Вы тут

Імпартазамяшчэнне, адукацыя і экалагічная бяспека


На Форуме рэгіёнаў абмеркавалі стан і перспектывы імпартазамяшчэння ў рамках Саюзнай дзяржавы ва ўмовах санкцый

На пасяджэнні адпаведнай секцыі адзначалася, што сфера імпартазамяшчэння мае нямала праблемных пытанняў. У іх абмеркаванні ўзяло ўдзел каля 70 чалавек з ліку прадстаўнікоў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, банкаў, камерцыйных кампаній, грамадскіх аб'яднанняў, інтэграцыйных структур Беларусі і Расіі. Спікеры акрэслілі важнасць адаптацыі эканомікі Саюзнай дзяржавы да новых рэалій і выказалі неабходнасць у зняцці бар'ераў для лепшай работы па замяшчэнні імпарту.


Санкцыі з боку Захаду вымушаюць Беларусь і Расію актыўна працаваць у сферы імпартазамяшчэння. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па эканамічнай палітыцы Іван Абрамаў.

Ён заўважыў, што Расія стала сусветным лідарам па колькасці ўведзеных супраць яе санкцый. Гэта вымушае адаптацыі планаў па імпартазамяшчэнні ў новай рэальнасці. Напрыклад, цяпер у Расіі аддаецца ўвага вытворчасці сыравіны і камплектуючага абсталявання, у якіх краіна мае патрэбу. Падрыхтаваны прапановы па арганізацыі вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі больш чым на 220 пляцоўках. Як падкрэсліў расійскі спікер, Беларусь таксама знаходзіцца пад дзеяннем жорсткіх санкцый калектыўнага Захаду. І гэта вымушае яе актыўна працаваць у рэчышчы імпартазамяшчэння.

— У сучасны момант ідзе работа па перазагрузцы кааперацыі Расіі і Беларусі, — адзначыў Іван Абрамаў. — Патэнцыял беларускай эканомікі мае ўсе магчымасці для імпартазамяшчэння неабходных расійскай эканоміцы тавараў і паслуг. Адным з найбольш перспектыўных напрамкаў з'яўляюцца інфармацыйныя тэхналогіі. Акрамя таго, створана сем галіновых груп для забеспячэння імпартазамяшчэння ў сферы лёгкай, хімічнай прамысловасці, электронікі і іншых кірункаў. Ідзе работа па стварэнні электроннай пляцоўкі, дзе прадпрыемствы змогуць падбіраць партнёраў.

Расійскі бок нават прыняў план першачарговых дзеянняў па забеспячэнні развіцця эканомікі ва ўмовах знешняга санкцыйнага ціску, які на рэгулярнай аснове дапаўняецца новымі мерапрыемствамі. Яны скіраваны на прадастаўленне льгот імпартазамяшчальнай вытворчасці.

— Мы радыкальна скарацілі кантрольна-наглядную дзейнасць, аўтаматычна працягваем ліцэнзіі, дазволы, спрошчаны працэдуры пацвярджэння адпаведнасці. Зняты многія іншыя бар'еры на шляху імпарту, спрошчаны бюджэтныя працэдуры. Ажыццяўляюцца праграмы падтрымкі некаторых галін — транспарту, АПК, прамысловасці, ІТ-галіны. Актыўна ідзе выдача льготнага крэдытавання ў рамках праграм. Усе гэтыя меры дазволілі захаваць устойлівасць фінансавага і валютнага рынкаў, стабілізаваць сітуацыю ў эканоміцы, — паведаміў прадстаўнік расійскага парламента. — У сваю чаргу, форум — тая пляцоўка, якая дазваляе падзяліцца вопытам і выпрацаваць канкрэтныя меры па зверцы нашых крокаў.

