Вы тут

Вандроўка патрыёта. Бялынічы: Сталіца гандбола і хрысціянскіх традыцый


Мы працягваем падарожнічаць па Магілёўшчыне. Нагадаю, наша мэта непрадузята ацаніць, наколькі камфортна і пазнавальна можна правесці час у маленькіх населеных пунктах пры мінімальных выдатках і адсутнасці асабістага транспарту. Вядома, што з фінансамі і асабістым сродкам перамяшчэння ўбачыць можна было б непараўнальна больш. На жаль, з-за невялікага пасажырапатоку транспарт унутры раёна курсіруе не вельмі актыўна. Але нават ад аднаго райцэнтра ўражанняў шмат. Так што наперад, у дарогу!


Пад аховай Божай Маці

Даўно гэта было, яшчэ ў эпоху мангола-татарскіх нашэсцяў Батыя. Менавіта ад іх ратавалі два манахі з Кіева-Пячэрскай лаўры старадаўнюю візантыйскую ікону Божай Маці. Па вадзе «дайшлі» яны да прыгожага месца на ўзвышшы і заснавалі там манастыр з царквой у гонар прарока Ільі. Памаліліся перад іконай, а ноччу прачнуліся ад незвычайнага ззяння, якое зыходзіла ад абраза. Яно было такім моцным, што ноч падалася ім белай. Па легендзе, мястэчка пасля гэтага так і сталі называць — Бялынічы. І шмат яшчэ цудаў адбылося на гэтай зямлі. Некалькі гадоў таму YouTube абляцеў ролік, як з хрэсным ходам з Магілёва ў Бялынічы даволі доўга ішоў бусел. Ці не цуд гэта? Дарэчы, герб горада — абраз Бялыніцкай Божай Маці, размешчаны па ўсім горадзе. А на цэнтральнай вуліцы чакаюць сустрэчных анёлы. Адзін з іх з'явіўся пазалетась да Дня беларускага пісьменства і знаходзіцца на месцы былога касцёла кармелітаў. А плошча так і называецца — Манастырская.

У летапісах горад упершыню ўпамінаецца ў 1240 годзе, а ў 1634-м яму было даравана Магдэбургскае права. Пра гісторыю лепш даведацца ў тутэйшым мастацкім музеі імя Бялыніцкага-Бірулі. Гэты музей і па сваіх калекцыях, і па памерах мог бы ўпрыгожыць буйны горад. Да Дня беларускага пісьменства яго плошчы пашырылі ўдвая, амаль да 900 «квадратаў».

Пра манастыр кармелітаў нагадвае вялікая фрэска «Узыходжанне на Галгофу» ў цэнтральнай зале музея. Яе абнавіў мсціслаўскі рэстаўратар Юрый Маліноўскі. Макет лесвічнай пляцоўкі манастыра дазваляе ўявіць, як яна выглядала на манастырскай сцяне.

Гісторыя ў асобах

Старадаўнія Бялынічы аднавіла на карцінах вядомая бялыніцкая мастачка Ларыса Журавовіч. На карцінах колішнія ўладальнікі Бялыніч — Леў Сапега, яго сын Казімір, гусар і паэт Дзяніс Давыдаў, які праславіўся пры вызваленні Бялыніч ад французаў.

У сярэдзіне XVІІІ стагоддзя ў Бялынічах знаходзіўся маёнтак Агінскіх. Ліпавы гай, папулярнае месца адпачынку тутэйшых жыхароў, якраз быў закладзены яго колішнім уладальнікам.

З Бялынічамі звязаны імёны Герояў Савецкага Саюза юнага партызана Леаніда Лорчанкі, камандзіра партызанскіх атрадаў Асмана Касаева, лётчыка Мікалая Кітаева. Кажуць, што калі самалёт апошняга з'яўляўся ў небе, немцы папярэджвалі сваіх аб вялікай ступені небяспечнасці. З раёнам звязаны імёны шасці Герояў Савецкага Саюза. У іх гонар названыя вуліцы горада, а ў Ліпавым гаі ёсць алея іх імя.

