковіч. — 23 дні абароны горада Магілёва — гэта была першая масавая бітва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут толькі за адзін дзень было знішчана 39 варожых танкаў. Гераічная абарона, подзвіг савецкага салдата, савецкіх людзей тут праявіліся ў поўную моц. Мы схіляем галовы перад мужнасцю герояў Вялікай Айчыннай вайны. Я перакананы, што наш з вамі праект застанецца назаўсёды не толькі ў вашай памяці, але і ўсёй моладзі Саюзнай дзяржавы. Толькі ведаючы гістарычную праўду, памятаючы пра подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, мы заўсёды зможам развіваць і праслаўляць нашы краіны. 

З пажаданнямі берагчы духоўныя і гістарычныя каштоўнасці звярнуўся да моладзі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. 

— Вы з’яўляецеся магутнай сілай, здольнай спрыяць сацыяльнаму і эканамічнаму дабрабыту нашых дзяржаў, — падкрэсліў ён. — Беларусь і Расію аб’ядноўвае моцнае сяброўства. Наша адзінства заснавана на агульных каранях, духоўных і культурных традыцыях, павазе да гістарычнай памяці і імкненню разам ствараць агульнае будучае. 

Пасля цырымоніі на Буйніцкім мемарыяльным комплексе, дзе быў урачыста перададзены фрагмент сімвала «Цягніка памяці», у рабят была магчымасць наведаць спецыяльна падрыхтаваныя для іх лакацыі — салдацкі прывал, пляцоўкі, дзе можна было паспрабаваць кашу, праверыць свае веды па гісторыі, сфатаграфавацца. 

Затым госці адправіліся ў Буйніцкі заасад, дзе азнаёміліся з асаблівасцямі фальклорнай і аглядальнай пляцовак, пабывалі ў заапарку. Пасля моладзь накіравалася ў абласны Палац культуры, дзе адбылася прэзентацыя міжрэгіянальнага супрацоўніцтва на прыкладзе пятага форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў у Магілёве. Наперадзе яшчэ вячэра і танцавальна-забаўляльная праграма «Вечар сяброўства», пасля якой моладзь зноў сядзе ў цягнік і адправіцца ў Гомель. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».