Абарона знешняга рынку немагчымая без каардынацыі работы ў сферы імпартазамяшчэння Саюзнай дзяржавы, лічыць першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Юрый Чабатар. Ён акцэнтаваў увагу на патэнцыяле імпартазамяшчэння. Па яго словах, патэнцыял даволі шырокі і складае да 60 млрд долараў. Для Беларусі цана пытання — каля 5 млрд. Для краіны ключавой з'яўляецца вытворчасць рухавікоў, лакаматываў, чыгуначных вагонаў. У Расіі ёсць патрэба ў транспартных сродках, абсталяванні для сельскай гаспадаркі. І галоўны напрамак — новыя вытворчасці.

— Цяпер мы працуем над адпаведнымі дамоўленасцямі, пакуль ёсць напрацоўкі па 10 праектах, і работа працягваецца. Асаблівы акцэнт на тыя вытворчыя аб'екты, якія будуць мець сінергетычны эфект, — падкрэсліў Юрый Чабатар. А яго калега, намеснік міністра эканамічнага развіцця Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Вольвач, упэўнены, што ў энергетычнай сферы абодвум бакам неабходна распрацаваць пагадненне аб аб'яднанні рынкаў газу, нафты, электраэнергіі. Гэта дазволіць стварыць роўныя ўмовы для гаспадарчых суб'ектаў і ў перспектыве — запусціць адзіныя прынцыпы цэнаўтварэння. Між тым, пытанне не такое простае.

Адна з праграм накіравана на фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі Саюзнай дзяржавы. Па словах намесніка дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Уладзіміра Амарына, работа міністэрстваў дзвюх краін скіравана на тое, каб максімальна задзейнічаць сумесны патэнцыял па замяшчэнні імпартных паставак, якіх не стала. У сувязі з гэтым на працягу апошняга перыяду на пасяджэнні рабочых груп Саюзнай дзяржавы актыўна разглядаліся пытанні па імпартазамяшчэнні. У іх ліку — развіццё мікраэлектронных тэхналогій у прамысловасці, у прыватнасці, электроннага машынабудавання, развіццё агульнага біржавога гандлю. У полі зроку таксама — пытанні ўзаемапрызнання банкаўскіх гарантый пры дзяржзакупках.

Найбольш значныя праграмы фінансуюцца з саюзнага бюджэту. Сярод іх — праект па стварэнні новых спінальных сістэм, якія накіраваны на замяшчэнне імпартнага і стварэнне ўнікальнага абсталявання і тэхналогій у сельскай гаспадарцы і медыцыне. Напрыклад, сёлета пачнецца рэалізацыя трох новых праграм, арыентаваных на імпартазамяшчэнне ў галінах мікраэлектронікі, у тым ліку сістэм для дапамогі кіроўцам. Напрыклад, стварэнне прадуктаў фатонікі — высакаскорасных прылад апрацоўкі аптычных сігналаў, якія не саступаюць па ўзроўню сусветным аналагам. Касмічная праграма скіравана на стварэнне нанаспадарожнікаў маламернага эксперыментальнага ўзору для маніторынгу над атмасферай.

Налета плануецца распачаць фінансаванне яшчэ дзвюх праграм, адна з якіх датычыцца сферы АПК і дазволіць распрацаваць сучасныя рэцэптуры новых кармавых дабавак камбікармоў і інавацыйнага абсталявання для сельскагаспадарчых жывёл. На перспектыву разглядаецца праграма па распрацоўцы кампанентаў для сонечнай энергетыкі. Мэта праграмы — пераадолець тэхнічнае адставанне ад сусветных аналагаў. Каб паскорыць іх рэалізацыю, вядзецца работа па спрашчэнні і дэбюракратызацыі самога працэсу распрацоўкі праграм Саюзнай дзяржавы. Адзначалася, што перыяд падрыхтоўкі павінен складаць не больш чым 12 месяцаў.

Менавіта сумесныя праекты — той інструмент, які садзейнічае працэсу імпартазамяшчэння. На гэта скіравана і работа чарговага ІХ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Прагрэс тут відавочны. Напрыклад, сума камерцыйных кантрактаў на ім дасягнула 65 млрд расійскіх рублёў, ці 1,2 млрд долараў ЗША. Геаграфія кантрактаў даволі шырокая. Калі раней пераважалі Масква, Санкт-Пецярбург, Смаленск, цяпер выходзяць на падпісанне кантрактаў з далёкаўсходнімі рэгіёнамі.

