Вы тут

Цёмны лес і светлы лёс


Даведацца шмат новага пра класіка айчыннай літаратуры: чаму Кузьма Чорны абраў сабе такі незвычайны псеўданім, што абудзіла душу юнака да творчасці, што ён лічыў галоўным у жыцці; пачуць голас знакамітага пісьменніка; паглядзець тэатральныя пастаноўкі па яго творах; наведаць розныя майстар-класы і навучыцца рабіць сваімі рукамі патрэбныя ў гаспадарцы прыгожыя рэчы; пазнаёміцца з творамі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой і паўдзельнічаць у інтэрактыўнай прэзентацыі яе выданняў для дзяцей; палюбавацца на выстаўку малюнкаў мясцовых школьнікаў, прысвечаную родным мясцінам; атрымаць асалоду ад народных музыкі і спеваў, а таксама далучыцца да старажытнага тэатральнага мастацтва — батлейкі — праграма, арганізаваная Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры сумесна з Капыльскім раённым выканаўчым камітэтам і Саюзам пісьменнікаў Беларусі да дня нараджэння слыннага творцы, была надзвычай насычанай, змястоўнай.


Мілыя сэрцу мясціны

Маляўнічыя ўзгоркі, пакрытыя зелянінай, невялікая, але быццам свойская, утульная рачулка, у якой люстравалася блакітнае бяздонне нябёсаў і белыя кучары рэдкіх аблокаў у спякотны летні дзень, лясныя карункі на даляглядзе — такім паўстаў Цімкавіцкі куток перад вачыма аматараў творчасці Кузьмы Чорнага падчас вандроўкі ў родныя мясціны пісьменніка. «Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма», — пісаў ён. Нарадзіўся Мікола Раманоўскі (сапраўднае імя літаратара) у вёсцы Боркі Слуцкага павета, але лічыў сваёй радзімай Цімкавічы, куды перабраўся з бацькамі і дзе скончыў двухкласнае вучылішча, а затым працаваў у аддзеле народнай асветы і настаўнічаў.

На гэтай зямлі будучы пісьменнік, а тады юнак, адчуў творчае пакліканне, тут развіваўся, сталеў, выкрышталізоўваўся яго талент. У вобразах, характарах і героях твораў Кузьмы Чорнага цімкаўляне пазнавалі сябе, чым і ганарыліся.

Пра асобу пісьменніка ўсебакова распавядаюць на экскурсіі ў Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага — установе, што з’яўляецца цэнтрам культурнага жыцця рэгіёна. Тут пастаянна ладзяцца мерапрыемствы, праводзяцца лекцыі і музейна-педагагічныя заняткі, а каб знайсці новыя падыходы да сучасных школьнікаў і зацікавіць іх творчасцю, абудзіць любоў да літаратуры, нязменная загадчыца ўстановы Людміла Ніжэвіч прыдумляе розныя формы працы з дзецьмі. Так, яна з’яўляецца арганізатарам і кіраўніком дзіцячай тэатральнай студыі «Іскрынка», што займаецца пастаноўкамі па творах Кузьмы Чорнага. 

У музейнай экспазіцыі спалучыліся матэрыялы са сведчаннямі пра той няпросты час, у якім жыў літаратар, пра яго самога і пра тое, як сёння захоўваецца памяць пра творцу. У аснову мастацкага рашэння музея пакладзены малюнкі пісьменніка — а маляваў ён проста цудоўна, на першы погляд іх не адрозніш ад прафесійна выкананых мастацкіх замалёвак, — а таксама рукапісы, кнігі, падпісаныя дарагім людзям, фотаздымкі з сямейнага альбома, асабістыя рэчы пісьменніка і яго сям’і. Своеасаблівым акцэнтам экспазіцыі з’яўляюцца кросны з нацягнутым ручніком, які пачалі ткаць: кожны наведвальнік можа зрабіць адзін радок, нават калі ўпершыню бачыць гэтую аўтэнтычную рэч — яго навучаць, дапамогуць, падтрымаюць… Побач — невялікі абедзенны стол, па-святочнаму засланы белым абрусам, — гэта адзін з самых каштоўных экспанатаў музея, бо ён памятае спрацаваныя, умелыя, пяшчотныя рукі маці пісьменніка, якія яго выткалі больш чым сто гадоў таму. Дасведчанымі ткачамі былі продкі пісьменніка — яго дзяды і бацька, валодаў гэтым майстэрствам і ён сам. 