Пэндзаль Вітольда Каэтанавіча

Сапраўдны скарб музея — 27 арыгінальных работ Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, гэта падарунак Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Мастак маляваў выключна прыроду. Любімымі порамі года ў яго былі ранняя вясна і восень. Лета ён не любіў, казаў, што гэта салат, вельмі шмат розных фарбаў. Бялыніччына — малая радзіма славутага мастака. Нарадзіўся ён у вёсцы Крынкі, што знаходзілася непадалёк ад вёскі Цяхцін. Яе, на жаль, на карце раёна ўжо няма, але пра нараджэнне майстра жывапісу там нагадвае памятны знак. Маленькі Вітольд маляваў з пяці гадоў. Маці заахвочвала схільнасці дзіцяці, падарыла яму пэндзаль і фарбы. Яшчэ падчас яго вучобы ў Маскве вядомы мастак Левітан прарочыў юнаку вялікае будучае. Мастак шмат падарожнічаў, бываў у Запаляр'і. Усё жыццё пражыў у Расіі ў Цвярской вобласці на беразе возера Удомля. Там пабудаваў прыгожую двухпавярховую дачу і назваў яе «Чайка». Вонкава яна нагадвала вялікую птушку і нават пафарбаваная была як сапраўдная чайка — у чорны і белы колеры. Нашчадкаў у мастака не засталося. Яго адзіная дачка патанула ў гэтым жа возеры, калі ёй было 47 гадоў. На радзіме быў усяго некалькі разоў. Памёр у 1957 годзе ва ўзросце 85 гадоў, пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках. З асабістых рэчаў у бялыніцкім музеі захоўваюцца яго пэндзаль і палітра, якія перадала жонка.

Ціхае абаянне старых вуліц

Цікава гуляць па старадаўняй частцы горада, у прыватным сектары, што за царквой у гонар іконы Бялыніцкай Божай Маці. Да рэвалюцыі асноўнае насельніцтва горада складалася з яўрэяў і палякаў. Калі спускаешся да ракі, на вочы трапляюць старыя дамы, якія захавалі прыкметы колішняй эпохі. Намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў, дырэктар бялыніцкага «Жылкамгаса» Віктар Івулеў (вялікі аматар тутэйшай гісторыі) не па чутках ведае пра падземныя хады, на якіх стаіць райцэнтр. Камунальнікі неяк натрапілі на сцены аднаго з іх. Магчыма, у будучым падзямеллі Бялыніч стануць прадметам для даследаванняў.

Віктар Міхайлавіч памятае, як у школьныя гады лазіў па манастырскіх руінах. Будынак быў закінуты, але стаяў пад купалам. Памятае і фрэску, на якую цяпер прыходзяць паглядзець у музей. Яна была зафарбаваная, і дзеці калупалі фарбу, каб зазірнуць, а што пад ёй. Запомнілася будучаму дэпутату статуя да столі, па якой дзеці, уласна, і траплялі, забраўшыся на дах, унутр будынка. Яна была такая высокая, што, каб дацягнуцца да яе калена, 15-гадоваму падлетку трэба было задраць руку.

Хлопцы спускаліся і ў падвалы. Запальвалі факелы і ўяўлялі сябе рыцарамі. Калідоры былі даўжынёй 12-15 метраў, шырынёй — каля сямі. Таўшчыня сцен даходзіла да метра і мела ацяпляльныя адтуліны.

Музей спорту ў гасцініцы

Бялыніцкая гасцініца, дарэчы, яшчэ адна славутасць раёна. Сімпатычны трохпавярховік знаходзіцца на балансе «Жылкамгаса» і па ім адчуваецца, наколькі тут любяць гісторыю раёна. У фае, на другім і трэцім паверхах экспазіцыі, адна прысвечана мінуламу горада, а другая — спартыўным дасягненням. Бялынічы былі сапраўднай сталіцай беларускага гандбола. Каманду, якую стварыў тутэйшы трэнер Віталь Кулік, ведалі далёка за межамі краіны. З пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя жаночая гандбольная каманда «Друць-Белпак» выступала ў вышэйшай лізе нацыянальнага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь. На сцяне гасцінічнага фае ёсць фота з надпісам «Каманда Бялыніцкага раёна па гандболу — чэмпіён СССР сярод камандаў ЦС (цэнтральныя саветы) сельскіх ДСТ (добраахвотнае спартыўнае таварыства) «Ураджай». Каманда з Бялыніч адзіная ў рэспубліцы з раённых, якая дабілася такіх высокіх вынікаў.

Наогул Бялыніччына — прыдатная зямля для вырошчвання чэмпіёнаў. Адсюль родам спартыўныя зоркі па дзюдо, самба, футболу, валейболу, лёгкай атлетыцы. Удзельніца трох Алімпійскіх гульняў Валянціна Цыбульская ў 1980-х гадах займалася ў секцыі гандбола ў Куліка, потым захапілася спартыўнай хадзьбой.

Што датычыцца гасцінічных нумароў, мяне мой аднамесны не расчараваў. У наяўнасці ўсё, што трэба — зручная мэбля, халадзільнік, набор посуду, не кажу ўжо пра тэлевізар, бо навошта ён вандроўніку. Перакусіць смачна і не вельмі дорага — таксама не праблема. Напрыклад, у кавярні «Белыя росы», дзе калісьці былі келлі для манахаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.