— Мы разумеем, што свет ужо не стане такім, як быў, таму важна выйсці з глабальнай трансфармацыі мацнейшымі і больш эфектыўнымі, — выказала меркаванне старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец. — Разам з тым, Расія і Беларусь прыйшлі да неабходнага руху ў эканоміцы задоўга да цяперашняй сітуацыі. Пацвярджэнне таму — 28 саюзных праграм. Мэта гэтых праграм — зблізіць эканомікі нашых краін, прывесці да павелічэння таваразвароту.

Па словах беларускага парламентарыя, тавараабарот з Расіяй з году ў год расце. За 2021-ы ён склаў каля 40 мільярдаў долараў, што на 35 % больш, чым у папярэднім 2020-м. За першы квартал бягучага года паказчык склаў каля 14 мільярдаў долараў. І гэта таксама значна больш, чым летась.

— Сапраўды, расійскі бок праяўляе цікавасць да беларускай лёгкай прамысловасці, — звярнула ўвагу ўдзельніца секцыі, старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна. — Калі раней мы больш прысутнічалі на блізкіх тэрыторыях, а за Уралам наша прысутнасць была ніжэйшая — сёлета ёсць верагоднасць адкрыцця ў далёкіх расійскіх рэгіёнах аптовых пунктаў нашага канцэрну. Многія расіяне хочуць бачыць у сябе якасную беларускую прадукцыю. У нас у гэтым напрамку добра развіваецца дызайнерская ініцыятыва, сярэдні бізнес, можна набыць эксклюзіўнае адзенне, хоць яно і даражэйшае. Сёння створаны ўсе ўмовы для развіцця рынку лёгкай прамысловасці. Папулярныя такія брэнды, як «Элема», «Галантэя», з поспехам выходзіць на расійскі рынак прадпрыемства «Калінка», плануецца адкрыццё некалькіх крамаў прадпрыемства «Світанак» у Санкт-Пецярбургу. Добры попыт мае беларускі абутак — гэта таксама наш трэнд. Як вядома, Беларусь выпускае абутак з натуральнай скуры, а не кожная краіна можа гэтым пахваліцца. Цяпер мы адпрацоўваем магчымасці супрацоўніцтва з Арэнбургскім рэгіёнам, расійская дэлегацыя наведала Аршанскі льнокамбінат, Камвольны камбінат і ААТ «Магатэкс». І на кожным прадпрыемстве робяцца заяўкі на нашы тавары.

Разам з тым, ёсць неабходнасць прызнання на расійскім рынку агульных правоў па таварных пазіцыях. Эканомікі павінны быць у роўных прававых умовах, лічыць кіраўнік «Беллегпрама», тады і інтэграцыйныя працэсы пойдуць хутчэй. Дзякуючы форуму можна надаць імпульс таму ці іншаму міністэрству.

Расіяне пагаджаюцца: попыт на беларускую прадукцыю расце. Напрыклад, за чатыры месяцы гэтага года назіраецца рост гандлю на 12 % у параўнанні з мінулагоднім перыядам. Павялічыліся закупкі беларускіх цэлюлозна-папяровых вырабаў, прадукцыі хімічнай вытворчасці і транспартных сродкаў, харчовых тавараў. З Расіі ідзе больш сельскагаспадарчай сыравіны, металу. Летась Беларусь заняла другое месца па агульным аб'ёме тавараабароту з Маскоўскай вобласцю. Дзейнічае каля 170 пагадненняў з 70 суб'ектамі Расіі. Як адзначалася падчас форуму, з сакавіка бягучага года праходзяць рэгулярныя сустрэчы эканамічных ведамстваў дзвюх краін, каля 70 расійскіх рэгіёнаў ужо прадставіла пералік тавараў, якія яны хацелі б закупляць у беларускіх абласцях. За апошнія тры месяцы заключана каля 400 кантрактаў з беларускімі партнёрамі з удзелам 25 суб'ектаў гаспадарання Расіі на суму каля 10 млрд рублёў. Асаблівы інтарэс назіраецца ў размяшчэнні зборачных прадпрыемстваў беларускай сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі.

