Лета ў «Маладосці» пачынаецца з гумарыстычнай аповесці Андрэя Сідарэйкі «Маладыя, альбо Вясёлыя будні сям’і Курачкіных». Пісьменнік нарадзіўся на Гомельшчыне, у Рэчыцкім раёне. Скончыў Лоеўскае педагагічнае вучылішча і факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар кніг «Жонка на гадзіну», «Вальс чырвоных гронак рабіны», «Дзсяць капеек», «Здарэнне ў ціхую ноч». Выпускніца філфака БДУ Паліна Басалыга (нарадзілася ў Мінску ў 2000 годзе) знаёміць з падборкай вершаў «Святло і цемра». «Шапталі зоркі між сабою:/ «Што бачыш ты?»/ «Я бачу літасць»./ «Я бачу гора». / Спытала поўня: / «Што адчувалі?»/ «Святое шчасце».
Абразкі Канстанціна Касяка аб’яднаны агульнай назвай «Да дзядоў на магілы». Малады літаратар (нарадзіўся ў Мінску ў 1987 годзе; скончыў гістарычны факаультэт БДУ) імкнецца зазірнуць у лёсы сваіх прашчураў, блізкіх людзей, піша пра цікавыя яму мясціны.
Шмат старонак у шостым нумары «Маладосці» адведзена прозе і паэзіі аўтараў сталых, добра вядомых не толькі чытачам «Маладосці» — Зіновія Прыгодзіча, Міхася Пазнякова, Ганны Навасельцавай, Наталлі Канстанцінавай. Цікавай падаецца падборка вершаў Ірыны Бяльковіч «Кахання прамень». Дарэчы, у «Маладосці» з’явілася традыцыя — рэдакцыя дае магчымасць аўтарам патлумачыць, якімі прынцыпамі яны кіруюцца ў сваёй творчасці. Вось, да прыкладу, што сцвярджае Наталля Канстанцінава: «У мяне ёсць тры крыніцы ідэй, якія становяцца асновай літаратурных твораў: мая журналісцкая дзейнасць, маё рэальнае прыватнае жыццё і мае фантазіі. Штуршком для выбудоўвання сюжэта можа стаць што заўгодна: пачутыя мной гісторыя або факт, актуальныя з’явы жыцця, некалькі радкоў з упадабанай песні. Былі нават выпадкі, калі літаральна адна-дзве сказаныя кімсьці фразы развіваліся ў сюжэт апавядання або аповесці. Тое, што ўзяла з рэальнасці, я заўсёды творча апрацоўваю, развіваю, перайначваю, кампаную з нечым іншым. У той жа час і мае фантазіі не з’яўляюцца абсалютна адарванымі ад рэчаіснасці: у іх я ў чароўным , рамантычным свеце пераасэнсоўваю нешта з рэальнасці».
Раю ўсім не абыйсці ўвагай «Дыялог пакаленняў», у якім развагамі пра жыццё і творчасць дзеляцца дзед і ўнук — літаратуразнаўца, перакладчык, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Чарота і студэнт філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Цімафей Чарота. А следам за «Дыялогам...» — публікацыя перакладзеных Цімафеем Чаротам вершаў англа-амерыканскага паэта Роджэра Крэйка. Змешчаны ў «Маладосці» і апавяданні Вірджыніі Вульф «Новая сукенка» і «Пазнака на сцяне», перакладзеныя Марынай Макарыч.
Мікола БЕРЛЕЖ
Бягучы год багаты на сенсацыйныя навіны аб дасягненнях штучнага інтэлекту.
Пра тое, чым вызначаецца якасць праекта на тэлебачанні, ці магчыма пераняць сакрэт чужога поспеху і як не выгарэць у няспынным руху.