Вы тут

Магілёўскія ратавальнікі прысвяцілі сваім калегам праект


Гэты праект зроблены з мэтай паказаць вайну вачыма розных пакаленняў і данесці галоўную думку: мір — гэта самая галоўная каштоўнасць на зямлі. 


— Мы зрабілі невялікія відэаролікі па 5-7 хвілін пра кожнага з нашых герояў, дзе яны дзеляцца сваімі думкамі і расказваюць, які ўплыў зрабіла на іх Вялікая Айчынная вайна, — адзначыла старшы інспектар абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых. 
На жаль, не дажыў некалькі дзён да Дня Незалежнасці адважны танкіст і ратавальнік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны і пажарнай службы Андрэй Сямёнавіч Майсееў. 

На фронт пайшоў у 1942-м годзе 18-гадовым юнаком. За два з паловай гады механік-кіроўца танка Т-34, а затым цяжкага танка ІС-2 прайшоў па дарогах Вялікай Айчыннай вайны ад Сталінграда да Вены. Удзельнічаў у вызваленні Паўднёвай і Паўночнай Украіны, Малдавіі, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі. Тройчы быў паранены, гарэў у танку, але ўсім смерцям насуперак выжыў. 27 гадоў аддаў службе ў Савецкай арміі, абараняючы Радзіму. У пачатку 50-х удзельнічаў у Карэйскай вайне. 

Ветэран органаў па надзвычайных сітуацыях Алена Аляксандраўна Грыб нарадзілася ў 1938 годзе, вайну і пасляваенны час успамінае часта, пра гэта, кажа яна, немагчыма забыцца. Яе бацька, як і некаторыя іншыя жыхары вёскі Вілейка з Віцебшчыны, дзе яны жылі, ваяваў у партызанскія атрадзе «Жалязняк.» Насельніцтва ад нямецкіх акупантаў перыядычна хавалася ў лесе. Аднойчы немцы зрабілі выгляд, што пакінулі вёску, а калі людзі вярнуліся ў дамы, акружылі яе і, сагнаўшы людзей у хлеў, падпалілі яго. Хто выбягаў, кідалі назад або расстрэльвалі. У вогненным пекле згарэла хросная Алены Аляксандраўны і пяцёра яе дзяцей. Сама яна і яе брат засталіся жывыя толькі дзякуючы маці, якая, пакінуўшы дзяцей у лесе, адправілася ў разведку і ўбачыла гэтую трагедыю сваімі вачамі. У дзіцячую памяць урэзаўся спалоханы твар маці і той жах, які гнаў іх утрох глыбей ў лес, падалей ад страшнага месца. Калі вярнуліся ў вызваленую вёску, падарункам лёсу стаў родны дом, які, у адрозненне ад іншых, не згарэў. А пад акном моцна цвіла белая ружа. "Мы ўсю яе абламалі, каб падарыць нашым салдатам, якія праязджалі праз вёску. Смяяліся і плакалі ад радасці, што перамаглі,«— успамінае жанчына.

Ветэран Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, падпалкоўнік унутранай службы ў адстаўцы Вячаслаў Ротач нарадзіўся ў пераможным 1945-м годзе. Яго бацька Пётр Ротач служыў у спецыяльным аддзеле блакаднага Ленінграда, пасля вайны быў накіраваны ў Магілёў для барацьбы з бандытызмам. Дзед Вячаслава Пятровіча па лініі маці — Усевалад Фаміч Іваноў працаваў на металургічным камбінаце і плавіў браніраваную сталь для танкаў Чырвонай Арміі. За сваю высокакваліфікаваную і гераічную працу быў узнагароджаны Ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Прадаўжальнікам і захавальнікам сямейных традыцый, дзе берагуць і шануюць памяць мужных продкаў, стаў Пётр Машунін, ратавальнік-пажарны ПАВЧ-4 Магілёўскага гараддзела па НС. Яго прадзед трапіў на фронт 17-гадовым юнаком. Ваяваў у складзе 64-й стралковай дывізіі, удзельнічаў у жорсткіх баях на правым беразе Жыздры, у Вісла-Одэрскай наступальнай аперацыі, фарсіраваў раку Одэр. «Мне пашчасціла быць побач з ім ў дзяцінстве, ён стаў прыкладам для мяне на ўсё жыццё, — прызнаецца Пётр. — Яго гераічнае мінулае, поўнае самаадданасці і патрыятызму, паслужыла мне арыенцірам у выбары прафесіі. Я хачу і магу дапамагаць людзям, рабіць свет лепш. Майго прадзеда ўжо няма побач, але я жыву так, каб ён мной ганарыўся.»

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Экі­пі­роў­ка» вы­дат­ні­ка. Як сэ­ка­но­міць гро­шы і нер­вы?

Апошні летні месяц (асабліва другая палова жніўня) для бацькоў школьнікаў заўсёды праходзіць пад дэвізам «Збіраемся ў школу!».

Грамадства

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны

Падчас жніва ўсе, хто задзейнічан ва ўборачнай кампаніі, часова становяцца хлебаробамі.