Скора, зусім хутка, не за гарамі — 2025 год... Краіна будзе адзначаць 535 гадоў з дня нараджэння легендарнага усходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны (каля 1490 — 1551). І яшчэ ў 2025 годзе — 500 гадоў з часу выдання скарынаўскага «Апостала», якім завяршылася шматкніжжа, народжанае друкарскім, асветніцкім талентам нашага славутага суайчынніка.
Францыска Скарыну па праву называюць і пісьменнікам. Выдатнейшы гістарычны дзеяч Беларусі (пра што сведчыць і масштаб ушанавання яго ў назвах вуліц, плошчаў, навучальных устаноў, усталяванне ў незалежнай і суверэннай Рэспубліцы Беларусь узнагарод з яго імем — медаль Францыска Скарыны і ордэн Францыска Скарыны, а яшчэ — помнікі ў розных гарадах Беларусі), пакінуў сваёй дзейнасцю такі выразны след, што ўплывы яго распаўюджваюцца і будуць распаўсюджвацца на стагоддзі... І не дзіўна, што да чарговай скарынаўскай даты Саюз пісьменнікаў БССР звяртаўся ў ЦК Кампартыі Беларусі з канкрэтнымі прапановамі, якія лічыў патрэбнымі рэалізаваць у знак ушанавання першадрукара.
Ліст у ЦК КПБ падпісаны сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР В. Скварцовым. Тут варта крыху нагадаць, што Валерый Скварцоў — зусім не пісьменнік. Працаваў вызваленым сакратаром парткама Белтэлерадыёкампаніі — у тым ліку і ў часы кіраўніцтва Генадзем Бураўкіным. У Саюз пісьменнікаў прыйшоў сакратаром па арганізацыйных пытаннях. Была і такая пасада. Пасля, ужо на пачатку новага стагоддзя, некалькі месяцаў паспеў пакіраваць Белтэлерадыёкампаніяй. Але раптоўна памёр...
19 ліпеня 1988 года Валерый Скварцоў піша ў ЦК: «... Саюз пісьменнікаў БССР, разгледзеўшы пытанне “Аб падрыхтоўцы да 500-годдзя беларускага першадрукара, вучонага, асветніка і культурнага дзеяча, перакладчыка і пісьменніка эпохі Адраджэння Францыска Скарыны”, вырашыў прасіць дырэктыўныя органы стварыць юбілейны камітэт па падрыхтоўцы да 500-годдзя Ф. Скарыны. Мяркуем, што на абмеркаванне юбілейнага камітэта неабходна вынесці наступныя пытанні:
а) адкрыць у Мінску помнік Ф. Скарыне, папярэдне аб’явіўшы конкурс;
б) заснаваць музей гісторыі беларускай кнігі, кнігадрукавання імя Ф. Скарыны, дзе будуць кнігі па ўсіх галінах ведаў;
в) назваць імем Ф. Скарыны вуліцу ў цэнтры Мінска, замест існуючай маленькай на ўскраіне горада;
г) надаць імя Ф. Скарыны Гомельскаму універсітэту і ўстанавіць студэнцкую прэмію яго імя;
д) арганізаваць да юбілею Ф. Скарыны мастацкую выстаўку;
е) правесці конкурс на лепшы мастацкі твор, прысвечаны Ф. Скарыне і яго паслядоўнікам;
ж) заказаць настольныя бюсты Ф. Скарыны для серыйнай вытворчасці;
з) выпусціць юбілейныя медалі, маркі, канверты;
к) правесці вялікае рэспубліканскае свята ў 1990 г., агульнагарадскі вечар у Мінску і свята кнігі ў Полацку;
м) правесці юбілейную сесію АН БССР;
н) запрасіць на ўрачыстасці пісьменнікаў з ЧССР, ПНР, Літвы;
о) міністэрству народнай асветы БССР правесці скарынінскую школьную алімпіяду;
п) даручыць СП БССР і АН БССР арганізаваць спецвыпуск юбілейнай газеты, прысвечаны Ф. Скарыне».
Паўтары старонкі тэкста, адно пасяджэнне, дзе канкрэтна разглядалася канкрэтнае пытанне («Аб падрыхтоўцы да 500-годдзя беларускага першадрукара, вучонага, асветніка і культурнага дзеяча, перакладчыка і пісьменніка эпохі Адраджэння Францыска Скарыны») — і цэлая праграма, разлічаная амаль на два гады працы! Супольнай, заўважым, працы!.. Пісьменніцкая арганізацыя выклала пазіцыю творчай грамадскасці, выклала сваю пазіцыю... І помнік у выніку з’явіўся. Не адразу, але ўсё ж... І музей гісторыі кнігадрукавання заснавалі. І Гомельскаму ўніверсітэту надалі імя першадрукара. Увогуле ў нашай краіне прыгожыя ўніверсітэцкія назвы — у Магілёве ўніверсітэт носіць імя Аркадзя Куляшова; у Гродна — імя Янкі Купалы; у Брэсце — універсітэт імя А. С. Пушкіна... Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт носіць імя І. П. Шамякіна. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт — імя Максіма Танка. Чаму, напрыклад, Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, які працуе ў Пінску, не назваць імем народнага песняра Беларусі Якуба Коласа?!.
Зварот пісьменнікаў у ЦК КПБ адносна дэталізацыі ў мерапрыемствах па святкаванню 500-годдзя Францыска Скарыны — сапраўды, праява грамадскай пазіцыі літаратараў, іх клопат пра тое, каб не забыліся... Зразумела, што вялікія справы так і трэба рабіць — талакой, папярэдне абмеркаваўшы на розных узроўнях.
Наперадзе — 535-годдзе Скарыны, 500-годдзе выдання «Апостала»... Аб’яднацца б усім зараз і выкласці не меней цікавую агульную юбілейную праграму... Такая падрыхтоўчая праца нагадвае пра гістарычны грунт нашай Айчыны, даводзіць моладзі, адкуль, з якіх вытокаў пайшла наша культура. Тым болей, што зараз новыя ініцыятывы здольны абаперціся на зробленае нашымі папярэднікамі. У тым ліку — і напрыканцы XX стагоддзя.
Кастусь ЛЕШНІЦА
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!