Вы тут

На Адзіным партале электронных паслуг запрацавалі новыя сэрвісы


Даведацца, хто, калі і чым вакцынаваўся ад каранавіруса, праверыць, якія правапарушэнні мае чалавек, прадставіць мытным органам электронны сертыфікат выплаты пошлін, падаткаў... Усё гэта з 1 ліпеня можна зрабіць, заказаўшы новыя электронныя паслугі, якія з'явіліся на Адзіным партале электронных паслуг (АПЭП). Хто і пра што зможа тут даведацца, расказалі ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг.


Фота: pixabay.com

Ад віруса прышчэпленыя

Доследна-прамысловую эксплуатацыю Адзіная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма ўліку асоб, вакцынаваных ад COVІD-19, прайшла яшчэ ў чэрвені, а з 1 ліпеня яна запрацавала цалкам.

Стварэнне сістэмы прадугледжвалася пастановай Саўміна для аказання ў Беларусі паслуг фізічным асобам, якія перамяшчаюцца па тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза з выкарыстаннем мабільнага дадатку «Падарожнічаю без COVІD-19». Беларусы і іншаземныя асобы, якія зрабілі ў Беларусі прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі, могуць загрузіць свае даныя аб вакцынацыі з сістэмы ў згаданы дадатак, расказала Святлана Караневіч, начальнік аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг:

— Сістэма ўліку вакцынаваных асоб складаецца з інфармацыйнай сістэмы для стварэння і вядзення цэнтралізаванай электроннай базы даных па ўліку праведзеных вакцынацый супраць COVІD-19, а таксама выдадзеных сертыфікатаў аб гэтым. Наш Цэнтр — уласнік і аператар сістэмы, а Міністэрства аховы здароўя — уладальнік.

У сістэму ўліку ўносяцца асабістыя звесткі пра вакцынаванага: прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, пашпартныя даныя, грамадзянства, нумар мабільнага тэлефона). Тут жа змяшчаецца і інфармацыя пра першую дозу вакцыны ад каранавіруснай інфекцыі: дата ўвядзення дозы, найменне прэпарату, краіна-вытворца, нумар партыі вакцыны. Уводзяцца таксама звесткі пра медработніка, які ўвёў медпрэпарат: прозвішча, імя, імя па бацьку. Такая ж інфармацыя дадаецца ў сістэму пасля ўвядзення бустарнай дозы вакцыны супраць COVІD-19.

Любы грамадзянін можа ўбачыць звесткі пра свае вакцынацыі і сертыфікаты і пры неабходнасці прад'явіць іх для кантролю, скарыстаўшыся адзіным парталам ці мабільным дадаткам. А на сайце Цэнтра можна азнаёміцца з рэгламентам інфармацыйнага ўзаемадзеяння з сістэмай уліку, а таксама з тарыфамі на яе выкарыстанне, дадала спецыяліст.

У перспектыве плануецца, што ў сістэму ўліку асоб, вакцынаваных ад каранавіруса, будуць унесены таксама звесткі пра прафілактычныя прышчэпкі і вакцынацыю ад іншых захворванняў.

На тэрыторыі Беларусі прад'яўляць СОVІD-пашпарты не трэба. Аднак з улікам заканадаўства іншых дзяржаў (дарэчы, у выпадку дзеяння эпідэмічных абмежаванняў такі дакумент патрабаваўся для падарожжаў па Расіі, Арменіі, Азербайджане, Казахстане, Малдове, Узбекістане, Кыргызстане і Таджыкістане) QR-коды са звесткамі пра завершаную вакцынацыю сталі абавязковым патрабаваннем для бяспечных падарожжаў і наведвання грамадскіх месцаў.

Сертыфікат для рэзідэнтаў

Новы від мытнага дакумента — сертыфікат забеспячэння аплаты мытных пошлін, падаткаў — з 1 ліпеня на адзіным партале можна перадаваць пры дапамозе агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы. Дагэтуль праз ААІС у мытныя органы электроннага папярэдняга інфармавання можна было перадаваць толькі электроннае папярэдняе інфармаванне, электронную статыстычную дэкларацыю, электронную транзітную дэкларацыю, пасажырскую мытную дэкларацыю для экспрэс-грузаў, дэкларацыі на тавары па экспрэс-грузах, падзялілася Святлана Караневіч:

— Вынікам паслугі, прызначанай для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў — рэзідэнтаў Беларусі, з'яўляецца электроннае паведамленне. У ім утрымліваецца ўнікальны нумар мытнага дакумента ці адмова мытных органаў краіны ў прысваенні такога нумара або іншае паведамленне, якім пацвярджаецца прыём мытнага дакумента спажыўца электроннай паслугі ў электроннай сістэме мытных органаў.

