Вы тут

Прарок нацыі і геній літаратуры


Янка Купала — велічная постаць беларускай, славянскай і еўрапейскай літаратуры. Майстар слова акумуляваў спрадвечныя мары беларускага народа — сацыяльнае і палітычнае вызваленне, развіццё нацыянальнай культуры, поўнае разняволенне духоўных і творчых магчымасцей асобы. 


На старонках сваіх геніяльных твораў даводзіў неабходнасць нацыянальнай дзяржавы, заснаванай на прынцыпах народнага дэмакратызму, справядлівасці і гуманізму. Для яго творчасці характэрна выключная інтэлектуальнасць і эстэтычная вытанчанасць, самаахвярнае служэнне мастацкаму слову, адданасць Беларусі і беларускаму народу. 

Янка Купала — выключна таленавіты паэт, драматург і публіцыст. Ён стварыў непераўзыдзеныя шэдэўры нацыянальнай літаратуры, прызнаныя ва ўсім свеце. 

Грамадзянскі пафас

У яго творах ранняга перыяду дамінавала сацыяльная праблематыка, пафас рэвалюцыі і прага грамадскіх пераўтварэнняў. Аб гэтым яскрава сведчаць тры першыя зборнікі: «Жалейка» (1908), «Гусляр» (1910) і «Шляхам жыцця» (1913). 

Паэтычнае і духоўнае сталенне майстра слова суправаджалася інтэлектуальнай рэфлексіяй, асэнсаваннем уласнай творчай місіі. У вершы з красамоўнай назвай «Чаго б я хацеў» (1905) Янка Купала выразна сфармуляваў сацыяльнае прызначэнне ўласнай паэзіі — служыць беларускаму народу, абуджаць яго творчы патэнцыял, клікаць да пошуку лепшай долі. 

Янка Купала акрэсліў эстэтычныя дамінанты творчасці і абгрунтаваў выбар тэм для сваіх твораў — адлюстраванне людскога гора, пакут абяздоленых сірот, няшчаснай долі працоўнага чалавека. У вершы «Не кляніце мяне…» (1906) ён адмаўляецца служыць чыстаму мастацтву і тлумачыць прычыны ўласнага творчага выбару.

У вершы «Вы кажаце» (1906) яшчэ больш канкрэтна акрэсліў уласны ідэйна-эстэтычны выбар і місію ўласнай паэзіі — спяваць аб «долі народа», каб «вораг-мучыцель» задрыжаў ад праўды слоў, а ў душы прыгнечанага народа нараджаліся светлыя мары аб волі, расло ўсведамленне чалавечай і нацыянальнай годнасці.

У анталагічным вершы «Мужык» (1905) Янка Купала сфармуляваў ключавую ідэю ўласнай сацыяльнай філасофіі — неабходнасць шанавання правоў простага чалавека-працаўніка. На думку паэта-гуманіста, кожны чалавек варты шчаслівага жыцця. Знявага і здзекі з чалавека недапушчальныя. 

У вершаваным «Водкліку з 29 кастрычніка 1905 г. у Мінску» выступіў у абарону працоўных, якія распачалі змаганне за сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя правы. Паэт паказвае крыважэрнасць царскага самаўладдзя, прагу хцівага чынавенства татальна кантраляваць грамадства, трымаць народ у жабрацкім стане, ва ўсім абмяжоўваць асобу. 

Выйсце з крызіснага стану, пазбаўленне ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту Янка Купала бачыў у рэвалюцыі, шырокім паўстанні народных мас. У вершы «Што ты спіш?» (1906) паэт паказаў бязлітаснае рабаванне працоўных людзей царскімі чыноўнікамі, заклікаў да адкрытага змагання з бяспраўем. Зусім адкрыты пратэст супраць царскага самаўладдзя прагучаў у вершы «Там» (1906). Паэт абгрунтоўвае неабходнасць рэвалюцыйнага выступу, каб вызваліць родны край з няволі, адстаяць правы беларускага народа.

Янка Купала цвёрда верыў у светлую будучыню роднага краю, адраджэнне нацыі, заможнае жыццё чалавека працы. Аптымізмам напоўнены верш «Зашумеў лес разгуканы» (1906), у якім паэт выказвае ўпэўненасць у хуткіх пераменах да лепшага.

Лірызм і эпічнасць

Ужо ў ранніх яго творах выразна выявіліся патрыятычныя настроі, шанаванне беларускай зямлі. Непаўторная прыгажосць роднага краю знайшла ўвасабленне ў пейзажнай лірыцы, выдатных вершах: «Вясна», «Лета», «Явар і каліна». Сапраўдным шэдэўрам пейзажнай лірыкі з’яўляецца верш «Лес», у якім апяваецца прыгажосць беларускіх лясоў і пушчаў. Для паэта, лес — увасабленне касмічнай гармоніі, утульнае месца для душэўнага супакаення і эстэтычнай асалоды.