Будучы экспанат прынеслі мясцовыя жыхары (калі ў 1964 годзе ствараўся музей, адна з суседак згадала, што мае абрус, выраблены гаспадыняй)…

Быў у юнага Міколы і музычны талент. Першы музычны інструмент, на якім будучы пісьменнік навучыўся граць — балалайка, — таксама ўпрыгожвае экспазіцыю. Выдатна іграў ён пазней і на піяніна… Разам з маці спявалі ў царкоўным хоры ў Скіп’ёўскай царкве.

Зазвычай маленькія наведвальнікі падчас экскурсіі прымяраюць на сябе ролю даўніх вучняў — сучаснікаў Міколы, калі ён, васьмігадовы, прыйшоў у школу і здзівіў настаўніка імкненнем да ведаў і дбайнасцю. «Хоць маленькі, ды ўдаленькі», — казаў той пра стараннага рупліўца: Мікола меў невысокі рост. 

…Акаляе краявід знакаміты па назве няскончанай аповесці Скіп’ёўскі лес — гэта была самая любімая мясціна будучага творцы: дзед, Міхал Парыбак Чорны (гэта было мянушкай — і вось дзе варта шукаць вытокі псеўданіма), браў з сабою ў лес унукаў — яны сядалі пад густымі шатамі дрэў — і пачынаў распавядаць… Лес як таямнічае месца з яго магчымымі загадкавымі насельнікамі, духамі і прывідамі далёкай мінуўшчыны — хто ведае, што паўставала перад уражлівай дзіцячай фантазіяй, каб потым увасобіцца ў яркіх мастацкіх вобразах?

З пачаткам вайны Кузьма Чорны меў намер стаць у шэраг абаронцаў са зброяй у руках — хацеў пайсці на фронт. Але ж здароўе яго на той момант было падарвана — па лжывых абвінавачваннях не адзін месяц ён правёў у турме, дзе яго катавалі (пра што захаваліся сведчанні ў «Дзённіку»). Накіравалі працаваць у рэдакцыю «Савецкай Беларусі», дзе ён выдаваў дадатак да газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» — тут пісьменнік выступае і як найбуйнейшы памфлетыст. У экспазіцыі захоўваюцца дакументы, напісаныя рукой творцы: не ў стане змагацца з вінтоўкай у руках, ён набліжаў перамогу пяром, ствараючы яркія шэдэўры, што натхнялі суайчыннікаў, напаўнялі духам барацьбы і патрыятызму. З рарытэтаў — карта з беларускімі гарадамі да 1939 года, якая падчас Вялікай Айчыннай вайны вісела ў кабінеце «Савецкай Беларусі». Сцяжкамі на ёй адзначаліся гарады па меры іх вызвалення. Многія пазнакі зрабіў і пісьменнік…

Адным з апошніх дакументаў Кузьмы Чорнага і найкаштоўнейшым музейным прадметам з’яўляецца паштоўка 1944 года, адрасаваная сястры Марыі ў Цімкавічы, поўная спагады да родных і спадзяванняў на іх шчаслівы лёс… 

«Родныя мае мясціны! Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там! Там жывуць усе мае персанажы, усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў — гэта ўсё адтуль, сапраўднае…» — пісаў у «Дзённіку» Кузьма Чорны. Так і не спраўдзілася яго запаветная мара наведаць малую радзіму ў апошнія гады жыцця… Мару творцы штогод ажыццяўляюць аматары прыгожага пісьменіства, роднага слова, захопленыя тонкім глыбокім псіхалагізмам, напружанымі канфліктамі і маляўнічымі апісаннямі ў раманах і аповесцях найвыдатнейшага айчыннага літаратара.

Жывыя ў словах і адценнях

Адным з галоўных мерапрыемстваў свята стала выстаўка творчых работ навучэнцаў устаноў адукацыі Капыльскага раёна «Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма» і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Родныя мае мясціны…», прымеркаванага да дня нараджэння Кузьмы Чорнага і Года гістарычнай памяці. Работы ацэньваліся ў дзвюх намінацыях: «Літаратурная творчасць» і «Выяўленчае мастацтва». Пад дзіцячымі пэндзлямі ажылі відарысы Капыльшчыны, вымаляваныя з любоўю і натхненнем. Спалучэнні колераў і адценняў у замалёўках навакольнай прыроды па-асабліваму, з вялікай цеплынёй аздобілі свята і падаравалі ўзвышаны, рамантычны настрой. Маляўніча і дакладна, з увагай да дэталяў выглядалі сцэны з твораў пісьменніка і выявы самога творцы, убачаныя «сардэчнымі вачыма» юных чытачоў — мастакоў.