Каб звярнуцца па дадзеную паслугу, трэба выканаць наступныя дзеянні:

  • атрымаць сродкі электроннага лічбавага подпісу ў Дзяржаўнай сістэме кіравання адкрытымі ключамі;
  • запоўніць заяву на сайце Цэнтра httрs://nсеs.bу/sеrvісе/sеrvісеs_оаіs/е-zауаvkа-оаіs/;
  • заключыць дагавор на аказанне электронных паслуг;
  • прайсці аўтэнтыфікацыю на адзіным партале.

Пасля гэтага паслуга стане даступнай у асабістым кабінеце карыстальніка. Важна, што ў межах паслугі «Прадстаўленне мытным органам электроннай статыстычнай дэкларацыі» тарыфікуюцца паслугі па прадстаўленні мытным органам электроннай імпартнай статыстычнай дэкларацыі, падкрэсліла эксперт Цэнтра.

Адміністрацыйныя «хвасты»: свае і чужыя

Натарыусы, адвакаты і нават простыя грамадзяне цяпер могуць атрымаць звесткі аб правапарушэннях, якія захоўваюцца ў Адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях. Для гэтага на АПЭП (httрs://рlаtfоrm.gоv.bу) прадугледжаны дзве новыя паслугі: для фізічных асоб і для адвакатаў і натарыусаў.

Электронная паслуга 3.19.02 «Прадстаўленне фізічным асобам звестак аб правапарушэннях, якія захоўваюцца ў Адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях», даступная для фізічнай асобы ў яе асабістым кабінеце пасля праходжання чалавекам працэдуры строгай аўтэнтыфікацыі (з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу або ІD-карткі) ці нястрогай аўтэнтыфікацыі (з выкарыстаннем толькі лагіна і пароля), абазначыла Ірына Ясючэня, намеснік начальніка аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг:

— Гэтая паслуга аказваецца з мэтай падачы фізічнымі асобамі заяў для атрымання выпіскі з Адзінага дзяржаўнага банка даных аб правапарушэннях у выглядзе электроннага дакумента ці ў іншай электроннай форме. Звесткі пра правапарушэнні можна атрымаць як у дачыненні да самога сябе, так і даведацца, якія парушэнні мае іншая асоба (у гэтым выпадку чалавек, які фармулюе запыт, павінен мець натарыяльна завераны дакумент, вызначаны законам). Каб засведчыць такі дакумент у натарыуса, асоба, якая жадае атрымаць звесткі пра іншага, павінна заручыцца згодай гэтай асобы на распаўсюджванне яе персанальных даных, то-бок прыйсці да натарыуса разам з ёй.

Калі чалавек прайшоў строгую аўтэнтыфікацыю на адзіным партале, то ён можа заказаць выпіску ў пісьмовай форме ці ў выглядзе электроннага дакумента. Атрымаць звесткі ў электронным выглядзе пасля такой аўтэнтыфікацыі можна як пра самога сябе (напрыклад, калі чалавеку трэба ўпэўніцца, што ў яго няма адміністрацыйных «хвастоў», каб спакойна выехаць за мяжу), так і пра іншую асобу. У апошнім выпадку трэба прыкласці ў электронным варыянце натарыяльна завераны дакумент з дазволам на гэта.

— Пры нястрогай аўтэнтыфікацыі на партале чалавек мае права на заказ выпіскі ў дачыненні да самога сябе ці пра іншую асобу толькі ў пісьмовай форме. Для гэтага яму неабходна будзе прыйсці ў органы ўнутраных спраў, каб пацвердзіць, што ён рабіў такі запыт, — акцэнтавала ўвагу спецыяліст.

Электронная паслуга 3.19.03 «Прадстаўленне натарыусам і адвакатам звестак аб правапарушэннях, якія захоўваюцца ў Адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях» аказваецца як без атрымання згоды фізічнай асобы на прадстаўленне яго персанальных даных (калі гэта прадугледжана законам), так і пры ўмове яе атрымання.

— Паслуга даступная для натарыусаў і адвакатаў у асабістым электронным кабінеце на адзіным партале пасля праходжання імі працэдуры строгай аўтэнтыфікацыі (з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу ці ІD-карткі). Яна аказваецца з мэтай фарміравання запыту для атрымання выпіскі з Адзінага дзяржаўнага банку даных аб правапарушэннях у выглядзе электроннага дакумента ці ў іншай электроннай форме. Пры гэтым натарыус або адвакат указвае свае персанальныя даныя: пасаду і статус.


За прадстаўленне звестак з Адзінага дзяржаўнага банка даных аб правапарушэннях бярэцца плата, таму паслугі 3.19.02 і 3.19.03 платныя. Калі выпіску атрымліваюць у тэрмін да 15 дзён з дня падачы заявы на яе атрыманне, каштуе гэта палову базавай велічыні. Калі выпіска даецца ў тэрмін да трох рабочых дзён, то яе цана — адна базавая велічыня (цяпер гэта 32 рублі), без уліку тэрмінаў на дастаўку такіх звестак. Аплаціць паслугу можна праз АРІП, указаўшы наступны шлях: АРІП — Электронны ўрад — Асабісты кабінет АПЭП — Паслугі са зборным плацяжом.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.