Вы тут

«Таркі-Тау» чакае «Сугучча сэрцаў»


Дагестанскі мастацкі свет — гэта вясёлка з мноства нацыянальных культур. Каб словы адзін аднаго горцы разумелі не толькі сэрцам, але і сваім розумам, Марат Гаджыеў, які выдае ў Махачкале газету «Горцы», з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса «Дагестан», некаторы час назад стварыў яшчэ і Каўказскі дом перакладу. У літаратара і выдаўца ёсць яшчэ адзін паспяховы праект: кніжная выстаўка-кірмаш у Махачкале. Дагестанскія кніжнікі запрашаюць на яе і беларускіх выдаўцоў. Падстаў для гэтага хапае. Дарэчы, гасцямі форума кніжнікаў у Махачкале ў нядаўні час пабывалі беларускі паэт Рагнед Малахоўскі, публіцыст і перакладчык Аляксей Чарота. 


У літаратурна-мастацкіх часопісах Беларусі на рускай і беларускай мовах выходзяць вершы аварскіх, лакскіх, даргінскіх, лезгінскіх, кумыцкіх паэтаў. Марат Гаджыеў расказаў, чаму беларускія перакладчыкі сёння працуюць над анталогіяй сучаснай паэзіі народаў Дагестана:

Наш край — гэта розныя народы, гэта вялікае багацце. Мы ўвесь час чакалі і працягваем верыць, што менавіта гэта наша нацыянальнае шматаблічча штурхае нас некуды на высокую літаратурную арбіту. Сёння ў Махачкале развіваюцца надзвычай цікавыя працэсы. І гэта на фоне агульнага спада цікаўнасці да кнігі, некаторай каўказафобіі ў Расіі, і, што досыць сумна, на фоне выцяснення рускай мовы з Каўказа. 

Вось такі круты «замес». Але цяжкія сітуацыі толькі загартоўваюць. У нашых далёкіх паселішчах жывуць першазданныя чысціня і сіла; энтузіясты імкнуцца зафіксаваць музыку, танцы, словы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і — не вычэрпваюцца. І ўсе свае знаходкі такія рупліўцы не хаваюць у музей ці ў прыватныя калекцыі, а выкладваюць у Інтэрнэт. За тры-чатыры дзясяткі гадоў цішыні — гэта сапраўдны прарыў!

Так, часам бывае цяжка прасачыць за ўсімі інфармацыйнымі патокамі, але, безумоўна, знутры іх відаць будучыя арыенціры новай сучаснай нацыянальнай культуры і літаратуры. 

Сёння неабходна даць штуршок нацыянальным мовам, якія спыніліся ў сваім развіцці ў 50-ых гадах мінулага стагоддзя. У гутарковую мову ў савецкі час увайшлі дзясяткі слоў з рускай мовы, а цяпер — з арабскай, англійскай. У былыя часіны гэта адбывалася не так імгненна. 

І ўсё ж ці ёсць сярод літаратур Дагестана лідар?

Відаць, няправільна ацэньваць літаратурныя творы ці пісьменнікаў таго ці іншага народа ў колькасным вызначэнні. Але, скажу прама, толькі тыя, хто адмовіцца ад перыферыйнасці ў літаратрнай свядомасці, зможа рухацца наперад. 

Безумоўна, сёння знутры нацыянальных літаратур адбываюцца розныя працэсы — і яны не тоесныя. Адзінае, што іх аб’ядноўвае: гэта жаданне не растварыцца, захаваць сваю мову. Але гэта толькі частка праблемы. Бо вырашаючы утылітарную задачу, нельга забывацца на якасць літаратуры, на вызначальную сілу слова. Для развіцця патрэбны магутны штуршок, які параўнальны для нас з тым, што адбывалася ў літаратуры пасля Вялікай Айчыннай вайны, якая вызначыла жыццё і творчы пошук некалькіх пакаленняў пісьменнікаў. 

Ці перакладаюць адзін аднаго паэты, празаікі розных народаў Дагестана? Ці традыцыя гэта альбо хутчэй выключэнне з правіл?

Так, пераклады — любімая тэма ў нашым літаратурным жыцці. Але часта якасць прымушае чакаць лепшага. Вялікія перакладчыкі савецкага перыяда жывуць у кнігах і ўспамінах. Стварэнне перакладчыцкай школы — гэта рэфрэн на ўсіх літаратурных сходах. Часам, узяўшы ў рукі сучасную кнігу, думаеш: лепей бы не перакладалі...

Ці цікавы літаратурны Дагестан рускім перакладчыкам у Маскве, Санкт-Пецярбургу, іншых гарадах Расіі?

Мы самі вінаватыя, што на нас не звяртаюць тае ўвагі, якой вартая наша літаратура. Кожны з нашых пісьменнікаў , як пасля караблекрушэння, спрабуе выратавацца ў адзіночку. Не тое каб яны гінулі без перакладчыкаў, але пра сур’ёзную работу з перакладчыкамі і не думаюць. 

Мы адчынілі грамадскую некамерцыйную арганізацыю Каўказскі дом перакладаў. Яго праца выбудоўваецца па двух накірунках. Першы, безумоўна, — гэта стварэнне перакладчыцкага асяродку на Каўказе. У нас няма мэты перакладаць толькі аварскую ці кумыцкую паэзію — усё павінна быць шмат шырэй. Перакладаць сёння патрэбна не толькі з нацыянальных моў на рускую, але і, скажам, на тую ж кітайскую ці на мовы народаў Індыі. 

