Вы тут

Выстаўка Івана Козела «Вабяць родныя прасторы» працуе апошнія дні


У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя роботы мастака 1996—2022 гадоў, прысвечаныя архітэктуры і прыродзе Беларуci, — гэта 30 твораў, напісаных па напрацоўках падчас пленэраў. Ці атрымалася ў мастака передаць пазнавальны вобраз i каларыт беларускага ландшафту? Ці спасціг ён філасофскую сутнасць навакольнага свету?


«Зямля бацькоў», 2019 г.

Так ці інакш, дакладна адно — мастак жыве ў свеце, які бачыць сваімі вачыма і адчувае сваім сэрцам. Нельга сказаць, што ён капіруе натуру (прынамсі, некаторыя гледачы падчас адкрыцця выстаўкі ўсклікалі: «Гэта ў Беларусі? Ці можа такое быць?»), адлюстроўваючы розныя станы прыроды, як і нельга адзначыць, што свет Івана Козела зусім не падобны на рэальны і такі блізкі кожнаму беларусу (хоць і ў гэтым выпадку ніхто не збіраецца аспрэчваць наяўнасць фантазіі ў мастака). Як заўсёды, праўда пасярэдзіне: творца паказвае, здаецца, выключна сваю Беларусь. З аднаго боку — хто з нас не бачыў, напрыклад, знакаміты манастыр над возерам у Жыровічах («Жыровіцкая святыня», 1999)? Хто не ведае пра царкву ў Сынкавічах — адзін з самых старых гатычных праваслаўных храмаў Беларусі («Царква ў Сынкавічах», 2009)? Хто не чуў пра Ракуцёўшчыну («На Ракуцёўшчыне лета», 2011)? Каго не вабіў старажатны і адначасова малады Лагойск («Лагойскі краявід», 1997)? Каго не зачароўвалі краявіды Навагрудчыны («Пагоркі Навагрудчыны», 2022)? І з другога — пейзажы ў нечым непазнавальныя, можа, недзе «дадуманыя», яскравым прыкладам чаму служыць работа «Залатыя палі» (2016). Нечаканым і крышачку складаным для ўспрымання падаецца «Жнівень» (2009), палатно, на якім адлюстравана нешта накшталт хутара, абкружанага з усіх бакоў жытнёвым полем. Магчыма, да такой ацэнкі скіроўвае не ў апошнюю чаргу «месцазнаходжанне» мастака, своеасаблівы пункт назірання, размешчаны на ўзвышшы, што ўплывае на маштаб карціны. Варта толькі крыху яго ссунуць, спусціцца з гэтага ўзгорка, і карціна страціць уласцівую ёй чароўнасць, яе настрой кардынальна зменіцца не ў лепшы бок. Відаць, таму гэты прыём — любімы ў Івана Козела, пра што сведчаць «Зямля бацькоў» (2019), «Дзятлава. Выпаў снег», «Край Адама Міцкевіча» (абедзьве — 1999), «Ідзе вясна» (2014) і асабліва — «Квітнеюць ільны на Дзятлаўшчыне» (2021).

«Прыйшла зіма», 2017 г.

Нельга не заўважыць, што Іван Козел аддае перавагу дыялогу з папярэднікамі і сучаснікамі. Зразумела, мастацтвазнаўцы могуць паспрачацца пра першакрыніцы, але воку гледача заўважныя паралелі з матывамі палотнаў Леаніда Шчамялёва. Гаворка найперш пра карціну «Прыйшла зіма» (2017): паўсюль снег, каля ракі яшчэ відаць трава, на другім плане — даволі вялікая вёска. Аднак зусім іншыя складнікі звяртаюць на сябе ўвагу ў дадзеным кантэксце: мужчыны, якія пачынаюць паціху разбіраць сцірты, і конь, які падсілкоўваецца сенам. Менавіта апошні становіцца цэнтральным вобразам карціны. Да таго ж прысутнічаюць тут прыглушаныя залатыя адценні, з якімі любіў працаваць народны мастак.

У творах можна прасачыць уплыў яшчэ аднаго знакамітага жывапісца — Барыса Аракчэева: у любові да прыроды ў стане спакою, ва ўвазе да яе непрыкметных нюансаў, у прыняцці, здаецца, не зусім прывабных праяў рэчаіснасці. У гэтым рэчышчы прыгадваюцца работы «Лошыца на стыку стагоддзяў» (2016), «Зямля ў Арашанах. Кыргызстан» (1998) (работа стаіць асобна не толькі з-за абазначэння лакацыі), «Пейзаж з каровамі» (1999), розныя стылістычна, аднак такія блізкія па настроі з пейзажамі многіх беларускіх мастакоў.

«Лошыца на стыку стагоддзяў», 2016 г.

Некаторыя палотны проста просяцца на параўнанне. Далёка хадзіць не трэба: «Вясковы матыў» (2010) Івана Козела нават кампазіцыйна вельмі падобны да твора Уладзіміра Трушына «Вечар» (1974), які зараз экспануецца на выстаўцы «Ступені майстэрства» ў Нацыянальным мастацкім музеі. Многія пейзажы па гучанні супадаюць з найлепшымі жавапіснымі работамі Віталя Цвіркі. А ўжо згаданая «Зямля бацькоў» паведамляе коды столькіх твораў, што і пералічыць немагчыма. Аматары могуць уявіць. Здаецца, Івана Козела такія параўнанні ні ў якім разе не пакрыўдзяць і не засмуцяць. Па ўсім відаць, што мастак — традыцыяналіст і прыхільнік падобных творцаў, класікаў і сучаснікаў. З усяго гэтага багацця нам застаецца толькі ацэньваць, параўноўваць, выбіраць. Дазваляе гэта рабіць, дарэчы, яшчэ адна выстаўка ў Палацы мастацтва — да юбілею з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Там прадстаўлены краявіды і аўтарства Івана Козела родных мясцін класікаў.

Так ці інакш, дакладная яшчэ адна акалічнасць: мастак сціпла і стрымана стварае асобны ідэальны свет, у якім не знайсці патокаў людскога тлуму. У прадстаўленых на выстаўцы «Вабяць родныя прасторы» работах не бачны горад, а прысутная вёска поўніцца нешматлікімі жывымі істотамі. І яны заўсёды здалёк. Ці то стараюцца не перашкаджаць мастаку, ці то аўтар сам не імкнецца наблізіцца да іх, а толькі ўглядаецца і захоўвае ў памяці.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».