Вы тут

Плаванне, баскетбол, барацьба ў топе прызёраў


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем пра спартыўныя падзеі мінулага тыдня.


Турнір тыдня

У Брэсце скончыўся адкрыты Кубак Беларусі па плаванні, удзел у якім узялі беларускія і расійскія спартсмены. Беларускія плыўцы — сярод пераможцаў. Ілья Шымановіч стаў лідарам на дыстанцыі 50 метраў брасам, у гэтым жа відзе праграмы сярод жанчын найлепшай стала Аліна Змушка. Рыгор Пякарскі стаў бронзавым прызёрам на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем. У адпаведным відзе праграмы ў жанчын Настасся Куляшова і Настасся Шкурдай заваявалі сярэбраны і бронзавы медалі. Брастаўчанін Іван Адамчук заняў трэцяе месца на дыстанцыі 200 метраў комплексным плаваннем. Брастаўчанка Алеся Ігнатовіч стала трэцяй на 200 метрах вольным стылем, такое ж месца ў дадзеным відзе праграмы сярод мужчын заняў Канстанцін Курачкін. На «палцінніку» на спіне беларусы Віктар Стасяловіч і Максім Крэпскі сталі ўладальнікамі сярэбранага і бронзавага медалёў. У аналагічным відзе праграмы сярод жанчын прадстаўніца Мінскай вобласці Паліна Буртылёва паказала трэці вынік. Канстанцін Курачкін на дыстанцыі 800 метраў вольным стылем заваяваў «серабро». У змяшанай эстафеце 4х100 вольным стылем каманда Мінска заняла другое месца, а прадстаўнікі Гомельскай вобласці сталі трэцімі. У змяшанай эстафеце 4х100 комплексным плаваннем каманда Мінска размясцілася на другой пазіцыі, а на трэцім месцы — спартсмены Брэсцкай вобласці.

Усяго ў адкрытым Кубку Беларусі па плаванні ў Брэсце ўзяло ўдзел больш за 300 спартсменаў з дзвюх краін. Па выніках чатырох дзён спаборніцтваў беларуская каманда заваявала 10 залатых узнагарод, расіяне перамаглі ў 32 фіналах.

Каманда тыдня

Зборная Беларусі па баскетболе 3х3 стала бронзавым прызёрам міжнароднага турніру «Дружба Cup», які завяршыўся ў Астраўцы. У паўфінальным паядынку на кортах САК «Імпульс» беларуская дружына ўступіла маскоўскаму клубу Іnanomo з вынікам 14:21. Беларусь прадстаўлялі Сяргей Вабішчэвіч, Андрэй Рагазенка, Аляксей Навойчык і Максім Лютыч, які быў прызнаны найлепшым цэнтравым гэтых спаборніцтваў. У рашаючым паядынку за першае месца баскетбалісты Іnanomo перайгралі Bad Boys з Бранска з вынікам 21:10.

Гульня тыдня

На Заслаўскім вадасховішчы прайшоў адкрыты чэмпіянат Мінска па пляжным валейболе, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Удзел у адкрытым чэмпіянаце сталіцы ўзялі як прафесіяналы, так і аматары, у склад кожнай каманды ўвайшлі па два спартсмены. Пераможцам мужчынскага турніру стаў гомельскі тандэм Дзмітрый Макарэнка — Уладзімір Галота, сярод жанчын найлепшымі аказаліся Святлана Шымановіч і Святлана Кульгавеня з Мінска.

Дакумент тыдня 

Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама» і Усерасійскае фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама» падісалі пагадненне аб пашырэнні супрацоўніцтва. Абедзве арганізацыі даўно і плённа супрацоўнічаюць у розных напрамках. У пагадненні замацаваны асноўныя палажэнні, па якіх абодва таварыствы будуць працягваць сваю работу па рэалізацыі сумесных праграм, праектаў і мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў грамадства высокіх духоўна-маральных прынцыпаў і грамадзянскай адказнасці, папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, захавання ваеннай і спартыўнай, гістарычнай спадчыны. Дакумент у НАК Беларусі падпісалі старшыня УФСТ «Дынама» Ігар Абярэмка і старшыня ВФСТ «Дынама» Анатоль Гулеўскі.

Героі тыдня

У Калінінградзе адбыўся XXV турнір па вольнай барацьбе сярод юніёраў да 24 гадоў памяці заслужанага майстра спорту А. А. Шуміліна. Беларускія спартсмены заваявалі 10 узнагарод. Пераможцамі турніру сталі Дзмітрый Шамела (57 кг) і Уладзіслаў Казлоў (97 кг). Сярэбраныя прызёры — Дзяніс Салавей (65 кг), Дзмітрый Дзенісеня (79 кг) і Павел Дзятлаў (97 кг). Бронзавыя медалі заваявалі Ягор Рудаўскі (57 кг), Давуд Алізалаў (74 кг), Ілья Хамцоў (86 кг), Аляксей Пархоменка (92 кг) і Мікіта Гаргун (125 кг).

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?