Каб гэта было магчыма — я планую пабудаваць ці набыць дом дзе-небудзь у гарах, куды змог бы прыехаць кітайскі ці беларускі перакладчык і папрацаваў. Для спецыялістаў — гэта магчымасць пападарожнічаць і папрацаваць. Падобнае ў Еўропе працуе даўно. Праект доўгатэрміновы, патрабуе карпатлівай працы, але ён дае магчымасць «пад ценем» ужо вядомых перакладчыкаў выпеставаць і маладых спецыялістаў. Гэта дапаможа дамагчыся адкрыцця перакладчыцкага аддзялення на філалагічным факультэце Дагестанскага дзяржаўнага універсітэта. 

Вы яшчэ заснавалі і кніжную выстаўку ў Махачкале... 

Усё пачалося з каўказскай літаратурнай газеты. Я ўклаў у яе шмат сіл і душы, але яна, у сілу розных прычын, не даходзіць да чытача. Каб папулярызаваць «Горцев», я прыдумаў такі кніжны форум у Махачкале і назваў яго «Таркі-Тау». Гэта імя гары, ля падножжа якой знаходзіцца сталіца Дагестана. 

Кніжны кірмаш «Таркі-Тау» арыентуецца на лепшы айчынны і замежны вопыт. Наш кніжны форум прадстаўляе рэальны механізм узаемадзеяння ўсіх сегментаў літаратурнага жыцця. Уключаючы кнігавыданне, распаўсюджванне кніг, аўтарскія правы і г.д. На «Таркі-Тау» праходзяць экспертныя саветы і літаратурныя дыспуты, перфомансы і творчыя сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, мастакамі, на заключным этапе — прысуджэнне прэміі лепшаму выданню. Але галоўнае — гэта сустрэчы з чытачамі. 

Запрашаем выдавецтвы Беларусі да супрацоўніцтва. Варта зазначыць, галоўнае для нашага кніжнага кірмашу «Таркі-Тау» не камерцыйная выгада, а гуманітарная місія. Мы некалькі разоў спрабавалі запрасіць знакавых аўтараў, але пакуль не атрымалася. Спадзяёмся на ўдзел у нашым кніжным кірмашы рэдакцый беларускіх часопісаў «Нёман», «Полымя», Выдавецкага дома «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура». Беларускія калегі прэзентавалі ў Махачкале шматтомную серыю кніг «Сугучча сэрцаў», у адным з тамоў якой знайшлося месца для літаратуры народаў Каўказа. 

— Ведучы размову пра Дагестан, першым мы згадваем Расула Гамзатава. Наколькі ён сёння ўшаноўваецца як з’ява аварскай і ўвогуле каўказскай, сусветнай паэзіі?

— Мы рыхтуемся да чарговага юбілея народнага паэта Дагестана — шырока і масштабна. Расул Гамзатаў быў самым вядомым паэтам Каўказа за межамі да 90-х гадоў XX стагоддзя. Тады быў усплеск цікавасці да паэзіі, ды і шматтысячныя тыражы зрабілі саю справу. Сёння спонсарскай дапамогі хапае на друк некалькіх соцен экзэмпляраў кніг паэтаў, якія маглі б славіць аварскае ці іншае наша слова не толькі на Каўказе, але і за яго межамі. Але — час зараз другі. У лёсе Расула Гамзатава некалі супала ўсё — талент, запатрабаванасць, час і месца. Цяжка сабе ўявіць, што сёння нехта падымецца на падобную вышыню. 

— Дарэчы, а колькі моў сучаснага Дагестана валодаюць пісьменнасцю? Ці ва ўсіх народаў, якія маюць пісьменнасць, аднолькава актыўна развіваюцца нацыянальныя проза і паэзія?

— Сёння ёсць 14 пісьменных моў Дагестана. Пералічу, калі вы не супраць, па алфавіту: аварская, агульская, азербайжанская, даргінская, кумыкская, лакская, лезгінская, руская, табасаранская, татская, нагайская, рутульская, цахурская і чачэнская. Калі ўлічыць, што пісьменнасць агульскай, рутульскай і цахурскай моў аформілася параўнальна нядаўна, літаральна некалькі гадоў назад, то вы разумееце, якія розныя задачы стаяць перад вучонымі і літаратарамі розных нацыянальных груп. Але гэта не значыць, што ў народаў, якія не маюць пісьменнасці, няма літаратурнага слова. Ёсць вусная творчасць, дарэвалюцыйная арабамоўная пісьменнасць, якая давала магчымасць раскрыць товрчым людзям свае магчымасці. 

Але прыход рускай пісьменнасці, асабліва першыя гады гэтага працэсу, даў моцны штуршок для літаратуры. Іншая справа — апошняе дзесяцігоддзе. Мяркую, пакуль на паверхні вельмі рэдка відаць сапраўдныя хвалі, але вось-вось мы ўбачым нешта вельмі істотнае. Нельга адназначна сказаць, будзе гэта тыпова дагестанскяа проза ці паэзія ці будзе гэта трэнд агульнасусветных уплываў...Ад літаратуры «маленькага чалавека» дагестанская літаратура ўпэўнена рухаецца ў бок зразумелых шырокамасштабных палотнішчаў і з’яў. 

Дзякуй, за гутарку, дарагі Марат, і вельмі спадзяёмся на пашырэнне нашага супрацоўніцтва, развіццё літаратурных сувязяў паміж Беларуссю і Дагестанам! 

І мы спадзяёмся на гэта! Гатовы да рэалізацыі новых супольных творчых праектаў! 

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА

Махачкала — Мінск

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.