Вы тут

Творы беларускага мастака Алеся Родзіна прадстаўлены ў Мінску


Адрэстаўраваныя творы беларускага мастака Алеся Родзіна прадстаўлены ў Мінску на выстаўцы «Скрадзенае натхненне». І сапраўды, гэта творы з вельмі няпростым лёсам, калі літаральна прыйшлося за іх змагацца аўтару, які доўгі час працаваў у легендарным берлінскім арт-цэнтры «Тахелес». Гэта была амаль дэтэктыўная гісторыя з захопам, арыштам карцін, судом і вяртаннем дадому...


— Недзе з сярэдзіны 90-х, калі знялі жалезную заслону, я меў шмат выставак у Еўропе — у Францыі, Нідэрландах. Прэса амаль кожны дзень пісала пра маю выстаўку. Мы яе не проста вазілі па розных гарадах, а паказвалі працэс працы мастакоў. А пасля адбылася вялікая выстаўка ў Берліне, у легендархым «Тахелесе» — памяшканне былога універмага, якое аблюбавалі мастакі. Гэта цэнтр Берліна — каля кіламетра да Брандэнбургскай брамы, да рэйхстага. Месца, дзе сыходзіліся турыстычныя плыні. Усе аматары мастацтваў, паглядзеўшы на архітэктуру, пасля шукалі выстаўкі, на якія можна завітаць. Тахелес, як гумка, усіх усмоктваў. Мая выстаўка месцілася на 6-м паверсе. Там было прадстаўлена ўсяго каля 100 маіх твораў, — узгадвае Алесь Родзін. — Кожны дзень праз выстаўку праходзіла ад 500 да 1000 чалавек, а за тыя гады, што яна там дэманстравалася, гэтыя творы пабачылі больш за мільён чалавек. 

Напачатку ХХІ стагоддзя беларускі мастак Алесь Родзін стаў адным з тых творцаў, які ў Цэнтры сучасных мастацтваў «Тахелес» стала прадстаўляў свае работы. Яго выстаўка жывапісу «Глабальнае пацяпленне» прыцягвала наведвальнікаў з усяго свету. Беларускі мастак літаральна там, на месцы, маляваў — была рэдкая магчымасць паназіраць за самім працэсам творчасці. Акрамя таго дзякуючы яму ў Берліне было месца, дзе ладзіліся мастацкія і музычныя імпрэзы з удзелам беларусаў. Родзін там выстаўляўся 13 гадоў. А пасля... 
Адбылася драматычная гісторыя закрыцця цэнтра «Тахелес», а мастакі, якія зрабілі гэта месца культавым, змагаліся за яго захаванне, але пацярпелі няўдачу. Дом з мастакамі быў прададзены, а пасля перайшоў ва ўласнасць гамбургскаму HSH Nordbank, які запатрабаваў яго вызваліць. Праблема была ў тым, што ўвесь «Тахелес» пераходзіў пад юрысдыкцыю іншых асоб — і аднойчы памяшканне апячаталі разам з творамі... Вось як узгадвае тыя падзеі Родзін: 

— Маю выстаўку захапілі. Уварваліся недзе чалавек 30 аховы, закрылі выстаўку, хацелі наогул усё зруйнаваць. Але ўмяшалася прэса і аматары мастацтваў, пайшлі інтэрв’ю. Цэлы год выстаўка была зачынена, ахова ля яе мянялася кожныя 4 гадзіны. Але сканал, які ўзняўся, пайшоў на карысць. Прэса па ўсім свеце шмат пісала пра тыя падзеі, была каласальная ўвага. І адбыўся суд. 

Увесь гэты час творы знаходзіліся пад пагрозай знішчэння. У абарону беларускага мастака і яго работ сабралі амаль 100 000 подпісаў. І дзякуючы рашэнню дзяржаўнага суда Берліна карціны былі вернуты аўтару. Падчас арышту і доўгага вызвалення работы былі пашкоджаныя, але цяпер яны адрэстаўраваныя, і пабачыць іх можна ў сталічнай арт-прасторы «Фабрыка», што месціцца ў былым заводскім памяшканні — і гэта класна, бо вялікія творы Родзіна тут як дома. Толькі назва той «тахелесаўскай» выстаўкі ўжо іншая — «Скрадзенае натхненне». Але гэта адсылка да берлінскай гісторыі, якая наўрад ці тычыцца самога мастака, які па-ранейшаму чарпае натхненне ў зносінах з наведвальнікамі, і адчувае энергію публікі. Зрэшчы, яго творы — самі крыніца энергіі. Вялікія палотны са складанымі вобразамі, якія трэба разглядаць пільна, звязваючы адзін з другім, імкнуцца не прапусціць дэталі, расшыфроўваць і аналізаваць, каб сфармуляваць сэнс. Фантазія мастака — па-за межамі, па-за культурамі і традыцыямі. Гэта пра людзей і для людзей, дзе б яны ні жылі. Але... Трэба думаць, што ўсё ж нездарма аўтар аднойчы стаў пісаць сваё прозвішча — Родзім... 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».