Вы тут

Сінгулярнасць — фігура акруглая


Не паспеў сціхнуць ажыятаж вакол адкрыцця шагалаўскай выстаўкі ў Мінску, як у галоўным будынку Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў на Някрасава, 3 пачала працаваць экспазіцыя твораў іншага не менш эксцэнтрычнага мастака XX стагоддзя на біблейскую тэму. Мультымедыйная выстаўка «Сальвадор Далі. Свяшчэннае пасланне» прапануе на суд грамадскасці 105 ілюстрацый Бібліі, выкананых мастаком у тэхніцы каляровай літаграфіі, а таксама па даўняй традыцыі — работы сучаснікаў, якія рэзаніруюць з творчасцю знакамітага каталонца.


Варта адразу адзначыць, выставачны праект, вядомы пад такой назвай, існуе далёка не першы год. «Свяшчэннае пасланне» даўно і досыць паспяхова вандруе па гарадах Расіі і яе блізкіх суседзяў. У мінулыя гады, падтрыманая моцнай рэкламнай кампаніяй, завітвала экспазіцыя і ў Мінск. Так што, калі раптам пасля прачытання першага абзаца некаторыя з вас не могуць адчапіцца ад назойлівага дэжавю, нібыта дзесьці падобнае ўжо бачылі, то ведайце, што гэта зусім не беспадстаўна. Зрэшты, хіба не такой ідэі — падарваць веру публікі ў аб’ектыўную рэальнасць — прысвяціў жыццё і творчасць вялікі Далі?..

Як, напэўна, асобныя ўжо здагадаліся, імя Марка Шагала ў пачатку таксама згадана невыпадкова. Перш за ўсё, абедзве выстаўкі — і «Марк Шагал. La Bible», і «Сальвадор Далі. Свяшчэннае пасланне» — ужо знаёмы сталічнаму гледачу па афішах мінулых гадоў. Да таго ж абедзве яны адбыліся пры пасрэдніцтве галерэйнай установы «FARBA», спадчынніцы ўлюбёнай мінчанамі «LIBRA». Але на гэтым паралелі не заканчваюцца. Фармат выставак, іх змест і акцэнты таксама шмат у чым пераклікаюцца. Так, аснову дзвюх экспазіцый у НЦСМ склалі ілюстрацыі да Кнігі кніг, створаныя ў тэхніцы літаграфіі.

Цікава прасачыць, як два вялікія майстры па-рознаму інтэрпрэтуюць адны і тыя ж эпізоды Свяшчэннага Пісання і ў чым збліжаюцца іх падыходы. Асаблівы інтарэс выклікаюць ілюстрацыі да першага раздзела Быцця. Як Марк Шагал, так і Сальвадор Далі вырашаюць вядомы касмаганічны сюжэт у вельмі ўмоўнай манеры. Але калі ў першым выпадку мы маем справу з адважнай спробай умясціць на адной выяве ўсе шэсць дзён сусветнага «будаўніцтва», то Далі ў сваю чаргу абыходзіцца выключна намёкамі, невыразнымі (як сам таямнічы працэс тварэння) сілуэтамі чалавекападобных істот.

Затое ў трактоўках абодвух аўтараў сінгулярнасць — фігура акруглая. Так, кампазіцыя што першай, што другой работы выбудоўваецца вакол аб’екта адпаведнай формы. Трэба думаць, кола тут сімвалізуе і першапачатак, і нябесную сферу, і свяцілы і разам з тым як бы задае глабальны прыродны цыкл. У вочы кідаецца і тое, як неаднолькава мастакі ўяўляюць боскае аблічча. Паводле Шагала, Тварэц — гэта добры касматы дзядзька ў доўгім балахоне (цалкам канкрэтны), які не саромеецца час ад часу паказвацца людзям. У той жа час Далі разумее Бога Айца як грозную бясформенную масу чорнага колеру.

Дарэчы, нельга не заўважыць, што падчас работы над біблейскай серыяй славуты творца, прыкметна адышоўшы ад свайго фірменнага жывапіснага стылю, зрабіў крок да абстрактнасці, адцягненасці вобразаў. Дзе-нідзе ў работах нават адчуваюцца сляды прымянення аўтаматычнай творчасці, распаўсюджанай сярод мастакоў-сюррэалістаў. Чаго каштуюць толькі згаданае ўжо Стварэнне свету ў інтэпрэтацыі каталонца ці сюжэт сашэсця Анёла Гасподняга ў печ за Азарыяй, увасоблены класікам на адной з работ.

Традыцыйна кампанію карцінам вялікага майстра складаюць работы сучасных беларускіх мастакоў, натхнёныя яго творчасцю. Гэтым разам значную частку экспазіцыі займаюць творы, пазычаныя з калекцыі самога Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. У подпісах да экспанатаў — імёны такіх буйных айчынных аўтараў, як Аляксандр Родзін, Гаўрыіл Вашчанка, Канстанцін Вашчанка, Уладзімір Гладкевіч, Георгій Скрыпнічэнка і інш. Прагляд выстаўкі суправаджаецца музыкай з яўнымі каталонскімі матывамі, якая настройвае на адпаведны лад. Да таго ж у адной з залаў пры дапамозе акуляраў віртуальнай рэальнасці можна прагуляцца па знакамітых палотнах Сальвадора Далі! 

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.