Вы тут

Як пустую, закінутую маёмасць ператварыць у карысныя людзям аб'екты


Некалі гэта быў нават вельмі запатрабаваны клуб Столінскага аўтапарка, тут праводзілі святочныя мерапрыемствы, ушаноўвалі найлепшых працаўнікоў. Але з гадамі прадпрыемства скарачалася, перажывала аптымізацыі, пераўтварэнні. Клуб стаў непатрэбны, яго зачынілі, пра яго забыліся, і стаяў ён на ўскраіне горада як напамін пра даўно мінулае.


Замест клуба — рэстаран

І не толькі стаяў, але пакрысе прыходзіў у заняпад ды разбураўся. Пакуль на адным з аўкцыёнаў будынак не купіла прыватнае прадпрыемства за 60 тысяч рублёў. За чатыры гады рэканструкцыі прадпрымальнік уклаў яшчэ 370 тысяч і перабудаваў клуб у рэстаран з начным клубам і залай для ўрачыстасцяў. Цяпер гэта адна з самых папулярных у Століне ўстаноў грамадскага харчавання. Уяўляецца важным, што будынак стаіць паводдаль ад жылых дамоў, значыць, нікому не перашкаджаюць музыка ды начное жыццё ўстановы.

А вось былая райплемстанцыя ў Століне стала школай мастацтваў. Калі навукова-практычная ўстанова жывёлагадоўчага профілю справіла наваселле, двухпавярховы будынак перайшоў у раённую камунальную ўласнасць. З абласнога і раённага бюджэтаў уклалі адзін мільён рублёў, правялі рэканструкцыю, і дзверы адкрыла школа мастацтваў. Яе гонар — балетная студыя, дзе займаюцца сотні малых гараджан, а ўсяго школу мастацтваў наведвае сёння каля 400 дзяцей. І такіх прыкладаў на Століншчыне нямала. Відаць, з гэтай прычыны раён выбралі месцам для правядзення рэспубліканскага семінара па прыцягненні ў абарот нявыкарыстанай дзяржаўнай маёмасці. Тут і праўда знайшлося чаму павучыцца ўдзельнікам, сярод якіх былі кіраўнікі абласных камітэтаў Дзяржмаёмасці, прадстаўнікі мясцовых выканаўчых органаў улады.

Новае сельгаспрадпрыемства

Як адзначыў на семінары старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Дзмітрый МАТУСЕВІЧ, нават на фоне таго, што Брэстчына ў краіне займае лідзіруючыя пазіцыі па пытанні прыцягнення ў гаспадарчы абарот маёмасці, Століну належыць асаблівае месца. Тут жывуць надзвычай дзелавыя людзі, ды і кіраўніцтва раёна падтрымлівае ініцыятывы па развіцці бізнесу, стымулюе бізнес падыходзіць да зямлі рацыянальна, укладваць заробленыя сродкі ў вытворчасць.

Гаворка зайшла пра новае сельгаспрадпрыемства «Грушава-Мілк». Былая жывёлагадоўчая ферма ў вёсцы Бор-Дубянец да нядаўняга часу складалася з 12 пустых пабудоў рознай ступені разбуранасці. У 2019 годзе разам з былой фермай ладны ўчастак зямлі набыў фермер Міхаіл Грыб — вядомы ў раёне і за яго межамі бізнесмен, які атрымлівае даходы пераважна ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства. На гэтай базе ён стварыў новае сельгаспрадпрыемства. Дарэчы, абавязковай умовай выдзялення зямлі было адкрыццё прадпрыемства малочнай жывёлагадоўлі.

Узвялі новыя кароўнікі, закупілі 200 пародзістых кароў. Цяпер тут утрымліваецца каля 450 галоў буйной рагатай жывёлы. І прадпрыемства ўжо лідзіруе ў раёне па надоях. Ад каровы на дзень атрымліваюць 25 кілаграмаў малака. Створана каля 30 рабочых месцаў, працягваецца рэканструкцыя старых пабудоў і ўзвядзенне новых. Гэты прыклад, несумненна, стаў паказальным не толькі для Століншчыны.

На семінары паказвалі шмат цікавага ды павучальнага. Напрыклад, дзіцячы садок, які адкрылі на базе аднаго з будынкаў былога ваеннага гарадка, гандлёвае прадпрыемства, што размясцілася ў былым адміністрацыйным будынку.

Паспрыяў землякам

Варта сказаць, што такіх ці падобных прыкладаў можна знайсці нямала і ў іншых раёнах вобласці. Асабліва каштоўна, на маю думку, калі выхадцы з нейкага населенага пункта не забываюць пра свае карані, укладваюць сродкі, вяртаюць да жыцця пустыя аб'екты і тым самым дапамагаюць землякам. Скажам, як Дзмітрый Жуковіч з Бярозы: ён адрадзіў сельскую крама ў вёсцы Перасудавічы. І вёска не сказаць каб зусім малая, бо каля ста чалавек пражывае, а яшчэ насельнікі чатырох невялікіх навакольных вёсак сюды хадзілі, але краму прызналі нерэнтабельнай, на дзверы павесілі замок яшчэ ў 2013 годзе. У Перасудавічы стала хадзіць аўтакрама.

