Вы тут

Усе свае! Як правільнае харчаванне дапамагае захаваць здаровыя зубы


Адной з найбольш частых праблем у стаматалагічнай практыцы з'яўляецца карыес, знаёмы практычна кожнаму на планеце. Якія прычыны правакуюць яго з'яўленне, як з ім змагацца і ці можна не дапусціць карыёзнага разбурэння зубоў? Аказваецца, многае залежыць ад нашага харчавання. Менавіта з ежай мы атрымліваем усе неабходныя рэчывы і элементы, з якіх будуюцца цвёрдыя структуры зуба, тканкі перыядонту і іншых органаў поласці рота. Незбалансаванае харчаванне і празмернае ўжыванне некаторых прадуктаў можа прывесці да развіцця розных парушэнняў у арганізме. Гэта, у прыватнасці, адносіцца да вугляводаў.


 pixabay.com

— Зубы дзяцей, якія злоўжываюць прысмакамі — ледзянцамі, снікерсамі, салодкай вадой — значна больш пашкоджаны карыесам. Разам з тым, важнае значэнне мае не толькі час, калі гэтыя прысмакі ядуць, але і як доўга іх трымаюць у роце і колькі разоў яны ўжытыя на працягу дня, — звяртае ўвагу дзіцячы ўрач-стаматолаг стаматалагічнага аддзялення 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Ала Грэбнева. — Неабходна прывучаць дзяцей з ранняга ўзросту да абмежавання кандытарскіх вырабаў. Калі трэба перакусіць паміж асноўнымі прыёмамі ежы, то звыклыя прысмакі лепш замяніць грубым хлебам, несалодкім кефірам, сырам, малаком або гароднінай, напрыклад, морквай, яблыкамі.

Вельмі кіслыя садавіна і напоі таксама разбураюць зубы, калі іх ужываць часта і доўга — гадамі. Паводле даследаванняў, газаваныя напоі, няхай гэта будуць імпартная кола або айчынныя ліманады, трэба піць толькі праз саломінку. Так можна знізіць рызыку разбурэння эмалі зубоў.

Адмоўныя бакі вугляводзістай ежы не азначаюць поўнай забароны як спосабу прафілактыкі карыесу, паколькі яна неабходная для нармальнай жыццядзейнасці арганізма.

Дастаткова знізіць спажыванне да аптымальнага ўзроўню. Такім чынам, варта абмежаваць прыёмы ежы да 5 разоў на дзень, уключаючы перакусы; паменш і радзей ужываць прадукты і напоі, якія змяшчаюць цукар; салодкая страва не павінна быць апошняй у рацыёне, не трэба есці салодкае на ноч; прадукты, якія прымаем апошнімі, павінны добра чысціць зубы (яблыкі, агуркі, морква). Таксама рэкамендуецца знізіць спажыванне прадуктаў, якія змяшчаюць кіслату, а ліманады і сокі піць праз саломінку.

Немалаважнае значэнне ў папярэджанні стаматалагічных захворванняў маюць бялкі, тлушчы, мінеральныя солі, вітаміны. Асаблівае месца займаюць мікраэлементы, у прыватнасці, кальцый і фтор. Фтор спрыяе павышэнню ўстойлівасці цвёрдых тканак зуба да карыесу.

На фтарыды багатыя марская рыба (скумбрыя, сардзіны) і кансервы з яе, марская капуста, вышэйшыя гатункі грузінскай гарбаты, грэцкія арэхі, персікі, пятрушка, мінеральная вада «Дарыда», «Пратэра», «Лазараўская», «Баржомі». Каб зубная эмаль атрымала фтор, рэкамендуецца затрымліваць у роце кожную порцыю вады перад праглынаннем.

Даследаванні вынікаў айчыннай праграмы фтарыравання харчовай солі паказалі, што яе спажыванне дазволіла знізіць захваральнасць на карыес сярод дашкольнікаў і школьнікаў.

Найбольш дэфіцытны элемент у нашым рацыёне — кальцый, бо яго лёгказасваяльныя злучэнні ўтрымліваюцца ў нешматлікіх прадуктах, пераважна малочных і раслінных. Найбольш багатыя на засваяльны кальцый капуста, бульба, агрэст, грачаная і аўсяная крупы, соя, фасоля, малочныя і кісламалочныя прадукты — малако, кефір, ёгурт, сыр, тварог.

Здаровыя зубы немагчыма ўявіць без прымянення вітамінаў. Лепш за ўсё атрымліваць вітаміны натуральным шляхам, таму што ў прадуктах харчавання яны ўтрымліваюцца ў неабходных арганізму спалучэннях. Так, вітаміны групы В ў вялікай колькасці ўтрымлівацца ў фасолі, гароху, грачанай і аўсянай крупах, крыху менш іх у макаронных вырабах, рысе.

З іншых неабходных вітамінаў трэба назваць вітаміны С і D. Добрай крыніцай вітаміну С з'яўляюцца малочныя прадукты, квашаная капуста, памідоры, асабліва багатыя на яго плады шыпшыны, чорныя парэчкі, лімоны. Вітамін D у вялікай колькасці змяшчаецца ў печані траскі, яечным жаўтку, сметанковым масле. Важнасць прызначэння вітаміну D для прафілактыкі карыесу зубоў абумоўлена актыўным удзелам яго ў абмене кальцыю і фосфару ў арганізме. Пры недастатковым паступленні вітамінаў з ежай трэба прымаць полівітамінныя прэпараты.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.