Вы тут

Шанаванне папярэднікаў


Нам робіць вялікі гонар наяўнасць значнай колькасці творчых асоб, якія праз мастацкае слова прадставілі лёс народа, яго нацыянальныя адметнасці і каштоўнасці. Важна не толькі чытаць іх кнігі, але і прыгадваць іх саміх, людзей аўтарытэтных, магчыма, нават узорных.


На Усходніх могілках у Мінску знайшлі апошні прытулак многія беларускія славутасці. Тут і пахаванні пісьменнікаў, куды неаднаразова прыходзілі нашы літаратары, каб аддаць даніну павагі. Так было і напярэдадні сёлетняга Дня Перамогі, калі кветкі ад СПБ ляглі да помнікаў народных пісьменнікаў Беларусі Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Аркадзя Куляшова.

І вось чарговае наведванне могілак з тым, каб навесці парадак... Андрэй Александровіч помніцца як адзін з арганізатараў беларускага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Маладняк». У далейшым ён — член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларускай ССР, член Саюза пісьменнікаў СССР. Успамінаем творы народнага пісьменніка БССР Анатоля Астрэйкі. Гучаць радкі з яго верша «Плошча Перамогі»: «Завецца плошчай Перамогі ў Мінску // Святое месца на зямлі». Сказанае паэтам — на вякі! Іван Сіўцоў — аўтар кнігі для дзяцей «Самыя юныя», рамана «Нягоды і радасці». Кранаюць такія звесткі: «Ваяваў пад Сталінградам, захварэў на сухоты, дэмабілізаваўся, вярнуўся на радзіму ў Чэрыкаўскі раён, працаваў на адказных пасадах». Жыццё Івана Кузьміча абарвалася ў 37 гадоў… Дзмітрый Палітыка належыць да кагорты беларускіх крытыкаў і літаратуразнаўцаў. У другой палове 1950-х быў кiраўнiком секцыі крытыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1960 годзе цяжка захварэў (абвастрэнне сухотаў, на якiя пачаў пакутаваць у час эвакуацыі), але працягваў працу да канца жыцця. Яго не стала ў 1965 годзе. 

Як вядома, 3 лістапада 2020 года адбылося перапахаванне беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі. Зараз ідзе работа над стварэннем помніка. А пакуль прыбіраем яго магілу і ўяўляем падзеі першай паловы ХХ стагоддзя, калі гэты чалавек сваёй творчасцю садзейнічаў станаўленню розных жанраў беларускай літаратуры. 

Пасля навядзення парадку адчулася палёгка. Пра яе згадаў кожны з дзясятка літаратараў Мінскага гарадскога і Мінскага абласнога аддзяленняў СПБ, тых, хто прысвяціў дзень шанаванню памяці папярэднікаў. 

Алена СТЭЛЬМАХ

Фота Васіля Кулікова

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.