Падчас нарады Прэзідэнта таксама абмяркоўваліся і дадатковыя меры ў сацыяльна-працоўнай сферы. У бліжэйшай перспектыве супрацоўнікі прадпрыемстваў, якія апынуліся ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці або былі звольнены, могуць разлічваць на дзяржаўную падтрымку.
— У сітуацыі, калі на некаторых прамысловых прадпрыемствах ёсць факты няпоўнай занятасці супрацоўнікаў, прастою, узнікае неабходнасць максімальна падтрымаць чалавека, у якога ў гэтай сітуацыі, бясспрэчна, упадуць даходы, узровень заработнай платы, — паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ. — Для гэтага быў прапанаваны механізм адраснай сацыяльнай дапамогі. Яна аказваецца канкрэтнаму чалавеку, але закранае ў цэлым і сям’ю, бо разлічваецца зыходзячы з сярэднедушавога даходу сям’і. На разгляд кіраўніку дзяржавы быў унесены праект адпаведнага закону, аднак па выніках дыскусіі прынята рашэнне зафіксаваць дадатковыя меры ў праекце ўказа Прэзідэнта — падрыхтоўка такога дакументу займае менш часу.
У прыватнасці, вырашана адкарэкціраваць дзеючы механізм адраснай сацыяльнай дапамогі ў частцы прадастаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць даход. «Калі цяпер трэба прадаставіць дакументы за 12 месяцаў, каб дзяржава аказала падтрымку, то ў новым указе гэты перыяд будзе скарочаны да трох месяцаў для тых супрацоўнікаў, якія апынуліся ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці або былі звольненыя, — патлумачыла міністр. — Гэтым мы адрасна, кропкава дапамагаем чалавеку і яго сям’і вырашыць праблему ў сувязі са зніжэннем даходу».
Прымаць рашэнне аб аказанні падтрымкі будуць па-ранейшаму органы выканаўчай улады на месцах. «Менавіта там, дзе жыве чалавек, ведаюць праблему сям’і і чалавека, — падкрэсліла Ірына Касцевіч. — Чалавеку трэба напісаць заяву, падаць дакументы ў рамках дзяржаўнай паслугі „адно акно“, і ўжо адпаведныя органы будуць прымаць рашэнне» .
Таксама новаўвядзенні закрануць працоўныя адносіны супрацоўнікаў і наймальнікаў. Па словах Ірыны Касцевіч, галоўнае — забяспечыць баланс правоў і абавязкаў наймальніка і чалавека.
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Дзмітрый МАТУСЕВІЧ, які падчас нарады дакладваў аб праекце ўказа «Аб распараджэнні маёмасцю», расказаў аб некаторых новаўвядзеннях:
— Змясціліся акцэнты ў бок работы з мясцовымі органамі ўлады. Кіраўнік дзяржавы даручыў дапрацаваць і адобрыў падыходы, згодна з якімі праца з Дзяржкаммаёмасцю будзе праходзіць або па прамым рашэнні мясцовых органаў улады, або па ўзгадненні з імі. Што датычыцца прамых рашэнняў, прыклад продажу за адну базавую велічыню будзе дапускацца мясцовымі органамі ўлады па тых умовах, якія яны будуць вызначаць, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі ў рэгіёне і ў мэтах рэгіянальнага развіцця.
Што датычыцца пытання выкупу арэнднай маёмасці, якое на працягу трох гадоў добрасумленна арандуецца, то прапанавана дапрацаваць праект у частцы яго ўзгаднення з мясцовымі органамі ўлады. «Вядома, самая вялікая зацікаўленасць у горадзе Мінску і абласных цэнтрах, — адзначыў Дзмітрый Матусевіч. — Аднак моманты па прыярытэтнасці выкупу мы з указа выключаем».
Праект указа даручана дапрацаваць да канца месяца, разгледзець яго падчас экспертнага савету пры Савеце Рэспублікі.
Вераніка КАНЮТА
Прэв’ю: БелТА
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!
Ідэнтычнасць праз спадчыну.
Беларусь — у тройцы лідараў па захваральнасці.