Надзвычай цікавіў Янку Купалу свет пачуццяў, эмацыянальныя перажыванні асобы. Каханне, паводле яго, — праява найвышэйшага духоўнага ўздыму чалавека, выяўленне яго глыбіннай сутнасці, прыроды і місіі на зямлі. Паэт стварыў выдатныя ўзоры інтымнай лірыкі. Верш «У зялёным садочку» (1905) паказвае сум закаханага юнака, які перажывае з нагоды вымушанага расстання з дзяўчынай. Трагічны аспект кахання ўзмацняецца ў вершы «Не глядзі» (1906). У вершы «Мая дзяўчына» (1910) апяваецца нябесная прыгажосць беларускіх дзяўчат, іх абаяльнасць і непаўторнасць.

Янка Купала — выдатны паэт-эпік, майстар шырокіх мастацка-паэтычных абагульненняў. У першай паэме «Зімою» (1906) звяртаецца да сацыяльнай праблематыкі, паказвае трагічную наканаванасць лёсу простых людзей. Экзістэнцыяльная канцэпцыя быцця прадстаўлена ў драматычнай паэме «Адвечная песня» (1908). Твор надзвычай умоўны і сімвалічны. Паэт карыстаецца абагульненымі вобразамі-сімваламі — Доля, Голад, Холад, Бяда. Ён разбурае мяжу паміж рэальным і ірэальным, жывым светам і замагільным існаваннем. 

У рамантычнай паэме «Курган» (1910) Янка Купала ўславіў веліч народнага мастацтва, паказаў яго эстэтычную дасканаласць і магічнае ўздзеянне на ўсё жывое. Паводле канцэпцыі паэта, сапраўднае мастацтва валодае невымернай моцай, прыносіць усеагульную асалоду і шчасце. Паэтычнымі сродкамі пераканаўча даводзіў: сапраўднае мастацтва — вечнае, непадуладнае зямным уладарам, яно падпарадкавана толькі законам сусвету і сугучнае жывой прыродзе.

Паэма «На куццю» (1911) створана цалкам у рамантычным ключы, узнімае праблему адраджэння беларускай нацыі, аб чым выразна сведчаць сюжэтныя дамінанты. Слаўнае мінулае народа, дух продкаў, на думку песняра, павінны абудзіць патэнцыял народа, даць моц для стваральнай працы. Вуснамі князя-прывіда паэт заклікае абуджаць людзей да актыўнай дзейнасці, узбагачаць святлом ведаў, весці на змаганне за ўласную будучыню.

Імкнучыся ўславіць мінулае беларускага народа, у незавершанай паэме «Гарыслава» (1912) звяртаецца да вобраза славутай князёўны Рагнеды — дачкі першага полацкага князя Рагвалода, які паходзіў з «варагаў-русі» і княжыў на беларускіх землях у сівым X ст.

У паэме «Магіла льва» (1913) Я. Купала выступае за праўдзівае асвятленне гісторыі беларускага народа, пільную неабходнасць узнаўлення яго пракаветных легенд і паданняў. Веданне мінулага, на думку паэта, павінна істотна паспрыяць адраджэнню беларускай нацыі. Усхвалявана заклікаў сучаснікаў:

Збіраць пачнем зярно к зярняці,

Былое ў думках ускрашаць,

Каб быт на новы лад пачаці

І сеўбу новую пачаць. 

Паэма «Яна і Я» (1913) напісана пад несумненным уздзеяннем біблейскай «Песні Песняў» цара Саламона. Паэт разважае пра галоўную місію мастака і творцы і прыходзіць да цвёрдай высновы: кожны талент павінен самааддана служыць роднай краіне і народу. 

З 1918 г. у яго творчасці пачынаецца новы этап, асветлены зоркай надзеі. Паэт стварае цыкл літаратурных шэдэўраў — звыш 50 твораў, у якіх гучыць сацыяльны аптымізм, вера ў адраджэнне Бацькаўшчыны і росквіт беларускага народа.

У вершы «Свайму народу» (1918) звяртаецца да нацыі з палымяным заклікам успомніць велічнае мінулае і паўстаць на абарону Радзімы ад «чужака-дзікуна», несправядлівых падзелаў краю ворагамі, разарвання яго на кавалкі. 