Пра тое, чым кіраваліся ўдзельнікі журы пры разглядзе работ канкурсантаў, распавядае Наталля Калядчык, член журы, вучоны сакратар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры:

«У конкурсе ўдзельнічалі вучні з Капыльшчыны, у большасці цімкавіцкія. Выстаўка, што экспануецца цяпер у Цімкавічах, будзе вандраваць па ўстановах адукацыі пераможцаў, мае адбыцца і ў Капыльскай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі. Работы ўсе яскравыя, глыбокія, цікавыя: дзеці выявілі немалую зацікаўленасць — адгукнулася іх шмат, нягледзячы на летні адпачынак. Кожны атрымаў дыплом і прыз. Вельмі цікавыя і эсэ, адметныя родным словам, літаратурнай мовай — у гэтых работах было ўсё… Пераможцаў вызначыць аказалася складана, таму ў адной з намінацый па ўзроставай катэгорыі было па два пераможцы — праца журы прайшла напружана…»

Судакрананне

Запамінальнай была і прэзентацыя віртуальнай старонкі Кузьмы Чорнага, якую стварылі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на партале кніжніцы ў межах праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця». У Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага, дзе адбылося мерапрыемства, экспанаваліся і прыжыццёвыя выданні пісьменніка, прывезеныя адмыслова для падзеі. Падарункам наведвальнікам музея стаў голас Кузьмы Чорнага, алічбаваны супрацоўнікамі Нацыянальнай бібліятэкі з запісу, зробленага на касету, незадоўга да яго смерці. 

Пра тое, як узнікла адпаведная ідэя, распавядае Таццяна Лаўрык, загадчык сектара аналітычнай інфармацыі па культуры і мастацтве інфармацыйна-аналітычнага аддзела НББ:

«Аўдыязапіс голаса Кузьмы Чорнага вырашылі пачысціць, дадаць відэа з фотаздымкамі літаратара — гэтым займаўся рэалізатар праекта Яўген Скібскі. Перадаць у Літаратурны музей Кузьмы Чорнага “цяжкі” відэаролік выявілася магчыма толькі пры сустрэчы — вось мы і прывезлі яго на флэшцы — гэта стала падарункам музею да мерапрыемства.

Калі летась нашы супрацоўнікі прысутнічалі на Дні пісьменства, я назірала, як ашчадна Людміла Ніжэвіч гартала прывезеныя тады намі прыжыццёвыя кнігі Кузьмы Чорнага. Яна падзялілася ўражаннямі і заўважыла, што ў музеі выданняў пісьменніка надзвычай мала і яны ўсе знаходзяцца ў вітрынах. Высветлілася, што адсутнічаюць яны і ў Цімкавіцкай бібліятэцы. Таму і вырашылі іх прывезці на мерапрыемства: каб людзі, якім дарагая памяць пра пісьменніка, пагарталі яго кнігі, судакрануўшыся з душой класіка…» 

Назіраючы, з якой цікавасцю глядзелі згаданы відэаролік наведвальнікі музея — простыя цімкаўляне, якія завіталі на свята (і якія, дарэчы, маглі б стаць прататыпамі літаратурных твораў), як не спяшаліся яны пакідаць установу пасля завяршэння мерапрыемства, звярнуліся да аднаго з іх з просьбай падзяліцца ўражаннямі ад убачанага і пачутага. Валерый Занько:

«Вялікі дзякуй арганізатарам свята! Беражыце беларускую мову! І Кузьма Чорны казаў, што галоўнае для нас — гэта наша мова, яна дапамагала яму і ў часы вайны… Цяпер і падчас экскурсіі з праглядам тэатральнай пастаноўкі згадвалася дзяцінства: мы з жонкай жылі ў Цімкавічах і ігралі ў мясцовым народным тэатры… А потым так склалася, што я быў адным з тых, хто будаваў гэты музей… У нас ёсць сямейнае паданне: склеп маёй цешчы месціцца там, дзе была хата Кузьмы Чорнага. Дом быў збудаваны побач са школай, дзе на той час пісьменнік працаваў. А жыве зараз маці маёй жонкі ў хатцы, дзе тады была школа Чорнага… Звесткі гэтыя паведаміла сястра пісьменніка і дакладна паказала месца».

Яна БУДОВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».