Маргарыта УШКЕВІЧ


Навуковы патэнцыял дзвюх краін будзе выкарыстоўвацца больш актыўна

Вынікамі пасяджэння секцыі № 5 па тэме «Інтэграцыя сістэмы вышэйшай адукацыі Расіі і Беларусі: рэгіянальны аспект» стала падпісанне новых пагадненняў і ўмацаванне ўжо існуючых. Знойдзены новыя партнёры, прапрацаваны шляхі ўзаемадзеяння і абмену напрацоўкамі. У абмеркаваннях будучых механізмаў супрацоўніцтва ўзяло ўдзел каля 80 спецыялістаў у галіне вышэйшай адукацыі. Некаторыя ВНУ выйшлі на сувязь у фармаце анлайн. На думку ўдзельнікаў, адбыўся
высокаканструктыўны дыялог навуковых колаў на прадмет абагульнення найлепшых дасягненняў у навуцы і адукацыі.

— Беларусь і Расія ажыццяўляюць цеснае і ўзаемавыгаднае акадэмічнае і культурнае супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы на аснове агульнай гістарычнай спадчыны, — падкрэсліў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, мадэратар секцыі з беларускага боку Алег Дзячэнка. — Такое супрацоўніцтва з'яўляецца гарантам устойлівага, эфектыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця і навукова-тэхнічнага прагрэсу Саюзнай дзяржавы, спрыяе фактарам захавання і паглыблення дружалюбных адносін паміж народамі дзвюх краін. Удзельнікі пасяджэння выказаліся за неабходнасць далейшай інтэграцыі нацыянальных сістэм вышэйшай адукацыі і фарміраванне адзінай адукацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы. Гэта будзе садзейнічаць гарманічнаму і ўсебаковаму выхаванню юнакоў і дзяўчат, фарміраваць у іх агульную высокапатрыятычную свядомасць, што дапаможа эфектыўна супрацьдзейнічаць спробам фальсіфікаваць факты гісторыі.

Падчас работы секцыі было падпісана 17 пагадненняў, з іх шэсць у рэжыме анлайн. Некалькі сур'ёзных праектаў будуць развіваць магілёўскі Беларуска-Расійскі ўніверсітэт і дзве вышэйшыя ўстановы Санкт-Пецярбурга — аграрны і політэхнічны ўніверсітэты. З апошнім, напрыклад, падпісаны Дагавор аб рэалізацыі адукацыйнай праграмы ў сферы наземных транспартна-тэхналагічных комплексаў і замежнага рэгіёназнаўства.

Алег Дзячэнка адзначыў, што падчас работы секцыі быў выпрацаваны пералік неабходных мер, якія плануецца рэалізаваць сумесна з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы да 2025 года. Гэта забеспячэнне пашыранага міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва для нарошчвання патэнцыялу ў адукацыйнай, навуковай і інавацыйнай сферах; удасканаленне практык сумесных адукацыйных праграм з магчымасцю выдачы студэнтам двух дыпломаў па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі; пашырэнне практыкі павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў, спецыялістаў, педагагічных кадраў ва ўстановах дадатковай адукацыі і адукацыйных цэнтрах Беларусі і Расіі.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Экалагічныя праблемы апошнім часам выкарыстоўваюцца ў якасці інструменту маніпулявання

Падчас секцыі «Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ва ўмовах новай міжнароднай кліматычнай павесткі», якая адбылася падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, былі выпрацаваны прапановы па развіцці ўзаемадзеяння дзвюх краін у галіне аховы навакольнага асяроддзя і сацыяльна-эканамічнага развіцця ва ўмовах змяненняў клімату. Інтэграцыйныя падыходы па гарманізацыі падыходаў у вырашэнні прыродаахоўных і кліматычных пытанняў набываюць асаблівае гучанне ў няпростай міжнароднай палітычнай і эканамічнай сітуацыі.