У вершы «На сход» (1918) адстойвае неабходнасць руху Беларусі па шляху цывілізацыі поруч з іншымі народамі свету. За ўсталяванне сапраўднага народаўладдзя паэт выступае ў вершы «Час!» (1918). Янка Купала прагне, каб беларус нарэшце стаў паўнаўладным гаспадаром у сваім доме і на сваёй зямлі, самастойна вырашаў уласны лёс. Паводле цвёрдага пераканання паэта, для Беларусі і беларускага народа наступілі найлепшыя часы, спрыяльныя ўмовы для ўздыму і росквіту.

У класічным вершы «Спадчына» (1918) сродкамі мастацкага слова даказвае неабходнасць захавання і памнажэння шматвяковай культурнай спадчыны і духоўных багаццяў беларускага народа.

Філасафічнасць і эстэтызм

На працягу творчага шляху Янка Купала адточваў уласныя эстэтычныя канцэпцыі і сацыяльна-філасофскія погляды. Інтэлектуальныя пошукі майстра слова найбольш поўна выявіліся ў яго драматургіі і публіцыстыцы. Незвычайным аптымізмам і святлом напоўнена камедыя «Паўлінка» (1912). У гэтай п’есе Купала выказаў думку аб тым, што Беларусь будзе выратавана каханнем і прыгажосцю, шчырасцю і гуманізмам. Галоўная гераіня п’есы Паўлінка — сімвал Беларусі, увасабленне яе чароўнай абаяльнасці, працавітасці, мудрасці, кемлівасці, вынаходлівасці і дасціпнасці. Паэт пакеплівае з кансерватыўных сялянскіх звычаяў. Драматург паказвае спрадвечны антаганізм паміж сялянамі і шляхтай. Твор напоўнены гратэскам, добрым гумарам, вясёлымі жартамі.

Асэнсаванню цывілізацыйнага феномена беларусаў прысвечана п’еса «Тутэйшыя» (1922) — сапраўдны шэдэўр нацыянальнай драматургіі. У гэтым творы акрэслены гістарычныя перспектывы беларускага народа, раскрыты складаныя працэсы станаўлення нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Драматург смела выкрывае імперскія прэтэнзіі царскай Расіі і панскай Польшчы на тэрыторыю Беларусі, паказвае абсурднасць этналагічнай, палітычнай, лінгвістычнай і гістарычнай аргументацыі заходніх і ўсходніх псеўдавучоных. На думку пісьменніка, беларускі народ павінен дбаць пра догляд і ўпарадкаванне ўласнай зямлі, клапаціцца пра ўсеагульны дабрабыт, а не выношваць планаў захопу новых тэрыторый ці шукаць міфічных выхадаў да мора. 

Янка Купала — адзін з найбольш яркіх нацыянальных публіцыстаў і інтэлектуалаў XX ст., які выступаў па ключавых грамадскіх праблемах. Яго прагрэсіўныя ідэі аказалі моцнае ўздзеянне на развіццё беларускай нацыі. У артыкуле «Вера і нацыянальнасць» (1914) гнеўна асудзіў распальванне рэлігійнай варажнечы і штучны падзел адзінага беларускага народа паводле канфесійнай прыкметы, вылучыў ідэю фарміравання палітычнай нацыі, грамадзянскай супольнасці, з’яднанай агульнымі палітычнымі і эканамічнымі інтарэсамі. 

У артыкуле «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год» (1920) Янка Купала паказаў рэальнае палітычнае стаўленне польскіх шавіністаў і расійскіх імперыялістаў да ўзнаўлення незалежнасці Беларусі. Прывёў шматлікія прыклады і факты, як агрэсіўныя суседзі на справе перашкаджалі духоўна-культурнай працы, накіраванай на ўздым беларускага народа, хаця ў іх адозвах і маніфестах дэмагагічна дэклараваліся свабода і незалежнасць нацый.

Як відаць, Янка Купала віртуозна валодаў багатай жанравай палітрай літаратуры. Праз усё творчае жыццё ён адточваў мастацкі стыль, паглыбляў вобразную сістэму, узбагачаў семантычнае поле нацыянальнага прыгожага пісьменства. 

У творах імкліва струменіць жывая народная мова, скрозь зіхацяць яркія словы, прыказкі і прымаўкі, параўнанні і метафары. Яго творы насычаны шматзначнымі алегорыямі і сімваламі, у аснове якіх нацыянальныя архетыпы.

Творчасці майстра слова ўласціва ідэйная цэльнасць, сацыяльная і духоўная крэатыўнасць, скіраванасць на глыбінныя грамадскія зрухі і маштабныя сацыяльныя перамены, нацыянальнае адраджэнне, росквіт беларускага народа, адбудову і развіццё беларускай дзяржаўнасці.

Іван САВЕРЧАНКА, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».