Дзмітрый, які мае ў Бярозе невялікі бізнес у галіне аўтасэрвісу, набыў на аўкцыёне пусты будынак, правёў яго рэканструкцыю, ды такую, што ад былога памяшкання толькі сцены засталіся, і адкрыў новы магазін. Цяпер мясцовыя жыхары не нарадуюцца. Аўтару гэтых радкоў давялося пабываць у краме. Амаль уся лінейка прадукцыі на паліцах прадстаўлена ад некалькіх вытворцаў. Прывозяць тавары кожны дзень. Прадавец не без гонару паказала мне смятану і тварог, на якіх дата выпуску пазначана толькі днём раней. Тут бяруць на рэалізацыю шмат паўфабрыкатаў, мясная прадукцыя возіцца непасрэдна з мясакамбіната. Людзі хутка ацанілі новы гандлёвы аб'ект — пайшлі-паехалі пакупнікі з суседніх вёсак, з Белаазёрска, які знаходзіцца за 12 кіламетраў.

Побач з магазінам спачатку паставілі арэлі, потым узнікла невялікая база для пікніка, паставілі альтанкі з мангалам, абсталявалі дзіцячую пляцоўку. Людзі сталі цікавіцца, прыязджаць, загаварылі аб магчымасці пераначаваць і падсілкавацца. І прадпрымальнік замахнуўся на базу адпачынку, у якой будзе некалькі домікаў, пункт грамадскага харчавання. Зямля для пабудоў ужо набытая. Для турыстаў мясціна прывабная: недалёка спораўскія балоты, знакаміты Спораўскі заказнік. І самае галоўнае — з адкрыццём крамы, добраўпарадкаваннем вакол яе вёска стала ажываць. Гараджане пачалі купляць пустыя дамы, а цяпер такіх і не засталося. «Магазін карыстаецца папулярнасцю, за яго вяскоўцы асабліва ўдзячныя земляку, — гаворыць старшыня Стрыгінскага сельскага Савета Іван КРАГЕЛЬ. — Летам насельніцтва Перасудавіч павялічваецца ледзь не ўдвая. І гандлёвая кропка становіцца ўстановай першай неабходнасці».

Не без цяжкасцяў

Як і крама Юліі Шэвелевай у Тэўлях Кобрынскага раёна. Прадпрымальніца адкрыла невялікую ўтульную крамку за тры хвіліны хады ад чыгуначнай станцыі. Асартымент самы разнастайны, чысцінёй, парадкам, прыгажосцю сельскі магазічык не адрозніваецца ад сучасных сталічных ці брэсцкіх. Акрамя прадуктаў, ёсць аддзел прамысловых тавараў. Крама працуе з дзевяці да дзевяці без выхадных. Толькі вось памяшканне зусім малое. Часам прыезджыя забягаюць са станцыі, просяць зрабіць кавы, а іх няма нават куды пасадзіць. Само жыццё падказала неабходнасць абсталявання кафетэрыя. І свабоднае памяшканне ў гэтым жа будынку ёсць, красуецца шыльда «Прадаецца». Будынак узведзены гадоў 65 таму, належыць сістэме спажыўкаперацыі. Зачынены вельмі даўно, па сценах месцамі пайшлі расколіны, аконныя праёмы закладзеныя блокамі і замураваныя. Яно і зразумела, дваццаць гадоў пад замком — стан адпаведны.

Намерылася Юлія купіць памяшканне, ды ёй такую цану абвясцілі, што энтузіязм стаў згасаць. Было гэта больш за пяцігодку таму. Але Юлія не здавалася, вывучала дакументы, збірала газетныя публікацыі, дзе дэпутаты, чыноўнікі розных узроўняў заяўлялі, як важна вяртаць да жыцця пустыя, нявыкарыстаныя аб'екты, хадзіла на прыёмы. Вусна яе падтрымлівалі, жадалі поспехаў, але ўласнік цану не зніжаў. І калі спачатку яна прапаноўвала за будынак суму ў разумных межах, то пасля працяглага «хаджэння па пакутах» заявіла, што толькі за адну базавую можа ўзяць гэтую разваліну, там жа ўкладваць трэба вялізныя сродкі. Я тады пісала пра Юлію, гутарыла з многімі зацікаўленымі асобамі. Мяне адсылалі да законаў, казалі пра рэнтабельныя падыходы. Выязджала, дарэчы, у Тэўлі па пісьме чытачоў. Гаварыла і з імі — старастам вёскі, грамадскімі актывістамі — пенсіянерамі. Дык вось гэтыя вясковыя людзі выказвалі меркаванне, што спажыўтаварыства не хоча бачыць канкурэнта побач, таму і не вырашае пытанне.

Прайшоў час, цяпер і Юліі, падобна на тое, будынак не патрэбны. Стаіць ён у цэнтры вялікага населенага пункта як помнік, мякка кажучы, не зусім гаспадарліваму падыходу. Як, дарэчы, і будынак камбіната бытавога абслугоўвання. Некалі знаходзіўся прадпрымальнік, гатовы быў узяць па разумнай цане — не далі. Потым прадавалі нейкім замежным грамадзянам, тыя перапрадавалі іншым, словам, вялікі будынак разбураецца далей, двор зарастае. І такіх прыкладаў, на жаль, у нас таксама нямала.

Згадала пра іх, калі ў Століне пахваліліся, што былую ферму з 12 пабудоў новаму гаспадару аддалі за адну базавую. І ферма, як бачым, стала новым сельгаспрадпрыемствам.

На семінары зноў гаварылася, што перадаваць маёмасць дзяржава гатовая нават на бязвыплатнай аснове. Каб толькі не стаяла тая маёмасць мёртвым грузам, не зеўрала пустымі аканіцамі, а прыносіла карысць людзям, спрыяла занятасці. Яшчэ ўдзельнікі семінара абяцалі ініцыіраваць пэўныя папраўкі ў законы. Іх вельмі чакаюць на месцах.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.