Прававое рэгуляванне

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў адзначыў, што змяненне клімату ўваходзіць у лік ключавых глабальных праблем, якія ставяць нацыянальныя эканомікі перад сур'ёзнымі выклікамі. «Справіцца з імі магчыма з дапамогай стварэння ўмоў для развіцця і выкарыстання зялёных тэхналогій і эканомікі замкнёнага цыкла, — перакананы сенатар. — Істотнай умовай для пераадолення такога глабальнага выкліку сучаснасці з'яўляецца стварэнне справядлівых і прымальных, у тым ліку для краін з сярэднім узроўнем даходу, крытэрыяў доступу да міжнародных кліматычных фінансавых механізмаў і рэсурсаў».

Пры гэтым, па словах парламентарыя, кліматычнае рэгуляванне неабходна зрабіць кампрамісным, улічваючы інтарэсы і ўзровень развіцця розных краін. Па лініі зялёнай павесткі выпрацавана прававая аснова ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі, створаны і функцыянуюць сучасныя інструменты двухбаковага супрацоўніцтва, ажыццяўляецца сумесны ўдзел у міжнародных экалагічных і прыродаахоўных механізмах. У той жа час вырашэнне актуальных праблем у сферы адаптацыі да змяненняў клімату абумоўлівае падрыхтоўку канцэптуальна новай тэарэтычнай асновы, гарманізацыю адпаведных прававых патрабаванняў у межах Саюзнай дзяржавы, унясенне неабходных змяненняў у нацыянальнае заканадаўства Беларусі і Расіі.

Фактар стрымлівання і абмежавання

Удзельнікі секцыі зрабілі акцэнт на рэалізацыі Беларуссю і Расіяй Парыжскага пагаднення па клімаце, змякчэнні наступстваў змяненняў клімату і адаптацыі да іх ва ўмовах няпростай міжнароднай і эканамічнай абстаноўкі. Як канстатаваў старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах Рыгор Карасін, у сітуацыі, калі беспрэцэдэнтна парушаюцца агульнапрызнаныя нормы міжнароднага права, ідзе франтальная атака супраць Расіі і Беларусі, кліматычная павестка можа стаць яшчэ адным фактарам стрымлівання і абмежавання магчымасцяў нашага развіцця на міжнародных рынках. «Таму пакідаць без увагі кліматычную павестку было б сур'ёзнай памылкай, — перакананы ён. — Мы павінны рухацца наперад. У сістэме дзеючых так званых правілаў, створанай нашымі апанентамі, мы знаходзімся ва ўразлівай пазіцыі. Адзіны правільны шлях — дамагацца лідарства, ініцыятывы ў сусветнай кліматычнай павестцы, фарміруючы новыя сэнсы ва ўмовах узаемадзеяння».

Таксама эксперт папярэдзіў, што кліматычная павестка будзе выкарыстоўвацца для аказання эканамічнага і палітычнага ціску, абмежавання доступу расійскай і беларускай прадукцыі на сусветны рынак. «Патрэбна выбраць актыўную стратэгію, якая дазволіць Беларусі і Расіі самастойна выбіраць шляхі дасягнення мэт па зніжэнні канцэнтрацыі парніковых газаў у атмасферы, пры гэтым захоўваючы сваю эканоміку, умацоўваючы свае магчымасці і ўлічваючы інтарэсы ўласных грамадзян, — рэзюмаваў старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па міжнародных справах. — У гэтым выпадку мы павінны фарміраваць уласны план работы і сваё бачанне сусветнай кліматычнай тэмы. Неабходныя механізмы для гэтага ёсць як у межах Саюзнай дзяржавы, так і Еўразійскага эканамічнага саюза».

Экалагічная бяспека

— Кліматычная палітыка, экалагічная бяспека, зялёная, цыркулярная эканоміка, захаванне біялагічнай разнастайнасці — усе гэтыя пытанні ў апошнія гады сталі прадметам прававога рэгулявання ў нашых краінах, — падкрэсліў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэй Худык. — У Беларусі ў мэтах забеспячэння нацыянальных экалагічных інтарэсаў прыняты і рэалізоўваецца шэраг стратэгічных дакументаў. Адным з найбольш важных кірункаў супрацоўніцтва Беларусі і Расіі з'яўляецца дасягненне кліматычных амбіцый 2030 і 2050 гг., падрыхтоўка сумеснай дарожнай карты па вугляродным рэгуляванні.

У прыватнасці, у верасні 2021 года ўрадам Беларусі зацверджаны новы план, у адпаведнасці з якім да 2030 года плануецца скараціць выкіды парніковых газаў на 30 % да ўзроўню 1990 года. Свой уклад у распрацоўку і рэалізацыю галіновых і рэгіянальных планаў адаптацыі Саюзнай дзяржавы да змяненняў клімату ўнясе рэалізацыя мерапрыемстваў у рамках праграмы Саюзнай дзяржавы «Аб забеспячэнні гідраметэаралагічнай бяспекі ва ўмовах зменлівасці і змянення клімату на 2023 — 2027 гады». Яе вынікі дазволяць забяспечыць зніжэнне страт ад уздзеяння негатыўных кліматычных змяненняў для насельніцтва і эканомікі Саюзнай дзяржавы, а таксама ацаніць новыя магчымасці, якія адкрываюцца са змяненнем клімату ў будучыні.

Яшчэ адзін важны кірунак узаемадзеяння — павышэнне эфектыўнасці выкарыстання водна-рэсурснага патэнцыялу. «Рэспубліка Беларусь, як і Расійская Федэрацыя, маюць дастаткова высокі ўзровень урбанізацыі, а адпаведна, падобныя праблемы са станам водных рэсурсаў на гарадскіх тэрыторыях, — заўважыў Андрэй Худык. — Найбольш уразлівымі да кліматычных змяненняў з'яўляюцца малыя вадацёкі і малыя вадаёмы, а таксама крыніцы, якія маюць высокае экалагічнае горадабудаўнічае і электрыфікацыйнае значэнне. Мяркуем, што аб'яднанне намаганняў расійскіх і беларускіх вучоных у рамках праграмы Саюзнай дзяржавы дазволіла б вызначыць навукова абгрунтаваныя падыходы да аднаўлення водных аб'ектаў, правесці комплексную ацэнку іх экалагічнага стану, а таксама распрацаваць комплекс мер па аднаўленні і рэабілітацыі водных аб'ектаў асобных гарадоў як Расіі, так і Беларусі».

Як перакананы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і экалогіі Расіі Сяргей Анапрыенка, паміж нашымі краінамі закладзены вялізны патэнцыял узаемавыгаднага супрацоўніцтва, заснаванага на гістарычна дружалюбных адносінах, правераных гадамі. «Расія і Беларусь узаемадзейнічае па цэлым шэрагу кірункаў, у тым ліку ў прыродаахоўнай сферы, — удакладніў ён. — Нашай агульнай задачай з'яўляецца рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, недапушчэнне незваротных наступстваў для навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека. Расійская Федэрацыя і Рэспубліка Беларусь прымаюць істотныя меры па барацьбе са змяненнямі клімату, зніжэнні ўздзеяння на навакольнае асяроддзе шматлікіх фактараў прыроднага і тэхнагеннага характару».

Пацвярджэнне гэтаму — шэраг стратэгічных дакументаў, накіраваных на выкананне міжнародных абавязацельстваў, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, рэагаванне на асноўныя экалагічныя выклікі і пагрозы. Да іх дабавіліся падпісаныя падчас форуму мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і адміністрацыяй Томскай вобласці, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў» і Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай адукацыйнай установай вышэйшай адукацыі «Расійскі дзяржаўны гідраметэаралагічны ўніверсітэт» і іншае.

Спецыялістамі ў сферы навакольнага асяроддзя таксама былі выпрацаваны прапановы па ўдасканаленні стратэгіі Беларусі і Расіі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і сацыяльна-эканамічнага развіцця ва ўмовах новай кліматычнай павесткі.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.